Рабочая паездка ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці

  • 21
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка на сваёй малой радзіме азнаёміўся з вынікамі эксперымента па вырошчванні кукурузы розных сартоў.

Для эксперымента на полі ААТ "Александрыйскае" ў гэтым годзе высадзілі 12 сартоў кукурузы - па шэсць айчыннай і замежнай селекцыі. Цікава, што замежныя сарты прызначаны ў першую чаргу для вырошчвання на зерне, а айчынныя селекцыянеры заўсёды працавалі пераважна над сіласнымі сартамі.

Як далажылі Прэзідэнту, вынікі пры выкананні ўсіх патрабаванняў тэхналогіі па ўсіх сартах атрыманы вельмі дастойныя. Вучоныя запэўніваюць, што нават пры першапачатковай розніцы ў прызначэнні сартоў збор зерня ў цэлым супастаўны. "Вы заўсёды гаворыце, што самае важнае - гэта дыктатура тэхналогій. Усё дакладна было зроблена. І таму гэта дыктатура дае магчымасць рэалізоўваць патэнцыял і сіласных, і збожжавых гібрыдаў. Па прадукцыйнасці мы не ўступаем, - адзначыў дырэктар Палескага інстытута раслінаводства Леанід Шыманскі. - Мы сёння канкурыруем больш як з 30 замежнымі фірмамі па селекцыі кукурузы. Ні па адной культуры такой канкурэнцыі няма. Думаю, мы будзем трымаць гэты ўзровень".

Разам з тым, пэўная розніца ўсё ж ёсць, як прызнаюцца аграрыі-практыкі. Напрыклад, па тэрмінах выспявання замежныя сарты больш раннія, ды і ўраджайнасць на зерне ў беларускіх хоць і добрая, але часам усё ж бывае ніжэйшая, аж да 20%. У цэлым жа па гэтым напрамку селекцыя з кожным годам ідзе сямімільнымі крокамі. За апошнія 10 гадоў прадукцыйнасць гібрыдаў вырасла на чвэрць.

"Кукуруза нядрэнная ў нас, што там гаварыць. Але мы адстаём ад Захаду", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што вучоныя павінны даваць рэзультат, і гэта датычыцца не толькі кукурузы, а навуковай сферы ў цэлым. "Я чаму вас катую так? Таму што мы з вас, вучоных, пачнём павольна, па народнаму кажучы, шкуру драць. Вы павінны даць рэзультат. Перавага мая ў тым, што я з вамі працую не адзін дзясятак гадоў. У бліжэйшы час мы разбяромся. Камісія цяпер па Акадэміі навук працуе. Вы там цяпер адбіваецеся ўсяляк, пачынаюць плакацца. А чаго плакацца? Камісія працуе з ліку вучоных і правярае Акадэмію навук вельмі сур'ёзна. Я хачу зрабіць вывад па кадрах: можна працаваць з гэтымі кіраўнікамі інстытутаў і гэтак далей ці не. Вось мы і пагаворым на гэту тэму. І вы павінны быць гатовы па ўсіх культурах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што ў свой час згадзіўся з прапановай аб тым, што варта абапірацца не толькі на айчыннае насенне і сарты, але і яшчэ хаця б каля 15% закупляць імпартнае, каб была магчымасць параўнаць.

"Не павінна быць ашуканства і шапказакідальніцтва. Навошта вырошчваць нам тое, што не прыносіць карысці. Нам патрэбны высокаўраджайныя добрыя сарты. Але вынікі трэба падвесці вельмі сур'ёзныя, асабліва па гэтых сартах. У нас пакуль яшчэ не ўсё добра. Прыходзіш: імпарт - добра, а наша адстае. Пры той увазе, якую мы ўдзяляем вучоным", - заўважыў беларускі лідар.

