Разгляд кадравых пытанняў
- 26
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Маркава Марата Сяргеевіча - Міністрам інфармацыі,
Паўлючэнка Наталлю Віктараўну - Міністрам працы і сацыяльнай абароны,
Малунова Сяргея Пятровіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Кыргызскай Рэспубліцы,
Кохана Аляксандра Васільевіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Мінскай вобласці,
Бузоўскага Ігара Іванавіча - рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Луцкага Ігара Уладзіміравіча - старшынёй праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал",
Стрыгельскага Андрэя Валер'евіча - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама (сацыяльная сфера і ідэалагічная работа),
Жука Рамана Барысавіча - старшынёй Баранавіцкага райвыканкама,
Каржа Аляксандра Сцяпанавіча - старшынёй Маларыцкага райвыканкама,
Гарбуля Аляксея Валер'евіча - старшынёй Расонскага райвыканкама,
Шыбекі Уладзіміра Дзмітрыевіча - кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна г.Мінска,
Вараніцкага Валерыя Віктаравіча - кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна г.Мінска,
Палякова Мікалая Аляксандравіча - кіраўніком адміністрацыі Партызанскага раёна г.Мінска,
Кузняцова Андрэя Яўгенавіча - намеснікам Міністра прамысловасці,
Жалдыбіна Аляксея Уладзіміравіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Дубай (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты),
Рагожніка Мікалая Мікалаевіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у г.Санкт-Пецярбург (Расійская Федэрацыя).
Назначаючы Марата Маркава Міністрам інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка паставіў яму шэраг задач па рабоце ў медыясферы. Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся, што падштурхнула і самога Марата Маркава, і тых, хто яго прапаноўваў на міністэрскую пасаду, спыніцца менавіта на гэтай кандыдатуры. "Адна справа працаваць там, дзе ты ўжо як рыба ў вадзе. Іншая справа - на чыноўніцкую работу перайсці, хоць і сур'ёзную", - заўважыў ён.
Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў у сувязі з гэтым адзначыў, што гэта было рашэнне не аднаго дня. Час быў і падумаць, і адмовіцца, але Марата Маркава ён адрэкамендаваў як найбольш аўтарытэтнага чалавека ў інфармацыйным асяроддзі, які цяпер мог бы кіраваць работай міністэрства.
Сам Марат Маркаў канстатаваў, што час цяпер сур'ёзны, а работа на тэлеканале выбудавана даволі якасна.
"А хто будзе інтэрв'юіраваць самых сур'ёзных людзей?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе аўтарскую праграму цяпер ужо экс-кіраўніка АНТ.
Марат Маркаў заявіў аб сваёй гатоўнасці прадаўжаць работу і ў тэлеэфіры. Тым больш што такія прэцэдэнты ў гісторыі былі, калі праграму вялі міністры.
"Не, міністэрства - гэта будзе твая асноўная пасада. А далей я буду толькі рады, калі будзеш спраўляцца і будзеш весці сваю перадачу. Але не ва ўрон асноўнай рабоце", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Марат Маркаў згадзіўся з гэтым тэзісам: "Асноўная работа - гэта галоўнае. Там сапраўды ёсць шэраг пытанняў. Тым больш што напярэдадні выбараў трэба будзе выбудоўваць і новыя медыя. І дзякуючы тым рашэнням, якія вы прынялі, на сённяшні дзень магчымасці ў тэлеканалаў ёсць. Але гэтыя магчымасці трэба нарошчваць і пашыраць".
"Кіраўнік дзяржавы па гэтым пытанні адназначна папярэдзіў новага Міністра, што ён асабіста будзе адказваць за гэтыя пытанні. "За магчымасці Вы адкажаце галавой. Там грошы немалыя. І Вы павінны прадоўжыць тыя праграмы, якія Вы намецілі, - сказаў ён. - У свой час я нагрузіў гэта на Пярцова (Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, які раней узначальваў Мінінфарм. - Заўвага), давяраючы яму. Я не менш давяраю і Маркаву. Але за грошы і за вынік, за новыя праграмы, хоць гэта, можа, непасрэдна і не датычыцца Міністра (запатрабаванне будзе. - Заўвага)".
