Удзел у цырымоніі адкрыцця Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы
- 18
- 32:17
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 чэрвеня ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў Гродзенскую абласную клінічную бальніцу.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, сярод якіх урачы, супрацоўнікі бальніцы і будаўнікі, Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта медыцынскі комплекс сучасны, сусветнага ўзроўню. У той жа час ён зроблены без празмернасцей, але аптымальна для аказання якаснай дапамогі.
"Тут з'явіўся сучасны, сусветнага ўзроўню еўрапейскі комплекс, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта бальніца звернута ў будучыню".
Паводле яго слоў, некаторыя спецыялісты выказвалі думку, што, магчыма, такія маштабы і затраты на будаўніцтва былі празмерныя для Гродна. На гэта Прэзідэнт слушна заўважыў, што ў будучым розных захворванняў менш не стане. Таму, з аднаго боку, людзям трэба больш клапаціцца аб захаванні свайго здароўя, берагчы яго, весці здаровы спосаб жыцця, а з другога - у дзяржаве трэба мець сучасныя аб'екты аховы здароўя для аказання дапамогі насельніцтву, своечасовай і дакладнай дыягностыкі захворванняў.
З'яўленне новай абласной бальніцы ў Гродне, паводле слоў Прэзідэнта, дае магчымасць аптымізаваць структуру аказання меддапамогі насельніцтву ўсяго рэгіёна на доўгатэрміновую перспектыву і правесці цэнтралізацыю дыягнастычнай і лячэбнай дапамогі тэрапеўтычнага профілю для насельніцтва рэгіёна. І ў гэтым сэнсе колькасць месцаў, на якія яна разлічана, зусім не залішняя. Тут змогуць атрымліваць дапамогу ў тым ліку жыхары паўночных раёнаў Брэсцкай вобласці або заходніх Мінскай вобласці. Наконт гэтага Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што з некалькіх соцень мільёнаў рублёў, патрачаных на будаўніцтва і абсталяванне новай бальніцы, з бюджэту Гродзенскай вобласці прафінансавана толькі некалькі дзясяткаў мільёнаў. "Майце гэта на ўвазе, не задзірайце нос. Калі нехта прыйдзе і папросіць дапамогі - акажыце. Нават калі з Польшчы нехта да вас прыйдзе - падтрымайце іх, зразумела, за нейкія грошы", - сказаў беларускі лідар.
Акрамя таго, у новай бальніцы рэалізавана магчымасць аўтаномнай работы кожнага корпуса пры ўзнікненні такой неабходнасці, як гэта было, напрыклад, у пандэмію каранавіруса. "Гэта значыць, мы ўмеем урокі атрымліваць з праблем, якія ў свеце складваюцца", - заўважыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў кіраўніцтву вобласці, Міністэрству аховы здароўя, будаўнікам і іншым, хто мае дачыненне да рэалізацыі гэтага праекта ў ахове здароўя.
"Наогул гродзенцы - люба-дорага паглядзець. Малайцы. Вы паказваеце прыклад усёй краіне, як трэба жыць і працаваць. Вось вы павінны (і я ў тым ліку) навучыць нашых беларусаў, у тым ліку і на захадзе, і на ўсходзе, і ў цэнтры, як трэба берагчы здароўе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асабліва адзначыў Прэзідэнт выкананне яго даручэння па ўзвядзенні бальніцы ў сціслыя тэрміны. "Я ведаю, што такое будаўніцтва. Мы ўсё плачамся: сялянам цяжка. Будаўнікам яшчэ цяжэй. Таму што ім і ў мароз, і ў сцюжу даводзіцца працаваць. І яшчэ замест пяці гадоў за два гады будаваць такія аб'екты. Вялікі дзякуй вам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, на такіх прыкладах і сферах дзейнасці трэба выхоўваць сучасную моладзь. "Нашу моладзь трэба ў сельскую гаспадарку і на будоўлю, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Каб яны разумелі (часта гэта гавару), што бульба расце ў Гродзенскай вобласці на зямлі, не ў айфонах. Айфоны, тэлефоны розныя - гэта добра, нікуды ад іх не пайсці. Але трэба разумець, што калі вось гэта згубім - не будзем калупацца ў зямлі - бяда".
