Нарада па пытаннях гатоўнасці да правядзення веснавых палявых работ

  • 10
  • 11:07

Пасяўная кампанія для Беларусі ў гэтым годзе важная як ніколі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях гатоўнасці да правядзення веснавых палявых работ.

"Пасяўная кампанія для Беларусі ў гэтым годзе важная як ніколі. Мы праводзім яе на фоне гарачага канфлікту каля нашых паўднёвых граніц, а таксама ва ўмовах вялікага санкцыйнага націску на Расію як галоўны рынак нашай краіны і нашага галоўнага саюзніка, пастаўшчыка сыравіны ў тым ліку, беспрэцэдэнтнага росту цэн ва ўсім свеце на вуглевадароды, угнаенні і прадукты харчавання. Акрамя таго, усталявалася засушлівае надвор'е, якое ўскладняе пачатак кампаніі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Збожжа сёння - практычна новае золата або нафта. Можа, нават будзе даражэйшым. І паколькі адзін з асноўных сусветных пастаўшчыкоў - Украіна - наўрад ці зможа правесці паўнацэнную пасяўную кампанію, цэны будуць расці і далей. У самых бедных краінах планеты ААН прагназуе ўжо голад", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

На коне цяпер перш за ўсё ўласная харчовая бяспека Беларусі, падкрэсліў Прэзідэнт. "Мы павінны забяспечыць усім неабходным беларускі народ. Свой мы, як і заўсёды, забяспечым айчыннымі прадуктамі. Ну і галоўнае - стварыць стабілізацыйныя фонды. У Беларусі ёсць для гэтага абсалютна ўсё: ворныя землі, айчынныя ўгнаенні, селекцыйнае насенне, сельскагаспадарчая тэхніка (не проста ёсць, мы яе вырабляем, увесь шлейф), сучасныя перапрацоўчыя заводы - самыя лепшыя, людзі ўмеюць працаваць", - заявіў беларускі лідар.

"Зразумела, нельга забываць і пра нарошчванне экспарту", - абазначыў прыярытэты Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, за 2021 год пастаўкі на знешнія рынкі выраслі больш як на 17%. "У грашовым выражэнні гэта амаль $7 млрд - тое, да чаго мы імкнуліся. У гэтым годзе трэба перасягнуць гэтыя паказчыкі", - паставіў задачу беларускі лідар.

"У мінулым годзе мы адпраўлялі прадукцыю ў 110 краін. Гэта рэкордны паказчык. Але ў Беларусі дастаткова рэзерваў для далейшага росту экспарту", - перакананы Прэзідэнт. Ён лічыць, што для сельскагаспадарчай вытворчасці цяпер вельмі добры момант, каб, нарасціўшы аб'ёмы прадукцыі, палепшыць сваё фінансавае становішча.

"Задача ў гэтым годзе - атрымаць каля 9 млн т збожжа (трэба ва Урадзе жалезна запісаць 9 млн т збожжа, і хопіць целяпацца), 700 тыс. т рапсу (калі больш - атрымаеце яшчэ большы эканамічны эфект) і 5 млн т цукровых буракоў, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Таксама забяспечыць перапрацоўчыя прадпрыемствы агракомплексу сыравінай, а жывёлагадоўлю - паўнацэннымі кармамі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што асаблівае значэнне цяпер мае правядзенне палявых работ са строгім захаваннем усіх галіновых рэгламентаў і тэхналогій. А для гэтага трэба ўзмацніць спагнанне за тэхналагічныя і арганізацыйныя парушэнні, аператыўна выяўляць і ўстараняць недахопы. "Расхлябанасць, мужыкі, закончылася. Трэба зрабіць усё, што толькі можна зрабіць цяпер, і немагчымае для таго, каб своечасова, як у народзе кажуць, укiнуць зернятка ў зямлю", - сказаў беларускі лідар.

"Вільгаці не хапае, таму тэмпы пасяўной, калі хочаце, павінны падвоіцца. Дзесяць дзён - і ўсё, мы павінны пасеяць", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, на ўзроўні Урада прыняты ўсе рашэнні па такіх надзённых пытаннях, як фінансаванне, забеспячэнне палівам, падрыхтоўка тэхнікі для правядзення пасяўной. "Усё, што трэба было зрабіць адсюль, з цэнтра, зроблена. Засталося дакладна выканаць свае задачы на месцах. Але, як мне дакладваюць, некаторыя рэгіёны сёння працуюць слабавата, прабуксоўваюць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У першую чаргу ён адзначыў пытанні па тэхніцы, у прыватнасці нізкія тэмпы падрыхтоўкі энерганасычаных трактароў - каля 80% у Віцебскай вобласці. "У чым цяжкасці? Калі будзе завершаны рамонт гэтай тэхнікі? Гэта пытанне не толькі па трактарах, але і па камбайнах, зернесушыльных комплексах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў неабходнасць своечасовай падрыхтоўкі тэхнікі, паколькі потым для гэтага не будзе магчымасці з-за занятасці на сельгасработах.

