Сустрэча з актывам Беларускага саюза жанчын
- 37
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка правёў сустрэчу з актывам Беларускага саюза жанчын.
У мерапрыемстве ўдзельнічалі больш як паўтысяча прадстаўніц аб’яднання з усіх рэгіёнаў краіны.
"Я гатовы да адкрытай, сумленнай размовы. Гэта не проста заява. Вы ведаеце нашу сістэму ўлады: калі мы аб нечым дамовімся, то гэта абавязкова будзе рэалізавана ў нашай краіне. Таму наша сённяшняя сустрэча, магчыма, па нейкіх пытаннях будзе вызначальнай", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што першыя хвіліны сустрэчы яго сканфузілі: "Я, вядома, разумею, што жанчыны да мяне добра ставяцца, таму што я ваш самы заўзяты прыхільнік і чалавек далёка не ідэальны, але выключна адданы жанчыне. Лічу, што наша прырода нічога больш дасканалага не стварыла, чым жанчыну. Гэта маё цвёрдае перакананне".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на працягу доўгіх гадоў у Беларусі захоўваецца добрая традыцыя віншаваць "самых моцных, мужных, прыгожых і надзейных, нашых любімых" жанчын у першыя дні вясны.
"Свята 8 Сакавіка стала для нас сапраўды ўсенародным. Гэта не толькі магчымасць павіншаваць, падзякаваць жанчынам за разуменне, за вашу адданасць, дабрыню, чуласць. Гэта яшчэ адна нагода задумацца аб іх ролі ў грамадстве, адказаць на пытанні, ці ўсё мы зрабілі, каб нашы маці, жонкі, сёстры, дочкі былі шчаслівыя, і што яшчэ трэба зрабіць, каб наша Беларусь была прыгажэйшай і магла адпавядаць прыгажосці нашых жанчын, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Яшчэ адзін тэзіс: прыгажэй за беларускіх жанчын няма ў свеце. Гэта маё цвёрдае па жыцці перакананне".
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што прыняў запрашэнне Беларускага саюза жанчын, каб пагаварыць на гэтыя важныя тэмы напярэдадні 8 Сакавіка. "Менавіта вы, прысутныя ў гэтай зале, і яшчэ 170 тысяч актыву саюза асабліва востра адчуваеце адказнасць за лёс сваёй краіны, перажываеце за яе будучыню. Гэта бясспрэчна, вы тут на першым месцы. Вы і толькі вы наперадзе, у авангардзе гэтага патрыятычнага руху. Менавіта вы любіце так сваю краіну, Радзіму як ніхто іншы. Гэтаму ёсць адпаведнае абгрунтаванне. Наша будучыня, любой краіны - у моладзі і дзецях. Таму вы хочаце, каб у нас было ціха, спакойна і наша краіна працвітала. Будучыня дзяржавы - гэта будучыня нашых дзяцей. Таму так важны ваш жаночы погляд на развіццё грамадства", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, я думаў: а чаму вы дагэтуль не сталі партыяй? Не-не, я вас не наводжу да гэтага. Вы ведаеце маё стаўленне да партыйнага будаўніцтва: усё павінна быць натуральна, усё павінна выспець. Ніякіх там праўладных і іншых партый - партыі павінны выкрышталізоўвацца самі, калі мы сапраўды хочам, каб у будучым у нас былі сапраўдныя партыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт заўважыў: "Мне здаецца, калі б жаночая партыя была ў нас, ёй проста сапернікаў не было б. Роўных проста не было б. Я гэта шчыра гавару. А ў той жа час падумаў: а, у прынцыпе, навошта, калі людзі не вельмі ўспрымаюць партыі. Вы і так аказваеце каласальны ўплыў, удзельнічаеце ва ўсіх палітычных і іншых працэсах".
"Беларускі саюз жанчын - равеснік незалежнасці. Я помню першую сустрэчу: у 1996 годзе мы адкрывалі сталічны Цэнтр сацыяльнай падтрымкі - вашага саюза. Пасля чаго такія ўстановы былі створаны па ўсёй краіне. І такіх ініцыятыў за гэтыя гады было нямала. Саюз развіваўся, сталеў разам з нашай дзяржаўнасцю. Жаночы рух за параўнальна кароткі час стаў той сілай, з якой нельга не лічыцца", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што Беларускі саюз жанчын быў і застаецца адным са стаўпоў грамадзянскай супольнасці. І вынікі праведзенай выбарчай кампаніі сведчанне таго. Жанчыны складаюць трэць дэпутатаў парламента, а тысячы прадстаўніц прыгожага полу выбраны ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. "Многія сёння тут, у гэтай зале. І я вас віншую з гэтым даверам нашага народа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Абсалютна лагічна, што з наданнем канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу ўзрос і статус арганізацыі - вы атрымалі права дэлегаваць у склад УНС сваіх лепшых прадстаўнікоў", - дадаў ён.
