Разгляд кадравых пытанняў

  • 19
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Шульмана Глеба Міхайлавіча - намеснікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне:

Героева Аляксея Міхайлавіча - старшынёй Віцебскага гарвыканкама, членам Віцебскага аблвыканкама;

Сілівончыка Паўла Аляксандравіча - старшынёй Калінкавіцкага райвыканкама;

Сергуна Рамана Юр'евіча - старшынёй Веткаўскага райвыканкама;

Вярсоцкага Аляксандра Людвігавіча - старшынёй Лідскага райвыканкама;

Грыцкевіча Андрэя Сяргеевіча - старшынёй Свіслацкага райвыканкама;

Шлыка Васіля Мікалаевіча - старшынёй Воранаўскага райвыканкама;

Ратамскага Андрэя Казіміравіча - старшынёй Нясвіжскага райвыканкама;

Парамонава Мікалая Рыгоравіча - старшынёй Смалявіцкага райвыканкама;

Пугача Віктара Мікалаевіча - старшынёй Клімавіцкага райвыканкама;

Мудрагелава Дзмітрыя Міхайлавіча - старшынёй Магілёўскага райвыканкама;

Блахіна Юрыя Міхайлавіча - старшынёй Мсціслаўскага райвыканкама;

Згорскай Марыны Валянцінаўны - кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна г.Бабруйска;

Аўраменкі Сяргея Анатольевіча - генеральным дырэктарам ААТ "Мінскі трактарны завод";

Панчанкі Андрэя Васільевіча - генеральным дырэктарам ДВА электраэнергетыкі "Белэнерга";

Дзямідава Івана Валер'евіча - генеральным дырэктарам Беларускага дзяржаўнага аб'яднання па нарыхтоўцы, перапрацоўцы і пастаўцы лому і адходаў чорных і каляровых металаў - генеральным дырэктарам ААТ "Белдругасчормет";

Горлавай Вольгі Сяргееўны - рэктарам УА "Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны";

Ломскага Аляксандра Зіноўевіча - першым намеснікам Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання;

Язерскага Дзяніса Уладзіміравіча - намеснікам Міністра інфармацыі;

Яськовай Святланы Уладзіміраўны - намеснікам Міністра па падатках і зборах;

Бакея Дзяніса Уладзіміравіча - намеснікам Міністра прамысловасці;

Рускевіч Таццяны Уладзіміраўны - намеснікам Міністра сувязі і інфарматызацыі;

Якімовіч Валянціны Віктараўны - намеснікам Міністра юстыцыі;

Ліпніцкага Аляксандра Мікалаевіча - начальнікам галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што працаваць ім трэба будзе ў складаны перыяд. "Час няпросты, што там граху таіць. Сярод нашага брата ёсць шмат людзей, якія хацелі б недзе паціху адседзецца ў гэты час, а далей - як бог дасць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значную ролю старшынь райвыканкамаў у сістэме кіравання дзяржавай. "Вы - аснова вертыкалі ўлады, вы непасрэдна на фронце, - сказаў ён. - Вы наперадзе, вы твар у твар з людзьмі. Вам цяжэй за ўсё. У многім будзе залежаць работа вертыкалі ўлады і меркаванне аб Прэзідэнце ад вашай работы. Таму я вам удзячны за тое, што вы па-мужчынску, рашуча і смела пагадзіліся на гэтыя пасады, не баючыся нічога. Гэта самае галоўнае".

Прэзідэнт паставіў задачу перад новымі кіраўнікамі ў першую чаргу ўдзяляць асаблівую ўвагу эканамічным пытанням, а на ўзроўні раёна гэта пераважна сельскагаспадарчая тэматыка. "На вас ляжа асноўная нагрузка ў эканоміцы, асабліва ў сельскай гаспадарцы. Калі ў эканоміцы будзе нармальна, з іншымі пытаннямі мы справімся. Накарміць людзей, апрануць - перш за ўсё", - зрабіў акцэнт Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб неабходнасці якасна і ў тэрмін правесці ўборачную кампанію і іншыя сельскагаспадарчыя работы, павысіць культуру земляробства. Асобна, паводле яго слоў, трэба ўзяць на кантроль праблему з падзяжом жывёлы і прыняць меры для выпраўлення сітуацыі.

"Арганізуйце работу ў сельскай гаспадарцы, - арыентаваў Прэзідэнт. - Не чакайце, не глядзіце на каго б там ні было". Ён падкрэсліў, што ў руках кіраўнікоў выканкамаў раёнаў галоўны інструмент - кадравая палітыка, і без узгаднення з імі ў рэгіёне не павінна быць ніякіх важных назначэнняў.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на важнасць захавання і аднаўлення ў раёнах арганізацый, якія ствараліся яшчэ ў савецкі час. Гэта, напрыклад, будаўнічыя перасовачныя механізаваныя калоны, структуры райаграсэрвісу, якія могуць праводзіць рамонт сучаснай тэхнікі, у прыватнасці энерганасычаных трактароў, колькасць якіх у гаспадарках паступова расце, абслугоўваць даільныя ўстаноўкі.

