Разгляд кадравых пытанняў

  • 17
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 жніўня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Пархомчыка Пятра Аляксандравіча - старшынёй Брэсцкага аблвыканкама;

Каранкевіча Віктара Міхайлавіча - Намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь;

Кушнарэнку Аляксея Іванавіча - Міністрам энергетыкі;

Вярэніча Валерыя Емяльянавіча - начальнікам дзяржаўнага аб'яднання "Беларуская чыгунка";

Маршалава Ігара Анатольевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Ангола і Рэспубліцы Замбія па сумяшчальніцтве;

Касько Міхаіла Міхайлавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Народнай Рэспубліцы Бангладэш, Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспубліцы Непал і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспубліцы Шры-Ланка па сумяшчальніцтве;

Раманоўскага Рамана Генадзьевіча - Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) па сумяшчальніцтве.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Сабыніча Генадзя Генадзьевіча - першым намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама;

Захарчука Дзмітрыя Іванавіча - старшынёй Ваўкавыскага райвыканкама;

Платуна Віталя Віктаравіча - старшынёй Любанскага райвыканкама;

Кісялёва Аляксандра Васільевіча - старшынёй Быхаўскага райвыканкама;

Дубінчыка Андрэя Віктаравіча - старшынёй Асіповіцкага райвыканкама;

Конева Андрэя Анатольевіча - кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва;

Астрэйка Таццяны Анатольеўны - першым намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны;

Судніка Аляксандра Аляксандравіча - намеснікам міністра фінансаў;

Пракапчука Андрэя Віктаравіча - дырэктарам Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства замежных спраў;

Падскрэбкіна Віктара Уладзіміравіча - начальнікам дэпартамента эканомікі і галіновых праграм Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.

У Брэсцкай вобласці трэба сур'ёзна папрацаваць з прамысловасцю. Гэта галоўная прычына, чаму Пётр Пархомчык, які на пасадзе віцэ-прэм'ера курыраваў гэту сферу, назначаны старшынёй Брэсцкага аблвыканкама.

"Трэба разумець, што адна справа - віцэ-прэм'ер. Другая - самастойная работа ў Брэсцкім аблвыканкаме. Гэта адказнасць за вобласць. Старшыні аблвыканкамаў - цэнтральныя фігуры ў органах улады ў Беларусі. Гэта трэба таксама разумець. Брэсцкая вобласць - добрая вобласць. Але няпростая. Чаму Пархомчык: ды таму што з сельскай гаспадаркай вы там разберацеся разам з Міхаілам Іванавічам Русым (упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта Беларусі ў Брэсцкай вобласці, які ў былыя гады быў курыруючым АПК віцэ-прэм'ерам і кіраўніком Мінсельгасхарча. - Заўвага). Ён будзе ў вас працаваць адказным за вобласць. Я з ім сёння размаўляў. Ён разумее ўсё і ведае, што там трэба рабіць. Заявіў, што з Пархомчыкам (мне так сказаў) не прагадалі, мы там парадак навядзём, і ў сельскай гаспадарцы будзе аказана ўсялякая падтрымка. Але чаму прамыслоўца - таму, што нам трэба сур'ёзна ў Брэсцкай вобласці папрацаваць з прамысловасцю", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Пётр Пархомчык лепш, чым хто-небудзь, ведае сферу прамысловасці ў краіне ў цэлым і ў Брэсцкай вобласці ў прыватнасці. "Таму я вельмі спадзяюся, што мы забудзем пра ўсялякія размовы, пра праблемы з прамысловасцю, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Хоць Міхаіл Іванавіч Русы гаворыць, 3-4 прадпрыемствы ў Брэсцкай вобласці ёсць адносна праблемныя. Парадак там будзе наведзены і рэзультат будзе добры, яшчэ лепшы, чым цяпер, - вось заява чалавека, які фактычна цяпер адказвае за ўсе пытанні ў Брэсцкай вобласці. Я думаю, з кім-кім, а з Міхаілам Іванавічам вы заўсёды знойдзеце агульную мову".

Кіраўнік дзяржавы пры назначэнні Віктара Каранкевіча на пасаду курыруючага прамысловую сферу віцэ-прэм'ера даў яму параду не асцярожнічаць на першым этапе работы, а адразу сур'ёзна брацца за справу.