Як было адзначана ў ходзе мерапрыемства, эканамічны сэнс вырошчваць высокапрадукцыйныя імпартныя сарты на зерне ёсць толькі ў моцных перадавых гаспадарках. Большая ж частка сельгаспрадпрыемстваў Беларусі можа цалкам паспяхова працаваць і з айчыннымі, асабліва калі размова ідзе пра неабходнасць атрымання сіласнай масы. Але пры выкананні ўсіх тэхналогій можна атрымаць і высокі ўраджай зерня. Трэба падумаць і пра неабходнасць павялічыць магутнасці двух кукурузакалібровачных заводаў, якія працуюць у Беларусі, бо пасяўныя плошчы за апошнія гады істотна выраслі, а таму нават на сілас часам даводзіцца закупляць замежнае насенне. 

У цэлым жа Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што кукурузу ў Беларусі трэба вырошчваць, і ён упэўнены, што кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў меў рацыю, калі пашыраў гэту культуру. "Калі б кукурузу тады не пачалі высяваць маштабна, не было б чым жывёлу карміць", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт на сваёй малой радзіме азнаёміўся з работай па безадвальнай апрацоўцы глебы ў якасці вырашэння праблемы вясенніх вымачак. Гэта дае магчымасць павялічыць пасяўныя плошчы і ў выніку сабраць ураджаю да 10% больш.

"Гэта тэма вельмі важная для Гомельшчыны. І на Магілёўшчыне не менш. Вясной асабліва, калі пасяўная завяршаецца, ляціш над краінай - кругом плямы, плямы, плямы. Гэта значыць пасеялі, вось на такіх вымачках - там усё гэта прапала, не ўзыходзіць. І вось уся Беларусь у такіх плямах. Такія ў нас глебы, клімат такі. Гэта не Украіна, гэта не Кубань. Мы часам прыкладна да 10% ураджаю губляем, - расказаў Прэзідэнт. - Мы ж не адсяваем іх потым, як была дамоўленасць у гэтым годзе. Пасеялі, гавару, ну трэба вымачкі апрацаваць, нешта там пасеяць пасля гэтага. Цяпер лятаю, бачу - як было вясной, так і засталося ў час уборкі. Рэдка якія гаспадаркі працуюць (у гэтым напрамку. - Заўвага)".

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што кожны год узворванне глебы адбываецца на глыбіню 25-30 см. "Ніжэй углыб не залазім. Утвараецца цвёрдая падэшва і вільгаць не пранікае ў глебу. Вучоныя гавораць, што трэба разбурыць гэту падэшву ўглыб ніжэй за 25-30 см. Тады вада туды пойдзе. Вынайшлі цэлы шлейф тэхнікі для гэтага. Некалькі гадоў правяралі. Вы гаворыце, што паказвае сябе добра. А я ў гэта не зусім веру, як любы вясковы чалавек, пакуль не памацаю рукамі", - растлумачыў беларускі лідар.

У выніку было вырашана на прэзідэнцкім полі паглядзець у рабоце адпаведную тэхніку.

Аб усім падрабязна Прэзідэнту расказаў кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроцкі. Паводле яго слоў, раней зямлю аралі на глыбіню 18-20 см, і гэтага было цалкам дастаткова. Тэхніка была малой магутнасці, не цяжкая. "А сёння пайшла цяжкая тэхніка, пайшло дэфармацыйнае накапляльнае зацвярдзенне. І таму калі мы раней лічылі, што плужная падэшва - 5-6 см, то сёння даходзіць да 50 см", - канстатаваў вучоны.

Такія месцы па вясне ператвараюцца ў вадзяныя сподкі, а летам - гэта ўжо вымачкі, якія зарастаюць пустазеллем.

"І гэта пустазелле распаўсюджваецца па ўсім полі", - згадзіўся Кіраўнік дзяржавы.

Якаў Яроцкі прадоўжыў: "Вядома. А потым такая плошча не выкарыстоўваецца, прадукцыі (з яе. - Заўвага) няма".

Паводле слоў вучонага, такі прыём, як расцвярдзенне, ужо даволі даўно з'явіўся ў свеце. "На жаль, у нас пакуль у рэспубліцы цалкам тэхналогія прымянення расцвярдзення не распрацавана", - адзначыў ён.