Такі павышаны ўзровень адказнасці Аляксандр Лукашэнка растлумачыў наступным чынам: "Вы ў нас сапраўды, як сказаў тут Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі, штучны тавар. І на Вас нагрузка будзе большая, і запатрабаванне з Вас будзе большым. Аказваць дапамогу тут не трэба. За гэта трэба адказваць і падключаць усіх, каго Вы палічыце патрэбным. І АНТ, і СТБ, і Першы канал, хоць ён (кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі. - Заўвага) таксама фактычна на пасадзе міністра - прыраўнавана пасада. Але ён тут на гэта павінен працаваць усяляк".
"Галоўнае - грошы, фінансы, вы іх павінны трымаць у руках і кожнаму даваць па капейцы туды, куды трэба. Гэта галоўнае для мяне. Арганізацыйна крыху дапаможаце. І яны ж павінны варушыцца. І Пярцоў перш за ўсё", - падкрэсліў беларускі лідар.
Марат Маркаў адзначыў, што ў яго ёсць вопыт работы аўдытарам і, адпаведна, пытанні фінансаў яму добра знаёмыя. Акрамя таго, юрыдычная адукацыя дае магчымасць так ці інакш кантраляваць выкананне нарматыўных дакументаў.
Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку ўсім гэтым прафесійным якасцям новага Міністра. "Будзем лічыць, што фундамент Вы стварылі ў сваім жыцці. І ў дзяржаве гэта відаць. І працуючы ў сродках масавай інфармацыі. А далей будзем паціху выбудоўваць сцены, асноўны будынак", - сказаў ён.
Вяртаючыся да тэмы аўтарскай перадачы Марата Маркава, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз адзначыў, што будзе толькі вітаць, калі новы Міністр прадоўжыць ёй займацца без урону асноўнай рабоце. Разам з тым ён прапанаваў падумаць аб тым, каб на перспектыву падрыхтаваць сабе дастойную замену. "Але пажадана, каб, сыходзячы, мы падрыхтавалі замену. Яшчэ і лепшую. Таму рыхтуй. Будзеш курыраваць. Дзесьці падключышся, правядзеш з кімсьці інтэрв'ю. Але ў цябе павінна быць добрая замена, калі яна будзе. Пастарайся, каб яна была, - параіў беларускі лідар. - Таму што ўсё ж такі гэта адцягвае ўвагу. Выдаць добры матэрыял няпроста. Тым больш, ты малайчына, рыхтуешся. Я ж бачу і глыбіню. Задаеш пытанне - ты яго ведаеш і глядзіш у глыбіню і інтуітыўна разумееш некаторыя рэчы. А ў гэта трэба ўжывацца".
"Трэба рыхтаваць моцных людзей. Каб была дастойная замена. Адукаваных, дасведчаных. Будзеш дапамагаць паціху. Таму што гэта бірка Маркава, хто там ні працаваў бы, застанецца назаўсёды. Гэта твой брэнд, калі можна так сказаць. Я ўжо думаў аб гэтым, што, працуючы міністрам, як жа там... Таму што праграма нядрэнная. Будзем падтрымліваць у гэтым плане", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры назначэнні Наталлі Паўлючэнка на пасаду Міністра працы і сацыяльнай абароны Прэзідэнт заўважыў: "Я калі па тэлебачанні (па-мойму, ужо не адзін раз) яе бачыў і пару разоў бачыў Касцевіч (экс-міністр працы і сацыяльнай абароны, цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ірына Касцевіч. - Заўвага), думаў, а ёсць там у міністэрстве замена ці не? Або збоку трэба запрашаць? Але ўсё ж такі спыніўся на тым, што ёсць намеснік (жанчына, гэта немалаважна). Нядрэнна, калі будзе жанчына, таму што яна больш душэўная. І прафесіянал - яна ўсё ведае".
