Разгляд кадравых пытанняў
- 22
- 16:20
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 6 снежня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Молчана Андрэя Леанідавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Шматнацыянальнай Дзяржаве Балівія па сумяшчальніцтве;
Бараноўскага Валерыя Валер'евіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Дамініканскай Рэспубліцы па сумяшчальніцтве;
Лукашэвіча Сяргея Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Парагвай і Усходняй Рэспубліцы Уругвай па сумяшчальніцтве.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Уласаўца Аляксандра Андрэевіча - кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна г.Брэста;
Грышчанкі Вячаслава Віктаравіча - старшынёй Браслаўскага райвыканкама;
Галынчыка Сяргея Аляксандравіча - старшынёй Шумілінскага райвыканкама;
Садоўскага Сяргея Сяргеевіча - старшынёй Ушацкага райвыканкама;
Козела Дзмітрыя Іванавіча - першым намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама;
Матараса Аляксандра Васільевіча - старшынёй Добрушскага райвыканкама;
Белаша Яўгена Віктаравіча - старшынёй Кармянскага райвыканкама;
Стрэчын Ірыны Пятроўны - старшынёй Дрыбінскага райвыканкама;
Герасіменкі Эдуарда Мікалаевіча - старшынёй Чавускага райвыканкама;
Малышэўскага Алега Віктаравіча - старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама;
Дубінчыка Андрэя Віктаравіча - кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна г.Бабруйска;
Кратковай Алены Мікалаеўны - Першым намеснікам Міністра аховы здароўя;
Драгуна Аляксандра Мікалаевіча - Першым намеснікам Міністра лясной гаспадаркі;
Арцёменка Марыны Барысаўны - Намеснікам Міністра працы і сацыяльнай абароны;
Філіпавай Наталлі Мікалаеўны - Першым намеснікам Міністра юстыцыі;
Аляшкевіча Максіма Мікалаевіча - старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці;
Семіча Аляксандра Уладзіміравіча - дырэктарам Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;
Русіновіч Вольгі Уладзіміраўны - дырэктарам Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі;
Крэцкага Віталя Тамашавіча - Намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь - дырэктарам Дэпартамента па энергаэфектыўнасці;
Лабадзінскага Сяргея Мікалаевіча - кіраўніком спраў Брэсцкага аблвыканкама;
Шастайлы Аляксандра Іванавіча - членам Гомельскага аблвыканкама.
Узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што пры падборы кадраў для работы ў дзяржаўных структурах трэба абапірацца на патрыятычных, моцных людзей са стрыжнем.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў апошніх кадравых рашэннях можна заўважыць новы штрых - назначэнне на розныя кіраўніцкія пасады людзей у пагонах. "Мы абсалютна не адхіляем (і я на гэтым настойваю) людзей ваенных у вертыкалі ўлады. Я маю на ўвазе людзей у пагонах: міліцыянераў, армейцаў, чэкістаў - не важна. Галоўнае, каб быў добры ўпраўленец. Гэта галоўнае цяпер", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён перакананы, што талковы кіраўнік, нават калі ён назначаны ў новую для яго сферу дзейнасці, заўсёды знойдзе магчымасць акружыць сябе прафесіяналамі, якія добра разумеюць сельскую гаспадарку, прамысловасць, сферу паслуг, бізнес, прадпрымальніцтва і гэтак далей.
"Раю вам пры падборы кадраў абапірацца на сапраўдных, нармальных, патрыятычных, моцных людзей са стрыжнем. "Мыла і размазні" ў вас не павінна быць сярод падначаленых, сярод вашых калег", - вобразна выказаўся Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў, што вызначальным крытэрыем пры падборы кадраў не павінен быць узрост прэтэндэнтаў на тую ці іншую пасаду. У першую чаргу трэба звяртаць увагу на вопыт і прафесійныя якасці. "Павінны быць вопытныя прафесіяналы. Можна быць вопытным чалавекам і ў 38, і ў 40 гадоў", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым, беручы пад увагу вопыт службы асобных кіраўнікоў, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў рабоце трэба знаходзіць разумны баланс паміж выканальніцкай дысцыплінай і безапеляцыйным выкананнем даручэнняў. "Ні ў якім разе не цокайце абцасамі і не адказвайце на пастаноўку задачы начальнікам пытаннем: "Што загадаеце?", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Вы людзі, маючыя ўладныя паўнамоцтвы, якімі надзелены Прэзідэнтам краіны. У гэтым сутнасць нашай сённяшняй сустрэчы".