Якаў Яроцкі агучыў шэраг практычных рэкамендацый наконт таго, як трэба дзейнічаць, адзначыўшы, што справа не толькі ў тым, каб устараніць канкрэтныя вымачкі: "Справа ў тым, што калі вільготная падэшва, выпаў вялікі дождж, то вільгаць даходзіць да зацвярдзелай праслойкі і сыходзіць у паніжэнне. А прадукцыйная вільгаць збіраецца на глыбіні 1,5-1,8 метра. Тая, якая можа падняцца дагары. Але нават калі яна там ёсць, а плужная падэшва (прысутнічае. - Заўвага), - яна не паднімаецца да каранёвай сістэмы".

У выніку аграрыі, уносячы розныя ўгнаенні і мікраэлементы, разлічваюць атрымаць ураджай, напрыклад, у памеры 60 ц/га, а па факце маюць у два разы менш.

"Таму настолькі гэта важная праблема, што я проста вам вельмі ўдзячны. Я ўсё жыццё гэтым займаюся і ведаю добра, - сказаў вучоны, звяртаючыся да Прэзідэнта. - Сёння трэба думаць: калі мы ў севазвароце хочам атрымаць пад такія культуры, як буракі, бульба, кукуруза, рапс, высокую ўраджайнасць, там трэба выключыць плужную падэшву".

Гэты метад дае магчымасць значна павысіць аддачу і ад нізінных, нізкаўрадлівых участкаў. І добра, што тэхніка неабходная ёсць. Але, выпускаючы на поле гэту тэхніку, спачатку па ім павінен пахадзіць аграном са спецыяльным прыборам, які дазваляе даведацца, дзе і на якой глыбіні знаходзіцца плужная падэшва і якая яе таўшчыня. Пасля гэтага праводзяцца настройкі пад патрэбную глыбіню, а далей ужо, як гаворыцца, справа тэхнікі.

"Ты як вучоны лічыш, што гэта правільны шлях?" - яшчэ раз удакладніў Кіраўнік дзяржавы.

"Вельмі правільны", - упэўнена адказаў Якаў Яроцкі.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што часам у пагоні за жаданнем хутчэй даць справаздачу аб праведзенай рабоце такім рэчам не надаюць належнай увагі. "Ведаеце, псіхалогія - галоўнае хутчэй пасеяць і далажыць. Цяпер не. Канкурэнцыя высокая. Эканоміку трэба лічыць", - сказаў беларускі лідар.

Указваючы на два фактычна ідэальныя полі, якія ўтрымліваюцца ў належным парадку, Прэзідэнт падкрэсліў, што так павінна быць не толькі ў гэтым месцы. "Табе як міністру (Сяргей Барташ раней узначальваў Мінсельгасхарч. - Заўвага). Абавязкова. Вазьмі на ўзбраенне, каб усё было зроблена", - даручыў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў раёне вырашана аднавіць камбікормавы завод, і гэта ў тым ліку задача для кіраўніка раёна. "ААТ "Александрыйскае" работы хапае, няхай працуе на зямлі. Табе трэба аднавіць гэты завод. Мы табе дапаможам. Грошы ўжо выдзелены. Але каб ты ўзяў пад кантроль. У цябе муха не праляціць", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да Сяргея Барташа.

І не толькі завод, але ў парадку павінны быць і ўсе іншыя важныя аб'екты інфраструктуры. Гэта ў першую чаргу райаграсэрвіс, які прызначаны аказваць шырокі спектр паслуг сельскагаспадарчаму сектару, пачынаючы ад рамонту тэхнікі.