"Я толькі баюся, Віктар Міхайлавіч, што Вы там з-за характару такога акуратнага і па маладосці неяк асцярожнічаць пачняце ў самым пачатку. Але Вы павінны разумець, што спакойнага жыцця не будзе. Прамысловасць - гэта аснова краіны, эканомікі. Яна павінна даваць вынік", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка асобна даручыў ужо экс-віцэ-прэм'еру і новаму кіраўніку Брэсцкай вобласці Пятру Пархомчыку ўвесці Віктара Каранкевіча ў курс спраў па пытаннях работы і задач, якія стаяць перад прамысловым комплексам краіны.

"Усё раскажам, усё пакажам. Што недарабіў, ён даробіць", - запэўніў Пётр Пархомчык.

"Як недарабіў? Значыць, гэта таксама на табе вісіць. Каб ты знайшоў час неяк і сваё месца ў тых пытаннях, якія засталіся недаробленымі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў Віктара Каранкевіча, што за ім застаецца задача па ўстараненні наступстваў стыхіі ў энергетыцы, чым ён займаўся, узначальваючы да гэтага часу Мінэнерга.

"Акрамя ўсяго іншага, за табой застаюцца яшчэ наступствы ўсякага гэтага буралому і гэтак далей. Гэта трэба зрабіць - тое, пра што мы гаварылі. Тым больш цяпер магчымасцей нават больш. Трэба прыводзіць у парадак нам гэтыя сеткі, паглядзець, дзе што трэба зрабіць. І разам з новым міністрам папрацуй. Перадай яму ўсё, пра што мы гаварылі і ўсё, што трэба зрабіць", - даручыў беларускі лідар.

Пры назначэнні Аляксея Кушнарэнкі на пасаду Міністра энергетыкі Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Што датычыцца Міністэрства энергетыкі, то, шчыра скажу, гэта не Міністэрства сельскай гаспадаркі, што ў яго ўсе баяцца ісці. Ах, цяжка і іншае. Міністэрства энергетыкі - у нас заўсёды лічылася, што гэта такое прыярытэтнае месца работы. Я мяркую, што Вы так не думаеце. Там дастаткова работы. Асабліва цяпер. І на перспектыву. Што датычыцца - будзем - не будзем будаваць атамную станцыю новую. І што датычыцца наогул навядзення парадку там. Таму яшчэ на дваіх (размова таксама пра новага віцэ-прэм'ера Віктара Каранкевіча, які да гэтага часу ўзначальваў Мінэнерга. - Заўвага) вам пытанняў там будзе хапаць", - сказаў Прэзідэнт.

"Па ранейшай рабоце (Аляксей Кушнарэнка пераходзіць на міністэрскую пасаду з пасады генеральнага дырэктара "Белпалівагаз". - Заўвага) толькі станоўчыя водгукі. Я ўважліва прыглядаўся да вашай кандыдатуры. Ужо некалькі гадоў. Можна сказаць, з 2020 года. Таму спадзяюся, што мы не страцім міністэрства", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў Віктару Каранкевічу ў першы час дапамагчы новаму міністру, калі ў гэтым будзе неабходнасць.

Кіраўнік дзяржавы даў згоду на назначэнне новых старшынь чатырох раёнаў краіны - Ваўкавыскага, Любанскага, Быхаўскага і Асіповіцкага, а таксама першага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама і кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва.

Усім прысутным прадстаўнікам мясцовай вертыкалі Прэзідэнт нагадаў, што ў час нядаўніх рабочых паездак ужо выказваўся на тэму ўзмацнення паўнамоцтваў старшынь райвыканкамаў і іншых кіраўнікоў на месцах.