Разам з тым, нават нягледзячы на патрабаванне Прэзідэнта, бываюць спробы па кавалках падзяліць і прадаць маёмасць такіх арганізацый, у тым ліку будынкі, дзе яны размяшчаюцца. Гэтага, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, дапусціць ні ў якім разе нельга. "Трэба аднавіць усю інфраструктуру, якая была некалі ў раёне, яна нам спатрэбіцца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Усё гэта трэба аднавіць. Ні ў якім разе не раздаваць і не разбураць, чаго б гэта ні каштавала". Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў перад кіраўнікамі раёнаў і абласцей.

Тое ж самае датычыцца наяўнасці камбікормавых заводаў у рэгіёнах. Наяўнасць у краіне Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі зусім не азначае, што прападзе неабходнасць у камбікормавых заводах на месцах, адзначыў Прэзідэнт. Трэба прымаць у разлік пытанні лагістыкі і захоўваць, аднаўляць такія заводы.

"Звярніце ўвагу на аднаўленне раёнаў і зрабіце лепш, чым было некалі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Рынак рынкам, але губіць інфраструктуру не дазволена. Вы як гаспадары павінны прыйсці, агледзецца і - наперад. Не трэба нічога ламаць, крышыць, трэба ўсё гэта аднаўляць паціху. Пачалі рабіць, але марудна".

Закранаючы тэму павышэння культуры земляробства, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што праблема недастатковай узаранасці палёў усё яшчэ застаецца актуальнай для значнай часткі гаспадарак. "Гэта недапушчальна, калі мы меліяруем землі, а паралельна - закідваем. Фермерскія ўчасткі, прысядзібныя ўчасткі - усё павінна быць прыведзена ў парадак", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, Кіраўнік дзяржавы арыентаваў іх на адказны, гаспадарскі падыход у адносінах да давераных раёнаў. "Працуйце як гаспадары, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - За будучую пяцігодку мы павінны адшліфаваць краіну. Мы павінны яе прывесці ў ідэальны стан". Асабліва важна гэта зрабіць цяперашняму пакаленню, адзначыў Прэзідэнт, каб пакінуць узор на будучае для моладзі, якая не настолькі ўключана ў пытанні развіцця, напрыклад, сельскай гаспадаркі і пакуль часта недаацэньвае значэнне гэтай сферы. "Нам трэба зрабіць узорна. Зрабіць так, як моладзь павінна, прыйшоўшы пасля нас, гэта ў парадку ўтрымліваць, ды і вучыцца ў нас. Таму дзейнічайце, не аглядвайцеся", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта наладзіць узаемадзеянне непасрэдна са старшынямі райвыканкамаў. "Вы павінны працаваць непасрэдна з імі, каб мы ведалі іх праблемы і маглі ў любы час іх падтрымаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вы сваю пазіцыю адстойвайце, - прадоўжыў ён, звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовай вертыкалі. - Ніхто вас проста так нікуды не выкіне, ніводны губернатар. Вы назначаны Прэзідэнтам, толькі Прэзідэнт можа прыняць рашэнне. Вы ідзяце туды самастойнымі ігракамі, самастойнымі кіраўнікамі. У вас дакладна акрэслены вашы межы, дзе вы павінны дзейнічаць як кіраўнік. Калі так будзе, я буду вельмі рады".

Гаворачы аб асноўных задачах на будучы перыяд для кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сваёй краіне яны нікога не павінны баяцца. "У вас не павінна быць ніякага сумнення, што мы не проста прарвёмся, мы зробім усё тое, што павінны зрабіць. Людзі нам вераць, давяраюць, і мы не павінны падмануць спадзяванні", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што краіну чакае складаны час у сувязі з маючымі адбыцца выбарамі: "Электаральная кампанія - заўсёды фронт, гэта заўсёды поле бою". І не варта думаць, што ў Беларусі, як некаторыя гавораць, правялі нейкую "зачыстку". "Збеглі (тыя. - Заўвага), каго трэба было чысціць, - адзначыў Прэзідэнт. - Але гэта іх права выбару, няхай. Збеглі, дык збеглі. Але расслабляцца не трэба". Вядома, да маючай адбыцца палітычнай кампаніі краіна падыходзіць не такой, як раней. "Сітуацыя змянілася, час іншы. У нас - ва ўлады - пазіцыі зусім іншыя, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Але вы ж разумееце, што і па той бок барыкад гэта разумеюць. І калі такая сітуацыя, да гэтай сітуацыі яны шукаюць ключы".