"Мы адзіная краіна, дзе на дзяржаўным узроўні мы захавалі ахову здароўя", - падкрэсліў Прэзідэнт, дадаўшы, што гэта нязменная пазіцыя адзін час крытыкавалася. У тым ліку ў 2020 годзе гучалі заклікі, нават ад медыкаў, перайсці на страхавую медыцыну. "Сёння, дзякуй богу, усе зразумелі, што такое страхавая медыцына і што такое наша медыцына, за якую дзяржава адказвае", - звярнуў увагу ён.
"Я тады ведаў: калі б мы пайшлі шляхам страхавой медыцыны, не было б медыцыны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але вы думалі, што страхавая медыцына - гэта ў тры-чатыры разы зарплата вышэйшая, усё будзе добра. Мы загубілі б медыцыну".
У той жа час Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што праз некалькі дзясяткаў гадоў цяперашняя дзяржаўная сістэма аховы здароўя будзе вымушана мяняцца і многія паслугі калі-небудзь стануць платнымі. Цяпер жа гэту нагрузку нясе на сабе дзяржава. Адзін з прыкладаў - аперацыі па трансплантацыі, кошт якіх бывае сотні тысяч долараў для іншаземцаў і бясплатна для грамадзян Беларусі. "Так заўсёды не будзе. Таму трэба клапаціцца аб сваім здароўі. Не трэба глядзець на замежныя мадэлі. Не трэба глядзець, што да вас прыедуць (замежныя спецыялісты. - Заўвага) вас тут вылечаць. Або нехта паедзе і там будзе лячыць і лапатай грошы заграбаць. Там, дзе шмат плацяць, там і расходы іншыя", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што быў перыяд, калі ўрачы з Беларусі паспрабавалі і паехалі за мяжу, а праз час зразумелі памылковасць гэтага рашэння і стараюцца вярнуцца назад. "Беражыце сваю зямлю. Нікому мы там не патрэбны. Там калі ёсць нейкае вузкае цікавае месца - там свае зоймуць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У працяг тэмы Прэзідэнт параіў усім не толькі чакаць дапамогі і падтрымкі дзяржавы па якіх-небудзь пытаннях, але і разлічваць на ўласныя сілы, браць больш адказнасці, асабліва за сваё жыццё і здароўе. "Некаторыя людзі, ведаеце, заводзяцца і пачынаюць... Я гавару: у люстэрка (паглядзі. - Заўвага) і адкажы сам сабе: ты што зрабіў для таго, каб было лепш? Жорстка для Прэзідэнта, але гэта так. Таму вы на начальнікаў глядзіце, патрабуйце з іх, але і на сябе глядзіце", - рэкамендаваў Аляксандр Лукашэнка.
На цырымоніі адкрыцця Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы Прэзідэнт падкрэсліў выключна мірныя памкненні краіны.
"Я хачу, каб будаўнікі будавалі, а не трымалі кулямёт або аўтамат у руках. Таму не верце нікому, што мы хочам нейкай вайны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на складаную, напружаную абстаноўку ў свеце і вакол Беларусі, якая, нягледзячы на тое, што адбываецца, застаецца мірнай і спакойнай краінай. "Я гляджу і думаю аб адным: як гэта ўсё захаваць. Як зрабіць так, каб сюды варожая морда, прабачце мне, не ўлезла і ўсё гэта не перакрышыла, не пераламала", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Тым больш чытаю справаздачы нашых разведчыкаў. Дакладваюць: паехалі нашы збеглыя... Цытата даслоўна - заявіла ўкраінцам: "У нас ёсць што вам прапанаваць - гэта нашы беларусы". Гэта значыць мы што, павінны пайсці за чужую волю ваяваць ва Украіну? Мы што, хочам мясным фаршам там быць, як ваенныя гавораць? Не. Мы гэтага не хочам", - заявіў Прэзідэнт.