Як растлумачыў Максім Рыжанкоў, у свой час спецыяльна было прынята рашэнне перавесці Наталлю Паўлючэнка з Міністэрства фінансаў у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
"Трэба быць добрым кіраўніком. Лёгка не будзе. Але і не раскідвацца льготамі і рознымі прывілеямі. Вы па сваёй ранейшай працы ведаеце, што лішніх грошай не бывае, грошы трэба заўсёды зарабляць. Мы ўжо і так зальгатавалі наша насельніцтва, што некаторыя проста сядзяць і чакаюць нейкіх ільгот. Я думаю, што нам трэба сур'ёзна прадумаць, аж да матэрыяльнай дапамогі шматдзетным і гэтак далей. Не сакрэт, што ў нас многа сем'яў шматдзетных, каго ўвогуле да рубля падпускаць нельга. І гэтыя грошы да дзяцей не даходзяць: іх прапіваюць ці яшчэ неяк. Таму трэба выпрацаваць сістэму, каб, падтрымліваючы шматдзетных (а мы будзем іх падтрымліваць, гэта пытанне нумар адзін для нас, і па жыллі і гэтак далей), устанавіць бар'ер і крытэрыі, як данесці грошы да дзяцей", - запатрабаваў Прэзідэнт.
"Нам трэба вельмі акуратна, не фармальна ставіцца да гэтых пытанняў. Каб грошы атрымлівалі тыя, каму яны прызначаны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Новаму паслу Беларусі ў Кыргызстане Сяргею Малунову Прэзідэнт даручыў вызначыць канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва з гэтай краінай.
"Я не думаю, што ў цябе там будуць якія-небудзь праблемы. Будуць - скажы. У нас вельмі добрыя адносіны з усімі кіраўнікамі ў Кыргызстане, з уплывовымі людзьмі там. Трэба вызначыцца, па якіх напрамках мы будзем з імі супрацоўнічаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў савецкія часы Беларусь часта закупляла ў Кыргызстане насенне буракоў. Калі гэта актуальна для Беларусі і цяпер, то можна вярнуцца да такога пытання, лічыць Прэзідэнт. "І яшчэ шэраг напрамкаў. Яны вельмі зацікаўлены з намі працаваць: ад сельскай гаспадаркі да ваенна-прамысловага комплексу. Таму вельмі спадзяюся, што ў вас там не ўзнікне ніякіх праблем", - дадаў Прэзідэнт.
Назначаючы былога старшыню Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандра Кохана памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Мінскай вобласці, Кіраўнік дзяржавы спытаў: "Не баішся ты на Мінскую вобласць ісці? Гэта вочы і вушы Прэзідэнта ў гэтай цэнтральнай вобласці".
"Не скажу, што не баюся. Страшнавата. Давер, вядома, пастараюся апраўдаць", - сказаў Аляксандр Кохан.
"А хто ў Петрыкаве працаваць будзе?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў далажыў, што кіраўніком Гомельскай вобласці падабраны ўжо некалькі кандыдатур, адна з іх - цяперашні намеснік старшыні райвыканкама.
"Май на ўвазе, што спакойнага жыцця там не будзе. Я стаў там радзей бываць не таму, што вайна побач. Справа не ў вайне. У бліжэйшы час я часцей буду наведваць той рэгіён, Прыпяць. Гэта адно з маіх любых месцаў, людзі там добрыя. Адтуль я пачынаў сваю прэзідэнцкую дзейнасць. Першы раз я прыехаў - людзі папрасілі ў мяне хлеба. І я ў ваенных узяў пякарню і перакінуў туды, у ваш цяперашні раён. Вось з гэтага я пачынаў у тваім раёне", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Насельніцтва памятае ўсё, аб чым вы расказалі, і на самай справе вельмі-вельмі ўдзячна той увазе, якую вы ўдзялялі. Петрыкаў цяпер - зусім іншы горад", - адзначыў Аляксандр Кохан.