На сустрэчы з актывам БСЖ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў беларускім грамадстве асаблівае стаўленне да прадстаўніц прыгожага полу.
Паводле слоў Прэзідэнта, гэтаму ёсць тлумачэнне - такое стаўленне з гісторыі. "Беларуская жанчына нараўне з мужчынамі падзяліла цяжар ваеннага перыяду. Ратавала раненых на полі бою, працавала ў тыле, аказвала дапамогу партызанскаму руху, удзельнічала ў падпольным руху. Ёй выпала нялёгкая доля аднаўлення краіны ў пасляваенныя гады. Страціўшы на фронце мужоў, бацькаў, сыноў, нашы бабулі і маці знайшлі ў сабе сілы адрадзіць краіну нанава. І трэба мець на ўвазе, што на гэтым кавалку зямлі, дзе размешчана наша Беларусь, наогул мужыкоў не засталося: усе былі знішчаны або на фронце, або ў партызанах, або ў падполлі. Калі зноў паўстала пытанне захавання дзяржавы, вы, знешне такія пяшчотныя, слабыя, ранімыя, аказаліся цвярдзей за метал. І ў гэтым былі прыкладам для мужыкоў. Мы проста не мелі права быць слабейшымі, не маглі здраджваць вам. Дзякуючы чаму выстаялі і разам перамаглі. Дзякуючы гэтаму мы і ёсць мужыкі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У БСЖ ёсць праект - "Беларуская Super жанчына". Штотыднёва галоўныя тэлеканалы краіны знаёмяць гледачоў з прадстаўніцамі прыгожай паловы чалавецтва, кожная з якіх імкнецца зрабіць свет лепшым і пачынае з сябе. "Гэта сапраўды пра вас. Добра, што вы расказваеце пра лепшых прадстаўніц вашай супольнасці. Беларускія жанчыны - сапраўдныя працаўніцы. Вы ўносіце значны ўклад у эканоміку краіны, рэалізуеце сябе ва ўсіх галінах, у тым ліку ў высокатэхналагічных і інавацыйных сектарах. Няма тых вышынь, якіх не дасягнулі б вы, беларускі. Ужо зусім хутка наша суайчынніца адправіцца ў космас, - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. - Нашы жанчыны-творцы не толькі вырашаюць штодзённыя задачы, але і спраўляюцца з вялікімі праектамі, ініцыююць і ўвасабляюць у жыццё новыя ідэі".
Прэзідэнт канстатаваў, што ёсць галіны, дзе мужчынам складана, а часам і немагчыма перасягнуць жанчын. Без дзейнага ўдзелу жанчын было б проста немагчыма развіццё такіх важнейшых для грамадства сфер, як медыцына і адукацыя. "Жанчына - гэта першы ўрач, таму што лячэнне - гэта не толькі скальпель і лякарствы. Гэта найперш пяшчотныя, акуратныя, клапатлівыя вочы жанчыны, калі ты прыходзіш да ўрача ў тым ліку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Жанчыны адыгрываюць важную ролю ва ўмацаванні міру і бяспекі (калі б вас не было, мужыкі адурэлі б і ўжо даўно ваяваць пачалі нават у Беларусі), міжнацыянальнага, міжканфесійнага дыялогу. Я гаварыў і яшчэ раз паўтару: вы наша самая эфектыўная дыпламатычная зброя. Ганаруся тым, што ў Беларусі многія жанчыны займаюць высокія пасады ў дзяржаўных органах, грамадскіх арганізацыях, кіруюць прадпрыемствамі. І на кожным участку даказваюць сваю кампетэнтнасць, прафесіяналізм і адданасць Радзіме", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што заўсёды з павагай ставіцца да тых жанчын, якія кіруюць вялікімі арганізацыямі. "Вельмі шкадую, таму што на яе плечы кладзецца цяжкая праца. Розныя, вядома, ёсць людзі, але я ўпэўнены: у пераважнай большасці жанчына не здрадзіць і не будзе займацца тым, чым мужыкі часам займаюцца, а потым ідуць на адседку. Вось карупцыянераў сярод жанчын практычна няма. Таму мая празмерная павага, рэспект і давер вам, жанчынам", - сказаў ён.
