Разгляд кадравых пытанняў

  • 26
  • 2

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 10 лютага разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Муравейку Паўла Мікалаевіча - Першым намеснікам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь;

Іванца Андрэя Іванавіча - Міністрам адукацыі;

Брыло Ігара Вячаслававіча - Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання;

Улаховіча Уладзіміра Яўгенавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Венгрыі і па сумяшчальніцтве ў Босніі і Герцагавіне і Рэспубліцы Харватыя;

Ліса Анатоля Васільевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Грузіі;

Баравікова Уладзіміра Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Сацыялістычнай Рэспубліцы В'етнам;

Бельскую Ларысу Леанідаўну - пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры аддзяленні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацыях у г.Жэневе (Швейцарская Канфедэрацыя).

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне: 

Жыдкова Алега Мікалаевіча - старшынёй Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці "Белдзяржхарчпрам";

Алейніка Сяргея Фёдаравіча - Першым намеснікам Міністра замежных спраў;

Амбразевіча Юрыя Георгіевіча - Намеснікам Міністра замежных спраў;

Назарука Ігара Васільевіча - Намеснікам Міністра замежных спраў;

Ката Алега Мікалаевіча - Намеснікам Міністра юстыцыі;

Тараканава Юрыя Аляксеевіча - дырэктарам Дэпартамента па санацыі і банкруцтве Міністэрства эканомікі;

Якубчыка Віталя Леанідавіча - генеральным дырэктарам ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Лідсельмаш";

Асенкі Аляксандра Аляксандравіча - генеральным дырэктарам ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне";

Куракінай Алены Віктараўны - рэктарам УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі";

Лазарэвіч Надзеі Анатольеўны - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама.

Прымаючы кадравыя рашэнні аб абнаўленні складу кіраўніцтва МЗС і назначэнні новых паслоў, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Я не стану тут распінацца і расказваць, якія глабальныя задачы нам давядзецца вырашаць. Скажу толькі адно, што Міністэрства замежных спраў краіне сур'ёзна завінавацілася. Калі без канкрэтыкі... Вы вельмі добра разумееце. Таму пастаўлена задача, каб мы, не дай бог, больш не спатыкаліся аб гэтыя рэчы".

Як адзначыў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, ён лічыць новае размеркаванне паміж намеснікамі Міністра паўнамоцтваў, сіл і сродкаў аптымальным. "Гэта павінна надаць новы імпульс у рабоце кіраўніцтва МЗС", - упэўнены ён.

Паводле яго слоў, Першы намеснік Міністра Сяргей Алейнік з улікам яго шматгадовай працы ў сістэме дыпламатычнай службы будзе адказваць за заходнееўрапейскі, заходнеамерыканскі напрамкі, за краіны далёкай дугі, а таксама курыраваць службу дзяржпратакола. "Ён і раней займаўся гэтымі пытаннямі. У яго атрымліваецца, - сказаў кіраўнік МЗС. - Ён справіцца з гэтымі напрамкамі. Цяпер гэта вельмі важна".

У веданні Юрыя Амбразевіча ў якасці Намесніка Міністра будзе дзейнасць беларускіх загранустаноў пры міжнародных арганізацыях. "З улікам таго, што назіраецца пэўная пасіўнасць з боку нашых заходніх партнёраў на двухбаковым трэку, вельмі важна работа ў сістэме міжнародных арганізацый", - сказаў Уладзімір Макей.

Характарызуючы Ігара Назарука, Міністр згадаў аб даручэнні Кіраўніка дзяржавы знайсці на гэту пасаду чалавека, які мае кампетэнцыі ў сферы рэальнай эканомікі. У новай пасадзе ў МЗС ён будзе курыраваць усю інтэграцыйную праблематыку і знешнеэканамічную дзейнасць.

За цяперашнім Намеснікам Міністра Яўгенам Шэстаковым застаецца куратарства ўсіх тэхнічных напрамкаў дзейнасці МЗС.

Міністр замежных спраў па-ранейшаму будзе курыраваць упраўленні дыпламатычнай бяспекі, галоўнае кадравае ўпраўленне, а таксама галоўнае інфармацыйна-аналітычнае ўпраўленне.

Назначаючы новага Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Ігар Брыло прыжыўся ўжо ў ведамстве, ведае сельскую гаспадарку, разумее правільна, у тым ліку ідэалагічна. "Ну і міністэрства няпростае. Таму я буду вельмі рады, калі, Ігар Вячаслававіч, у цябе атрымаецца работа кіраўніком", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Толькі ні пад каго не падладжвайся. У нас губернатары - "кіты" моцныя, вельмі моцныя. Цяпер губернатарскі корпус як ніколі моцны. Але гэта не значыць... Табе з ім (з тым ці іншым губернатарам. - Заўвага) давядзецца перш за ўсё працаваць, дзяліць паўнамоцтвы і адказнасць. Ты гэта ўжо вельмі добра ведаеш - што тваё, што іх, - параіў Прэзідэнт. - Таму патрабаванні павінны быць прынцыповымі і строгімі. У тым ліку і да Івана Іванавіча Крупко (нядаўна назначаны старшынёй Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага), нягледзячы на тое, што ён быў Міністрам сельскай гаспадаркі, а ты ў яго быў Намеснікам". 

