Рабочая паездка ў Чачэрскі раён Гомельскай вобласці
- 38
- 5
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка наведаў Чачэрскі раён Гомельскай вобласці.
Прыляцеўшы ў рэгіён, у першую чаргу Кіраўнік дзяржавы падрабязна пацікавіўся ходам веснавых палявых работ, планамі на ўраджайнасць розных культур. Кіраўнік мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства "Отар" праінфармаваў Прэзідэнта аб сітуацыі ў сваёй гаспадарцы, а Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло далажыў аб ходзе палявых работ у цэлым па краіне.
Паводле слоў Міністра, яравыя культуры пасеяны амаль на 40% запланаваных плошчаў. У лідарах Гродзенская вобласць, дзе засеяна больш за 55% ад плана. Менш за ўсё зямель - 17,1% - паспелі засеяць у Магілёўскай вобласці.
Ігар Брыло адзначыў, што з наяўнасцю насення і ўгнаенняў, з тэхнікай і палівам праблем ніякіх няма.
"З палівам, думаю, праблем не будзе. На ўнутраным рынку ў нас абсалютна не будзе ніякіх праблем з палівам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра насенняводства, Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць нарыхтоўкі ўласнага насення. Элітныя сарты Беларусь цяпер імпартуе. "Нам трэба тут таксама глядзець на імпартазамяшчэнне. Усё ж такі трэба спрабаваць насенне атрымліваць сваё", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідзе нарыхтоўка кармоў, якая сітуацыя з меліярацыяй зямель.
"Гэта дзяржаўнае пытанне. Дарогі, меліярацыя, урадлівасць зямель - гэта наша пытанне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівыя даручэнні па гэтым пытанні Прэзідэнт даў Намесніку Прэм'ер-міністра Леаніду Зайцу: "Вазьмі - палятай, калі пасеюць. Ты паглядзіш, колькі бязладнасці. Трэба ратаваць гэтыя землі цяпер".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожны год трэба меліяраваць 200 тыс. га зямель і шукаць на гэта сродкі з розных крыніц - чаго б гэта ні каштавала. "Гэта для мяне важнейшае пытанне", - заявіў ён.
У час наведвання сельскагаспадарчага прадпрыемства "Отар" Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з тэхналагічным працэсам сяўбы кукурузы на сілас, паглядзеў, як арганізавана работа малочнатаварнай фермы, пацікавіўся эканамічнымі паказчыкамі прадпрыемства.
Затым Прэзідэнт наведаў Чачэрскую цэнтральную раённую бальніцу. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб сістэме аказання медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, у прыватнасці ў Чачэрскім раёне.
Як адзначыў Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, стан здароўя жыхароў пацярпелых рэгіёнаў не адрозніваецца ад паказчыкаў у сярэднім па краіне. Аднак медыцынскія ўстановы такіх раёнаў абсталёўваюцца некаторай спецыяльнай тэхнікай, тут рэгулярна праводзяцца скрынінгі стану здароўя людзей, што садзейнічае ранняму выяўленню і прафілактыцы. Больш таго, як заўважыў Міністр, у Чачэрскім раёне жыхары вельмі адказна ставяцца да штогадовых аглядаў, самі прыходзяць да ўрачоў.
Асаблівая ўвага была ўдзелена паказчыкам нараджальнасці. Апошнія гады ў раёне яна трымаецца на стабільна высокім узроўні. У 2021 годзе на свет з'явілася 171 дзіця, што вышэй за сярэднія паказчыкі па абласцях.
Прэзідэнт пацікавіўся забяспечанасцю лякарствамі і медыцынскай тэхнікай і дакладна паставіў задачу, каб яны былі ў наяўнасці ў патрэбным аб'ёме: "Каб не было нейкіх спасылак на санкцыі і яшчэ нешта". Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што задача выконваецца.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай кабінета рэнтгендаследаванняў, міжраённага кабінета камп'ютарнай тамаграфіі, міжраённага аддзялення гемадыялізу, аперацыйнай малаінвазіўнай хірургіі, педыятрычнага аддзялення. Прэзідэнт пагутарыў з работнікамі бальніцы і пацыентамі. Дзеці, якія знаходзяцца на лячэнні ў стацыянары, атрымалі салодкія падарункі ад Кіраўніка дзяржавы.
У Чачэрску Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да мемарыяла "Памяць адселеным вёскам". Помнік быў створаны паводле праекта студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту і ўстаноўлены ў горадзе ў 2003 годзе. Драўляная канструкцыя вышынёй 8 м выканана ў форме ратушы на бетонным пастаменце. Бетон сімвалізуе адселеныя, мёртвыя вёскі, дрэва - жыццё і развіццё населеных пунктаў, што засталіся. На мануменце ўстаноўлена пліта, на якой пералічаны 43 адселеныя вёскі Чачэрскага раёна.