"Цяпер вы жывяце ў раі. Там ні дарог, нічога не было. Вось я ў Петрыкаве і хачу пабываць", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама абмеркаваў са сваім новым памочнікам па Мінскай вобласці работу салігорскага калійнага камбіната. Гэта тэма знаёмая Аляксандру Кохану: Петрыкаўскае радовішча калійных солей - значная сыравінная база для падтрымання і павелічэння вытворчай магутнасці прадпрыемства.
"Што датычыцца калійнага камбіната, працуе нармальна. У мінулым годзе здабылі больш за мільён тон руды", - сказаў Аляксандр Кохан.
"Але яны дапамагаюць вам, як мы дамаўляліся?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
"Дапамагаюць. У гэтым годзе мы адкрылі кабінет камп'ютарнай тамаграфіі. Да гэтага быў рамонт у радзільным доме. На сённяшні дзень мы праводзім рэканструкцыю нашага гарадскога пасёлка Капаткевічы. І там таксама падстаўляе сваё плячо "Белкалій". Таму супрацоўніцтва і дапамога, вядома, ёсць", - далажыў Аляксандр Кохан.
"Гэта значыць, прэтэнзій да іх няма?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Не. Плюс яны гаспадарку адну ўзялі. Па даручэннях, якія вы давалі, дамоўленасці поўнасцю выконваюцца", - дадаў Аляксандр Кохан.
Гаворачы аб патрабаваннях да кандыдата на пасаду рэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: "Памылкі там быць больш не павінна. Гэта павінен быць выключна надзейны, выключна прафесійны чалавек і дарэчы. Гэта сур'ёзная акадэмія, дзе рыхтуюцца кіруючыя кадры".
Характарызуючы кандыдатуру Ігара Бузоўскага, які да гэтага часу быў намеснікам Міністра інфармацыі, Прэзідэнт адзначыў яго вопыт работы на дзяржаўнай службе. "Біяграфія ў цябе добрая. Ты бачыў дзяржаўную службу на розных узроўнях. Ты надзейны і адданы чалавек, прафесіянал, я спадзяюся. Але калі думаеш, што там будзе лягчэй, чым на папярэдняй рабоце, памыляешся. Цяжкая работа, прытым пад маім ужо кантролем, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Я Адміністрацыі (Прэзідэнта. - Заўвага) буду пастаянна задаваць гэта пытанне: а як, а дзе і іншае".
Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў зрабіць рэвізію дзейнасці Акадэміі кіравання. Прэзідэнт лічыць, што яе даўно пара рэфармаваць: "Вучыцца там павінны тыя, каму трэба. Тое, што трэба для дзяржавы".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэты ўмоўны кадравы рэестр Прэзідэнта не трэба адпраўляць усіх агулам, каго трэба і не трэба. "Некаторыя скончылі Акадэмію кіравання (я іх нядрэнна ведаю) - яна ім і не патрэбна была. Яны і без акадэміі добра працуюць або дрэнна працуюць. Навошта, паўстае пытанне, мы вучылі і трацілі грошы? Таму нам трэба разам з Адміністрацыяй выпрацаваць дакладную сістэму, хто павінен атрымліваць адукацыю ў акадэміі. Там адбор павінен быць, як раней адбіралі ў партыю і паляўнічы калектыў: немагчыма было ўступіць".
Як далажыў Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў, апошнія два гады ўсе выпускнікі Акадэміі кіравання, якія прайшлі першую ступень адукацыі, размяркоўваюцца ў дзяржаўныя органы і арганізацыі. Паводле яго слоў, за імі нават стаіць чарга. А штогод на бюджэт у Акадэмію кіравання набіраюць 100 чалавек. Вобразна іх называюць "залатой сотняй".
