Прыняцце кадравых рашэнняў па новым складзе Урада
- 13
- 32:10
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 чэрвеня прыняў кадравыя рашэнні адносна новага складу Урада.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што загадзя папярэджваў аб змене складу Урада, і ў гэтым няма нічога надзвычайнага. "Яшчэ раз хачу падкрэсліць: нават тыя, хто не трапіць сёння ў новы Урад, без работы не застануцца, яны не ворагі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ратацыя кадраў і абнаўленне складу Урада былі праведзены амаль год таму. "Гэта натуральны працэс. Так, праз некаторы час пройдуць выбары, і гэты працэс трэба будзе завяршыць, амаль канчаткова вызначыцца са складам Урада. Чаму амаль? Таму што, зразумела, пасля выбараў - гэта экзамен. Мы паглядзім, хто як здае экзамен, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэты ж партфель нікому не даецца навечна, у тым ліку мне. Мяне выбірае народ, вас назначае Прэзідэнт. Усё па Канстытуцыі".
Прэзідэнт адзначыў, што вакол тэмы змены Урада разгарнулася шырокая дыскусія. "Нехта заяўляе, што прыйдзе да ўлады і 80% цяперашняга лукашэнкаўскага Урада пакіне. Я сумняваюся. Гэта што за палітыкі? Калі 80% пакінуць старога (складу. - Заўвага) Урада, навошта тады нешта мяняць? Якія тут навацыі і рэформы пойдуць?" - задаў слушнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці хутка і актыўна ўключацца ў работу. "Я вас прашу: набывайце рабочы стан, асабліва тыя, хто сёння будзе на новых пасадах працаваць. А пераважнай большасці, напэўна, і не трэба яго набываць, я думаю, вы ў тонусе ўсе", - сказаў ён.
"Я не збіраюся займацца навальваннем, наскокам, каб некаму галаву зламаць. Ды і час сёння не той, каб ламаць. Нават не час будаваць. Сёння трэба выратаваць тое, што пабудавана, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Шчыра кажу і народу, і вам: з верталёта грошы раскідваць не будзем".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у цяперашняй няпростай сітуацыі нават такія дзяржавы, як ЗША і Расія, не раскідваюцца фінансавымі сродкамі. "Выратаваць краіну і выйсці з гэтага становішча мы можам толькі дзякуючы сваёй дысцыпліне, сціснуўшы зубы, дзякуючы стрыманасці і накіраванню ўсяго народа на вырашэнне праблем", - адзначыў Прэзідэнт.
Беларускі лідар, назначаючы новы склад Урада, арыентаваў усіх на інтэнсіўную работу для пераадолення сучасных цяжкасцей і выклікаў. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму палічыў патрэбным сабраць на нараду ўсіх новых кандыдатаў, а таксама тых кіраўнікоў, якія прадоўжаць працаваць на ранейшых пасадах. "Стан спраў, што складваецца ва ўсім свеце, а значыць, і ў нашай краіне, вы ўсе ведаеце. Вялікая колькасць новых выклікаў, якія сканцэнтраваліся ў сціслы перыяд часу, патрабуюць максімальнай мабілізацыі намаганняў усіх дзяржаўных органаў і найперш Урада, - сказаў ён. - Гэта мацнейшая праверка нашай стойкасці і захавання дзяржавы. Мы павінны вытрымаць гэта. І мы вытрымаем, не першы раз, і пераможам".
Папярэдні склад Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Сяргея Румаса прапрацаваў тры гады. "За гэты час удалося захаваць збалансаванасць у эканоміцы па большасці паказчыкаў. Сумесна з Нацыянальным банкам забяспечана ўстойлівасць на фінансавым рынку, выраслі даходы насельніцтва, рэалізаваны шэраг значных інвестыцыйных і інфраструктурных праектаў", - канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер мала не дапусціць спаду эканомікі і ўзроўню жыцця людзей. "Неабходна ўмець не толькі працаваць у складаных і непрадказальных умовах, але і бачыць шляхі развіцця там, дзе іх не бачаць іншыя. А калі стаіць пытанне нашай выжывальнасці, мы ўсе павінны зразумець і ўбачыць гэтыя шляхі, - адзначыў Прэзідэнт. - Выхопліваць і выкарыстоўваць кожны шанц, кожную магчымасць для руху. Для гэтага нам трэба без прыкрас ацаніць праведзеную работу: што дасягнута на сёння, а што не, сумленна адказаць на пытанне: "Чаму?", зрабіць высновы і вызначыць увесь спектр задач, якія стаяць перад намі - і неадкладных, і сярэднетэрміновых, і стратэгічнага характару". Асаблівую ўвагу новаму складу Урада варта засяродзіць на вырашэнні задач, якія стаяць перад сферамі, найбольш блізкімі да людзей, - жыллёва-камунальная гаспадарка, будаўніцтва, аграрная галіна.
