Нарада па законапраектах, якія прадугледжваюць карэкціроўку законаў "Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь" і "Аб нарматыўных прававых актах"
- 13
- 25:22
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 лістапада прадоўжыў серыю нарад па абмеркаванні праектаў нарматыўных прававых актаў у развіццё абноўленай Канстытуцыі. Раней ужо абмяркоўваліся падыходы да праекта Закона аб УНС і змяненні, якія датычацца выбарчага заканадаўства. На гэты раз Кіраўнік дзяржавы сабраў нараду па законапраектах, якія прадугледжваюць карэкціроўку законаў "Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь" і "Аб нарматыўных прававых актах".
Перш за ўсё Кіраўнік дзяржавы падрабязна растлумачыў для грамадзян, аб чым ідзе размова. "Нядаўна народ Беларусі прыняў новую Канстытуцыю, папраўкі ў яе. Народ падтрымаў усё тое, што мы прасілі. Зразумела, што Канстытуцыя - гэта Асноўны Закон, які фарміруе каркас любога грамадства любой краіны. Вядома, Канстытуцыя вызначае асноўныя напрамкі ўпарадкавання Беларусі і саму Беларусь. У развіццё асноўных палажэнняў звычайна ў больш шырокім або вузкім маштабе мы ўдасканальваем заканадаўства краіны, прымаем новыя нарматыўныя прававыя акты", - адзначыў Прэзідэнт.
Канстытуцыя зведала пэўныя змяненні, ёсць навацыі, як, напрыклад, замацаванне канстытуцыйнага статусу УНС. "Ускладняць не трэба, але спрашчацца таксама нельга. Мы ўводзім новую структуру кіравання дзяржавай і нашым грамадствам. Яе трэба акуратна ўманціраваць у сістэму, якая функцыянуе сёння", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што новай Канстытуцыяй замахнуліся на ўдасканаленне існуючай у краіне сістэмы, не ламаючы яе. "Ні ў якім разе. Ніякага злому. Ніякай ломкі быць не павінна. Усё павінна вырастаць, з'яўляцца з таго, што ёсць. Калі мы пачнём крута ламаць, то гэта амаль рэвалюцыйныя пераўтварэнні. Да чаго яны прыводзяць, мы бачылі ў сярэдзіне 90-х (1990-х гадоў. - Заўвага), калі зламалі краіну. Таму ўсё павінна лагічна зыходзіць з таго вопыту, які мы маем", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У тым ліку гэта датычыцца УНС, карэкціроўкі палажэнняў аб функцыянаванні і функцыях Прэзідэнта, парламента, іншых органаў улады, уключаючы Савет Міністраў.
"Трэба разумець, што Канстытуцыя - гэта аснова нашага жыцця. Трэба пераканаць, абавязкова пераканаць усіх нашых людзей жыць згодна з законам. Я хачу, каб вы разумелі: гэта не проста ўзяў і сказаў жыць у адпаведнасці з законам. Гэта не я прыдумаў. Аб гэтым заўсёды гавораць. Я гэта спецыяльна падкрэсліваю, таму што нашы людзі часта жывуць, арыентуючыся на асобу. Перш за ўсё на Прэзідэнта, парламент, дэпутатаў, Савет Міністраў і гэтак далей. Вось прынялі, і добра", - заўважыў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што ні ў адной краіне грамадзяне не валодаюць шырокімі або ўсёабдымнымі ведамі Канстытуцыі і законаў. "І не трэба. Закон і заканадаўства склалі нейкі спосаб жыцця, паводзін людзей у той ці іншай краіне, у прыватнасці ў Беларусі. І людзі разумеюць, зыходзячы з гэтага, што можна рабіць, а што нельга, што будзе з'яўляцца парушэннем закону, а што - не", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён падкрэсліў важнасць жыць згодна з законам, акунуць у гэта грамадзян краіны. "Трэба нашых людзей акунуць у глыбіню той заканадаўчай матрыцы, таго аб'ёму заканадаўства, якія існуюць у нашай краіне. Прававыя веды павінны стаць асновай. Вось тады будзе стабільнасць у грамадстве. Таму што лідары і Урад, дэпутаты прыходзяць і сыходзяць, мяняюцца. Канстытуцыя стварае больш-менш стабільную краіну, грамадства. І Канстытуцыю трэба ведаць хаця б па асноўных палажэннях", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аб УНС і сутнасці гэтага органа
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з яго ўдзелам ужо абмяркоўваўся законапраект аб УНС, вынесены потым на грамадскае абмеркаванне. Кіраўнік дзяржавы ўважліва назірае за гэтым працэсам, і ў далейшым да абмеркавання дакумента яшчэ вернуцца на ўзроўні Прэзідэнта.