"Нам трэба захаваць нашу краіну, - падкрэсліў беларускі лідар. - Захаваць тое, што намі з вамі створана за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Дарослыя людзі мяне разумеюць. Мы хочам, каб нашы дзеці, унукі на сваёй зямлі жылі. Так, хапае ў нас недахопаў, але мы адрозніваемся тым, што мы гэтыя недахопы бачым, у многім іх выкараняем і мы хочам вырашыць усе праблемы, якія ў нас ёсць".
На заканчэнне свайго выступлення на цырымоніі адкрыцця бальніцы Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да медыкаў: "Без вас нікуды. Нацыя не можа развівацца без моцнай адукацыі і аховы здароўя. Таму будзем рабіць усё, каб вы не былі пакрыўджаны ў Беларусі і каб вы глядзелі на Захад і думалі: а ў нас лепш".
"Развіццё гэтай бальніцы і наша будучыня ў гэтым плане залежыць ад вас, ад людзей у белых, але не брудных халатах. Гэта я намякаю: не разбурайце тое, што створана ў тым ліку не намі, а папярэднімі пакаленнямі. Беражыце гэта. Вам жыць на гэтай зямлі, працаваць і нашым дзецям", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у цэлым у краіне пабудавана ўжо дастаткова такіх сацыяльных аб'ектаў. Іх у першую чаргу трэба эфектыўна і аптымальна выкарыстоўваць, не дапускаючы бяздумнага будаўніцтва. А грошы, адпаведна, можна накіраваць на павышэнне даходаў работнікаў.
"Лішняга нічога быць не павінна. Трэба больш зарплату плаціць людзям - урачам, настаўнікам", - арыентаваў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы перадаў галоўнаму ўрачу стацыянара сімвалічны ключ ад будынка і разам з іншымі ўдзельнікамі цырымоніі перарэзаў чырвоную стужачку. Пасля гэтага Прэзідэнт агледзеў новую бальніцу і заслухаў даклад аб ролі гэтай установы ў павышэнні якасці аказання меддапамогі насельніцтву.
Ад удзячных медыцынскіх работнікаў Гродзеншчыны ў азнаменаванне адкрыцця Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы Аляксандру Лукашэнку падарылі Дрэва жыцця. Прэзідэнту падарунак спадабаўся: "Прыгожа зроблена, арыгінальна". Ён паабяцаў размясціць яго ў якасці экспаната ў Палацы Незалежнасці.
Акрамя адкрыцця новай абласной бальніцы, Аляксандр Лукашэнка ў Гродне таксама прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця XV рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Але адразу пасля прыбыцця на верталётнай пляцоўцы адбылася прынцыповая размова па іншых тэмах - аб стане спраў у Гродзенскай вобласці і рабоце ў АПК.
"Што ты мне пішаш запіскі нейкія? Як быццам ты не ўпаўнаважаны ў мяне па Гродзенскай вобласці. Ты з генерала (старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя Караева. - Заўвага) патрабуй", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Старшыні Камітэта дзяржкантролю Васіля Герасімава.
Кіраўнік КДК адказаў, што работа ва ўзаемадзеянні з абласнымі ўладамі вядзецца, і гэтымі днямі якраз праводзілі сур'ёзную нараду, а пра недапрацоўкі ў рэгіёне ён інфармаваў Прэзідэнта ў роўнай ступені, як і адносна астатніх абласцей.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем Васіля Герасімава аб стане спраў у рэгіёне і рабоце кіраўніка рэгіёна: "Ты мне скажы так сумленна і аб'ектыўна: у яго атрымліваецца тут у Гродзенскай вобласці?"