"Вы атрымліваеце ад першай асобы ў дзяржаве, Кіраўніка дзяржавы ўладу ў свае рукі. Таму вы не павінны быць маўклівымі выканаўцамі, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Хоць выканальніцкая дысцыпліна - гэта краевугольны камень для кіраўніка любога ўзроўню: старшыні райвыканкама, кіраўніка адміністрацыі, губернатара, члена Урада. Вы павінны быць узорам для пераймання".
Прэзідэнт яшчэ раз нагадаў, што ўкладвае ў паняцце "выканальніцкая дысцыпліна": "Гэта калі прынята рашэнне - пасля доўгіх абмеркаванняў, мучэнняў, пярэчанняў. Вы павінны ўмець слухаць сваіх падначаленых. Калі выкрышталізавана рашэнне (на выканкаме яго зацвердзілі або вы аднаасобна аддаяце распараджэнне, вамі выпакутаванае), яно павінна выконвацца беспярэчна".
"Перад вамі будзе стаяць шмат задач. Але галоўнае - вы прыйдзеце ў канкрэтную нізавую ячэйку нашага грамадства, у раён. Там усё адбываецца. Там людзі, на якіх абапіраецца дзяржава і Прэзідэнт у тым ліку. Там наша ўсё. Я вам жадаю не наламаць дроў", - даваў наказ Аляксандр Лукашэнка. Ён параіў уважліва ставіцца да людзей, не спяшацца з жорсткімі кадравымі рашэннямі. "Я заўсёды зыходзіў і зыходжу з таго, што чалавеку, які б ён ні быў, трэба даць шанц, - сказаў Прэзідэнт. - Ён павінен паказаць, што скарыстаўся гэтым шанцам. Не - да пабачэння".
"Я яшчэ раз гавару: ніякай размазні не павінна быць у органах улады. Час вельмі складаны. І справа не толькі ў санкцыях, націску, гібрыднай вайне, якая развязана супраць нас. Сутнасць гэтай вайны ў тым, што супраць нас ваююць у сродках масавай інфармацыі, у палітыцы, у дыпламатыі, у эканоміцы - ва ўсім. Проста падышлі да гарачай вайны", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Пакуль гарачага процістаяння ўдаецца пазбегнуць, але прычыну для гэтага праціўнікі Беларусі могуць знайсці любую, упэўнены Прэзідэнт: "Няма толькі гарачай вайны. Але, можа, яны яшчэ чагосьці прыдумаюць, скарыстаўшыся, як цяпер, бежанцамі, самалётамі... Прычыну можна знайсці. І не важна, што гэтага не было. Як з самалётам. Усе прыехалі - камісія, паглядзелі. Ужо "год" мінуў пасля гэтай камісіі, а пакуль нічога не гатовы заявіць (размова аб справаздачы ІКАО па інцыдэнце з самалётам Ryanair пасля наведвання Беларусі прадстаўнікамі гэтай міжнароднай арганізацыі ў жніўні бягучага года. - Заўвага). Чакаюць нейкіх штуршкоў, момантаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры глабальнага процістаяння, таму Захад прадоўжыць свае намаганні, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. "Ланцуг ад Чорнага да Балтыйскага мора - гэта даўняя задума нашых ворагаў і праціўнікаў. Проста яны падабралі гэты момант, палічылі, што цяпер можна замкнуць балта-чарнаморскі пояс, або, як яго раней называлі, санітарны кардон", - сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, у мінулым годзе мэтай Захаду стала не проста стварэнне санітарнага кардона, а ўжо размяшчэнне групоўкі НАТА. "Трэба было пад Смаленскам зайсці і стварыць ужо блок, а не санітарны кардон паміж Еўропай і Расіяй. Патрэбны магутны блок, ніякага санітарнага кардона. Патрэбны вялікі плацдарм для таго, каб прыперці Расію да Уральскага хрыбта і пачаць свой націск і наступленне на Расію", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Так атрымалася, што мы сталі выступам, балконам у гэтым плане, - растлумачыў беларускі лідар. - У мінулым годзе яго спрабавалі зрэзаць сілай. Не атрымалася. Вось планамерна, мэтанакіравана нарошчваюць намаганні. Сутыкнуліся яшчэ раз - на працягу гэтага года. Пандэмія і іншае гэтаму садзейнічае. Таксама не атрымалася. Цяпер ідзе перабудова".
Сутнасць гэтай перабудовы - працягнуць сваіх людзей ва ўладу. "Цяпер яны праз пэўныя структуры (не буду іх называць) пачынаюць акуратнае перафармаціраванне апазіцыйнага крыла ў Беларусі. Шукаюць, на каго зрабіць стаўку і апору. Яны знайшлі, на каго - каб ён быў цярпімы для Расіі, як яны разважаюць (усё на Захадзе пішацца), каб ён Захадам кіраваўся абсалютна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Увесь сэнс у тым, што апору яны хочуць ажыццявіць на збеглых".