Назіраючы за ходам грамадскага абмеркавання, Кіраўнік дзяржавы зрабіў выснову, што людзі часам не зусім разумеюць сутнасць УНС. Напрыклад, як там будуць прадстаўлены працоўныя калектывы і парадак вылучэння ад іх дэлегатаў.
Аляксандр Лукашэнка падрабязна растлумачыў, аб чым ідзе размова. "Матывацыя вельмі простая. Усе, хто будуць удзельнічаць у рабоце УНС, так ці інакш выбіраюцца народам", - сказаў ён.
У іх ліку дэпутаты, сенатары, члены Урада, якія хоць і назначаюцца Прэзідэнтам, але ж ён у сваю чаргу з'яўляецца народным выбраннікам. "Ну і наогул, давайце так гаварыць: калі не будзе вось гэтых прафесіяналаў - губернатараў, Урада, прэзідэнта ў рабоце УНС - гэта ператворыцца ў гаварыльню. Яны павінны прымаць удзел, абмяркоўваць законапраекты. Але ўсе рашэнні там будуць прымацца галасаваннем. А галасаваць будуць не толькі дэпутаты. Там будуць прадстаўнікі нашай грамадзянскай супольнасці. І прафсаюзаў, і ветэранаў, жаночая, маладзёжная арганізацыі. А гэта што, не народ? Народ. У нас больш за палову жанчын. Яны праз сваю арганізацыю выберуць і накіруюць туды дэлегатаў. І гэтыя жанчыны - члены якога-небудзь працоўнага калектыву", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў сувязі з гэтым удакладніла, што працоўным калектывам захавана права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Яны ў сваю чаргу ўвойдуць у склад УНС у выпадку выбрання.
Аналагічны падыход і ў адносінах да прадстаўнікоў партый. "Партыі будуць удзельнічаць і вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў складзе УНС будуць і прадстаўнікі рабочага класа, работнікі АПК, таксама як і работнікі з іншых сфер - увесь зрэз грамадства. "Гарантую, што там будуць і рабочыя, і сяляне, і настаўнікі, і ўрачы, і чыноўнікі, і дзяржаўныя служачыя, і ваенныя. Гэта сто працэнтаў, - сказаў ён. - Я галоўнае хачу падкрэсліць: людзі павінны разумець, што там павінны быць актыўныя і, галоўнае, прафесійныя людзі. Мы ж хочам, каб УНС стаў стабілізатарам нашага грамадства. Каб ніхто ні ў якім разе не прывёў да таго, каб паўтарыўся 2020 год. Гэта будзе моцны стабілізатар. Як я гаварыў, не на вуліцы, а там трэба абмяркоўваць асноўныя праблемы жыцця нашага грамадства".