Прэзідэнт падкрэсліў, што асабіста ён і іншыя афіцыйныя асобы пастаянна інфармуюць грамадства аб тым, што адбываецца ў краіне, не ўтойваючы ад людзей ключавыя факты і рашэнні. "Журналісты нашы нарэшце развярнуліся і вельмі эфектыўна працуюць, даносяць да грамадства і да вас усе нюансы", - сказаў ён і адзначыў, што работа беларускіх медыя вызначаецца праўдзівасцю. "Нам нічога не трэба выдумляць. У нас дастаткова фактаў для таго, каб пацвердзіць сваю правату, таму тое, што вы бачыце ад журналістаў на нашых вядучых тэлевізійных каналах, у прэсе, у інтэрнэце, - усё яно так і ёсць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аднак, паводле яго слоў, тыя, хто збег з краіны, па-ранейшаму выношваюць планы па дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі. "І крайні варыянт (які ў іх цяпер застаецца. - Заўвага) - узброенае ўварванне на тэрыторыю Беларусі. Гэта іх крайні варыянт. Чаму? Таму што грошы ніхто не дае на балбатню. Так, яны там балбочуць... Трыццаць першы год шукаюць мае грошы за мяжой, ніяк не могуць знайсці. Хоць усё вельмі проста - усё ў руках амерыканцаў, нашых "лепшых сяброў". Калі б нешта было, даўно ўжо вывалілі б", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што збеглыя проста мелюць языком, цалкам прайграючы і міжнародны, і ўнутраны парадак дня беларускім журналістам. Гэта бачаць і разумеюць у тым ліку іх спонсары з ЗША, а таму пачынаюць патрабаваць больш рашучых дзеянняў у абмен на фінансаванне.

"Балбатня - гэта добра, прадаўжайце. На гэта грошай вось столькі, а ўсё астатняе - на больш эфектыўную барацьбу, на ўзброенае паўстанне: уварвацца на тэрыторыю, як гэта ў Курскай вобласці ўкраінцы зрабілі, захоп часткі тэрыторыі, дэстабілізацыя абстаноўкі ў краіне", - прывёў Прэзідэнт прыклад такіх патрабаванняў.

"Таму мне даводзіцца разам з уборкай ураджаю і іншымі эканамічнымі праблемамі ўдзяляць вялікую ўвагу абараназдольнасці нашай краіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Даючы згоду на назначэнне новых кіраўнікоў шэрага дзяржаўных арганізацый, Прэзідэнт сказаў: "Няма галоўных і другарадных прадпрыемстваў за гэтым сталом".

Што датычыцца Мінскага трактарнага завода, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба было ўжо даўно прымаць рашэнне па МТЗ. "МТЗ для Беларусі - гэта брэнд брэндаў, па-першае. Па-другое, трактар - гэта галоўная прылада працы ўсюды, пачынаючы ад вуліц і дваровых участкаў і заканчваючы сельскай гаспадаркай. Гэта і транспарціроўка, і ворыва, і сяўба і гэтак далей, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Ну і лепшай школы, чым у нас у Беларусі па трактарах, у свеце няма. Гэта адзін з вядучых сусветных вытворцаў трактарнай тэхнікі".

Гаворачы аб "Белдругасчормеце", Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на неабходнасці яшчэ больш ашчадлівага выкарыстання другасных рэсурсаў. "Гэта пытанне пытанняў. Другасчормет працуе напалавіну. Нам палавіну трэба дабаўляць. Я часта прыводжу прыклад са шклом. Дапусцім, у Швейцарыі працэнтаў 80-90 (шкляной прадукцыі. - Заўвага) атрымліваюць з былога ва ўжытку шкла. А мы менш за палавіну. Ёсць куды рухацца і ў каго вучыцца. Таму вельмі важнае ў гэтым плане пытанне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Узгадняючы назначэнне Вольгі Горлавай рэктарам Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ВНУ рыхтуюць для галін кадры. "Вельмі хацелася б, каб у Вас гэта атрымалася, зусім яшчэ маладога спецыяліста. Нагрузка вялікая. Асабліва ў ВНУ, якая ў нас вельмі актуальная. Гэта галоўная праблема сёння ў сельскай гаспадарцы - ветэрынарыя", - сказаў ён. А Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны якраз з'яўляецца асновай падрыхтоўкі адпаведных кадраў.

Усім узгодненым на пасады Аляксандр Лукашэнка пажадаў поспехаў. "У асноўным вы - маладыя людзі. Вельмі спадзяюся, што ў вас атрымаецца", - сказаў ён.