Таму і ўсе размовы аб гендарнай няроўнасці для Беларусі неактуальныя, дадаў кіраўнік дзяржавы. "Становішча жанчыны ў беларускім грамадстве вызначаецца яе прафесіяналізмам, адукаванасцю, павагай і чуткім стаўленнем з боку мужчын. І дзяржава для гэтага стварае адпаведныя ўмовы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Баланс працоўных, сямейных абавязкаў, стварэнне максімальна камфортных умоў для рэалізацыі сябе і ў кар'еры, і ў ганаровым статусе маці - адна з прыярытэтных задач. Мы прадаставілі жанчыне магчымасць працаваць няпоўны рабочы час, па гібкім графіку або дыстанцыйна, напрыклад, дома. Цяпер вы можаце зарабляць і вырашаць хатнія справы, не трацячы час на дарогу ў офіс. І гэта толькі пачатак, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба паглядзець на рэжым работы дзіцячых садоў і падстроіцца пад бацькоў. І ў час вучобы ў школе, асабліва пачатковай, вы павінны быць упэўнены, што дзеці будуць пад наглядам педагогаў да вечара, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. Тады вам і працаваць аддалена не трэба будзе".
Аляксандр Лукашэнка заклікаў памятаць, што сапраўднае прызначэнне жанчыны на зямлі - мацярынства. "Якія б там ні былі ружовыя, рознакаляровыя і іншыя на Захадзе (гэта хваля, можа, ужо і да нас пасоўваецца, на жаль), акрамя жанчыны, сапраўднага наследніка для нас нарадзіць ніхто не зможа. Жанчына-маці захавальніца не толькі сямейнага ачага, але і традыцыйных асноў нашага грамадства. Выхоўваючы дзяцей патрыётамі, вы ўмацоўваеце дзяржаву, закладваеце надзейны фундамент будучыні нашай Беларусі. Таму нараджайце, гадуйце, беражыце нашых дзяцей, а мір і дастатак мы пастараемся, мы абавязаны вам забяспечыць", - заявіў беларускі лідар.
"Ведаю, усіх маці і тых, хто рыхтуецца імі стаць, хвалюе пытанне, ці будзе дзяржава і далей падтрымліваць мацярынства і дзяцінства. Вы правільна адчуваеце сутнасць гэтага пытання - гэта вельмі нятанная справа. Мы самая-самая сацыяльная дзяржава. У нас, напэўна, не дзясяткі, а сотні льгот для насельніцтва і перш за ўсё для жанчын. Сямейны капітал - гэта мільёны долараў. Таму вы тонка адчуваеце: а ці вытрымае дзяржава, ці зможа яна? Смею запэўніць, пры любых умовах і абставінах наша дзяржава будзе несці гэту нагрузку. У поўным аб'ёме і, калі трэба, за межамі гэтых аб'ёмаў. Будуць выплачвацца з тэндэнцыяй да росту дзіцячыя дапамогі, ніхто не замахваецца на водпускі па доглядзе дзіцяці, мы знойдзем патрэбныя сродкі, каб дзіцячая медыцына ішла ў нагу з сусветнай (мы блізкія да гэтага), а дзіцячыя аздараўленчыя цэнтры былі ўзорам для пераймання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што дапамога дзяржавы, несумненна, вельмі важная, але не менш важнай для кожнай жанчыны з'яўляецца падтрымка мужчыны.
"Таму што мужчына ў сям'і - гэта не толькі матэрыяльнае забеспячэнне, але ў першую чаргу надзейнае плячо ў дамашніх абавязках. Прывучайце да гэтага мужыкоў, каб яны штодзённа і штогадзінна ўдзельнічалі ў выхаванні дзіцяці. Не толькі хлопчыка, але і дзяўчынкі. Дарэчы, па вашай прапанове ўстаноўлена новае свята - Дзень бацькі (21 кастрычніка). Яно натуральным чынам увайшло ў наша жыццё. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што мы робім многае, калі не ўсё, правільна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
На сустрэчы з актывам Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да БСЖ з просьбай узяць пад свой кантроль шэраг важнейшых для грамадства пытанняў. У прыватнасці, размова ішла аб мерах па абароне жаночага здароўя і прапагандзе сем'яў з дзецьмі.
