Цырымонія ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта
- 31
- 2
Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп"
Дарагія сябры!
Паважаныя лаўрэаты!
Уладыка!
Сёння мы ўручаем унікальную прэмію. Цырымонія ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" ўжо даўно стала часткай нацыянальнай спадчыны.
Як я ўжо казаў моладзі, традыцыі - аснова нашай дзяржаўнасці. У іх наша сіла і наша будучыня, якая немагчыма без вопыту і сувязі пакаленняў. На гэтым будуецца дзяржаўнасць.
І суверэнную Беларусь, вельмі маладую па мерках гістарычных дзяржаву, мы будавалі на аснове шматвяковай культурнай памяці, якая насычана высокай духоўнасцю і інтэлектам нашых продкаў.
Дзякуючы такой багатай і па-свойму ўнікальнай спадчыне беларусы ўвайшлі ў сусветную гісторыю самадастатковай нацыяй.
Некалькі фактаў.
Больш за тысячу гадоў таму, амаль адразу пасля Хрышчэння Русі, на нашай зямлі былі заснаваны адны з першых усходнеславянскіх цэнтраў дзяржаўнасцi, культуры, асветы - Полацкая і Тураўская епархіі.
Тут дзякуючы нашым дойлідам зарадзіліся эксклюзіўныя архітэктурныя традыцыі і формы мастацтва. У 2026 годзе мы будзем адзначаць сакральную для нас дату. Роўна 865 гадоў таму майстар Лазар Богша стварыў унікальную святыню - Крыж Еўфрасінні Полацкай.
Толькі ўдумайцеся, 865 гадоў!
Больш за пяць стагоддзяў таму ўраджэнец Полацкай зямлі Францыск Скарына выдаў "Псалтыр" - першую кнігу на ўсходнеславянскай мове.
Вядома, што друкаваная кірыліца, распрацаваная беларусам Iльёй Капіевічам, пакладзена ў аснову грамадзянскага шрыфту, уведзенага ў 1706 годзе ў Расіі.
Тэрмін "беларускае барока" вядомы ва ўсім свеце. Гэта ўнікальная з’ява ў сусветным мастацтве канца ХVIІ стагоддзя, якая распаўсюдзілася на ўсходнеславянскіх землях дзякуючы таленту нашых майстроў.
Паўтару - гэта толькі некалькі фактаў.
Таму нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і абараняць. Таму і будуем новы Нацыянальны гістарычны музей. Ён стане месцам нацыянальнага гонару, калыскай нашай гістарычнай памяці, крыніцай натхнення для мірнага, працалюбівага, вельмі таленавітага і творчага народа.
Дарагія беларусы!
Віншую лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і прэміі "Беларускі спартыўны Алімп" з заслужанай і абсалютна ўнікальнай узнагародай.
І запыт на яе, і задума ўрачыстага мерапрыемства, якое мы сёння праводзім тут, у Палацы Рэспублікі, у гэтыя светлыя святочныя дні, ішлі ад жыцця. Ад нашай з вамі гісторыі.
У пачатку 90-х, у першыя гады незалежнасці, вельмі актыўна гучала тэма пошуку беларускай праваслаўнай рэліквіі - Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
І я памятаю, як, з'яўляючыся кандыдатам у прэзідэнты, у адным з інтэрв'ю сказаў журналістам: "Трэба аднаўляць эканоміку, тады і рарытэты знойдуцца".
Але ў пэўным сэнсе мы знайшлі святыню. Вельмі хутка. У сэрцы народа. Знайшлі гэты сімвал духоўнасці ў людзях, якія ў самыя кароткія тэрміны аднавілі нармальны тэмп развіцця народнай гаспадаркі. Якія, нягледзячы на безграшоўе, развівалі традыцыі народнай творчасці і іншыя віды мастацтва - зусім не камерцыйныя і на той момант, магчыма, і непапулярныя.