Пасля цырымоніі ўскладання Прэзідэнт сустрэўся з жыхарамі Чачэрскага раёна.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пацярпелыя раёны добра аднаўляюцца, а захваральнасць грамадзян нават ніжэйшая, чым у іншых рэгіёнах. Тут таксама добрая нараджальнасць.
"Дай бог, каб у нас была такая абстаноўка ва ўсіх раёнах нашай краіны. Мяне здзівіў і прыемна парадаваў Міністр (цяпер мы ўжо можам параўноўваць, прайшло 36 гадоў пасля трагедыі): у нас вельмі добрая дынаміка па зніжэнні захваральнасці людзей. Але, самае галоўнае, што тут у нас людзі здаравейшыя, чым у іншых раёнах. Таму я і гавару: дай бог, каб у нас у іншых раёнах было як тут", - сказаў Прэзідэнт.
"Я вам вельмі ўдзячны, што вы мяне тады паслухалі, зусім маладога, зялёнага, калі я сказаў: не, мы сваю зямлю нікому не аддадзім. Мы будзем жыць тут. Мы будзем рабіць усё, каб нашы людзі маглі жыць, працаваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Самая галоўная выснова з гэтага - ніколі не трэба здавацца, трэба змагацца да апошняга, і тады прыйдзе перамога. Гэта галоўная выснова, якую я раблю з таго вопыту, што атрымаў тут".
"Не буду гаварыць, што мы перамаглі Чарнобыль, але па мардасах яму надавалі моцна. Мы справіліся з вырашэннем гэтай задачы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы бачыце, што зроблена, але галоўнае, каб мы жылі на сваёй зямлі".
Прэзідэнт адзначыў, што старэйшае пакаленне можа расказаць, як было раней, і параўнаць з цяперашнім. А вось будучыня залежыць ужо ад моладзі. "І мы зробім усё, каб наша моладзь была сапраўднай, нашчадкам таго, што стварала старэйшае пакаленне, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Вам вялікая ўдзячнасць, што вы ў свой час засталіся тут жыць. Мы з вамі тут нямала зрабілі. Я перакананы ўжо: амаль усе вы разумееце, што мы тады зрабілі правільна".
Адно з пытанняў датычылася льгот і выплат жыхарам пацярпелых раёнаў: ці не будуць яны скарочаны ў сувязі з аптымізацыяй бюджэтных расходаў з-за санкцый.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што аптымізацыя расходаў дзяржбюджэту адбываецца на пастаяннай аснове: "Мы аптымізуем бюджэтныя расходы практычна пастаянна, кожны год, гэта не звязана з той сітуацыяй, якая ў нас складваецца".
"Ніякія льготы мы не збіраемся скарачаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы аптымізуемся, глядзім, каб грошы траціліся куды трэба. Мы сёння з губернатарам гаварылі толькі аб адным: не аб скарачэнні фінансавання, а аб тым, каб, наадварот, Гомельскай вобласці дапамагчы, каб тут развівалася вытворчасць", - сказаў Прэзідэнт. Ён упэўнены, што замест невялікіх разавых выплат асобным катэгорыям людзей лепш сканцэнтраваць сродкі і рэалізаваць важны і патрэбны праект, напрыклад, па будаўніцтве станцыі ачысткі вады ад прымесей жалеза.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не з'яўляецца прыхільнікам ільгот для чарнобыльцаў і само слова - "чарнобылец" - успрымаецца, на яго думку, з негатыўным адценнем.
"Калі мы не будзем гаварыць, што гэта льготы, гэта значыць, мы будзем вас падтрымліваць у два разы больш. Справа не ў ільготах, а ў тым, каб вам было дзе працаваць і нармальна зарабляць", - заявіў беларускі лідар.
Адносна санкцый Прэзідэнт заўважыў, што яны не толькі ўскладнілі абстаноўку, але таксама падштурхнулі шукаць выхады, адкрылі новыя магчымасці. "Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Гэта магчымасці. Усё, што мы вырабляем, сёння запатрабавана на нашым асноўным рынку - у Расіі, у Кітаі і іншых краінах", - канстатаваў беларускі лідар.
На прыкладзе Гомельскай вобласці Прэзідэнт растлумачыў, як можна пераадольваць санкцыі. Рэгіён багаты на лясы, а драўніна цяпер карыстаецца вялікім попытам. "Давайце навучымся прадаваць наша багацце і больш перапрацоўваць, - сказаў ён. - І мы зоймем сваіх людзей, і яны будуць атрымліваць добрую заработную плату".
Або іншы прыклад ад Кіраўніка дзяржавы, са сферы машынабудавання: "Нашы трактары, аўтамабілі, камбайны - расіяне (учора губернатар Варонежскай вобласці прыязджаў) у чарзе стаяць: дайце нам гэту тэхніку. Яны плацяць добрыя грошы. Я гавару: "Давайце нам рублі, але газ і нафту мы ў вас таксама будзем купляць не за долары, а за рублі". Яны згадзіліся. Што нам яшчэ трэба?"
