Нарада па пытаннях пасажырскіх перавозак
- 13
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 лістапада правёў нараду па пытаннях пасажырскіх перавозак.
"Да гэтага пытання мы падыходзім не толькі і не столькі таму, што быў шэраг здарэнняў на дарогах. Але і таму, што часта ў нашым жыцці існуе шмат напрамкаў і пытанняў неўпарадкаваных. А паколькі гэта бяспека людзей, нашых грамадзян (я ўжо не гавару пра падаткі, злоўжыванняў хапае там), гэта пытанне належыць упарадкаванню", - адзначыў беларускі лідар.
"Сёння нам трэба дасканала разабрацца і ўстанавіць адзіныя для ўсіх правілы гульні. Строгія, празрыстыя і зразумелыя. Нікога не трэба душыць, цкаваць, звальняць і іншае. Правілы гульні аднолькавыя для ўсіх! І для легальных і нелегальных, арганізаваных і неарганізаваных. Па адзіных правілах. Крок улева, крок управа... Вызначыць трэба, якія функцыі бярэ на сябе дзяржава як рэгулятар: як будзе ажыццяўляцца татальны кантроль у гэтай сферы, якія дадатковыя абавязкі з'явяцца ў перавозчыкаў", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанне па пасажырскіх аўтаперавозках датычыцца маршрутак, якія курсіруюць у гарадах і паміж населенымі пунктамі, машын таксі.
"У дзяржавы да гэтай сферы ёсць два простыя патрабаванні. Першае - бяспека людзей. Такім відам транспарту карыстаюцца многія нашы грамадзяне і госці краіны. Другое - легальная работа перавозчыкаў. Таму што выручку заніжаюць, хаваюць, у канвертах зарплаты плацяць, падаткі не плацяць у шалёных памерах. Гэтым займаюцца праваахоўныя органы. Хацелася б, каб Кубракоў разам з Тэртэлем (кіраўнікі МУС і КДБ. - Заўвага) мне далажылі да новага года для прыняцця рашэнняў. Няма чаго з імі размаўляць. Падатак не выплаціў - туды (размова аб прыцягненні да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. - Заўвага)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што, увогуле, зразумелыя і справядлівыя правілы выконваюць далёка не ўсе ўдзельнікі гэтага бізнесу: "Як паказваюць праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю, несумленных дзялкоў нямала".
Так, за 9 месяцаў 2023 года праверана крыху больш за 10 тыс. аўтамабіляў. Выяўлена каля 9 тыс. парушэнняў.
"Самае страшнае, што нелегалы наўмысна адыходзяць ад патрабаванняў бяспекі, якія выстаўляюцца да рэгулярных перавозчыкаў: наяўнасць неабходнай вадзіцельскай катэгорыі і стажу. Людзей возяць усе, хто хоча, а потым дзікія аварыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Стажу няма, катэгорыі няма, допуску ў рэйс няма, тэхагляду няма, рэжым працы і адпачынку не выконваецца. Бамбяць з раніцы да вечара гэтыя вадзіцелі. Таму што гэта ж грошы для гаспадара. Такое стаўленне да справы рана ці позна прывядзе да трагедыі, падобнай у Смалявіцкім раёне, дзе загінулі паўтара дзясятка чалавек, і дзеці таксама", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
З фінансавага пункту гледжання часцей за ўсё выяўляюць утойванне выручкі, драбленне бізнесу, зарплату ў канвертах, нявыплату падаткаў. "Нам, Раман Аляксандравіч (Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага), трэба зрабіць больш строгім пакаранне па рэальных рэчах: раздрабіў бізнес - адказвай. Не выплаціў падаткі... Слухайце, хто нас папракне: у Амерыцы пажыццёвае зняволенне можна атрымаць за нявыплату падаткаў - дэмакратычная краіна, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Адсюль нядобрасумленная канкурэнцыя з легальнымі перавозчыкамі, што ўплывае на работу ўсёй галіны аўтамабільных перавозак. Значыць, возяць без сістэмы, крадуць, не плацяць падаткі. Вядома, якія аўтобусы і іншыя могуць з імі канкурыраваць?! Няроўныя ўмовы. Мы што, гэтага не бачым?"
У выніку страты бюджэту вылічаюцца дзясяткамі мільёнаў рублёў, а добрасумленныя перавозчыкі вымушаны закрываць свой бізнес, звальняць людзей.