Знайшлі яго ў людзях добрай волі - міласэрных і бескарыслівых, якія захавалі ў такія суровыя часы ўнутраную чысціню.
Праз два гады пасля выбараў мы з заробленых усёй краінай грошай заснавалі прэмію "За духоўнае адраджэнне". З году ў год мы прысуджаем яе за тое, што зроблена па закліку сэрца. Не напаказ. У імя мастацтва. Не на продаж. На карысць краіны, а не дзеля славы.
Сёння асабліва важна разумець, што словы "духоўнасць" і "культура" цесна ўзаемазвязаны і адно без другога немагчыма, не існуюць. А культура - гэта пульс жыцця. Жыцця нашага народа.
Калі мы захоўваем матэрыяльную, творчую, духоўную спадчыну продкаў - у нас абавязкова будзе гісторыя. Калі ёсць што захоўваць, значыць, ёсць народ. Значыць, ёсць і дзяржава. Простыя ісціны. І дзякуй усім, хто ўвасабляе іх у жыццё - беражэ гістарычную памяць, культуру, духоўныя каштоўнасці.
Ідэя сённяшняга свята вельмі важная. Мы стварылі традыцыю, якая стала культурным дасягненнем ужо нашага з вамі пакалення. Яе абавязкова захаваюць нашы дзеці. Я ў гэтым абсалютна перакананы.
Перакананы, таму што ёсць вы, лаўрэаты. Творчыя і вельмі светлыя людзі. Ёсць ваш прыклад, які натхняе.
Вялікі вам за гэта дзякуй!
Віншую ўсіх вас, лаўрэатаў, нашых беларусаў з Нараджэннем Хрыстовым!
Няхай кожнаму з вас спадарожнічае поспех у справах, здзяйсняюцца ўсе мары, а сэрцы будуць напоўнены добрым настроем, цяплом і абавязкова радасцю.
Я жадаю вам самага галоўнага - міру і дабрабыту. Дзякуй вам.
(Апладысменты.)
Пасля выступлення і ўручэння прэмій Прэзідэнт па традыцыі выказаўся па шэрагу актуальных пытанняў. Ён у тым ліку падкрэсліў важнасць захавання адзінства ў складанай міжнароднай абстаноўцы і выказаўся па сітуацыі ў Венесуэле.
Характарызуючы сучасную абстаноўку ў свеце, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што яна "абсалютна заблытаная і незразумелая". Ніхто не ведае, што будзе заўтра, і, вядома, далёка не ўсё залежыць ад беларусаў. Але нягледзячы на гэту нявызначанасць, Беларусі важна дзейнічаць у рэчышчы раней вызначаных планаў. "Мы свае планы намецілі. Мы, як у народзе кажуць, кроў з носа павінны іх рэалізаваць, калі хочам жыць у суверэннай незалежнай дзяржаве", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Усё, што адбываецца вакол, вы бачыце, гэта можна назваць толькі адным словам - шаленства. Але вы памятаеце, мы з вамі гэта шаленства перажылі ўжо - тады, калі ўсе крычалі пра пандэмію, пра тое, што "ўсе памром", "заўтра пахаваюць" і гэтак далей. Але мы прайшлі гэты этап. З праблемамі пэўнымі, але розуму ў нас хапіла. Адзінаму народу ў свеце. Такіх больш няма. Мы выстаялі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка, і гэтыя словы Прэзідэнта прысутныя ў зале падтрымалі апладысментамі. - Сёння сітуацыя больш складаная. Тое, што адбываецца вакол нас, не залежыць ад нас. Шаленства і яшчэ раз шаленства".