"Нам трэба заняцца самым сур'ёзным чынам пытаннямі рэгіянальнай палітыкі, каб падцягнуць да вялікіх гарадоў раёны, якія адстаюць ад узроўню і якасці жыцця. Прыкладна тое, што мы пачалі рабіць па Віцебскай вобласці. Гэта задача не толькі мясцовых улад. І Ураду трэба будзе сістэмна вырашаць гэту праблему. У нас жа кампактная, кіруемая краіна, - сказаў Прэзідэнт - Помніце, што ўсе прапанаваныя рашэнні павінны праходзіць праз прызму ацэнкі іх уплыву на патрэбы і запатрабаванні чалавека - дастойныя рабочыя месцы, узрастаючыя даходы, даступныя цэны на тавары і паслугі".
Па многіх пытаннях у дзяржаве ўжо былі прыняты неабходныя рашэнні, і новым кіраўнікам трэба неадкладна пачаць іх выкананне, а таксама сфарміраваць свае прапановы. "Я вельмі разлічваю, што праграма дзейнасці Урада комплексна ахопіць шляхі вырашэння ўсіх пастаўленых перад краінай задач і ва ўстаноўленыя Канстытуцыяй тэрміны будзе прадстаўлена парламенту", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што ўся сістэма дзяржаўных органаў павінна працаваць, каб забяспечваць выкананне галоўнай мэты - дасягненне ўстойлівага збалансаванага эканамічнага росту з тэмпамі вышэйшымі за сярэднесусветныя.
Кіраўнік дзяржавы назваў Урад "эканамічным штабам і цэнтрам выпрацоўкі важнейшых рашэнняў". "Неабходна знайсці формы і інструменты, якія прымусяць усю сістэму дзяржаўных органаў забяспечваць выкананне галоўнай мэты - дасягненне ўстойлівага збалансаванага эканамічнага росту з тэмпамі вышэйшымі за сярэднесусветныя. Іншага выйсця няма. Ніхто не павінен застацца ўбаку ад гэтай работы, і кожны павінен дакладна разумець сваю ролю ў гэтым працэсе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў Беларусі адкрытая эканоміка, аднак меры для абароны ўласнага рынку прымаць усё ж неабходна. "Наш унутраны рынак невялікі, але і аддаваць яго ні ў якім разе нікому нельга. Гэта тое пытанне, якое стаіць перад Урадам, і той Урад не вырашыў гэта пытанне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Спасылаліся на нейкія абавязацельствы. Паглядзіце, як Расія зрабіла. Узяла і закрыла граніцы, каб туды ніхто не ўвозіў ні салярку, ні бензін. Яна закрылася ад імпарту. Гэта што, правільна? Ды пляваць, пандэмія ўсё спіша, вось і закрыліся".
"Чаму іншыя краіны так абараняюць свой унутраны рынак? Яны ж нам не адкрылі яго. І нават калі мы да сваіх сяброў звяртаемся, калі хочам нешта прадаць, год-два марудзяць, пакуль мы не прадставім спіс і не пакажам, колькі, якім аб'ёмам і па якой цане мы будзем прадаваць сваю прадукцыю на іх рынках. Усе кіруюць гэтым, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Бяздумна аддаваць свой рынак замежным вытворцам нельга. Мае даручэнні па яго абароне папярэдні Урад, на жаль, не выканаў, і прынцыповыя рашэнні вам неабходна прыняць у бліжэйшы час".
Аднак эканамічны рост павінен быць не толькі за кошт унутранага рынку, але пераважна за кошт экспарту і знешняга попыту. "Няма экспарту - няма валюты. Прычым праблему залежнасці ад рынку адной краіны трэба вырашыць канчаткова. Мы не можам нават ад брацкай Расіі залежаць на 50-55%. Мы павінны дыверсіфікаваць рынкі", - заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што раней ужо былі прыняты рашэнні аб неабходнасці развіцця экспарту ў краіны блізкага і далёкага замежжа, пошуку новых рынкаў, і ў гэтым напрамку патрэбны сур'ёзныя зрухі.
