Удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы
- 15
- 10:18
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 лютага ў Маскве прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама з'яўляецца Старшынёй Вышэйшага дзяржсавета.
Парадак дня мерапрыемства ўключаў сем пунктаў, якія датычацца пытанняў двухбаковага інтэграцыйнага ўзаемадзеяння. У ліку важнейшых - аб ходзе выканання Асноўных напрамкаў рэалізацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады. Дадзена даручэнне падрыхтаваць аналагічны дакумент на чарговы цыкл - 2027-2029 гады.
Прыняты Дэкрэт ВДС па пытанні трансгранічных прыгарадных пасажырскіх зносін чыгуначным транспартам. У хуткім часе будуць запушчаны рэгулярныя паязды па маршрутах Віцебск - Смаленск і Орша - Смаленск.
Падпісана Дырэктыва аб узаемнай падтрымцы і супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага правасуддзя. Прынята рашэнне аб стварэнні Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы. Прысуджаны саюзныя прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва за 2025-2026 гады.
"Намі зададзены вектар новаму этапу развіцця інтэграцыі па ўсіх напрамках", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі пасяджэння.
Прэзідэнт Беларусі папрасіў членаў ВДС, урадаў і парламентаў Беларусі і Расіі, а таксама Пастаяннага камітэта СД узяць на сур'ёзны кантроль выкананне прынятых даручэнняў з максімальнай асабістай уцягнутасцю.
Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў удзячнасць усім за сур'ёзную комплексную падрыхтоўку цяперашняга пасяджэння ВДС. Словы ўдзячнасці ён адрасаваў таксама прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі за іх вялікую работу па папулярызацыі інтэграцыйнага парадку дня і рашэнняў, якія прымаюцца на вышэйшым узроўні ў інтарэсах жыхароў Беларусі і Расіі.
Да пачатку пасяджэння ў Крамлі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін каля гадзіны размаўлялі сам-насам. Потым ужо ў фармаце ВДС кіраўнікі дзяржаў зрабілі шэраг заяў па пытаннях развіцця саюзнага будаўніцтва.
"У бягучай міжнароднай сітуацыі, на фоне напружанай абстаноўкі перш за ўсё на заходніх рубяжах нам жыццёва неабходна развіваць адносіны саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што геапалітычны расклад аб'ектыўна ставіць перад краінамі задачу быць гатовымі сумесна рэагаваць на любыя выклікі.
Прэзідэнт згадаў аб пачатку практычнай рэалізацыі дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, у снежні заступіў на баявое дзяжурства ў Беларусі ракетны комплекс "Арэшнік".
"Мы зладжана працуем у знешняй палітыцы. Падпісанне дырэктывы аб узаемнай падтрымцы і супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага правасуддзя стане важным крокам па абароне агульных інтарэсаў, непахіснасці міжнароднага права і яго інстытутаў", - адзначыў беларускі лідар.
"У фокусе ўвагі перш за ўсё эканоміка, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Глабальную гандлёвую сістэму, на жаль, сёння блакіруюць, гнуць, ламаюць пад сябе шляхам увядзення загараджальных пошлін, тэхналагічных і энергетычных блакад, валютнага націску, пірацтва на лагістычных маршрутах. Адным краінам не дазваляюць нафту экспартаваць, другім - імпартаваць. Стараюцца не дазволіць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі лідараў шматпалярнага свету - Кітая і Расіі - яшчэ хоць неяк асцерагаюцца, то на іх саюзнікаў аказваецца небывалы націск: "Толькі ў апошнія тыдні, напрыклад, Венесуэла, Куба, Іран - нашы агульныя партнёры - сталі аб'ектамі вельмі грубага ўмяшання. У першую чаргу - праз эканоміку".
