Павел Муравейка назначаны начальнікам Генштаба - першым намеснікам Міністра абароны Беларусі
- 6
- 5:00
Генерал-маёр Павел Муравейка назначаны начальнікам Генеральнага штаба - першым намеснікам Міністра абароны Рэспублікі Беларусь. Адпаведнае кадравае рашэнне 23 мая прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Да гэтага часу Павел Муравейка займаў пасаду першага намесніка Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні асабліва акцэнтаваў важнасць таго, каб міністр абароны і начальнік Генеральнага штаба спрацаваліся: "У нас Міністр абароны ёсць Міністр абароны, і яму падпарадкаваны ўсе ў Міністэрстве абароны. Але, тым не менш, начальнік Генеральнага штаба мае пэўную самастойнасць. Непасрэдна займаецца планаваннем і рэалізацыяй тых ці іншых ваенных мерапрыемстваў. Усім тым, чым жывуць войскі. Вельмі тонкая грань паміж міністрам абароны і начальнікам Генштаба".
Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, які прадстаўляў кандыдатуру Паўла Муравейкі, запэўніў, што як Міністр абароны Віктар Хрэнін, так і Павел Муравейка - людзі дзяржаўныя, якія адказваюць за бяспеку краіны, яны маюць вопыт, веды і, самае галоўнае, нацэленасць на канчатковы вынік. "Яны разумеюць, на якія пасады назначаны і якіх мэт павінны дасягаць. Самае галоўнае - вынік. І начальнік Генштаба, вы абсалютна правільна сказалі, - гэта самастойная фігура. Ён непасрэдна адказвае за пытанні, звязаныя з будаўніцтвам і развіццём Узброеных Сіл, з іх перспектывамі, з'яўляецца членам Савета Бяспекі і правай рукой Прэзідэнта, Галоўнакамандуючага ў выпадку абвастрэння абстаноўкі, увядзення ваеннага становішча. Думаю, гэтыя людзі разумеюць, справяцца і будуць вырашаць задачы", - сказаў Аляксандр Вальфовіч.
"У той жа час і Міністр абароны - не левая рука. Таму нам вельмі важна тут, каб вы знайшлі паразуменне. Вы ж і служылі разам. Адзін аднаго ведаеце добра, - заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка. - Я гэта гавару не толькі для таго, каб завастрыць гэта пытанне. А каб вы разумелі, што я ўважліва назіраю за сітуацыяй не толькі ў краіне ў цэлым, але і канкрэтна, асабліва ў гэтай складанай няпростай абстаноўцы, за тымі пытаннямі, якія складваюцца ў нашых Узброеных Сілах. І мне не ўсё роўна, немалаважна, якія будуць адносіны ў самім Міністэрстве абароны. Ад вас абаіх залежыць многае".
Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што не выносіць хлусні, і гэта дарэмна, паколькі рана ці позна праўда выявіцца. "У Беларусі гэта немагчыма - прыхарашыць абстаноўку, яшчэ нечага. Таму давайце нацэлімся на тое, што мы будзем развіваць Узброеныя Сілы так, як мы рабілі да гэтага часу. Вывучаючы ўсё, што адбываецца навокал", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу на падзеі ва Украіне: "Гэта таксама для нас урок. Урок сур'ёзны. Мы павінны бачыць, якая сучасная вайна".
"Мы ўжо для сябе вывады пэўныя зрабілі. Зразумелі, што такое міны і мінныя загароды. Тое, што мы хацелі па ўказцы Захаду некалі знішчыць. Дзякуй богу, захавалі. Мы ведаем, што такое контрбатарэйная барацьба. І асабліва разумеем, што ў сучасных умовах без беспілотных лятальных апаратаў немагчыма ваяваць, а таксама без сістэм радыёэлектроннай барацьбы, якія павінны эфектыўна ўздзейнічаць і на беспілотныя лятальныя апараты і іншыя сучасныя ўзбраенні. Мы пра гэта не раз гаварылі. Вам давядзецца сур'ёзна гэтым заняцца", - прывёў канкрэтныя прыклады Прэзідэнт Беларусі.
Што датычыцца сферы адказнасці Міністра абароны, то на ім яшчэ і палітычныя, эканамічныя і іншыя пытанні.
Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што Павел Муравейка раней праходзіў службу на розных пасадах ва Узброеных Сілах. На працягу 9 гадоў да 2022 года займаў пасаду начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення - намесніка начальніка Генеральнага штаба, прымаў удзел у распрацоўцы дакументаў па плане абароны дзяржавы, займаўся падрыхтоўкай і правядзеннем буйных вучэнняў, у тым ліку сумесных з Расійскай Федэрацыяй. Дзяржсакратар Савета Бяспекі таксама адрэкамендаваў яго як вопытнага, дасведчанага, энергічнага, патрабавальнага і адказнага кіраўніка.