"Тады было складана, але ўсё залежала ад нас. Будзем разам, будзем давяраць адзін аднаму, будзем выконваць - кожны на сваім месцы - тое, што павінны зрабіць, значыць, будзе ўсё нармальна", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра Венесуэлу, Прэзідэнт падкрэсліў, што дружалюбны народ гэтай краіны ў свой час падставіў Беларусі плячо. "Калі нехта забыў, я - не. І ў некаторай ступені ну, не выратаваў нашу краіну, але моцна падтрымаў. У часы Чавеса (экс-Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. - Заўвага), калі яны працавалі разам з Нікаласам Мадурам. Я часта бываў там, ведаў аднаго і другога", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Напярэдадні я сказаў, што калі вы, амерыканцы, хочаце другі В'етнам, вы яго атрымаеце. Як бы там ні складвалася сітуацыя, мне здаецца, яны гэта пачулі. І тое, што яны пагражаюць цяпер Венесуэле нейкай наземнай аперацыяй, я думаю, яны цудоўна разумеюць, што гэта аперацыя скончыцца не на іх карысць. Тысячы загінуць ужо. І амерыканцы. Думаю, ні Дональд, ні іншыя гэтага не хочуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але вы павінны дакладна разумець: Амерыка - вельмі складаная краіна. Гэта не так, як у нас, нават у Расіі і іншых краінах. Я думаю, гэта, хутчэй за ўсё, уступка Дональда Трампа ваенным. Памятаеце, як беглі з Афганістана, чапляючыся за шасі самалётаў, падалі на ўзлётна-пасадачнай паласе? Ганьба! Ну трэба ж было паказаць, што на нешта здольны", - заявіў беларускі лідар.
"Але зноў улезлі (ЗША. - Заўвага) у вельмі непрыемную сітуацыю. Я вас папярэджваў заўсёды аб гэтым: перш чым зрабіць нейкі крок, перш чым нешта зрабіць, трэба падумаць і адказаць на адно пытанне "А што потым?" Што рабіць цяпер? Так, брыдка, агідна - рэакцыя ўсяго свету. Ёсць там некаторыя, якія мякка рэагавалі. Але нездаволенасць і рэакцыя на гэта здарэнне ва ўсіх адмоўная. Усе зробяць з гэтага высновы. Усе разумеюць, што робіцца ў гэтым плане ў свеце. І кожны будзе думаць аб тым, каб абараніць сваю краіну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі падзяліўся інфармацыяй, што Сіліі Флорэс - жонцы Нікаласа Мадуры - амерыканцы першапачаткова прапаноўвалі застацца ў Венесуэле, але яна вырашыла падзяліць лёс каханага.
"Важна, што захапілі Прэзідэнта. Жонцы сказалі: "Ты можаш застацца, мы да цябе не маем прэтэнзій". Яна: "Не, я з ім". Флорэс я ведаю, вельмі мужная жанчына. - "Я са сваім каханым". Даставілі ў Амерыку і ёй наркабізнес прышылі", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Вось вам і ўсё правасуддзе, якому яны нас усё жыццё вучылі. Наеліся? Ніякай праўды, ніякага правасуддзя ў іх не было, няма і не будзе", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Я толькі ўдзячны Дональду за тое, што ён адкрыта гаворыць: "Нафта, нам патрэбна нафта!" Я гэта з болем гавару аб тым, што быў у нейкай ступені ўцягнуты ў гэту сітуацыю ў самым пачатку. І амерыканцаў інфармаваў, што венесуэльцы гатовы з вамі супрацоўнічаць. Не трэба ўчыняць гэта глупства, з якога будзе вельмі складана выйсці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Паглядзім яшчэ на правасуддзе. Там суддзі яму (Нікаласу Мадуру. - Заўвага) трапіліся дастойныя, скажам адкрыта. І адвакаты", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён расказаў аб сваім непасрэдным удзеле ў кантактах паміж ЗША і Венесуэлай да падзей з захопам кіраўніка венесуэльскай дзяржавы: "Я перадаў усе меседжы ад Нікаласа Мадуры. Вы бачылі маю сустрэчу з паслом Венесуэлы ў Расійскай Федэрацыі. Гэта яго прыхільнік, паплечнік, заўсёды былі яны разам. Я яго таксама добра ведаю - чалавек ваенны, яшчэ пры Чавесе (працаваў пры былым Прэзідэнце Венесуэлы Уга Чавесе. - Заўвага)".