"Людзям трэба растлумачыць, што гэта не проста прыйшоў, адседзеўся там і пайшоў. Яшчэ раз падкрэсліваю: там павінны быць прафесійныя і актыўныя людзі. Калі там будзе 3-4 чалавекі ад рабочых і сялян, але актыўных, яны заўсёды пункт гледжання гэтых людзей данясуць. І потым, з дзясятка мільёнаў чалавек 1200 дэлегатаў будзе УНС. Мы ж усё роўна туды ўсіх не пасадзім. Гэта будуць прадстаўнікі - маленькае прадстаўніцтва па сваёй колькасці ад нашага народа", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць правільным, што праект Закона аб УНС быў вынесены на грамадскае абмеркаванне. "Новая структура, новы орган улады. Людзі павінны ведаць, для чаго яны ствараюцца", - сказаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што пры абмеркаванні тых ці іншых навацый, як у дадзеным выпадку аб Урадзе, ні ў якім разе нельга прымяраць ствараемыя нормы на сябе. "Вось гэтыя ўсе навацыі не павінны прымяраць на сябе. Ні Галоўчанка з членамі Урада і кіраўніком Апарату Урада, ні я як Прэзідэнт, ні кіраўнікі палат парламента. Сёння мы ёсць. Можа, мы і заўтра будзем. Але паслязаўтра нас дакладна не будзе. А аснову, стабільнасць гэту мы павінны стварыць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што ўсё гэта робіцца для будучых пакаленняў, для дзяцей. "Таму ні ў якім разе нельга вось гэта ўсё прымяраць пад сябе: "А дзе буду я заўтра, дзе будзе Галоўчанка, Андрэйчанка або Качанава, Сергяенка і гэтак далей". Ні ў якім разе! Ад усяго гэтага трэба адысці і фарміраваць заканадаўства на будучыню. Каб сістэма была ўстойлівая і яе ніхто не мог расхістаць. Залог нашай будучыні. Мы адыдзем ад актыўнага жыцця, але будзем яшчэ жыць і бачыць, як будзе развівацца краіна. Каб перад дзецьмі не было сорамна", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што праблемы, якія неабходна вырашыць сёння, не трэба пакідаць дзецям. "Праблемы трэба вырашаць па меры паступлення. І вырашаць своечасова - таму, хто сёння павінен вырашаць гэтыя праблемы. Дзецям яшчэ дастанецца нямала праблем, якія яны павінны будуць вырашыць", - заявіў Прэзідэнт.
Аб цэнаўтварэнні
"За мінулыя гады наш Урад набыў каласальны вопыт пераадолення крызісных сітуацый. У пандэмію, кіраванне эканомікай у гэтых умовах. Я без беспадстаўнай сціпласці скажу: нашы члены Урада, міністры могуць працаваць у любым Урадзе ў любой краіне. І яны будуць лідарамі ў гэтым плане. Таму што, як у народзе кажуць, яны ўжо гузы набілі настолькі, што могуць кіраваць любымі працэсамі. Гэта каласальны вопыт", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка патрабуе яшчэ большай ініцыятыўнасці і самастойнасці Савета Міністраў. "Нават часам смеласці ў прыняцці рашэнняў", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым зноў узняў тэму цэнаўтварэння, аб чым гаварыў і напярэдадні з журналістамі. "Я падкрэсліў, крыху экспромтам. Каб мяне правільна зразумелі. Урад - гэта рэдка бывае, калі ён можа, выконваючы даручэнне Прэзідэнта, забегчы намнога наперад. Я на прыкладзе рэгулявання цэн прыводзіў прыклад, калі цэны проста былі адкручаны на 30-40% назад, а можа і больш, па некаторых групах тавараў", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад кампаніі "Керамін", якая, паводле яго слоў, прыкладна на 30% па асобных найменнях керамічнай пліткі знізіла цэны: "Людзі сталі ў чаргу. Нарасхват бяруць гэту плітку. І я так падумаў, як эканаміст: ну ад аб'ёму, ад абароту яны атрымаюць яшчэ большы прыбытак. Ну варта было сабачыцца перад народам і ўзнімаць на завоблачную вышыню цэны? Дык гэта ж не толькі "Керамін", нейкая плітка. Ёсць і іншыя тавары. Гэта сведчыць аб тым, што Урад пайшоў далей. Ён больш справядліва зрабіў у гэтым плане і некаторыя вымушаны былі цэны адкруціць, як у нас у народзе кажуць, адступіць назад".