"Нешта атрымліваецца, але пры гэтым і пытанняў хапае", - сказаў кіраўнік КДК.
Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з пытаннем ужо да самога Юрыя Караева: "А што ў цябе не атрымліваецца? Разлікі на ўраджай добрыя, пасеяў добра, парадак на палях у цябе ёсць. Усюды я паглядзеў".
Васіль Герасімаў пацвердзіў, што ў частцы навядзення парадку на фермах сітуацыя стала лепшай, пытанняў у гэтым плане няма.
"Я наогул не разумею, як у генерала можа быць непарадак. Ды і ты ўпаўнаважаны тут", - заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Васіль Герасімаў указаў, што якраз абмяркоўваў з кіраўніцтвам вобласці пытанні па корманарыхтоўцы, будаўніцтве прафілакторыяў для цялят. "Ёсць пытанні, якія трэба вырашаць", - адзначыў ён.
"Што, яны адстаюць па будаўніцтве гэтых цялятнікаў? Ім жа трэба ў гэтым годзе ўсё пабудаваць", - задаў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Юрый Караеў запэўніў, што да 1 кастрычніка ўсё ў рамках пастаўленых задач будзе пабудавана.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым даў параду не будаваць "палацы", укладваючы велізарныя сродкі: "Жывёле палацы не патрэбны. Мы ў савецкі час набудавалі гэтых жалезабетонных палацаў, а потым, аказалася, жывёле не патрэбны палацы. Ім патрэбны воля, свабода, дыхаць яны павінны".
Васіль Герасімаў расказаў, што ў адной з гаспадарак вобласці вырашылі з кароўніка прыбраць стойлавае абсталяванне і зрабіць там прафілакторый. "Замест таго, каб нарошчваць дойны статак", - адзначыў ён.
Аднак Прэзідэнт у гэтым плане быў не такі катэгарычны. Аляксандр Лукашэнка параіў даць большую свабоду для дзеянняў на месцах без залішняга ўмяшання з цэнтра. "Гэта іх справа. Калі яны недзе для кароў палац пабудавалі і перафармаціруюць… Нам з Мінска ж гэта не бачна. Ім на месцы лепш відаць. Каб тут, ведаеш, са сваімі статутамі не ўлезлі і не нашкодзілі. Вось, што вельмі важна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Каб мы не камандавалі там, дзе не трэба. Хочуць яны з кароўніка зрабіць цялятнік... У іх жа, напэўна, разлікі нейкія ёсць, далей яны глядзяць. Напэўна, кароў яны не пакінуць без кароўніка. Трэба акуратна. Я не канкрэтна да гэтага прыкладу, а наогул".
У цэлым жа Аляксандр Лукашэнка адзначыў высокі ўзровень гаспадарання ў Гродзенскай вобласці. Асабліва вялікія адрозненні ў параўнанні з тым, як у рэгіёне было ў пачатку 90-х гадоў. "Я цяпер ляцеў і ўспамінаў 90-я гады - перад Сашам Дубко (кіраваў Гродзенскай вобласцю ў 1994-2001 гадах. - Заўвага) - гэта ж мой альтэрнатыўны кандыдат быў. Гэта жудасць, кашмар, такога я нідзе не бачыў. Чаму? Таму што быў высокі ўзровень гаспадарання ў савецкі час, а потым усе чакалі рэформы: "Рэформы, давай рэформы!" Дарэфарміраваліся - расцягнулі ўсё, што было, працаваць ніхто на зямлі не хацеў, - успомніў пра тыя часы Кіраўнік дзяржавы. - Чаму я звярнуў увагу на Дубко - ён такі моцны гаспадарнік. Ну што, гавару, Саша, вайна вайной (размова аб перадвыбарных баталіях. - Заўвага) - учора была, а сёння трэба ратаваць Гродзенскую вобласць. І вось сёння я лячу - ужо зусім акуратна ўсё".