"Гэта добра, што ўсе яны дастойны працаваць на дзяржслужбе. Як ён гаворыць, "залатая сотня" (правільна сказана) - гэта павінны быць выключныя людзі, патрыёты да мозгу касцей. Гэта першая прыступка. Далей - другая адукацыя. Яшчэ больш строгі павінен быць падыход. Хтосьці захацеў або вы кагосьці прыцягваеце: першае пытанне - трэба або не трэба яго там вучыць. Можа, камусьці і трэба на перспектыву атрымаць гэту адукацыю, але агулам нічога не павінна вырашацца", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Вельмі прынцыпова, дадаў Кіраўнік дзяржавы, трэба падыходзіць і да перападрыхтоўкі кадраў, павышэння кваліфікацыі на базе Акадэміі кіравання.
"І далучаць усіх нас трэба ў розных формах да навучання і выкладання ў гэтай акадэміі. Чыноўнік, дзяржаўны служачы павінен бываць у акадэміі пастаянна. Я не гавару, што ён там лекцыі павінен чытаць. Але любы дзяржаўны служачы, тым больш Рыжанкоў, Лукашэнка або Галоўчанка, інфармаваны і валодае вялікім вопытам і інфармацыяй, і данесці гэта да нашых слухачоў або студэнтаў у акадэміі вельмі важна. Таму тут таксама трэба наводзіць парадак", - агучыў яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнт.
"Я ўжо не гавару аб іншых момантах, унутраных, якія датычацца акадэміі. Таму я вельмі сумняваўся, калі прапаноўвалі розныя кандыдатуры, у тым ліку і тваю. Таму што мы не можам памыліцца. Але спыніліся на тваёй кандыдатуры. Таму я хачу, каб ты пранікся гэтай адказнасцю за сваю будучую работу. Але лёгка не будзе, я цябе адразу папярэджваю", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Узгадняючы Ігара Луцкага на пасаду старшыні праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал", Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб у работу канала ў тым ліку было прыўнесена і нешта новае - сваё. "Ён тэлевізійны работнік добры, у СМІ выдатна разбіраецца, падрыхтаваны чалавек. Але ён павінен стаць пазнаваемым", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што на пасаду кіраўніка тэлеканала прапаноўваліся і іншыя кандыдатуры, і нядрэнных журналістаў. "Але я проста іх пашкадаваў. Мы можам іх загубіць, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Тых, якіх прапаноўвалі, я баюся проста страціць. Яны не чыноўнікі. Яны добрыя журналісты, калектыў ведаюць. Усё гэта так. Але яны… Тут усё ж такі кіраўніком трэба быць. І канал няпросты. Ён ужо зарэкамендаваў сябе добра. Таму любая памылка будзе заўважана гледачамі, насельніцтвам, ужо не гаворачы пра Адміністрацыю Прэзідэнта і гэтак далей".
У гэтым плане ў Ігара Луцкага ёсць багаты вопыт работы ў дзяржструктурах, аўтарытэт, што дае добры зачын на старце. "Ён прыйдзе заўтра ў калектыў, а журналісты ж такія… А да яго прэтэнзій не прад'явіш - аксакал прыйшоў. Далей няхай дабаўляе. Далей яго ўжо будзе калектыў ацэньваць па тым, як ён будзе працаваць. А так у яго аўтарытэт добры", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці не страціць добрыя перспектыўныя кадры, журналістаў, і ў тым ліку тых, каго прапаноўвалі на пасаду кіраўніка тэлеканала: "Іх трэба мець на ўвазе, трэба глядзець, дзе яны могуць рухацца. Усё ж такі кар'ерны рост - гэта немалаважнае значэнне".