Урад падрыхтаваў праект Указа, які рэгулюе адносіны ў сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў. Магчымыя навацыі ў гэтай сферы таксама сталі тэмай абмеркавання на нарадзе ў Прэзідэнта.
Прапануецца арганізаваць рэестр легальных перавозчыкаў, дыспетчараў і іншых удзельнікаў працэсу. "Думаю, вы вызначыцеся, якіх іншых. Каб у нас зноў не было там якіх-небудзь магчымасцей ухіліцца ад правіл, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Хто не ўключаны ў гэты рэестр, аказваецца па-за законам, яго дзейнасць будзе выяўляцца і спыняцця кантралюючымі органамі".
"Значыць, табе дазволілі перавозіць людзей таксі і маршруткамі, ты ў рэестры - ідзі і вазі. Правілы будуць таксама ўстаноўлены. Калі цябе там няма і, не дай бог, ты займаешся гэтымі перавозкамі - да Кубракова і да Тэртэля (кіраўнікі МУС і КДБ; размова аб прыцягненні да адказнасці ўпаўнаважанымі праваахоўнымі органамі. - Заўвага). Вельмі строга трэба спыняць гэта, каб разумелі. Але яшчэ раз гавару: не трэба даваць ім падставу, што "мы задушылі, некага цкуём" і гэтак далей. Усе, хто можа, каго дапусцілі да гэтых перавозак - працуйце, усе ў роўных умовах. Крок улева, крок управа - вельмі строгае пакаранне", - растлумачыў беларускі лідар.
Адна з тэм датычыцца інтэрнэт-агрэгатараў. "Відавочна, што ўсім, хто хоча працаваць у Беларусі, неабходна размясціць свае інфармацыйныя сістэмы на нашай тэрыторыі. Да новага года гэта норма павінна працаваць. Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірм. Гэта нязменныя патрабаванні дзяржавы як гаранта ажыццяўлення бяспекі, абароны персанальных даных, спынення проціпраўных дзеянняў. Як тут ідуць справы, якая пазіцыя агрэгатараў?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы даручыў узяць гэту сферу на кантроль.
На нарадзе ён папрасіў прадставіць пазіцыі ўсіх зацікаўленых па ўнесеным дакуменце ведамстваў. "Ці ўсё ўлічана ў прадстаўленым праекце Указа? Ці дастаткова гэтага, каб арганізаваць бяспечныя перавозкі і празрыстую, легальную работу?" - паставіў пытанні Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што праект Указа распрацаваны ва Урадзе пры ўдзеле Камітэта дзяржаўнага кантролю і Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
У пачатку нарады па тэме мерапрыемства далажыў віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак, які ва Урадзе адказвае за транспартную сферу. Ён расказаў аб росце перавозак пасажыраў на 2,6% па выніках 9 месяцаў гэтага года і колькасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць ліцэнзіі для перавозак на рэгулярных маршрутах.
Старшыня КДК Васіль Герасімаў звярнуў увагу, што ёсць тыя, хто працуе нелегальна пад выглядам нерэгулярных перавозак. "Рэгіструюцца, як быццам яны возяць вяселлі, карпаратывы, аказваюць турпаслугі. А на самай справе гэта машына ідзе ў 50 мінутах наперадзе ад рэгулярнага рэйса і збірае ўвесь пасажырапаток. Яны не рэгіструюцца як рэгулярны рэйс", - выклаў ён сутнасць прэтэнзій.
Віцэ-прэм'ер нагадаў, што ў 2017 годзе быў падпісаны Дэкрэт № 7, у рамках якога дзяржава пайшла на лібералізацыю рынку пасажырскіх аўтаперавозак. "Дзяржава пайшла насустрач, але бізнес гэта зразумеў наадварот - усёдазволенасць. І пачаліся парушэнні", - адзначыў ён.
"Цяпер няхай крыўдзяцца самі на сябе", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Анатоль Сівак расказаў, што ў большасці выпадкаў работу ў нерэгулярных зносінах (асноўная доля - таксі) арганізуюць замежныя суб'екты, так званыя дыспетчары. Іх інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы часта знаходзяцца за межамі Беларусі. Абмежаванняў для дзейнасці нерэзідэнтаў у якасці арганізатараў перавозак (дыспетчараў) цяпер не ўстаноўлена, таксама не патрабуецца атрыманне якіх-небудзь дазволаў. У выніку гэтыя замежныя суб'екты зацікаўлены толькі ў атрыманні даходаў, нягледзячы на законнасць выканання такіх перавозак.