Для Беларусі такая схема катэгарычна непрымальная, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы і зрабіў акцэнт на гэтым моманце для Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі, які займаецца пытаннямі падбору кадраў. "Ніякай апазіцыі ў Беларусі з ліку збеглых быць не можа, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Збег - там і сядзі. Удалося табе, вярнуўся - неяк уладкаваўся ў грамадства, не ва ўладу. У іх галоўная мэта цяпер - працягнуць сваіх ва ўладу".
"Я не скажу, што мы ўжо вычысцілі іх усіх, як мы іх часта называем, "опаў", "БЧБ-шнікаў" і гэтак далей. Вам яшчэ трэба будзе прыгледзецца да гэтых людзей", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да кіраўнікоў у мясцовых органах улады, Прэзідэнт звярнуў увагу, што яны павінны добра бачыць і разумець, з кім працуюць. Асабліва гэта важна для такіх рэгіёнаў, як, напрыклад, Брэст і Мінск. "Многія, хто з улады збег і цяпер фэйкамі закідвае краіну з-за мяжы, хто збег, але схаваўся пад плінтус - яны разумеюць, што зноў патрэбна хваля, каб да нас укараніцца, - заўважыў беларускі лідар. - Будзьце акуратныя ў падборы людзей у свае каманды, у тыя структуры ўлады, якімі вам давядзецца кіраваць. Не трэба пачынаць паляванне на ведзьмаў, не трэба ва ўсіх бачыць ворагаў. Паколькі вельмі шмат было аблудных. У бліжэйшы час мы апублікуем маштабнае сацыялагічнае даследаванне. Мы бралі розныя працоўныя калектывы, і людзі адказвалі закрыта на многія пытанні. Грамадства, паводле маёй першаснай інфармацыі, моцна змянілася пасля мінулага года".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многія беларусы ўбачылі, чаго на самай справе каштавалі людзі, якія імкнуліся ва ўладу, і якія ў іх былі планы. "Проста кожны дзень вам і многім іншым дае падставу гаварыць аб тым, што мы дапусцілі б найвялікшую памылку, калі б пацярпелі паражэнне ў мінулым годзе. Краіны проста не існавала б", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Калі б яны на адны суткі прыйшлі да ўлады, тут бы ўжо блок НАТА стаяў пад Смаленскам. Дастаткова на суткі захапіць уладу і паклікаць сюды замежныя войскі. Канстытуцыя дазваляе Прэзідэнту гэта зрабіць. Быў бы іх чалавек, ён гэтым скарыстаўся б. Законна? Законна. Вось чаму спрабуем падраўняць неяк Канстытуцыю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цяперашніх умовах нельга канцэнтраваць уладу ў руках аднаго чалавека. "Гэта не сярэдзіна 1990-х, калі катастрофа была: ніхто не ведаў, што рабіць і куды ісці. Так, была рызыка аддаць аднаму чалавеку такую Канстытуцыю ў рукі. Але, здаецца, мы нічога звышшкоднага для народа не стварылі. А стварылі дзяржаву і нам трэба яе абараніць. І трэба адысці ад вялікай канцэнтрацыі цяпер улады ў адных руках. Ці то ў мяне, у каго - не важна. У будучага Прэзідэнта. І грамадства патрабуе перамен. Таму нам патрэбна новая Канстытуцыя. А не таму што "гэта Канстытуцыя патрэбна Лукашэнку". Слухайце, Лукашэнка ўжо наеўся гэтых канстытуцый, улады і ўсяго іншага. Цяпер пытанне не ў Лукашэнку, а ў захаванні стабільнасці ў нашай краіне", - заявіў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што збеглая апазіцыя цяпер змагаецца супраць унясення змяненняў у Канстытуцыю Беларусі. На яго думку, гэта дзіўная палітыка. "Слухайце, а чаго вы змагаецеся? Не прагаласуе народ на рэферэндуме за змяненні - застанецца гэта Канстытуцыя, улада застанецца так, як ёсць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, збеглая апазіцыя хацела б вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года. "Яны неяк прыціхлі, цяпер зноў гавораць: 1994 года. Калі было ліхалецце, калі ніхто ні за што не адказваў, калі кожны быў сам сабе начальнік. Для чаго? Зразумелі (і заходнікі падтрымліваюць): "Вернемся, будзе хаос невялікі, але падзелім уласнасць, а потым уладу перафармаціруем і прыйдзем да таго, што ёсць пры Лукашэнку". Вось такое кола яны хочуць зрабіць. Але ў нас гэта не пройдзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў студзені плануе звярнуцца з пасланнем да народа і парламента. "Мы павінны, нягледзячы на складаны перыяд, нягледзячы на тое, што трэба забяспечыць стабільнасць, зазірнуць наперад. Краіна павінна развівацца, чаго б нам ні каштавала. Нам спакойнага жыцця не будзе. Але і супакоіцца, седзячы ныць і плакаць, што "вось, нас душаць, нам бы выстаяць", - гэта не наш падыход", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў: Беларусі ў існуючай сітуацыі трэба выстаяць, але пры гэтым народ павінен ведаць шляхі развіцця і планы дзяржаўнай улады па іх рэалізацыі.