Кіраўнік дзяржавы таксама чакае ад новых кіраўнікоў вырашэння праблем у прамысловай сферы. "Мінпрам так і не стаў міністэрствам прамысловай палітыкі, а па-ранейшаму працуе толькі з групай падпарадкаваных прадпрыемстваў. Гэтага мала сёння, - сказаў ён. - З-за гэтага ўпускаецца рашэнне такіх узаемазвязаных задач, як імпартазамяшчэнне і павышэнне якасці выпускаемай прадукцыі. Пакуль мы не дасягнём канкурэнтнай цаны і якасці, спажывец будзе рабіць выбар на карысць замежнага тавару. Мы можам гэта зрабіць і па многіх пазіцыях навучыліся гэта рабіць. Трэба па многіх пазіцыях падцягнуць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну".
У ліку важнейшых задач для новага Урада Прэзідэнт назваў эфектыўнае кіраванне дзяржмаёмасцю. "Яна павінна прыносіць даход, але ні ў якім разе гэта маёмасць або прадпрыемства не павінны хадзіць і патрабаваць грошы з бюджэту. Так, бывае складана, цяжка і трэба падтрымаць. І мы падтрымаем іх. Не таму, што яны дзяржаўныя, а таму, што там працуюць нашы людзі, і яны павінны мець магчымасць атрымаць даход і ўтрымліваць сваю сям'ю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Да кіравання дзяржаўнымі актывамі, перш за ўсё прадпрыемствамі, трэба падыходзіць з пазіцыі выбудоўвання эфектыўнага бізнесу. Такога, які можа канкурыраваць на сусветным рынку і прыносіць прыбытак", - дадаў Прэзідэнт.
Беларускі лідар заявіў, што не мае вялікіх прэтэнзій да работы Прэм'ер-міністра Сяргея Румаса. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што абмяркоўваў з Сяргеем Румасам яго адстаўку. "Вялікіх прэтэнзій у мяне да яго няма, але чалавек хоча займацца бізнесам. Ён мне прама сказаў: я хачу заняцца бізнесам, хачу зарабіць грошы, немалыя грошы, я магу іх зарабіць", - растлумачыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вітае імкненне Сяргея Румаса. "Не думаю, што Румас паедзе з краіны і вывезе гэтыя грошы, ён іх укладзе тут у эканоміку. Але ўсё павінна быць сумленна і ў адпаведнасці з законам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт назначыў Прэм'ер-міністрам Рамана Галоўчанку, які да гэтага часу займаў пасаду Старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Раман Галоўчанка мае вялікі вопыт работы на розных пасадах, у тым ліку на дыпламатычнай службе, ведае, як весці перагаворы, узначальваў ваенна-прамысловы комплекс.
"Я яго ўчора папярэдзіў, што ў нас Урад - калектыўны орган. І ён - Старшыня Урада. Ён спікер гэтага Урада. Пры галасаванні ён мае той жа адзін голас. Пры роўным галасаванні, вядома, перавага ў яго. Але, нягледзячы на гэта, ён галавой адказвае за дысцыпліну і парадак ва Урадзе. За канчатковы вынік", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт растлумачыў, чаму яго выбар прыпаў менавіта на Рамана Галоўчанку. "Таму што ў нас нібыта ў сельскай гаспадарцы мы нешта зрабілі, зразумелі, у якім напрамку рухацца. У сярэдзіне 90-х есці не было чаго, па талонах дзялілі прадукцыю, а сёння мы на $6 млрд прадаём гэтай прадукцыі, забяспечыўшы сябе. У прамысловасці мы таксама ведаем, што рабіць, але канкурэнцыя вельмі вялікая па нашых таварах, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І ў прамысловасць нам трэба сур'ёзна ўнікаць і кантраляваць".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Раман Галоўчанка на папярэдняй рабоце займаўся прамысловасцю на самым высокім тэхналагічным узроўні. "Я хачу ад яго атрымаць больш высокі тэхналагічны ўзровень у прамысловасці. Ва ўсіх сферах, дзе гэта магчыма. Ён нядрэнны арганізатар", - сказаў Прэзідэнт.