"Зрабі так, як "міні-Беларусь", каб у цябе была і сельгастэхніка (райаграсэрвіс. - Заўвага), і ПМК будаўнічая, ільносемстанцыя. Усё давядзі да розуму. Скажы, што табе трэба. Мы табе дапаможам. Але не так: прасі больш - дадуць менш. Што ты павінен зрабіць - гэта тваё. Падключай усе гэтыя заводы, фабрыкі. А ён (кіраўнік ААТ "Александрыйскае". - Заўвага) няхай займаецца сваёй справай. Няхай адновіць "Александрыйскае", каб было люба-дорага паглядзець. Зрабі Шклоўскі раён, каб ён быў узорным. Не таму што гэта мая радзіма і твая вотчына. А для таго, каб паказаць, як трэба дзейнічаць. Тут Аршанскі раён (побач. - Заўвага). Яны следам будуць ісці за табой. Увогуле, ты ведаеш, як трэба, што трэба зрабіць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што ў старшынь райвыканкамаў павінна быць "жалезабетонная ўлада" і ўсе даручэнні павінны няўхільна выконвацца. Тое ж самае датычыцца рашэнняў на ўзроўні губернатара, калі ён ставіць задачы перад кіраўнікамі раёнаў: "Сабраліся ў кружок за сталом, намецілі - жалезна трэба зрабіць. Мужыкі, не будзем рабіць, труба нам будзе. Ніхто нас не выратуе. Нам патрэбна жалезная дысцыпліна. А рабіць мы ўсё ўмеем. Але трэба гэта рабіць".

У пацвярджэнне сваіх слоў Прэзідэнт зноў жа прывёў канкрэтнае поле, якое ён наведваў: "Гэта жах быў. А цяпер 100 цэнтнераў з гектара дае кукурузу. Таму што робяць, як трэба. Таму нам трэба працаваць. Поле добрае. Не маглі атрымаць ураджай - атрымліваем. Таму што робім своечасова і правільна. Таму зрабі ў Шклоўскім раёне. У цябе для гэта ўсё ёсць - база, моцныя гаспадаркі ў асноўным.

Нагадаў Аляксандр Лукашэнка і аб сваім даручэнні па належным выкарыстанні буйнога сучаснага сховішча для фруктаў. "Сховішча шыкоўнае. Там трэба яблык захоўваць, сліву, вішню. Расія побач (рынак збыту. - Заўвага)", - сказаў ён.

Яшчэ раз звяртаючыся да Сяргея Барташа, Аляксандр Лукашэнка даручыў: "Таму глядзі. Усё, што пабудавана, павінна ідэальна працаваць. Патрабуй капітальна".

"Гэта трэба маштабіраваць па ўсёй рэспубліцы. Тады будзем канкурэнтныя і багатыя", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ўсе гэтыя даручэнні ў цэлым укладваюцца ў тое, што ён гаворыць апошнім часам аб неабходнасці навесці парадак у краіне і задаць на нейкую колькасць гадоў курс развіцця для маладога пакалення, якое, безумоўна, таленавітае, але далёка не заўсёды імкнецца да практычнай работы на зямлі: "Нам трэба паравоз паставіць на патрэбныя рэйкі і штурхнуць, каб дзеці не маглі павярнуць яго 10-15 гадоў".

Прэзідэнт у час рабочай паездкі ў Шклоўскі раён даў старт рэспубліканскай акцыі "Дай лесу новае жыццё!".

Кіраўнік дзяржавы яшчэ ў жніўні, наведваючы Мазырскі раён, паставіў задачу арганізаваць дапамогу насельніцтву ў пацярпелых рэгіёнах, перапрацаваць пашкоджаны і павалены лес, а следам аператыўна заняцца лесааднаўленнем. Ён тады падкрэсліў, што да гэтай работы неабходна прыцягнуць у тым ліку і насельніцтва, працоўныя калектывы, студэнтаў.

Па традыцыі прывіць суграмадзянам любоў да роднай зямлі Прэзідэнт вырашыў асабістым прыкладам. З яго ўдзелам у Шклоўскім раёне, на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі, створаны лясныя культуры дуба і елкі. Усяго на плошчы 0,6 га было высаджана 2 тыс. дрэў.