"Слоган аднаго з праектаў саюза "Здароўе жанчыны - здароўе нацыі". Гэта абсалютна ў самы раз, гэта праўда. Наша краіна прымае беспрэцэдэнтныя меры па абароне мацярынства і дзяцінства, суправаджэнні жанчыны ў час цяжарнасці, прадугледжаны бясплатнае прадастаўленне працэдуры ЭКА, штогадовая дыспансерызацыя. Але ўсе меры дзяржавы дарэмныя, калі жанчына сама не будзе беражліва ставіцца да свайго здароўя", - сказаў Прэзідэнт. Ён рэкамендаваў кожнай жанчыне старацца знаходзіць час для фізічнай актыўнасці, каб заставацца ў бадзёрым, вясёлым настроі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларускі саюз жанчын павінен адыгрываць важную ролю ў прапагандзе традыцыйных сямейных каштоўнасцей і стаць сцяной на шляху распаўсюджвання ў грамадстве чужых сучасных скажэнняў, якіх, паводле яго слоў, будзе ўсё больш і больш. "Толькі жанчына, якая зведала радасць мацярынства, ведае, што гэта і ёсць сапраўдны сэнс жыцця. Яго не заменяць ні прэстыжныя пасады, ні заморскія курорты. У дзецях - наша і ваша прадаўжэнне", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"І яшчэ аб чым папрашу вас і ўсіх прадстаўніц прыгожай палавіны: заставайцеся для нас, мужчын, надзейным тылам. Каб мы, гледзячы на вас, розум страчвалі. І больш нічога не трэба. Мы ўсё потым зробім. Мы зробім усё для таго, каб Беларусь у гэты складаны час не проста выстаяла, але і выйшла з усіх выпрабаванняў памацнелай, развітой і загартаванай", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, ва ўсе часы матчына ласка і жаночая любоў ахоўвалі Беларусь, засцерагалі ад нягод, лячылі параненыя сэрцы, надавалі сэнс жыццю і сілы ў барацьбе ў імя Айчыны.
"Дазвольце падзякаваць вам за ўклад ва ўмацаванне сям'і і сямейных каштоўнасцей, за штодзённую і штогадзінную працу, міласэрнасць і дабрату. Няхай кожная з вас, умудроная вопытам або якая толькі пачынае свой жыццёвы шлях, будзе перш за ўсё шчаслівай", - адзначыў Прэзідэнт.
"Мужчыны жывуць перш за ўсё ў імя і дзеля вас. Вы - наша радзіма, вы - наш патрыятызм, вы - наша Айчына", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама прадоўжыў: "Шчасце жанчын - гэта самая вялікая каштоўнасць. Таму што шчасце жанчыны - вялікае, яно ўсёабдымнае, пачынаючы ад нашых малышоў і заканчваючы нашай краінай. Няхай у вашых дамах заўсёды пануе мір, любоў і самае галоўнае - дзіцячы смех. І пажадана, не аднаго дзіцяці, ну, траіх... Вось адзінае, што я прашу ад вас".
Прэзідэнт звярнуўся да прысутных: "Вы не за грошы, бясплатна, несяце вось гэту добрую місію патрыятызму. Вы ўсіх нас і асабліва моладзь, дзяцей, выхоўваеце ў гэтым духу. Гэта бескарыслівасць дарагога каштуе. Хачу вам за гэта падзякаваць, павіншаваць яшчэ раз з надыходзячым святам. Жывіце, любіце, стварайце", - пажадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што калі будзе патрэбна дапамога і падтрымка, то гатовы аказаць дапамогу.
І па ўжо існуючай добрай традыцыі Прэзідэнт уручыў жанчынам напярэдадні 8 Сакавіка дзяржаўныя ўзнагароды.
Ордэны Маці ўручаны хатняй гаспадыні Ганне Гарбаковай, работніку Белавушскага дзіцячага сада Столінскага раёна Надзеі Дзянішчыч, музычнаму кіраўніку дзіцячага сада № 337 Мінска Святлане Зуевай, выхавальніку дашкольнай адукацыі Запясоцкай базавай школы Жыткавіцкага раёна Ірыне Курбан, медсястры Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Дар'і Леановіч, прадаўцу ТАА "Аграхлебсэрвіс" Дзятлаўскага раёна Марыне Цітко.
Медаля "За працоўныя заслугі" ўдастоены начальнік галоўнага статупраўлення Брэсцкай вобласці Вольга Вілаўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Наталля Волкава, прафесар кафедры эканамічнай тэорыі Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі Ларыса Пакуш, намеснік дырэктара - кіраўнік Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Алена Сямашка, загадчыца клініка-біяхімічнай лабараторыі ДУ "432 ордэна Чырвонай Зоркі галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь" Таццяна Чырыкава.
Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў медаль Францыска Скарыны дырэктару пачатковай СШ № 7 Брэста Ганне Амельянчук, галоўнаму балетмайстру трупы заслужанага калектыву "Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь" Анжэле Андрачык, дырэктару Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Эўрыка" Мінска Святлане Шмагарэўскай.
Акрамя таго, ганаровае званне заслужанага настаўніка прысвоена настаўніку рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Іне Віннік.
Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанні прадстаўніц актыву Беларускага саюза жанчын. Узнімаліся тэмы мацярынства і дзяцінства, падтрымкі шматдзетных сем’яў, прадаўжэння праграмы сямейнага капіталу, аховы традыцыйных каштоўнасцей, сямейнага выхавання, патрыятызму і будучыні краіны, перавагі сельскага ладу жыцця.
Інжынер-праграміст з Ваўкавыска выказала словы ўдзячнасці за мір і спакой у краіне, за тое, што сёння беларускія жанчыны - маці, жонкі, дочкі - могуць спаць спакойна.
Аляксандра Лукашэнку спыталі, якой павінна быць жанчына: эканомнай гаспадыняй, захавальніцай дамашняга ачага і сціплай у запатрабаваннях або жыць тут і цяпер.
"У нашай жанчыны ўсё збалансавана. Не трэба ніякіх парад. Сапраўдная, наша беларуская жанчына, яна ўмее запасіць і своечасова патраціць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Трэба жыць тут і цяпер, заглядаючы ў будучыню", - даў параду Аляксандр Лукашэнка.
"Дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч. Гэтым трэба кіравацца", - адрэагавала старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская.
Пытанне прадстаўніцы Столінскага раёна, дзе пражываюць больш за 2,2 тыс. шматдзетных сем'яў, а 835 жанчын узнагароджаны ордэнам Маці, датычылася магчымасці прадаўжэння праграмы сямейнага капіталу, якая, паводле яе слоў, паказала сваю запатрабаванасць і эфектыўнасць.
Прэзідэнт адзначыў, што на момант пачатку рэалізацыі праграмы сямейнага капіталу ў Беларусі было каля 63 тыс. шматдзетных сем'яў, а цяпер іх колькасць перасягае 120 тыс.
"Мяркуйце самі. Мы вырашаем важнейшае пытанне. Няма больш важнага пытання, чым прыбаўленне, прырост нашага насельніцтва. У нас з гэтым праблемы. Я часта гавару: 15 млн, а можа і 20 млн наша Беларусь з нашым працаздольнымі людзьмі і рэсурсамі змагла б накарміць, улічваючы геапалітычнае наша становішча", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Нам вельмі трэба разгарнуць гэту тэндэнцыю да нараджальнасці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што аднаго дзіцяці ў сям'і, безумоўна, мала і пажадана, каб іх было хаця б двое, а лепш - трое.
"Шматдзетная сям'я - трое і больш (дзяцей. - Заўвага) - мы ўсё для яе павінны зрабіць", - заявіў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што адна з найбольш актуальных праблем для шматдзетных сем'яў - доўгае чаканне ў чарзе на прадастаўленне жылля - практычна ўжо вырашана.
"Мы вырашылі гэту праблему, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Шматдзетная сям'я і жыллё - гэта галоўнае. Калі ёсць дом, значыць, ёсць і сям'я і іншае". Аналагічным чынам цяпер вырашаецца праблема з прадастаўленнем жылля ваеннаслужачым. Прэзідэнт запэўніў, што на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў гэта пытанне будзе вырашана. "Мы павінны, як бы ні было складана, вырашыць праблему жылля для ваенных. На працягу двух гадоў (я паабяцаў ваенным) мы гэту праблему здымем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я з задавальненнем прыму рашэнне аб прадаўжэнні гэтага сямейнага капіталу. Адзінае - каб гэтыя грошы траплялі каму трэба", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт: трэба зрабіць так, каб дапамога ў абавязковым парадку выкарыстоўвалася адрасна, на патрэбы дзяцей. Аляксандр Лукашэнка прыгадаў і выпадкі з асабістай практыкі, калі даводзілася дапамагаць дзецям нядбайных бацькоў, забяспечваючы іх адзеннем і прадуктамі харчавання.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы прапанаваў БСЖ далучыцца да вырашэння такіх пытанняў, таму што ім добра вядома сітуацыя на месцах і ёсць шмат неабыякавых жанчын, гатовых аказаць садзейнічанне. "Вазьміце гэта, калі ласка, на кантроль і дзейнічайце. Трэба абараніць нашых дзяцей", - сказаў ён.