"Я гэтага не прадугледжваў. Але падтрымліваю ў гэтым плане Урад і спецыялістаў, якія зрабілі такім чынам. Гэта добрая дэманстрацыя народу і спецыялістам, эканамістам, што ў нас тлушч быў вялікі ў цэнах. Тут 30%. Але я заўсёды настойваў - 25-30%. Вось давайце на 25-30% зацягнем свае паясы і дадзім народу ўздыхнуць - зусім іншая будзе сітуацыя. Вось гэта будзе справядлівасць", - сказаў беларускі лідар.
"Таму калі мяне нехта пачуў, што я не настойваў на адкручванні цэн, і гэта не трэба рабіць, "мы заўтра дабавім" - гэта будзе катастрофа, таму што парушыць ужо тую сістэму, якая пастановай Урада выпрацавана. Гэта рабіць нельга. Гэта добры быў крок Урада ў патрэбным напрамку. І гэта я падтрымліваю абсалютна. Вось мы ўстаканіліся, цяпер дашліфоўваем на прадпрыемствах гандлю і ў вытворчасці ўсе гэтыя працэсы ў плане цэнаўтварэння. Спакойна можам уступаць у новы год і жыць, арыентуючыся на тое, што мы плануем там каля 8% мець інфляцыі на працягу будучага года. Але не 19%, як мы планавалі ў гэтым годзе", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Вяртаючыся да размовы аб законапраектах "Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь" і "Аб нарматыўных прававых актах", кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй - вельмі важная для краіны тэма. "Пытанняў шмат, няпростыя, патрабуюць самай пільнай увагі", - сказаў ён. Зусім нядаўна на ўзроўні Прэзідэнта абмяркоўваліся праекты законаў аб Усебеларускім народным сходзе і аб змяненні Выбарчага кодэкса. А цяпер на парадку дня нарады карэкціроўкі законаў аб Савеце Міністраў і аб нарматыўных прававых актах.
Характарызуючы дакумент, які датычыцца дзейнасці Савета Міністраў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што каласальны вопыт Урада ў пераадоленні крызісных сітуацый, кіраванне эканомікай у гэтых умовах, іх напрацоўкі трэба абавязкова замацаваць у законе. Каб усё добра функцыянавала, у праекце павінны быць закладзены адпаведныя механізмы, упэўнены беларускі лідар. "Гэта зона адказнасці Апарату Савета Міністраў, - падкрэсліў ён. - Працуючы над праектам, трэба памятаць, што і структура Урада таксама не павінна заставацца застылай. Я пра гэта ўжо гаварыў у жніўні".
Важнасць другога дакумента - законапраекта аб нарматыўных прававых актах - тлумачыцца тым, што на яго аснове фарміруецца адзіная прававая прастора краіны. "У ім павінны атрымаць развіццё канстытуцыйныя нормы. Але з улікам існуючай абстаноўкі!" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у дзеючым законе дэталёва прапісана, хто і якія дакументы мае права прымаць, іх юрыдычная сіла. "Са з'яўленнем у Канстытуцыі новага органа - Усебеларускага народнага сходу - трэба вызначыць яго месца ў сістэме прававых актаў. Гэтыя дакументы па значнасці параўнальныя з рашэннямі з'езда кампартыі ў свой час, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Закон павінен змяшчаць адказы на ўсе пытанні па нарматворчасці: пачынаючы ад працэдур падрыхтоўкі і заканчваючы дакладным выкладаннем норм. Маё патрабаванне - усё павінна быць прапісана нармальнай мовай, проста і зразумела!"
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Адміністрацыя Прэзідэнта, як ні адзін іншы орган, ведае яго ўстаноўкі. Але неабходна, каб па такіх жа патрабаваннях аператыўна і якасна рыхтаваліся акты не толькі Прэзідэнта. "Тут трэба падключаць Міністэрства юстыцыі і разам - каб мыш не праскочыла, каб коскі і кропкі былі расстаўлены там, дзе трэба", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аб навацыях законапраектаў на нарадзе далажыў кіраўнік Апарату Савета Міністраў Канстанцін Бурак. Ён звярнуў увагу, што дакументы былі падрыхтаваны ў адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй і практыкай прымянення.