"Падбіраючы людзей, аналізуючы сітуацыю, будзьце вельмі акуратныя. Не павінна паўтарыцца, як гэта было ў 1930-я гады (яно не так было, як пішуць цяпер, але тым не менш): махнулі касой - і няважна, каго зачапілі. Нельга ісці лоб у лоб: белыя, чырвоныя - і пайшлі адзін на аднаго. Ні ў якім разе. Трэба акуратна, цярпліва разбірацца, - заклікаў кіраўнікоў Аляксандр Лукашэнка. - Людзей, якія з'яўляюцца нашымі праціўнікамі (не тых, што думаюць інакш, а праціўнікамі), іх заўсёды было каля 10%".
Прэзідэнт дапусціў, што, можа, з такімі людзьмі дзяржава слаба працавала. Цяпер у іх выраслі дзеці, некаторыя з якіх таксама не падтрымліваюць дзяржаўную палітыку. "Не ўсе з іх здраднікі і шкоднікі, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Многія маладыя людзі, дзяўчаты апазіцыянераў маюць, магчыма, свой пункт гледжання, але яны працуюць у краіне. Таму, яшчэ раз кажу, трэба быць вельмі акуратнымі".
У той жа час, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, здраднікаў ва ўладзе быць не павінна. "Самазаспакойвацца нельга. Ты апазіцыянер - калі ласка, ідзі ў апазіцыю, каб людзі бачылі, што ты апазіцыянер, а гэта ўлада. Ты ў апазіцыі да ўлады, выказвай свой пункт гледжання", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым упэўнены: звычайныя беларусы наўрад ці змогуць адказаць на пытанне, чаго хоча апазіцыя. "А мы ж гаварылі, памятаеце: разрыў саюза з Расіяй, запрашэнне сюды НАТА, перафармаціраваць царкву, забараніць рускую мову і гэтак далей. Яны гэта хаваюць цяпер: гэта ім нявыгадна. Як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, якія мы цяпер атрымалі, людзі падтрымліваюць той курс, які мы сёння праводзім", - заявіў беларускі лідар.
"Яшчэ многае зменіцца за гэты месяц. Вы яшчэ шмат што ўбачыце. Мы ўбачым вось гэту развязку ад Чорнага да Балтыйскага мора, да чаго прыйдзем", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Захад цяпер павесіў на Расію ярлык, нібыта яна плануе нападзенне на Украіну. "Патрэбна ж падстава для таго, каб малаціць Расію. Вось яны павесілі гэты ярлык. Хоць ніхто ў Расіі не збіраецца нападаць на Украіну. Расія добра бачыць, што робіцца ва Украіне. І тое, што там робіцца і што плануюць натаўцы і амерыканцы там, непрымальна не толькі для Расіі, але і для нас, таму што тут мы побач", - адзначыў Прэзідэнт.
"Таму нейкія развязкі - я думаю, вельмі вялікія - будуць і пасля Новага года", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаўся таксама і аб санкцыйным націску на краіну. "Вядома, нічога добрага ў гэтым няма. Але каб сёння ўжо легчы, скласці рукі на грудзях і паміраць, прычын для гэтага няма, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але я вам больш скажу, мы ж ажыццяўляем уладу: нават калі б былі прычыны паміраць, мы ўсё роўна павінны жыць, каб не памерлі іншыя".
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўпраўленцаў: сітуацыя ў краіне залежыць ад работы кожнага на месцах. "У кожнага ёсць зона адказнасці, у Брэсце раён гэта або сельскі раён, дзе вы будзеце ў асноўным усе працаваць. Гэта ваша зона адказнасці, гэта ваша ўсё. І вы павінны там зрабіць максімум, каб людзі мелі работу: хто стараецца, працуе - атрымлівае больш, хто гультайнічае - той сваё атрымлівае", - перакананы Прэзідэнт.