"Але, самае галоўнае, - гэта надзейны чалавек, якому можна даверыць. Які разумее, ад зямлі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Ён надзейны чалавек, патрыёт сваёй краіны, нарадзіўся і вырас у Беларусі. Аб'ездзіўшы ўвесь свет, ён не застаўся нідзе, ні ў адной краіне. Для нас вельмі важна цяпер, каб да ўлады прыйшлі патрыёты і прафесіяналы".
Старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю назначаны Іван Тэртэль. Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе намесніка Старшыні КДБ. "Не таму, што генерал (прыняў рашэнне аб назначэнні на новую пасаду. - Заўвага). Хоць я вельмі гэта цаню. Тэртэль займаўся ў КДБ кантрольнымі функцыямі ў эканоміцы. І, як яго характарызуюць яго супрацоўнікі, ды і я шмат чуў пра яго, гэта адданы краіне чалавек", - адрэкамендаваў Кіраўнік дзяржавы новага Старшыню КДК.
"Гэта чалавек, у якога няма ніякіх кланаў. Ён ведае абстаноўку ў краіне. Перш за ўсё, у эканоміцы. І ён здольны перавесці на новыя рэйкі работу Камітэта дзяржкантролю. Нічога не адмятаючы - таго, што было зроблена пры былых кіраўніках. У тым ліку пры Леанідзе Анфімаве", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт дадаў, што і Леанід Анфімаў без работы не застанецца, паколькі ён надзейны і моцны чалавек.
Аляксандр Лукашэнка назначыў Мікалая Снапкова Першым намеснікам Прэм'ер-міністра. "Я прыняў рашэнне вярнуць яго з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Ён працаваў там у якасці пасла. Думаю, што мае кітайскія сябры мяне зразумеюць. Таму што ў гэты перыяд, калі мы ў многім абнаўляем кіруючы склад, важны вопыт работы ва Урадзе гэтых аксакалаў", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў паступовае станаўленне Мікалая Снапкова ў якасці кіраўніка дзякуючы ўсім пройдзеным этапам кар'ернай лесвіцы. "Ён прыйшоў знізу. Яго вопыт і веды будуць запатрабаваны. Памятаеце, ён быў такім чыста рыначнікам. А калі ва Урадзе папрацаваў, у Адміністрацыю прыйшоў, паглядзеў збоку на ўсё... Змяніўся чалавек. Ён разумее, што такое рыначная эканоміка, канкурэнцыя, але і разумее, што такое зямная эканоміка", - сказаў Прэзідэнт.
Дзмітрый Крутой, які да гэтага часу працаваў на пасадзе Першага намесніка Прэм'ер-міністра, будзе працаваць на пасадзе Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
У сваю чаргу Валерый Бельскі, які да гэтага часу працаваў на гэтай пасадзе, пераходзіць на пасаду памочніка Прэзідэнта Беларусі. Ён будзе займацца не толькі пытаннямі эканомікі, але і кантролем за банкаўскай сферай.
Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў Дзмітрыя Крутога як маладога і перспектыўнага чалавека. "І я хачу, каб з яго атрымаўся добры ўпраўленец і прафесіянал. І яму трэба, як у народзе кажуць, пацерціся не толькі ў Міністэрстве эканомікі. Віцэ-прэм'ер па эканоміцы - і ўсё… Пройдзе час (ён ляціць хутка), азірнецца, а не хапае гэтага, таго… Яго трэба правесці па гэтай лініі. Няхай ён паглядзіць работу у Адміністрацыі Прэзідэнта. Ведаў у яго дастаткова. Ён яшчэ малады. Потым патопчыцца (я гэта арганізую яму) і ў кароўніках, і на прадпрыемствах, паглядзіць на работу Урада збоку. Таму што яго функцыі будуць перш за ўсё фільтрам у эканоміцы. На ўзровень Прэзідэнта не павінна выйсці ніводнага непрафесійнага, непрапрацаванага рашэння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта ляжа на яго і на Бельскага ў Адміністрацыі Прэзідэнта. Два такія крыху розныя па стылі і напрамку чалавекі. Адзін - больш рыначны, так сказаць. Другі - больш моцны, прыземлены чалавек. Гэта зусім іншая сітуацыя ў Адміністрацыі Прэзідэнта", - адзначыў беларускі лідар.
