Удзел у саміце БРІКС у фармаце "аўтрыч/плюс"
- 12
- 7:28
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 кастрычніка прыняў удзел у саміце БРІКС у фармаце "аўтрыч/плюс" у Казані.
У сваім выступленні на саміце Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за невялікі па гістарычных мерках перыяд аб'яднанне стала цэнтрам прыцягнення. Менавіта з ім усё больш і больш краін звязваюць свае ўяўленні аб справядлівым светаўладкаванні. "Такім светаўладкаванні, дзе забяспечваецца роўнасць суверэнных дзяржаў незалежна ад іх памераў, ваеннай і эканамічнай моцы. Дзе прызнаецца права кожнага самастойна вызначаць ідэалогію развіцця і праводзіць незалежную знешнюю палітыку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"БРІКС - гэта супольніцтва будучыні. Па сваім патэнцыяле яно можа наблізіць канец гісторыі дамінавання калектыўнага Захаду, які аказаўся няздольным несці адказнасць за цывілізаванае развіццё міжнародных адносін, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - У сілах дзяржаў - удзельніц БРІКС зрабіць так, каб рэальныя рычагі ўплыву перайшлі у рукі прагрэсіўнай сусветнай большасці".
"Мы поўнасцю падзяляем філасофію БРІКС. Беларусь ідзе да вас з канкрэтнымі ідэямі і праектамі, якія прызначаны садзейнічаць вырашэнню агульначалавечых праблем. Мы гатовы стаць актыўным удзельнікам аб'яднання", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь - традыцыйна адказны і эфектыўны партнёр. "Геаграфічнае становішча ў цэнтры Еўропы, вопыт і дасягненні даюць магчымасць з упэўненасцю гаварыць аб тым, што Беларусь стане яшчэ адным важным пазлам у вобразе будучага нашай арганізацыі. Удзел Беларусі пашырае межы магчымасцей аб'яднання, робячы яго больш універсальным і ўсёабдымным", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Пра сферу бяспекі
У ліку напрамкаў, у рэалізацыі якіх Беларусь можа адыграць важкую ролю, Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу назваў сферу бяспекі.
"Узаемная павага, непадзельная бяспека, гарантыі краінавага развіцця без канфрантацыі і проціборства - тыя прынцыпы, на якіх неабходна будаваць наш новы светапарадак, з нашага пункту гледжання", - сказаў Прэзідэнт.
Пра ўстойлівае развіццё
"Для многіх краін глабальнай большасці, як і для нас, асабліва актуальна задача пабудовы ўстойлівых, эканамічна самадастатковых дзяржаў пры адсутнасці вялікіх запасаў прыродных рэсурсаў, геаграфічных і кліматычных пераваг. Беларусь з гэтым спраўляецца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заявіў аб гатоўнасці Беларусі прапанаваць свой унікальны гістарычны вопыт, як стаць мацнейшымі самім і зрабіць больш моцнымі іншых. "Як насуперак санкцыйнаму націску і спробам каляровых рэвалюцый захоўваць і прымнажаць чалавечы патэнцыял, забяспечваць высокія сацыяльныя стандарты і дастойную якасць жыцця, камерцыялізаваць інавацыі і хутка асвойваць тэхналогіі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пра барацьбу з голадам, беднасцю, наступствамі змянення клімату
Беларусь - адзін з вядучых сусветных экспарцёраў мінеральных угнаенняў, шырокага спектра харчовых тавараў, сельскагаспадарчых машын і тэхналогій.
"Мы ўносім сваю лепту ў забеспячэнне харчовай бяспекі ў свеце. Гатовы ўзаемадзейнічаць з калегамі ў галіне аграрнай навукі, па пытаннях адаптацыі сельгаскультур да змяненняў клімату, меліярацыі і ўключэння зямель у сельскагаспадарчы абарот", - заявіў на саміце Кіраўнік дзяржавы.
Пра гуманітарную сферу
Беларусь гатова ўнесці свой уклад у развіццё супрацоўніцтва ў рамках БРІКС і па гэтым напрамку.
"Беларуская адукацыя цэніцца ў свеце: за дыпломамі па самых запатрабаваных сучасных спецыяльнасцях да нас прыязджаюць прадстаўнікі больш як 110 краін. Важным фактарам паспяховага развіцця нашай суверэннай дзяржавы з'яўляюцца моцныя навуковыя школы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Сярод прыярытэтаў - энергаэфектыўныя тэхналогіі, нанаматэрыялы і новыя крыніцы энергіі, прамысловыя біятэхналогіі, медыцына і ІТ-сфера.
Беларусь таксама напрацавала шэраг кампетэнцый у аэракасмічнай галіне. "Гатовы ўносіць свой уклад у рэалізацыю ініцыятывы аб стварэнні спадарожнікавых сістэм БРІКС і ў далейшым - кансорцыума касмічных даследаванняў. Будзем рады дзяліцца вопытам і навукова-практычнымі вынікамі", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі склаўся высокі ўзровень узаемадзеяння і даверныя адносіны з абсалютнай большасцю краін - удзельніц саміту.
"З многімі мы маем ужо працяглую гісторыю паспяховага супрацоўніцтва. Цяпер мы можам дапоўніць нашы напрацоўкі на двухбаковым трэку новымі дасягненнямі ў інтэграцыйным фармаце. Мінск пацвярджае поўную гатоўнасць да паўнапраўнага членства ў арганізацыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, рэагуючы як гаспадар саміту на выступленне беларускага калегі, адзначыў, што Беларусь дэманструе добрыя тэмпы і якасць развіцця ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. "І вядома, безумоўна, унясе свой уклад у работу нашай арганізацыі", - заявіў расійскі лідар.