"Інфармацыя аб выкананых заказах і звесткі аб заказчыках перавозак захоўваюцца на серверах, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, што непасрэдна ўплывае на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
"Гэта значыць, ты заказваеш таксі, у маршрутцы недзе едзеш, гэта ўся інфармацыя збіраецца на замежных серверах, і там гэта ўсё захоўваецца?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
Анатоль Сівак пацвердзіў, што гэта сапраўды так: "Грошы чалавека і інфармацыя аб гэтай перавозцы ішла за мяжу. У гэтым выпадку ў Галандыю. Калі пачаліся санкцыі, гэта карціна змянілася - грошы пачалі ісці ў Расію. Акрамя таго, вам за перавозку неабходна заплаціць, напрыклад, 10 рублёў. Гэта кампанія сабе пакідала 20-30%, умоўна тры рублі, а сем вяртала перавозчыку. Вось такая была схема разлікаў. Па такой схеме працуюць і іншыя сэрвісы".
Віцэ-прэм'ер таксама канстатаваў пагаршэнне сітуацыі з бяспекай пасажырскіх перавозак, аб чым сведчыць статыстыка ДТЗ, гібелі і атрымання пасажырамі траўмаў. Расце колькасць скаргаў з боку насельніцтва і адносна даступнасці паслуг, раскладу перавозак. Ёсць таксама шмат парушэнняў фінансавага характару. "Існуючыя памеры штрафаў і меры адказнасці не дазваляюць належным чынам спыніць парушэнні заканадаўства", - канстатаваў Анатоль Сівак.
Праект Указа, вынесены на нараду ў Прэзідэнта, быў падрыхтаваны з мэтай навядзення парадку ў сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў.
"Прадугледжана стварэнне дзяржаўнага рэестра перавозак пасажыраў, у які будуць уключацца звесткі аб перавозчыках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях і аўтамабілях таксі), вадзіцелях і дыспетчарах. Гэта закончаны пералік", - далажыў віцэ-прэм'ер.
Ён растлумачыў, што ўключэнне ў рэестр аўтобусаў, якія выкарыстоўваюцца, дасць магчымасць, напрыклад, прасачыць выпадкі, калі транспартная кампанія пры выяўленні якіх-небудзь парушэнняў можа проста перарэгістравацца і прадаўжаць работу з парушэннем заканадаўства пад іншай шыльдай.
Чакаецца, што будзе таксама прадугледжаны абавязак для суб'ектаў прадастаўляць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах. А самі заказы на перавозкі можна будзе перадаваць толькі тым перавозчыкам, звесткі аб якіх будуць унесены ў рэестр.
Для змяншэння імпарту паслуг, зніжэння рызыкі ўцечкі персанальных даных грамадзян праектам указа ўстаноўлена права замежных кампаній аказваць паслугі дыспетчара перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах (дыспетчара таксі) толькі ў выпадку стварэння імі на тэрыторыі Беларусі юрыдычнай асобы. Яны таксама будуць абавязаны выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі.
У мэтах павышэння ўзроўню бяспекі для перавозчыкаў плануецца ўстанавіць абавязак відэафіксацыі выканання перавозак пасажыраў.
Праектам Указа прадугледжаны механізмы прыпынення знаходжання і выключэння з рэестра для нядобрасумленных перавозчыкаў.
Анатоль Сівак упэўнены, што гэтыя меры дадуць магчымасць павысіць адказнасць перавозчыкаў у частцы выканання заканадаўства і выведуць частку іх з ценю, створаць для суб'ектаў на рынку перавозак роўныя ўмовы гаспадарання, павысяць бяспеку перавозак пасажыраў.
Аляксандр Лукашэнка ў час нарады расказаў аб выкрыцці злачынных схем у малочнай галіне.