"Работа ў гэтым плане ідзе, і нам трэба ў гэтым годзе яе завяршыць, параіўшыся перш за ўсё з кіраўнікамі раёнаў. Я маю на ўвазе функцыі і паўнамоцтвы старшыні райвыканкама. Па маім глыбокім перакананні, гэта важнейшая структура ў органах улады ў нас не тое што недазагружана, яна мае не зусім дакладныя арыенціры па стратэгіі і тактыцы сваёй работы", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, па выніках той работы, якая ўжо вядзецца, магчыма, будзе прыняты нарматыўна-прававы акт. "Гэта будзе дакумент, які вы возьмеце і будзеце разумець, дзе вашы правы для таго, каб дзейнічаць, і дзе яны абмежаваны", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік раёна павінен дакладна ведаць свае паўнамоцтвы і на гэтай аснове выбудоўваць работу ў тым ліку з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый любой формы ўласнасці, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэта асабліва важна цяпер. Таму што з'явілася шмат прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці, акрамя дзяржаўных, рознага ўзроўню падпарадкавання, і некаторыя кіраўнікі, якія фактычна з'яўляюцца добрымі шэфамі прадпрыемстваў, асабліва сельскагаспадарчых, лічаць: вось гэта - маё, мая ўласнасць, і туды старшыня райвыканкама нібыта наогул не павінен заходзіць і тым больш курыраваць нейкія пытанні. Гэта няправільна", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Яшчэ раз паўтару: вы прэзідэнты на гэтым кавалку зямлі ў сваім раёне. Вы павінны ўмешвацца ў любыя пытанні, калі вы бачыце, што яны не так вырашаюцца, як павінны вырашацца. Калі гэта супярэчыць той палітыцы, якая праводзіцца ў Беларусі (не дай бог, зразумела)", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Гаворачы пра Віцебскую вобласць наогул, там работы, Генадзь Генадзьевіч (Генадзь Сабыніч, узгоднены на пасаду першага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама. - Заўвага), непачаты край", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў рашэнне Генадзя Сабыніча змяніць работу ў якасці старшыні Віцебскага гарвыканкама на пасаду першага намесніка старшыні вобласці: "Добра, што Вы згадзіліся з горада пайсці на гэту пасаду працаваць".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў бліжэйшы час мае намер наведаць Віцебскую вобласць. Акцэнт Прэзідэнт збіраецца зрабіць на яе паўночна-заходняй, паўночнай частках.

"Таму бярыцеся за справу разам з губернатарам і дзейнічайце, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - У мяне такая насцярожанасць, што часта вы не вырашаеце там элементарныя пытанні ў вобласці. Або губернатар іх не бачыць. Вы зарастаеце пустазеллем, розным смеццем. А парадак трэба наводзіць ва ўсім".

Пры гэтым, як папярэдзіў Прэзідэнт, не трэба спасылацца на тое, што Віцебская вобласць знаходзіцца ў складаных абставінах і ўмовах. "Нармальная Віцебская вобласць. Клімат сур'ёзна мяняецца і змяніўся. І трэба працаваць. Толькі трэба вызначыцца, што вы ў Віцебскай вобласці будзеце вырошчваць на зямлі і што вы будзеце рабіць у прамысловасці. Трэба сістэматызавацца. Хаосу быць не павінна", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"І не трэба спасылацца на тое, што нехта там да вас нешта спланаваў і нешта не зрабіў, - дадаў ён. - Я маю на ўвазе інтэграцыйныя структуры (у сельскай гаспадарцы. - Заўвага). Яны вам не перашкаджаюць. Калі хочаце іх разбурыць, калі ласка, разбурайце. Толькі вы павінны бачыць святло ў канцы тунэля. Яны абсалютна не перашкаджаюць тым гаспадаркам, якія ўвайшлі ў гэтыя інтэграцыйныя структуры. Але перш чым ламаць старую структуру, я вам параіў бы сур'ёзна вывучыць яе і прыняць (узважанае. - Заўвага) рашэнне".

У час кадравага дня Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў некаторыя аспекты развіцця Магілёва. Па рашэнні Прэзідэнта ў адміністрацыі Ленінскага раёна гэтага горада з'явіўся новы кіраўнік - Андрэй Конеў, які раней узначальваў Магілёўскае гарадское камунальнае ўнітарнае прадпрыемства цеплаэнергетыкі.

"Работы тут хапае. Асабліва прыватны сектар. Але Вам гэта блізка. Наводзьце парадак у Магілёве. Магілёў не павінен адставаць у сваім развіцці ад іншых гарадоў", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аб галоўным для Любанскага раёна: зрабіць з райцэнтра другую сталіцу для беларускіх шахцёраў

Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Віталя Платуна, які ўзгоднены на пасаду старшыні Любанскага райвыканкама, звярнуў увагу на вялікі праект, які рэалізуецца ў гэтым рэгіёне.