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся наконт асабістых якасцей новага Міністра. "Асабіста я некалькі разоў спрабаваў цябе праверыць, скажу шчыра. Я не знайшоў па сваіх крытэрыях нейкіх недахопаў на сённяшні дзень", - сказаў ён.

Пры назначэнні Паўла Муравейкі Першым намеснікам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт выказаў перакананасць, што ніякай гарачай вайны не будзе.

"Усё на слыху. Ваенныя, ваенныя, ваенныя... Можа, кажуць, недзе перабралі меру з гэтымі тэрмінамі ваеннымі. Ну а што нам, маўчаць. Каб потым, калі раптам нешта здарыцца, народ нам скажа: а дзе ж вы былі, чаму нам не гаварылі? Таму я нават, аналізуючы свае крокі і ўчынкі, часта думаю: можа, мы залішне людзям аб гэтым гаворым? А як не гаварыць, калі вакол такая сітуацыя складваецца? Я проста перакананы, што ніякай гарачай вайны не будзе. Ужо занадта мы прывыклі да камфорту, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - А з зоны камфорту вылезці і пачаць ваяваць... Я думаю, Павел (Павел Муравейка, які назначаны Першым намеснікам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі. - Заўвага), ты не горш за мяне ведаеш, што такое ваяваць. У акопах, напэўна, пасядзеў, пастраляў, папоўзаў на тактычных занятках і гэтак далей".

"Таму я не думаю (што будзе гарачая вайна. - Заўвага). Калі ашалелыя нейкія там нацыкі ва Украіне не ўчыняць правакацыю, ваяваць не будзем, мы не падышлі да гэтай вайны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён перакананы, што людзям аб існуючай сітуацыі гаварыць трэба: "Каб яны разумелі, што ў любы момант..."

"Яны ж нас мацаюць (патэнцыяльныя праціўнікі. - Заўвага): то верталёт заляціць, то самалёт, то беспілотнік. Я ўжо не гавару аб тым, што там людзі пераходзяць праз граніцу і гэтак далей. Таму не толькі вайна ідзе ў сродках масавай інфармацыі і эканамічная вайна супраць нас развязана. Гэта гібрыдная вайна пасля гэтага мяцяжу (размова пра падзеі жніўня 2020 года. - Заўвага)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да Паўла Муравейкі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што давядзецца ажыццяўляць сур'ёзны кантроль за дзейнасцю арміі: "Каму, як не Вам, ведаць, што адбываецца ў войсках. Але тут ужо Вы не павінны ў абдымку хадзіць з тымі, хто Вас рэкамендаваў. Вы ўжо - чалавек Прэзідэнта, і Вы маімі вачамі павінны глядзець на Узброеныя Сілы. Не толькі на армію. Таму ўчора яны Вас рэкамендавалі, а заўтра яны павінны разумець, што Вы павінны быць аб'ектыўным чалавекам у адносінах да Узброеных Сіл".

Назначаючы Андрэя Іванца на пасаду Міністра адукацыі, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб падборы кандыдатуры на гэту пасаду: "Груба кажучы, кіпамі ўносілі прапановы. Пакуль нарэшце, напэўна, і Кіраўнік Адміністрацыі адчуў, што гэта ўжо мяжа, колькі можна... Мне здаецца, што мы не памыляемся ў гэтым плане".

Прэзідэнт упэўнены, што для работы на пасадзе Міністра параўнальная маладосць не перашкаджае: "Гавораць: малады-малады... Я амаль у такім узросце стаў Прэзідэнтам. Што значыць малады? Час цяпер такі - спрасавана, бегаць трэба. І вось гэты сплаў - вопыту і маладых людзей, - ім жа заўтра краіну прымаць, кіраваць краінай і адказваць за ўсе гэтыя працэсы. Таму да 40 гадоў нармальна - Міністр".

Разам з тым міністэрства гэта няпростае, заўважыў Кіраўнік дзяржавы. "Але вельмі веру ў вашу гэту перакананасць, ідэалагічную загартоўку. Вы не будзеце віляць. Гэта добра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы цяпер Кодэкс аб адукацыі прынялі. Я хачу, каб Вы разумелі, што гэта проста яшчэ адзін буйны крок у спробе ўдасканаліць сістэму адукацыі. Але ні ў якім разе гэта не нейкі канец. Што ўсё, на гэтым кропка, можна адпачываць і рэалізоўваць гэты кодэкс. Так, трэба рэалізоўваць. Але ўжо сёння трэба бачыць: а заўтра што зробім для адукацыі? Гэта Ваша галоўная задача - бачыць наперад", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Думаю, што Вы чалавек вучоны, зусім малады, членкар (член-карэспандэнт НАН Беларусі. - Заўвага), доктар навук, адукаваны чалавек. Хімік. Гэта таксама вельмі добра. Я хімікаў, біёлагаў, фізікаў вельмі паважаю. Яны былі менш схільны да карозіі гэтай, чым гуманітарыі. Хоць я і сам гуманітарый, але і ў свой час навукамі займаўся. Таму вельмі спадзяюся, што ў Вас атрымаецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы аб асабістых якасцях Андрэя Іванца.

