Нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД
- 9
- 3:03
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 снежня прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - удзельніц СНД у Санкт-Пецярбургу.
Лідары краін Садружнасці сустрэліся ў Эрмітажы - адным з буйнейшых музеяў свету, які захоўвае больш за 3 млн помнікаў культуры розных краін і народаў. Тут сабраны творы жывапісу і графікі, скульптуры, манеты і медалі, археалагічныя матэрыялы. Помнікі эрмітажнага збору прадстаўлены ў больш як 500 залах агульнай плошчай каля 100 тыс. кв.м.
Галоўны музейны комплекс Эрмітажа аб'ядноўвае пяць будынкаў: Зімовы палац, Малы Эрмітаж, Стары (Вялікі) Эрмітаж, Новы Эрмітаж і Эрмітажны тэатр. Перад пачаткам нефармальнай сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і іншыя лідары краін СНД прайшліся па залах музейнага комплексу. Экскурсію для кіраўнікоў дзяржаў правёў генеральны дырэктар Дзяржаўнага Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі.
Гасцям паказалі разнастайныя музейныя экспанаты, сярод якіх - гадзіннік "Паўлін", які быў выраблены з пазалочанай бронзы і серабра яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя. Цяпер гэта адзіны ў свеце буйны аўтамат XVIII стагоддзя, які дайшоў да нашага часу без змяненняў і ў дзеючым стане. Работа механізмаў "Паўліна" нязменна выклікае захапленне гледачоў. Гэты гадзіннік заводзяць толькі па пятніцах, але для лідараў краін СНД зрабілі выключэнне.
Яшчэ адной кропкай экскурсійнага маршруту стала Ваенная галерэя 1812 года. На яе сценах змешчаны 329 партрэтаў генералаў - удзельнікаў Айчыннай вайны і замежных паходаў 1813-1814 гадоў.
Лідары краін СНД таксама ўбачылі работы галандскага мастака Рэмбранта ван Рэйна. У Эрмітажы прадстаўлена багатая калекцыя з больш як 20 работ знакамітага жывапісца.
На нефармальнай сустрэчы з прывітальным словам выступіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Расійскі лідар адзначыў, што за больш як тры дзесяцігоддзі Садружнасць сцвердзілася ў якасці аўтарытэтнага рэгіянальнага інтэграцыйнага аб'яднання, у якім краіны-ўдзельніцы выбудоўваюць адносіны на прынцыпах сапраўднага добрасуседства, раўнапраўнага партнёрства, узаемнай выгады і ўліку інтарэсаў адна адной.