"Таму тэхналагічны суверэнітэт, стаўка на ўласныя рэсурсы і кампетэнцыі, прыярытэт саюзнага прадукту і абарона агульнага рынку Саюзнай дзяржавы - гэта тыя ж самыя рубяжы бяспекі. Не менш важныя, чым ваенныя і знешнепалітычныя", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што 2 красавіка будзе адзначацца 30-годдзе Дагавора аб утварэнні Супольніцтва Беларусі і Расіі, які заклаў фундамент развіцця саюзнага будаўніцтва. "За гэтыя гады мы прайшлі вялікі шлях", - падкрэсліў беларускі лідар.
Узаемны доступ да рынкаў даў магчымасць нарасціць аб'ём тавараабароту за мінулыя гады ў 8 разоў - з $6,5 млрд у 1996 годзе да амаль $55 млрд у 2025-м.
"У двухбаковым гандлі зменшыўся энергетычны складнік, выраслі ўзаемныя пастаўкі прадуктаў харчавання і спажывецкіх тавараў, апераджальнымі тэмпамі развіваецца гандаль паслугамі (транспартнымі, будаўнічымі, інфармацыйнымі), - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Сустрэчныя інвестыцыі даюць нашым эканомікам імпульсы для ўзаемазвязанага росту, а галоўнае, ствараюць новыя працоўныя месцы. Больш за 60% прыцягнутых Беларуссю сродкаў прыпадае на расійскіх інвестараў. Наша краіна таксама істотна нарасціла ўкладанні ў расійскую эканоміку".
На парадку дня пасяджэння быў даклад прадстаўнікоў урадаў аб рабоце па выкананні Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024-2026 гады. З гэтай нагоды Аляксандр Лукашэнка сказаў: "На гэты момант выканана толькі 40% галіновых мерапрыемстваў (125 з 310). З адставаннем ад графіка ідзе працэс па адносна невялікай колькасці даручэнняў (14 - усяго 4,5%)".
Прэзідэнт заявіў, што паралельна неабходна забяспечыць падрыхтоўку змястоўных Асноўных напрамкаў на наступны трохгадовы перыяд - з 2027 па 2029 гады. "І, самае галоўнае, абавязкова іх выканаць. Яны павінны быць арыентаваны перш за ўсё на забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы і тэхнічнага парытэту з іншымі краінамі. Тым больш мы гэта можам зрабіць, як паспяхова робім па асобных напрамках у асобных галінах", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Урадам і Пастаяннаму камітэту неабходна якасна і ўсебакова іх прапрацаваць, каб потым рухацца наперад з хуткасцю, якой ад бакоў патрабуе цяперашняя сітуацыя, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"У саюзным будаўніцтве мы ідзём "ад жыцця", пачынаючы больш высокі ўзровень інтэграцыі і стварэнне міждзяржструктур там, дзе гэта наспела", - адзначыў Прэзідэнт.
У якасці прыкладу такіх структур Аляксандр Лукашэнка назваў Міждзяржцэнтр мытнага камітэта, Падатковы камітэт, саюзны Гідрамет. На парадку дня цяперашняга ВДС - рашэнне аб стварэнні Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы, які павінен забяспечыць кантроль за якасцю прадукцыі на агульным рынку і садзейнічаць устараненню тэхнічных перашкод ва ўзаемным гандлі.
Акрамя таго, у гэтым годзе юрыдычнае афармленне атрымаў "тавар Саюзнай дзяржавы". "Важна, каб за прыгожым афіцыйным знакам былі рэальная падтрымка і абарона інтарэсаў беларускіх і расійскіх вытворцаў агульнага прадукту", - заявіў беларускі лідар.
