Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 22
  • 14:38

Беларускія жанчыны адзіныя ў імкненні зрабіць сваю краіну лепшай і больш шчаслівай. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўручэнні дзяржаўных узнагарод у гонар Дня жанчын.

Па традыцыі мерапрыемства адбылося ў Палацы Незалежнасці, і ўся ўвага, вядома, была толькі жанчынам - прыгожым, разумным, таленавітым, як сказаў пра іх Кіраўнік дзяржавы.

Як заўважыў Прэзідэнт, урачыстая цырымонія ўзнагароджання напярэдадні 8 Сакавіка адрозніваецца ад іншых: яна заўсёды вельмі цёплая, шчырая і душэўная. "2026 год у Беларусі прысвечаны менавіта вам. Такім розным, але адзіным у імкненні зрабіць нашу краіну лепшай і больш шчаслівай. У гэтым, напэўна, сутнасць нашай (беларускай. - Заўвага) жанчыны", - сказаў ён.

У гэты дзень у Палацы Незалежнасці ўшаноўваюць сціплых працаўніц, сапраўдных прафесіяналаў, захавальніц нацыянальных традыцый і дамашняга ачага, а галоўнае - маці.

"Большасць жанчын у гэтай зале ўзнагароджаны самай светлай дзяржаўнай узнагародай - ордэнам Маці - за нараджэнне і выхаванне пяцярых і больш дзяцей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў павелічэнне колькасці шматдзетных сем'яў у Беларусі - за пяць гадоў іх стала на 15% больш. Траіх і больш малышоў выхоўваюць 120 тыс. сямейных пар.

"Ёсць такія мэтанакіраваныя, я нават сказаў бы гераічныя бацькі, у якіх 10 наследнікаў. Асабліва гэтым славяцца нашы жыхары поўдня, Брэсцкая вобласць. І абсалютныя рэкардсмены - сям'я, у якой 14 дзяцей! Гэта Міншчына. Калі здароўе дазваляе - трэба браць з іх прыклад", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што людзі, гледзячы на ўдзельніц цырымоніі - такіх прыгожых і шчаслівых, задумаюцца пра другое дзіця, а там і пра трэцяе. "Дзяржава такіх людзей падтрымае. Як бы ні было цяжка і складана, - запэўніў ён. - Сям'я, сапраўдная, моцная, са звонкімі дзіцячымі галасамі, - гэта прадаўжэнне не толькі нечага прозвішча, але гэта прадаўжэнне ўсяго беларускага народа".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі створаны ўсе магчымасці, каб жанчыны пры жаданні адбыліся ў любой прафесіі. "Вы - яркае пацвярджэнне таго. Дабіваецеся ўражальных поспехаў у самых розных сферах", - адзначыў беларускі лідар.

Напрыклад, у ліку ўзнагароджаных - Галіна Радаман, якая ўжо дзясяткі гадоў кіруе Сноўскай сярэдняй школай. "Галіна Васільеўна Радаман - сапраўдны сельскі настаўнік. Чалавек з велізарным жыццёвым і прафесійным вопытам. Не жартачкі - амаль паўстагоддзя ў адукацыі!" - ахарактарызаваў яе Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што і ўвесь калектыў школы адпавядае дырэктару, а вучні перамагаюць на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

Адна з самых маладых удзельніц цырымоніі - знакамітая беларуская спартсменка і прыгажуня Юлія Апанасовіч, 11 гадоў запар чэмпіёнка Беларусі па боксе, бронзавы прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету. А родам яна з вёскі, са шматдзетнай сям'і, дзе, мяркуючы па ўсім, і навучылі яе і працаваць, і цяжкасці пераадольваць, што ў значнай ступені дазволіла ў будучым многага дасягнуць.

Прэзідэнт ад усёй душы павіншаваў прысутных і ў іх асобе ўсіх беларусак з надыходзячым светлым святам: "Дзякуй вам за той бясцэнны ўклад, які вы ўжо зрабілі для роднай краіны".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэта свята мужчыны Беларусі гатовы ўсё зрабіць дзеля жанчын краіны. "Таму што вашы шчасце, настрой, вашы поспехі залежаць ад беларускіх, перш за ўсё, мужыкоў. Нехта махне і за межы краіны, усякае бывае. Але вы памятайце, што тут, у Беларусі, мы вас цэнім, любім і тут ваша зямля", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што не толькі ў святочны перыяд, але заўсёды мужчыны гатовы берагчы, абараняць, дапамагаць, падтрымліваць і радаваць жанчын. "Гаварыце, што яшчэ нам зрабіць, каб вы сталі больш шчаслівымі. Няхай вашы поспехі натхняюць іншых, у тым ліку і нас, мужыкоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, пажадаўшы ў дапаўненне, каб цяперашняя цырымонія запомнілася яе ўдзельніцам на ўсё жыццё. "Шчасця, поспехаў, галоўнае - здароўя вам і вашым дзеткам", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн Пашаны начальніку ўпраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама Таццяне Аксаміт, медаль "За працоўныя заслугі" - начальніку вытворчасці ТАА "Кіруючая кампанія холдынга "Беларуская гарбарна-абутковая кампанія "Марко" Анжэле Алфяронак, інжынеру-тэхнолагу тэхнічнага аддзела Аршанскага льнокамбіната Ірыне Беляковай, вядучаму навуковаму супрацоўніку аддзела тэхналогіі пладаводства Інстытута пладаводства Надзеі Капічнікавай.

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Маці прадстаўніц усіх абласцей і Мінска. У іх ліку - спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг цэнтра банкаўскіх паслуг нумар 527 ААТ "ААБ Беларусбанк" Анжаліка Клімовіч, настаўнік-дэфектолаг спецыяльнага дзіцячага сада № 17 Светлагорска Наталля Стукач, педагог-арганізатар сярэдняй школы № 28 Брэста Святлана Талатыннік, навуковы супрацоўнік аддзела культурна-адукацыйнай работы Магілёўскага краязнаўчага музея імя Е.Р.Раманава Настасся Патрусава.

Акрамя таго, былі прысвоены ганаровыя званні. Заслужаным работнікам фізічнай культуры і спорту стала дэкан факультэта аздараўленчай фізічнай культуры БДУФК Наталля Машарская, заслужаным майстрам спорту - спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Беларусі па боксе Юлія Апанасовіч, заслужаным работнікам адукацыі - дырэктар Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Галіна Радаман.