Па распараджэнні Кіраўніка дзяржавы на тэрыторыі ляснога фонду краіны ўстараняюцца наступствы ліпеньскага ўрагану. Паводле папярэдніх даных, моцнымі вятрамі была пашкоджана драўніна на плошчы 25 тыс. га з запасам драўніны 2,4 млн куб.м, пры гэтым суцэльным санітарным высечкам падлягала 2 млн куб.м. У выніку вятроў і дэталёвага абследавання аб'ём распрацоўкі толькі па суцэльных санітарных высечках вырас практычна ў тры разы і склаў 5,7 млн куб.м.

Як далажыў Прэзідэнту Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, па стане на 11 кастрычніка высечкі лесу праведзены на плошчы 19,8 тыс. га, нарыхтавана больш за 3,2 млн куб.м драўніны, у тым ліку суцэльныя высечкі - на тэрыторыі 10,7 тыс. га з аб'ёмам нарыхтоўкі 3,1 млн куб.м.

Драўніна будзе выкарыстана на дрэваапрацоўчых вытворчасцях рэспублікі. Да канца бягучага года закантрактавана больш як 3,7 млн куб.м драўніны для патрэб унутранага рынку.

"Усё, што ты ўбраў "залатое", ты ў справу аддаў?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Паволде слоў Міністра, дзелавая драўніна нарыхтавана максімальна.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на няўхільнае выкананне тэрмінаў. "Ты абяцаў буралом прыбраць у гэтым годзе. Вы ж гаварылі: паднімем усю краіну, але прыбяром гэтыя бураломныя ўчасткі, аддадзім у справу і ў будучым годзе (апошні тэрмін) высадзім лес", - нагадаў Прэзідэнт.

Пакуль жа работы адстаюць ад графіка. У міністэрстве гэта тлумачаць тым, што першапачаткова, калі вызначаліся тэрміны, аб'ёмы ўяўляліся значна меншымі. Але сітуацыя такая не ўсюды. У цэлым па краіне тэрміны выконваюцца, пытанні толькі па Гомельскай вобласці.

"Памылка ў тым, што ён своечасова не вызначыў маштабы і далажыў. Але прычыны аб'ектыўныя - аб'ёмы выраслі, не хапае людзей і сіл", - растлумачыў Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў.

"Як не хапае людзей? Я ж сказаў: мабілізуйце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Кулік далажыў Прэзідэнту аб планах міністэрства экспартаваць у 2024 годзе рэкордную колькасць піламатэрыялаў за ўсю гісторыю.

За студзень-верасень лесагаспадарчыя ўстановы сістэмы Мінлясгаса рэалізавалі больш за 788 тыс. куб.м, што на 12,5% вышэй за мінулагоднія вынікі. У міністэрстве разлічваюць па выніках года выйсці на лічбу 1 млн куб.м.

Паводле слоў Аляксандра Куліка, гэта будзе рэкордны паказчык. "У бягучым годзе - я гавару гэта адказна - мы паб'ём рэкорд і паставім мільён кубаметраў піламатэрыялаў на экспарт. У гісторыі такога не было. Максімум да 800 тысяч мы падыходзілі", - заявіў Міністр.

Пры гэтым асноўным рынкам збыту, як расказалі ў ведамстве, застаецца Кітай. Сюды экспартуецца каля паловы піламатэрыялаў.

Што датычыцца вартасных выражэнняў, то за студзень-верасень аб'ём экспарту лесапрадукцыі і паслуг склаў $135 млн. Гэты паказчык вырас практычна на 16%. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў і паслуг у цэлым складае амаль 20%. Для параўнання: у папярэднім годзе яна была на ўзроўні 10,6%.

"Кан'юнктура рынку цяпер працуе ў наш бок. Цэны на экспарт добра падняліся, таму цяпер усе ўмовы для нас ёсць", - сказаў Аляксандр Кулік.

"Але нам патрэбна дабаўленая вартасць, ты ж не забывай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Не могуць жа ўсе мэблю вырабляць. На рынку патрэбны і піламатэрыялы", - заўважыў Міністр.

"Зразумела, так. Толькі каб яны (замежныя вытворцы. - Заўвага) з нашых матэрыялаў потым мэблю не рабілі і нам не везлі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.