"Усё, што хочуць амерыкацы, можна было зрабіць без захопу", - упэўнены беларускі лідар.
"Але трэба было паказаць свой "гераізм". На кім вы вырашылі паказаць? На безабаронным чалавеку? Перабілі ўсіх людзей, якія яго ахоўвалі. Паранілі і жонку, і чалавека захапілі, вывезлі ў Амерыку. Вось "вялікі гераізм". Імперыя, якая траціць больш за трыльён долараў на зброю", - дадаў Прэзідэнт.
"Я хачу, каб вы разумелі: там было ўсё. І дамоўленасць, і грошы, якія былі аплачаны ў тым ліку людзям у Венесуэле. І ваенным, і грамадзянскім. Там была змова, і там было здрадніцтва. Усё там было", - заявіў беларускі лідар.
"Таму нам трэба быць як мага асцярожней", - зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што, ведучы з амерыканцамі перагаворы, папярэджваў не толькі беларусаў, але і расіян аб тым, што ЗША могуць разыгрываць своеасаблівы спектакль.
"Я ім заўсёды гаварыў, але і свайго старэйшага брата папярэджваў, і напярэдадні гэтага агіднага мерапрыемства (размова пра дзеянні ЗША ў Венесуэлы. - Заўвага): не было б толькі спектакля з боку амерыканцаў і ўсяго Захаду, не разыгралі б яны нас чарговы раз. І сёння я абсалютна перакананы, што гэта так. Навошта было захопліваць зусім нядаўна пусты расійскі танкер пад сцягам Расіі? Навошта гэта трэба было рабіць, калі вы хочаце міру ва Украіне? І шмат-шмат думак нараджаецца пасля гэтых падзей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Вы памятаеце ў мінулым годзе пасяджэнне Савета бяспекі Беларусі, дзе мы размеркавалі ролі на выпадак "а што, калі не будзе Прэзідэнта". Слухайце, як у ваду глядзелі. Таму варыянт Венесуэлы ў Беларусі нерэальны. Нават калі гэта адбудзецца, у нас усё на гэты выпадак прадугледжана".
"Каб гэтага не здарылася, мы - эліта, грамадства, перш за ўсё ідучы наперадзе, павінны бачыць і ведаць сваё месца. Кожны на сваім месцы павінен зрабіць максімум. Кожны. Якія б у нас ні былі дыктатура і аўтарытарызм, гэта кожнага не прымусіш зрабіць. Таму мы з вамі асуджаны быць наперадзе ў гэтым безразважным, бушуючым свеце. Калі будзем гэта ўсведамляць, у нас з вамі ўсё атрымаецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што існуючая ў свеце абстаноўка вымушае траціць значныя сродкі на ўмацаванне абараназдольнасці дзяржавы. "Нас пераканалі яшчэ раз у тым, што мы павінны быць моцнымі. Мы ўсё больш вымушаны траціць грошы на зброю, на падрыхтоўку нашых ваенных".
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падзякаваць беларускім ваеннаслужачым за штодзённую ратную працу па абароне Радзімы. "Мы святкуем з вамі ў адносна цёплым добрым месцы, радуемся. Іх, вядома, справа (ваенных. - Заўвага), наша справа, людзей у пагонах, - абараняць Радзіму. Але яны сёння на граніцы. Не толькі пагранічнікі. У невялікім тыле ад граніцы сканцэнтраваны, разгрупаваны, як трэба, і абараняюць нашу Радзіму. Давайце ім падзякуем за іх мірную ратную працу", - сказаў Прэзідэнт.
Зала Палаца Рэспублікі, дзе праходзіла цырымонія ўручэння прэміі, стоячы сустрэла гэтыя словы Кіраўніка дзяржавы доўгімі апладысментамі.