"Ёсць, Аляксандр Рыгоравіч. Абавязкова возьмем на кантроль, выканаем. Таму што хто, як не мы, жанчыны?" - адказала старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская.
Кіраўніка дзяржавы спыталі, якой ён бачыць Беларусь у 2035 годзе. "Калі будзе мір і спакой... Нам гэта трэба", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такую пазіцыю прыпісваюць беларускаму менталітэту, але гэта сапраўды галоўнае: "Слухайце, ну калі гэтага не будзе, то не будзе ні пенсіі, ні аховы здароўя. І дзяцей не будзе нараджаць жанчына. Жанчынам патрэбна стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні". Гэта самая галоўная ўмова. А цяжкасці мы пераадолеем".
Адказваючы на адно з пытанняў, Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся ў абарону традыцыйных каштоўнасцей. Асабліва ад негатыўнага ўплыву неабходна засцерагчы дзяцей.
Шматдзетная маці Інга Станкевіч, якая жыве ў вёсцы і цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, падзякавала Аляксандру Лукашэнку за падтрымку на дзяржаўным узроўні шматдзетных сем'яў. Яна падзялілася вопытам правядзення розных сямейных конкурсаў для сем'яў, якія дапамагаюць яшчэ больш з'яднаць бацькоў і дзяцей, перадаваць традыцыі і сямейныя каштоўнасці.
Аляксандр Лукашэнка як чалавек, які нарадзіўся ў вёсцы, лічыць важным любіць зямлю і працаваць на ёй, мець свой кавалачак зямлі.
"Важная рыса прэзідэнта, калі ён з высокіх дыпламатычных трыбун можа апусціцца на зямлю. Але гэта трэба ведаць - зямное", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на своечасова прынятае на дзяржаўным узроўні рашэнне аб магчымасці купляць за мінімальныя сродкі кінутыя ў вёсках дамы, каб гэтыя ўчасткі атрымалі новае жыццё.
"Дзяцей туды прывязі, няхай басанож паходзяць па зямлі. Чалавек іншы, калі па зямлі басанож ходзіць, па траве. Гэта для здароўя чалавека. Але не ўсе гэта пачулі, - заўважыў ён. - Больш бы такіх людзей было, якія імкнуцца ўзяць сваё".
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што ў цэлым у Беларусь цяпер прыязджае шмат людзей з іншых краін, якія цэняць краіну за стабільнасць і спакой.
Пытанне намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя датычылася падрыхтоўкі новай вучэбнай праграмы. Яна спытала ў Кіраўніка дзяржавы, ці ёсць неабходнасць у тым, каб рыхтаваць дзяцей да сямейнага жыцця не толькі на факультатыўных занятках, але і распрацаваць вучэбную праграму, накіраваную на фарміраванне ў падлеткаў культуры сямейнага жыцця, падрыхтоўку да шлюбу, адказнага бацькоўства.
Прэзідэнт у цэлым не падтрымаў такую ініцыятыву: "Гэта нашы каштоўнасці (вы іх пералічылі). Яны павінны ад сям'і, ад нараджэння дзіцяці да таго, як ён пасталее і, можа, да смерці, улічвацца, асвойвацца. І для гэтага не трэба праграм і ўрокаў".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе абазначаныя тэмы, якія фарміруюць у чалавека традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, абмяркоўваліся раней у савецкіх школах. Толькі рабілася гэта недзе паміж заняткамі, да або пасля іх, а таксама ў сям'і.
"Гэта быў лад жыцця. Не абавязкова вылучаць для гэтага нейкія гадзіны і праграмы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У сучасных школах гэта, на жаль, практычна знікла. Таму Прэзідэнт не супраць, калі будзе выпрацавана нейкая праграма пра сямейныя каштоўнасці і падрыхтоўку да сямейнага жыцця.
"Толькі я вас прашу, не спадзявайцеся, што мы ў школе павялічым колькасць гадзін. Я прыхільнік таго, каб у суботу дзеці адпачывалі", - папярэдзіў ён.
У любым выпадку пры прыняцці таго ці іншага рашэння Прэзідэнт арыентаваў на агучаную ім раней формулу: "Зыходзьце з маёй формулы: мы можам усё. Але першае пытанне: патрэбна гэта нам ці не? Другое пытанне: а колькі гэта будзе каштаваць?"