Аб сістэме стрымліванняў і проціваг
Калі размова зайшла аб тым, што з паўнамоцтваў Прэм'ер-міністра выключана функцыя па выкананні абавязкаў Прэзідэнта ў асобных выпадках (гэта функцыя ўскладзена на Старшыню Савета Рэспублікі), Аляксандр Лукашэнка палічыў неабходным удакладніць, што гэта была яго прапанова - унесці папраўкі ў Канстытуцыю так, каб у выпадку адыходу ад улады дзеючага Прэзідэнта яго абавязкі выконваў Старшыня Савета Рэспублікі, а не Прэм'ер-міністр, як гэта было раней. Паколькі ў такім выпадку ў Прэм'ер-міністра былі б рычагі для кіравання фінансавымі інструментамі, парламентам, судовай сістэмай, а таксама і выканаўчай галіной улады. "Гэта, напэўна, не зусім правільна. Усё ж такі сістэма стрымліванняў-проціваг. Павінны быць процівагі, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - Уявіце, Прэм'ер-міністр у выпадку адыходу Прэзідэнта праводзіць прэзідэнцкія выбары (ён павінен арганізаваць як выконваючы абавязкі Прэзідэнта). Бюджэт, эканоміка, фінансы і іншае аказваюцца ў адных руках. Так? Так. Вынік амаль прадвызначаны пры любой дэмакратыі. Вунь, у Амерыцы, апора дэмакратыі, сёння выбары ў Кангрэс. Бачыце, як яны перажываюць за фальсіфікацыі".
"Таму было прынята рашэнне, што ў такой сітуацыі выконваць абавязкі будзе Старшыня Савета Рэспублікі, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Прэм'ер-міністр застаецца кіраваць эканомікай". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры прыняцці гэтага рашэння не ўлічваліся персаналіі тых, хто цяпер займае тыя ці іншыя пасады. Было важна захаваць збалансаваную сістэму. "Абсалютна дэмакратычны крок. Асобы тут ні пры чым. Тое, што арганізуе выбары Старшыня Савета Рэспублікі, - больш дэмакратычна, - сказаў беларускі лідар. - Калі гэта будзе сумленна, асабліва пры выбарах галоўнай асобы, тады і людзі будуць разумець гэта. Таму што на гэтым (вы бачыце) раскручваюцца ўсе пратэсты, санкцыі, мяцяжы і іншае. Я зыходзіў з гэтага".
Аб месцы рашэнняў УНС у іерархіі нарматыўных дакументаў
Сярод навацый, замацаваных у законапраектах, на нарадзе абмяркоўваліся нормы, якія рэгламентуюць пытанні ўзаемадзеяння Савета Міністраў і УНС.
"Гэта вельмі важна, - задаў тон дыскусіі Прэзідэнт. - З'яўляецца новы орган у структуры (дзяржавы. - Заўвага), і яго трэба ўманціраваць у гэту сістэму". Вобразна Аляксандр Лукашэнка параўнаў гэты працэс з тым, як у строй становіцца новы чалавек і так ці інакш ён закранае плячыма тых, хто стаіць побач. "Тут трэба зрабіць так, каб УНС уманціраваць у гэту сістэму, нікога не закранаючы ні левым, ні правым плячом", - заўважыў ён.
Як адказаў Канстанцін Бурак, менавіта для гэтага праз усе артыкулы, дзе гэта неабходна, праходзіць палажэнне аб значнасці, юрыдычнай сіле рашэнняў УНС. Напрыклад, устанаўліваецца абавязак Прэм'ер-міністра штогод інфармаваць УНС аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў аб ключавой ролі сходу і абавязковасці выканання яго рашэнняў. "УНС павінен прымаць адно-два рашэнні, груба кажучы. Але яно падлягае выкананню ўсімі. Не дай бог вайна... Прынята рашэнне Усебеларускім народным сходам - і ўсе выстраіліся. Гэта мелася на ўвазе, - падкрэсліў беларускі лідар. - Яны (рашэнні УНС. - Заўвага) павінны быць унікальнымі. І павінны прымацца па выключна нямногіх пытаннях. Ні ў якім разе не ўлазіць у кампетэнцыю Прэзідэнта і іншых органаў улады".