"Рынак адкрыты. Трэба проста варушыцца, не плакацца "санкцыі, санкцыі". Так, санкцыі. Трэба недзе паварушвацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што Беларусі заўсёды было няпроста, узнікалі цяжкасці, якія даводзілася пераадольваць. І ў гады пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС было не лягчэй, чым цяпер. "Нам што, лягчэй было некалі? Не. Але мы знаходзілі шляхі. Нам закрывалі дарогу адну - мы ішлі на іншую. Так будзе заўсёды. Не будзе санкцый - будзе канкурэнцыя", - адзначыў Прэзідэнт.
"А цяпер яны рукі паціраюць: вось, Расія ўварвалася ва Украіну, цяпер Расію паставім на калені, а следам і Беларусь. Не атрымаецца. Не атрымаецца паставіць Расію і Беларусь на калені з такім узроўнем інтэлекту, узроўнем адукацыі, тэхналагічным узроўнем і з такімі рэсурсамі. Трэба проста забыць аб тым, што ў нас санкцыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы выказаўся таксама наконт дзеянняў суседніх краін Еўрасаюза, якія перашкаджаюць выезду сваіх грамадзян у Беларусь па бязвізавым рэжыме на час свят.
"Адкрылі граніцу для іх перад каталіцкім Вялікаднем, і Радаўніца праз некалькі дзён. Няхай людзі прыедуць з Польшчы, Літвы, Латвіі да сваіх родных на магілкі, як гэта заўсёды было. Дазволіў без віз. Дык яны людзей сваіх не выпускаюць у Беларусь. Чаму? Таму што едуць людзі да нас, купляюць соль. У іх няма солі! Вялікі, багаты Захад, а солі няма! І каб людзі не гаварылі аб тым, што беларусы нармальна жывуць, яны іх проста не выпускаюць. Вось і ўся дэмакратыя!"
"Дзякуй богу, што ў нас дыктатура, - з доляй іроніі дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Вы ўсе мяне крытыкавалі: дыктатура, дыктатура. Дык затое парадак ёсць пры гэтай дыктатуры. Не было б дыктатуры, дык хадзілі б галотай".
"Першае, што я стаўлю ў заслугу нашаму народу і сабе ў тым ліку, - гэта тое, што мы ўпершыню ў гісторыі пабудавалі сваю незалежную суверэнную дзяржаву, якая жыве. Калі людзі працавітыя, то і нядрэнна жывуць. Па-рознаму жывуць, я разумею. Але і нядрэнна жывуць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы.
Ён прывёў у прыклад мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства "Отар". Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сярэдняя заработная плата па гаспадарцы складае каля Br1,8 тыс. "Значыць, можна зарабляць", - сказаў Прэзідэнт.
"Таму калі я гавару, што зроблена за апошнія гады, першае - гэта тое, што мы пабудавалі сваю дзяржаву. Яе трэба берагчы, яе трэба шанаваць, чаго б ні каштавала. Не плюхнуцца ў нейкую гразь. Ні ў якім выпадку каб не было вайны, як мы заўсёды гаварылі. Вы бачыце, якая бяда зусім побач", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён з вялікай павагай ставіцца да тых, хто ў свой час вырашыў застацца ў пацярпелых рэгіёнах і прадаўжае іх развіваць. І помніць, які шлях прайшла краіна, каб пераадолець наступствы аварыі на ЧАЭС.
"Мая мара - каб вы на 10-15 гадоў жылі больш, чым у сярэднім па краіне, - адзначыў ён. - Вось гэта для мяне будзе ў радасць. Гэта будзе лепшае пацвярджэнне, што мы перамаглі Чарнобыль".
"Не перажывайце, будуць у нас грошы, ніхто іх не раскрадзе. А той, хто ўлезе ў чужую кішэнь, - вы ведаеце, як з імі будзем абыходзіцца", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Старшыня Чачэрскага райвыканкама Юрый Дзеркачоў адзначыў, што пад кіраўніцтвам Прэзідэнта беларусы, як выказаўся сам Кіраўнік дзяржавы, "надавалі" Чарнобылю. "Надаём і санкцыям!" - заявіў ён і ўручыў Аляксандру Лукашэнку абраз Георгія Перамаганосца як сімвал мужнасці і перамогі.
Абраз выраблены мясцовым майстрам па тэхналогіі гальванапластыкі.
Жыхары Чачэрска таксама расказалі Кіраўніку дзяржавы, што заробленыя на абласным суботніку грошы будуць накіраваны на стварэнне пад Гомелем мемарыяльнага комплексу "Партызанская крынічка". У сувязі з гэтым яны запрасілі Прэзідэнта летам адкрыць мемарыял.
"Дзякуй. Назавяце канкрэтную дату - я пастараюся", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.