 "Не трэба забываць аб тым, што мы там будуем значны камбінат. І таму інвестару, які пачынаў будаўніцтва, была пастаўлена задача, што Любань, гэты раённы цэнтр павінен стаць другой сталіцай нашых шахцёраў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Новы горна-абагачальны камбінат павінен, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, "моцна прыкласціся да Любанскага раёна", як гэта было, напрыклад, у Петрыкаўскім раёне з уводам у эксплуатацыю аднайменнага горна-абагачальнага камбіната.

"Як бы ні было складана, усё ж такі попыт на мінеральныя ўгнаенні вельмі сур'ёзны не толькі ўнутры нашай краіны, але і на знешніх рынках. І нейкую лішнюю капейку яны змогуць інвесціраваць у Любанскі раён", - сказаў Прэзідэнт пра будучае буйнейшага прадпрыемства гэтага рэгіёна - Нежынскага горна-абагачальнага камбіната.

Асобную ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на пытанні забеспячэння жыллём супрацоўнікаў камбіната: "Там павінна ісці будаўніцтва жылля для тых работнікаў, якія будуць працаваць на гэтым горна-абагачальным камбінаце".

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што плануе ў бліжэйшы час пабываць на аб'екце, які будуецца.

Кіраўнік дзяржавы таксама мае намер наведаць Асіповіцкі раён, азнаёміцца з работай галоўнага мясцовага прамысловага прадпрыемства. "У Асіповіцкім раёне я хацеў бы пабываць. Трэба гэта запланаваць", - даручыў адказным службовым асобам Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў аб сваім намеры азнаёміцца з работай буйнейшага ў рэгіёне прамысловага прадпрыемства - Асіповіцкага завода транспартнага машынабудавання. "Ёсць прадпрыемствы, асабліва вагонабудаўнічы завод. Мяне будзе цікавіць, як ён працуе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Улічваючы наяўнасць у рэгіёне шэрага прадпрыемстваў, Прэзідэнт, звяртаючыся да новага кіраўніка раёна Андрэя Дубінчыка, паставіў задачу прадметна займацца не толькі развіццём сельскай гаспадаркі, але і прамысловага патэнцыялу Асіповіцкага раёна. "Перспектывы тут вельмі сур'ёзныя", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, узгадняючы назначэнне новага старшыні Быхаўскага райвыканкама, арыентаваў яго на сур'ёзную работу па навядзенні парадку ў рэгіёне. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў час рабочых паездак на прыкладзе Аршанскага і Шклоўскага раёнаў падрабязна абмяркоўвалася далейшае развіццё сельскай гаспадаркі.

"Але ў некаторых раёнах, дапусцім, у Быхаўскім, непачаты край работы наогул па навядзенні элементарнага парадку. І я вельмі разлічваю, што з Вашым прыходам туды гэта зменіцца", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Аляксандра Кісялёва, узгодненага на пасаду старшыні Быхаўскага райвыканкама.

Прэзідэнт станоўча адазваўся аб рашэнні новага кіраўніка раёна прыйсці на гэту работу. Да гэтага часу Аляксандр Кісялёў з'яўляўся першым намеснікам старшыні Шклоўскага раёна, курыраваў сферу сельскай гаспадаркі і ў якасці адной з прапаноў па змене работы разглядаў аграхолдынг "Купалаўскае". Аднак ён усё ж вырашыў застацца ў мясцовай вертыкалі, але ўжо на прыступку вышэй - у якасці кіраўніка раёна.

"Гэта яшчэ важней для краіны, таму што Быхаўскі раён - яго не тое чарнобыльскім лічылі, сёй-той там быў напалоханы, перапалоханы. Добра, што сітуацыю стабілізавалі цяпер. Але трэба наводзіць парадак і забыць пра тое, што гэты раён не падобны нечым на іншыя. Так, там глебы і землі крыху іншыя, чым у Шклоўскім раёне, але працаваць там можна і трэба".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў гэтым плане будзе вітаць і падтрымліваць сур'ёзныя ініцыятывы з боку кіраўніцтва рэгіёна.