У сваю чаргу іншыя органы ўлады ў выпадку прыняцця рашэнняў УНС павінны, вобразна кажучы, выстраівацца адзін за адным і дзейнічаць, запатрабаваў Прэзідэнт. "Гэта абавязкова да выканання. Я за гэта перажываю, каб менавіта гэта па духу і згодна з законам было прапісана", - дадаў ён.
Наконт гэтага Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс адказала, што менавіта такі сэнс закладзены ў законапраекце аб нарматыўных прававых актах адносна рашэнняў УНС. У іерархіі дакументаў па важнасці яны ідуць за Канстытуцыяй, законамі аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, рашэннямі рэспубліканскіх рэферэндумаў. Яна падкрэсліла, што рашэннямі УНС можна адмяніць любое рашэнне любога органа, акрамя судовых рашэнняў, адпаведна ў гэтым іх значная юрыдычная сіла.
Аб галоўнай задачы Прэзідэнта ў пытанні ўдасканалення сістэмы кіравання краінай
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму ён удзяляе такую пільную ўвагу фарміраванню заканадаўчай базы ў развіццё абноўленай Канстытуцыі. Паводле яго слоў, менавіта цяпер трэба дакументальна завяршыць працэс удасканалення сістэмы кіравання краінай, захаваўшы стабільнасць і не дапусціўшы разбалансіроўкі. "Мы, хто сядзіць за сталом, павінны гэта ўсё ўтрэсці, устаканіць. Прыйдуць новыя людзі на гэта гатовае, якое мы павінны стварыць. Гэта не жарт - кіраванне грамадствам, дзяржавай, сацыяльна-эканамічнымі працэсамі і захаванне суверэнітэту і незалежнасці цяпер. Гэта не жарт. Толькі той, хто не задумваецца над гэтым, вельмі лёгка да гэтага падыходзіць. У гэтай частцы галоўная задача дзеючага Прэзідэнта, гэта значыць мяне, - каб мы гэта ўсё ўтрэслі. Таму я і надаю такую ўвагу гэтым нарматыўным прававым актам у развіццё Канстытуцыі" , - сказаў Прэзідэнт.
У якасці прыкладу ён нагадаў аб расійскім вопыце ўнясення паправак у Канстытуцыю, заўважыўшы, што Прэзідэнт Уладзімір Пуцін прымаў актыўны ўдзел на этапе абмеркавання змяненняў, а далей працавалі адпаведныя органы. "У іх свая сістэма, вопыту больш (усё ж цэнтр імперыі быў), спецыялістаў больш. Мы тут больш увагі абавязаны ўдзяляць гэтаму працэсу. Таму на гэтым узроўні разглядаем", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мая задача - пакінуць новаму пакаленню ў спадчыну нармальную сістэму кіравання грамадствам і дзяржавай. Вось у чым сэнс. Колькі для гэтага часу трэба дзеючаму Прэзідэнту і ўсім нам? Колькі трэба, столькі і будзе", - заявіў беларускі лідар.
Далей на нарадзе абмяркоўваліся некаторыя палажэнні законапраектаў, у прыватнасці, размова ішла аб паўнамоцтвах Савета Міністраў па забеспячэнні выканання рашэнняў УНС і ажыццяўленні кантролю за іх выкананнем, аб абнаўленні складу Урада, сістэмы дзяржаўных органаў кіравання і арганізацый, падпарадкаваных Ураду, аб пашырэнні складу Прэзідыума Саўміна за кошт уключэння туды Міністра юстыцыі, аб актуалізацыі задач, функцый і статусу Апарату Савета Міністраў.
Па выніках дыскусій прынята рашэнне яшчэ раз вярнуцца да пытання юрыдычных фармулёвак, якія датычацца ўнікальнага статусу рашэнняў Усебеларускага народнага сходу, каб яны забяспечылі ім дастойнае месца ў іерархіі нарматыўных прававых актаў краіны ў адпаведнасці з тымі патрабаваннямі і задачамі, якія агучыў на нарадзе Кіраўнік дзяржавы.