Прэзідэнт таксама папярэдзіў, што разгортвацца новаму кіраўніку часу няма, ды гэта, улічваючы вопыт Ігара Луцкага, і не трэба. "Добра, што ён згадзіўся. Першае пытанне было - ці згодны Луцкі. Так, гаварылі, згодны. Малайчына, што згадзіўся. Нам гэта вельмі-вельмі патрэбна. Вярнуўся на свой шлях", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка абазначыў ключавыя задачы для мясцовай вертыкалі, у ліку якіх работа з людзьмі, правядзенне ўборачнай і выбарчай кампаній.
"Як звычайна, прашу вас разабрацца з кадрамі, з якімі вы будзеце працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, выбудоўваць кадравую работу трэба не спяшаючыся, добра вывучыўшы кадравы патэнцыял, і абавязкова даваць шанц усім, хто ўжо працуе. "Паглядзіце, з кім вы будзеце працаваць. Ад усіх вашых аддзелаў - культуры, адукацыі, эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і гэтак далей - да вашых намеснікаў. Я заўсёды гавару: шанц трэба даваць усім", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Задачы, якія стаяць перад кіраўнікамі на месцах, і патрабаванні да іх з боку кіраўніка дзяржавы ў прынцыпе добра вядомы. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка чакае ад новых назначэнцаў праяўлення большай адказнасці і ініцыятыўнасці. "Маю ацэнку работы старшынь райвыканкамаў і кіраўнікоў адміністрацый у гарадах вы ведаеце: вы па розных прычынах, якія часам ад вас не залежаць, не дапрацоўваеце. Таму што губернатары вельмі націскаюць, не даюць магчымасці раскрыцца і больш свабодна працаваць. Праўда, не ўсюды. У Гомельскай, Віцебскай, Магілёўскай - ва ўсходніх абласцях у нас велізарнае поле для дзейнасці. Там ніхто нікому перашкаджаць не будзе. Дай бог, вынік каб быў", - сказаў Прэзідэнт.
"Таму я вас адразу арыентую і заўсёды гавару: вы - прэзідэнты на сваёй тэрыторыі. Вы павінны арганізоўваць працэс, вы павінны за ўсімі працэсамі назіраць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сферу захавання правоў чалавека. "У нас ніякіх амбудсменаў няма. Прэзідэнт і вы, мае людзі на месцах, займаецеся правамі чалавека. Мы не павінны ствараць у грамадстве празмернае напружанне, але і вольніцы не павінна быць у парушэнне законаў", - зрабіў акцэнт Прэзідэнт.
Важным і адказным напрамкам работы для мясцовай вертыкалі ў хуткім часе стане правядзенне выбарчай кампаніі. "Мы ўжо ўвайшлі ў электаральны перыяд", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. У пачатку бягучага тыдня гэта тэма абмяркоўвалася ў час даклада Прэзідэнту Старшыні ЦВК Ігара Карпенкі. Як было заяўлена, маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары пройдуць у адпаведнасці з дзеючым выбарчым заканадаўствам. Яно ўжо было адпрацавана ў адзіны дзень галасавання і паказала, што прыняцця якіх-небудзь кардынальных змяненняў не патрабуецца. "Не трэба чакаць чагосьці новага. Вы былі ўсе ўдзельнікамі гэтых выбараў (у час адзінага дня галасавання. - Заўвага)", - заўважыў Прэзідэнт.
Галоўнае, на што ён арыентаваў і ЦВК, і мясцовыя органы ўлады, - правесці выбары дастойна, не пакрыўдзіўшы людзей. "Мы, як я сказаў, не павінны пакрыўдзіць людзей. Усё павінна быць зладжана, прыгожа, у інтарэсах нашай дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане згадаў пра "выбары", якія правялі нядаўна збеглыя апаненты. У гэтай справе, паводле слоў Прэзідэнта, яны "схібілі так, што далей няма куды": з амаль 7 млн выбаршчыкаў на іх "выбарах" прагаласавалі ўсяго 6 тыс. чалавек. "Нават дыяспары не сталі за іх там галасаваць, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Ужо там самім сабе не вераць".
