Сустрэча з Генеральным сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым
- 5
- 4:00
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 лютага сустрэўся з Генеральным сакратаром СНД, кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў нечакана высокую яўку на праведзеных выбарах дэпутатаў. "У сродках масавай інфармацыі людзі бачылі ўсе Вашы заявы. Гэта мабілізоўвала людзей. І Вы бачыце, якая яўка. Нечаканая, шчыра скажу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Добрая яўка", - пагадзіўся Сяргей Лебедзеў.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Я не чакаў нават, што ў нас будзе такая яўка на выбарах. У нас ніколі не было ў мясцовыя саветы, у парламенцкія выбары такой яўкі. Нюансаў хапае. У тым ліку і збеглыя нам тут са сваімі няўдалымі рухамі дапамаглі. Самае галоўнае, людзі зразумелі цяперашні момант, правільна ўспрымаюць, характарызуюць яго", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што прадстаўнікі місіі СНД былі не толькі самымі актыўнымі наглядальнікамі, але і фактычна зацікаўленымі арганізатарамі выбараў: "Таму я палічыў патрэбным падзякаваць Вам і місіі СНД, Вашым калегам, якія прыехалі да нас на выбары. Вялікі дзякуй вам за тую падтрымку і дапамогу, якую вы аказалі. Яшчэ раз гэта падкрэсліваю: падтрымку і дапамогу ў арганізацыі. Не проста прыехалі і глядзелі па баках, як там хто бюлетэні запаўняе ці не запаўняе. Гэта сапраўды такая дружалюбная была работа вашай місіі. І вашу работу мы вельмі цэнім".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў ходзе гэтай электаральнай кампаніі было шмат навацый. Упершыню ў Беларусі прайшоў адзіны дзень галасавання. Адначасова выбіралася ўся вертыкаль прадстаўнічых органаў улады, пачынаючы ад сельскіх саветаў да дэпутатаў парламента. "Мне папярэдне далажылі аб выніках. Прайшло вельмі добра", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы, зыходзячы з ужо майго вопыту, спрабуем прааналізаваць ход гэтай кампаніі. І бачым, што цяперашнюю ўладу падтрымліваюць больш як 87% насельніцтва. Адназначна падтрымліваюць. Ёсць невялікая колькасць тых, хто вагаецца. Зразумела, ёсць і незадаволеныя людзі. Мы гэта добра разумеем. Таму ў гэтым электаральным цыкле нам трэба аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы, трэба сёе-тое выпраўляць. Такіх праблем у нас няшмат. Мы за год іх падцягнем, выправім. І я ўпэўнены, што людзі яшчэ ў большай колькасці прыйдуць на прэзідэнцкія выбары", - сказаў Прэзідэнт.
"Хоць гэта будзе няпросты працэс. Вы як спецыяліст у гэтай справе разумееце, што хістаць нас будуць вельмі сур'ёзна. Але мы гатовы да гэтага. Вельмі сур'ёзна рыхтаваліся і гатовы да правядзення будучых выбараў, якія адбудуцца праз год", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён яшчэ раз падзякаваў за праведзеную работу асабіста Сяргею Лебедзеву і ўсім членам місіі СНД, а таксама пацікавіўся магчымымі заўвагамі, каб улічыць гэта на будучае.
"Самае галоўнае, Аляксандр Рыгоравіч, што мы пераканаліся: настрой у выбаршчыкаў здаровы, добры настрой, - сказаў Сяргей Лебедзеў. - Галоўная думка, якую нам выказвалі выбаршчыкі: "Галоўнае для нас - мір, стабільнасць і дабрабыт Беларусі". З гэтым настроем людзі ішлі на выбары. Думаю, гэта жаданне - забяспечыць мір і стабільнасць у Беларусі - якраз стымулявала людзей прыйсці прагаласаваць. Адсюль такая высокая яўка".