Пашырэнню магчымасцей для грамадзян Саюзнай дзяржавы паслужаць прыгранічныя чыгуначныя перавозкі, што запускаюцца ў хуткім часе па маршрутах Віцебск - Смаленск і Орша - Смаленск. "Гэта тое, што патрэбна. І вось тады не трэба нікога ўгаворваць быць у саюзе ці не быць у саюзе. Трэба рабіць гэтыя крокі для людзей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Я часта адзначаю, і пры гэтым у адрас Міхаіла Уладзіміравіча Мішусціна (Прэм'ер-міністр Расіі. - Заўвага) гаварыў. Ён часта гаворыць сёння аб тым, што мы ўзмоцнім, паскорым наша супрацоўніцтва ў плане перавозак. Як толькі вы ўвялі дадатковыя "Ластаўкі" (скорасныя паязды, што рэгулярна курсіруюць паміж Мінскам і Масквой. - Заўвага), у нас вялікая колькасць беларусаў паехала ў Маскву. І сёння ўжо іх недастаткова, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Уладзімір Уладзіміравіч, павінен заўважыць (мне ўчора далажылі якраз): нашы збеглыя ўжо азадачыліся тым, што беларусы ў Еўропу наогул не едуць. Усе едуць на ўсход. Менш - у Кітай. Больш - у Маскву, у Расійскую Федэрацыю. Вось што значыць ісці ад зямлі. Мы робім тое, што патрэбна нашым людзям".
"Упэўнены, што ўсе вы па-сапраўднаму ўсведамляеце каштоўнасць беларуска-расійскіх адносін, беспрэцэдэнтную глыбіню нашай інтэграцыі. Рашэнні, якія разглядаем, дадуць магчымасць нам яшчэ раз пацвердзіць запатрабаванасць фармату Саюзнай дзяржавы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння.
Ён падзякаваў членам Урада Расійскай Федэрацыі, адзначыўшы, што яны сталі больш увагі ўдзяляць адпаведнаму напрамку. "Я ўжо не гавару пра нашых парламентарыяў. Гэта ўвогуле маторы нашых адносін", - заўважыў Прэзідэнт.
"Нашы мерапрыемствы ў рамках рэгіёнаў - гэта вельмі важна. Сёння ўжо кітайцы нам прапанавалі: "Па прынцыпе, як вы працуеце з Расіяй, давайце будзем працаваць - рэгіён з рэгіёнамі". Іран недзе паўгода таму - таксама хочуць такога супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"На зямлі лепш відаць, што трэба людзям. Таму тое, што некалі падштурхнулі мы гэты працэс і парламентарыі гэтым займаюцца, асабліва сенатары, я ім за гэта ўдзячны. І я вельмі спадзяюся, што расійскі ўрад будзе адданы нашаму саюзнаму будаўніцтву і мы будзем выконваць усе даручэнні, нашы дамоўленасці і рашэнні, якія мы прымаем на сумесных мерапрыемствах", - рэзюмаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета адзначыў, што працэс паглыблення інтэграцыі мае заканамерны, натуральны і ўзаемавыгадны характар. "За мінулыя дзесяцігоддзі зладжанымі намаганнямі шмат чаго ўдалося дабіцца. Сфарміравана агульная сацыяльна-эканамічная, абаронная, міграцыйная, інфармацыйная, навукова-адукацыйная і культурна-гуманітарная прастора", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
"Сумесна рэалізуюцца буйныя праекты ў прамысловасці, транспарце, сельскай гаспадарцы, высокіх і навукаёмістых тэхналогіях, - заявіў ён. - Паспяхова развіваюцца праграмы імпартазамяшчэння, у тым ліку ў такіх важных сектарах, як машына- і станкабудаванне, мікраэлектроніка і оптыка".
Уладзімір Пуцін таксама канстатаваў, што Расія і Беларусь цесна ўзаемадзейнічаюць у сферах знешняй палітыкі і абароны, іх падыходы да актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня заўсёды блізкія або супадаюць. Ён падкрэсліў, што краіны разам процістаяць санкцыйнаму націску, выступаюць за фарміраванне па-сапраўднаму справядлівага шматпалярнага свету, а таксама гатовы рабіць усё неабходнае, каб забяспечыць ваенную бяспеку СД усімі наяўнымі сіламі і сродкамі.
Пасля завяршэння пасяджэння прэзідэнты і іншыя члены Вышэйшага дзяржсавета прадоўжылі размову за рабочым абедам.