"У сувязі з тым, што да мяне хадакі пайшлі па некаторых пытаннях, я хацеў бы публічна агучыць праблему. Можа, нехта адкажа на некаторыя пытанні з прысутных (Прэм'ер-міністр, віцэ-прэм'ер, кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю), выслухаўшы гэта. Але паколькі следства па гэтай справе ідзе, я не магу многія факты агучваць. Але тыя, хто спрабуе на мяне выйсці, яны пачуюць і зразумеюць, што я маю на ўвазе", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Аб выкрытай праваахоўнікамі схеме Кіраўнік дзяржавы расказаў на прыкладзе магілёўскага прадпрыемства "Бабуліна крынка". Некалькі гадоў таму туды быў назначаны новы кіраўнік. Ён сфарміраваў сваю "каманду" з ліку прыбліжаных знаёмых і сваякоў і пачаў "новую збытавую палітыку".
"У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў узяты ў распрацоўку 8 камерцыйных груп, якія ўстанавілі кантроль на выгадных для сябе ўмовах над экспартам у Расію прадукцыі шэрага айчынных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Цяпер пачнуць выць і крычаць: была "справа ўрачоў", была справа яшчэ некага, цяпер - "справа малочнікаў". Я спецыяльна гэта пры губернатарах кажу, таму што гэта характэрна для вас. Я проста ўзяў "Бабуліну крынку". Але адказваць будзеце ўсе. Прытым строга будзеце адказваць", - папярэдзіў Прэзідэнт.
"Адметнай асаблівасцю дзейнасці ўладальнікаў беларускіх фірм з'явілася наяўнасць падкантрольных суб'ектаў гаспадарання на тэрыторыі Расіі, што давала магчымасць прадаваць прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, а потым рэалізоўваць тавар канечнаму спажыўцу па больш высокай цане, заніжаючы падаткаабкладаемую базу. Атрыманая інфармацыя паказала, што рэалізацыя схемы не магла ажыццяўляцца без удзелу службовых асоб прадпрыемстваў і дзяржорганаў. Раман Аляксандравіч (Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага), таксама адкажаце, калі там будуць вашы асобы. Там свецяцца і члены ўрада. Я не называю прозвішчы, пакуль ідзе следства", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Шляхам подкупу асобныя камерсанты атрымлівалі права першачарговага размеркавання малочнай прадукцыі (масла, сыры, іншай малочнай прадукцыі) на сваю карысць з магчымасцю закупкі па цане ніжэйшай за ўстаноўлены індыкатыў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такая злачынная схема стала магчымай, таму што ва Урадзе не выпрацавана сістэма рэалізацыі прадукцыі. "Многія прапануюць праз біржу ўсё прадаваць і гэтак далей. Гэта ваша справа. Але як толькі замялі гэтых дзеячаў, пасадзілі куды трэба, зусім іншыя цэны на прадпрыемствах. І ўсё пачалося, спадар Субоцін (старшыня Віцебскага аблвыканкама. - Заўвага), з Віцебскай вобласці. Можа, да вас. Але не дай бог (губернатараў папярэджваю) промахі будуць у вашу бытнасць, мала не падасца. Будзе аж у вачах цёмна, якімі б вы надзейнымі і адданымі мне ні былі. Гэта пытанне не Лукашэнкі. Гэта пытанне дзяржаўнай важнасці", - заявіў Прэзідэнт.
Ён звярнуў на выкрытыя факты ўвагу старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю: "Гэта добра, што вы бачыце фермы непрыбраныя. Гэта добра, гэта з іх запатрабуюць. Але вось тут вашы промахі. Займіцеся прынцыпова".
"Я даручыў Старшыні Камітэта (КДБ. - Заўвага) усіх перапісаць, усю ўласнасць. А ўласнасці там вельмі шмат. Усё павінна быць накіравана ў даход дзяржавы. Урон мы бачым. Уся ўласнасць павінна быць у дзяржавы. Нахабнымі сталі да крайнасці", - абурыўся ўчыненым злачынствам Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Старшыня КДБ Іван Тэртэль, у выніку аператыўнай дзейнасці было затрымана 26 чалавек, на гэты момант 15 арыштаваны.
Кіраўнік дзяржавы даручыў упаўнаважаным Прэзідэнта заняцца сітуацыяй у давераных рэгіёнах. Асаблівую ўвагу ён даручыў удзяліць сталіцы. "У вас у Мінску конь не валяўся. Займайцеся. Разбяромся з усімі", - рэзюмаваў беларускі лідар.