"Толькі наперад. Хто хоча працаваць - уставайце, разам будзем працаваць, не хочаш - ідзі", - даў наказ Аляксандр Лукашэнка новаму Міністру.

Назначаючы Алега Жыдкова старшынёй канцэрна "Белдзяржхарчпрам", Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся яго меркаваннем аб стане спраў у галіне, пачаўшы размову з жарту наконт папярэдняга месца працы: "Алег Мікалаевіч, як працуе цяпер прамысловасць, з Вашага пункту гледжання? Вы ж у шакаладзе, напэўна (да гэтага часу Алег Жыдкоў узначальваў кандытарскае прадпрыемства "Спартак". - Заўвага), і ў прамым, і ў пераносным сэнсе".

Паводле слоў новага кіраўніка канцэрна, у цэлым галіны і падгаліны працуюць даволі ўстойліва, паколькі створана нядрэнная матэрыяльна-тэхнічная база, перапрацоўчыя магутнасці. Таксама складваецца нядрэнная кан'юнктура па пастаўцы прадукцыі на экспарт. "Асабліва актыўна ў мінулым годзе паказалі пастаўкі прадукцыі ў Кітайскую Народную Рэспубліку. У прыватнасці, нават па нашым прадпрыемстве сёння па ўдзельнай вазе КНР выйшла на другое месца па пастаўцы прадукцыі. На першым месцы Расія. На трэцім - Украіна. Па пастаўцы таго ж шакаладу, тых жа цукерак. І так у астатніх галінах", - сказаў Алег Жыдкоў.

Разам з тым ён упэўнены, што ёсць над чым працаваць. Па шэрагу пазіцый унутраны рынак цалкам не закрываецца. "Адпаведна, сюды ідзе даволі вялікі аб'ём імпартнай прадукцыі. Нашы пакупнікі сёння таксама павінны адчуваць: палітыка, якая праводзіцца ў частцы цэнаўтварэння і фарміравання кошту прадукцыі, павінна быць аб'ектыўнай, павінна быць пад сілу. У цэлым дадаткова трэба развіваць магутнасці прадпрыемстваў. На гэтым нельга спыняцца. Закладзена нядрэнная база, але разам з тым трэба яшчэ шмат над чым працаваць", - адзначыў новы кіраўнік канцэрна.

Пры ўзгадненні назначэння абмяркоўваўся стан спраў у галіне і далейшыя перспектывы. "Школа ёсць, кадры ёсць. Падрыхтаваны. Не трэба нікога купляць і шукаць. Чаму не развіваць базу. Правільна Вы гаворыце. Ёсць аснова, на якой можна развівацца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Гэты тэзіс ён праілюстраваў на прыкладзе развіцця новага напрамку для айчыннага ваенна-прамысловага комплексу: "Бывае, як у нас у арміі, без гэтага не абыдзешся - павінны быць свае ўзбраенні, а ў нас няма гэтых кампетэнцый. Вось мы замахнуліся на ракетную вытворчасць. Нешта атрымліваецца, нешта не. А чаму - таму, што людзей няма. Мы ніколі гэтым не займаліся. А тут, як і ў іншых сферах, школы ёсць свае, людзі ёсць".

"Ну і пакрыху (трэба прыбаўляць. - Заўвага). Я не гавару, што мы рэвалюцыю заўтра зробім і падвоім вытворчасць у вашым харчпраме, дапусцім, за кошт якіх-небудзь новых відаў прадукцыі. Гэта немагчыма ні для адной краіны. А самае галоўнае, трэба ж рынак, некуды трэба потым прадаць. Таму пакрыху, няхай па 10-11% у год, але каб мы прырасталі новымі вытворчасцямі", - адзначыў беларускі лідар.

Ён таксама растлумачыў, чаму спыніў свой выбар на Алегу Жыдкове: "Вы чалавек з месца. Вы перспектыўны чалавек. Ну і прадпрыемства ў Вас добрае".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней наведваў "Спартак". Тады ў тым ліку вырашаліся пытанні адносна ўласнасці. "Гэта апраўдалася, нармальна, няма там праблем у Вас?" - спытаў ён.

"Не, сёння калектыў абсалютна здаровы ва ўсіх планах. Усе сапраўды адчуваюць падтрымку дзяржавы, якая аказваецца з усіх бакоў, пачынаючы ад фінансавай, заканчваючы сацыяльнай. Таму сёння калектыў настроены толькі на станоўчыя вынікі работы, - запэўніў Алег Жыдкоў. - І тое, што было прынята рашэнне ў частцы ўстанаўлення справядлівай дзяржаўнай уласнасці і долі дзяржавы на прадпрыемствах, як на "Спартаку", так і на "Камунарцы", паказвае, што гэта было правільнае і своечасовае рашэнне".

Чытайце таксама

Усе падзеі