"Мы гаварылі адкрыта, да чаго гэта прывядзе. Навошта праводзілі гэтыя выбары? А грошы ж патрэбны для існавання", - растлумачыў Прэзідэнт. Пасля такой абсалютна правальнай арганізацыі працэсу любыя папрокі з боку збеглых або іх куратараў у адрас беларускіх улад цалкам недарэчныя. "Не ім нас папракаць. Я заўсёды гаварыў: мы праводзім выбары для сябе. Не глядзіце па баках. Усё, чаму яны нас вучылі гэтыя гады пасля распаду Савецкага Саюза, - гэта для таго, каб мець пад рукой і ў падпарадкаванні (несамастойную, лёгка кіруемую дзяржаву. - Заўвага). Крок налева, крок направа - ні грошай (пазбавяць грошай. - Заўвага), а яшчэ і галаву здымуць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Тыя, хто ўцёк з краіны і, знаходзячыся за мяжой, выступаюць супраць яе, сядзяць на забеспячэнні ў амерыканцаў і асобных прадстаўнікоў Еўрасаюза, падкрэсліў Прэзідэнт. "Яшчэ і рыхтуюць узброеныя правакацыі супраць нас. Ну, з гэтым мы справімся", - сказаў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз зрабіў акцэнт на неабходнасці працаваць з людзьмі, весці размовы з працоўнымі калектывамі, растлумачваць сітуацыю. "Ваша задача - працаваць з людзьмі, - звярнуўся Прэзідэнт да прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі. - Вы павінны перш за ўсё пазнаёміцца з усімі працоўнымі калектывамі, каб спецыялісты ў сельскай гаспадарцы, у калгасах, саўгасах і на прадпрыемствах, якія ў гарадах, ведалі, хто вы такія і для чаго вы накіраваны. Ідзіце да людзей".
Традыцыйнае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы да кіраўнікоў мясцовых органаў улады - пастаянна трымаць на кантролі і ў полі зроку сферу сельскай гаспадаркі, удзяляючы ёй самую пільную ўвагу. "Гэта ваш клопат", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым сезоне прагнозы на ўраджай па многіх культурах добрыя. Цяпер стаіць задача яго захаваць і беражліва ўбраць. "Нядрэнны ўраджай пакуль. Гасподзь нас пашкадаваў у гэтым годзе. Пакуль. Думаю, што ўсё ж мы збяром нядрэнны ўраджай, калі вы падрыхтуецеся да гэтага", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Цяпер у рэгіёнах актыўна ідзе нарыхтоўка кармоў, а пасля настане час і для пачатку ўборачнай кампаніі, рыхтавацца да якой трэба ўжо сёння. Асабліва што датычыцца тэхнікі, камбайнаў і спецыялістаў, якія будуць задзейнічаны. "Размяркуйцеся, паглядзіце, якіх механізатараў у вас не хапае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вызначыцеся са старшынямі аблвыканкамаў, гарвыканкамаў, прыцягвайце з гарадоў людзей. Ужо цяпер трэба рыхтавацца да гэтага няпростага выпрабавання".
Са свайго боку Прэзідэнт паабяцаў чыноўнікам сур'ёзны кантроль за сітуацыяй у сельскай гаспадарцы. І на гэта ёсць важкія прычыны. "Яшчэ і таму, каб не страціць гэты ўраджай. Будзе добры задзел у нас, нейкія лішнія тоны - у нас ёсць куды пакласці гэты золатавалютны рэзерв", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Яшчэ раз падкрэсліваю: у рамках вашага раёна, раёна ў горадзе - вы там за гэта адказваеце. Адказнасць уся на вас. Прыцягвайце да работы праваахоўныя органы, структуры, пракуратуру і гэтак далей. Яны ўсе павінны працаваць з вамі ў адной звязцы. Першая асоба ў раёне - гэта вы, старшыні райвыканкамаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.