"Тэхніка павінна быць у поўным парадку", - яшчэ раз зрабіў акцэнт Прэзідэнт. Ён нагадаў аб сваім даручэнні, каб машынабудаўнічыя прадпрыемствы накшталт "Гомсельмаша", МТЗ, МАЗ і іншых дапамаглі гаспадаркам з рамонтам энерганасычанай тэхнікі і падрыхтоўкай яе да сезона. Як далажылі Прэзідэнту, гэта было зроблена.

У ліку важных задач на бліжэйшы час Аляксандр Лукашэнка таксама назваў укамплектаванасць гаспадарак механізатарамі.

"Другая праблема - вельмі нізкімі тэмпамі вядзецца назапашванне мінеральных угнаенняў, - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. - Раман Аляксандравіч (Галоўчанка, Прэм'ер-міністр. - Заўвага), гэта Ваша работа. Аддайце каманду, каб у сельгаспрадпрыемствы паставілі і пастаўлялі ў далейшым у час пасяўной кампаніі ўгнаенні", - сказаў беларускі лідар. Найбольшую занепакоенасць, паводле яго слоў, выклікае стан спраў у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне вырабляецца калійных, азотных, фосфарных і іншых угнаенняў у дастатковай колькасці, каб забяспечыць айчынны АПК. І таму трэба заняцца іх пастаўкамі ў гаспадаркі, на месцы.

"Трэцяе пытанне - забеспячэнне насеннем і сродкамі аховы раслін, і чацвёртае - па паліве", - абазначыў парадак дня нарады Аляксандр Лукашэнка.

"Насенне ў нас гатова, пытанняў няма, мы цэлую зіму займаліся", - прадоўжыў ён. А тую невялікую колькасць насення асобных культур, якія не вырошчваюцца ў Беларусі, паставіць сюды Расія. "Згодна з планам Расія пастаўляе нам усё насенне, я ведаю. Яна ў гэтым таксама зацікаўлена. І гэта невялікія аб'ёмы", - адзначыў беларускі лідар.

Што датычыцца паліва, то яго аб'ёмаў на айчынных прадпрыемствах таксама дастаткова для ўнутранага спажывання, канстатаваў Прэзідэнт: "Паліва ёсць, яго трэба выкарыстоўваць".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што фэйкі і інфармацыйныя атакі ўчыняюцца нават у такой сферы, як сельская гаспадарка. На нарадзе ён абверг чарговую няпраўду пра насенне цукровых буракоў.

"Нават у сельскай гаспадарцы працаваць даводзіцца на фоне розных фэйкаў і інфармацыйных атак", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, нядаўна прагучала, што новай страшнай зброяй стала насенне цукровых буракоў, якога нібыта не будзе хапаць. Але паверыць у гэта могуць толькі бесталковыя і недасведчаныя ў сельскай гаспадарцы людзі, лічыць Прэзідэнт.

"Насенне рыхтавалі ўсю восень і зіму. І яно гатова. Засталося некаторую колькасць насення па цукровых бураках завезці з Расіі. Яны сёння ажыццяўляюць пастаўкі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама нагадаў аб сваім патрабаванні да аграрыяў у гэтым годзе вырасціць 5 млн т цукровых буракоў. Гэта задача пастаўлена і перад назначаным напярэдадні віцэ-прэм'ерам Леанідам Зайцам, растлумачыў Прэзідэнт. "Калі недзе трэба дазакупіць дадаткова насенне цукровых буракоў пад вялікія аб'ёмы, вы ведаеце, дзе купляць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля з'яўлення фэйкаў аб насенні цукровых буракоў Прэзідэнт запатрабаваў дэталізаваную інфармацыю аб стане спраў па гэтым пытанні і праблем у гэтай сферы не выявіў: "Я праблем не бачу. Я проста стаўлю задачу - дадаткова высявайце, каб да 5 млн т атрымаць ураджай цукровых буракоў, таму што гэта вялікія грошы".

Ён звярнуў увагу, што буракі, як хлеб, соль і пара-тройка іншых харчовых пазіцый, з'яўляюцца стратэгічным таварам: "Вы бачыце, што сёння за цукар ідзе вайна. На шчасце, толькі ў магазінах".

"Таму ніякай надзвычайшчыны. Закасаць рукавы і пачынаць працаваць, - падагульніў Кіраўнік дзяржавы. - І дысцыпліну падцягнуць у вёсцы, у аграгарадках, у раённых цэнтрах і нават у абласных. А Мінск падключыцца і акажа неабходную дапамогу і падтрымку. Пасяўная кампанія - гэта імгненне. Тыдзень, за другі закончылі. Гэта проста разварушыцца пасля зімоўкі і падрыхтавацца да працы на працягу года".