Што датычыцца функцый Валерыя Бельскага, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Так, шмат чаму давядзецца вучыцца. Гэты той прабел, які я бачу ў рабоце Прэзідэнта. У мяне ніколі не было памочніка, які займаўся б гэтымі пытаннямі. А функцыі ж і паўнамоцтвы Прэзідэнта заключаюцца ў каардынацыі і кантролі за дзейнасцю галін улады. І Прэзідэнт павінен мець ключавыя фігуры на гэтых напрамках".
Прэзідэнт выказаў надзею, што Валерый Бельскі справіцца з задачамі, будучы вопытным, дасведчаным і адукаваным чалавекам. "Доктар эканамічных навук, які вельмі прыземлены, чаго ў нас ва Урадзе не хапала. Гэта будучыня нашай краіны. Я вельмі на гэта спадзяюся", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы назначыў Аляксандра Субоціна Намеснікам Прэм'ер-міністра Беларусі. "Субоцін таксама дасведчаны, адукаваны чалавек, доктар навук. Але самае галоўнае - ён папрацаваў у Расіі, інтэграцыйных структурах (быў членам Калегіі (Міністрам) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі. - Заўвага). Ён добра ведае не толькі Расію, але ўнутраныя працэсы ў гэтых інтэграцыйных структурах. І ўлічваючы, што віцэ-прэм'еры перш за ўсё будуць адказваць за экспарт, а галоўны наш партнёр - Расія, я думаю, і тыя кантакты, якія ў яго ёсць, і тыя знаёмствы спатрэбяцца", - сказаў Прэзідэнт аб новым віцэ-прэм'еры.
Міністрам архітэктуры і будаўніцтва назначаны Руслан Пархамовіч. "Вельмі сучасны, кіраўнік будучыні, які арганізаваў работу будаўнічага комплексу ў галіне. Вельмі жвавы, малайчына, разумее ў будаўнічай сферы, разваротлівы. Былы Міністр будаўніцтва не страчаны (Дзмітрый Мікулёнак. - Заўвага). Анатоль Сівак (старшыня Мінгарвыканкама. - Заўвага) проста папрасіў яго да сябе. У яго вельмі складаная сітуацыя сёння. Таму я згадзіўся з прапановай Сівака. Я не супраць. Думаю, і Кухараў (віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў, які курыруе будаўнічую сферу. - Заўвага) таксама супраць не будзе. Тым больш што асноўная будоўля ўсё роўна ў Мінску", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Міністрам інфармацыі Беларусі стаў Ігар Луцкі, які да гэтага часу кіраваў ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне". "Давялося вярнуць назад (да лютага 2018 года Ігар Луцкі працаваў на пасадзе Першага намесніка Міністра інфармацыі. - Заўвага). Ведаю, што за гэты час СТБ стала іншым, малайчына. Ты навучыўся эфектыўна працаваць у інтэрнэце. Думаю, што нам давядзецца з тваёй падачы перш за ўсё перафармаціраваць работу Міністэрства інфармацыі. Мы не бачым гэтага міністэрства. Хацелася б, каб мы яго ўбачылі. І трэба яму перадаць паўнамоцтвы, функцыі і адказнасць", - сказаў Прэзідэнт.
Пётр Пархомчык - Міністр прамысловасці Беларусі. Да гэтага часу ён кіраваў ААТ "БЕЛАЗ". "Пачакай з пенсіяй. Краіну трэба замацаваць. І калі вы спрацуеце з Раманам Галоўчанкам (новы Прэм'ер-міністр. - Заўвага) па прамысловасці, лічыце, што мы праскочылі як мінімум гэту пандэмію. І гэты крызіс, які ёю спароджаны. Ты можаш. Але БЕЛАЗ ад цябе нікуды не ідзе пакуль. І ўносьце прапанову па кіраўніку БЕЛАЗа", - сказаў Прэзідэнт.
Ён асабліва адзначыў, што на прамысловых прадпрыемствах працуе вялікая колькасць людзей, гэта горадаўтваральныя прадпрыемствы, а таму гэтай сферы трэба ўдзяляць пільную ўвагу.
Юрый Селіверстаў назначаны Міністрам фінансаў Беларусі. "Глядзі кожную капейку, лічы грошы", - даў наказ Кіраўнік дзяржавы.
Максіма Ермаловіча, які да гэтага часу займаў міністэрскую пасаду, плануецца накіраваць на дыпламатычную работу ў адну з еўрапейскіх краін. "Ён папрасіўся на дыпламатычную работу, валодае замежнай мовай. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей таксама вельмі хадайнічае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я не магу перашкаджаць. Хоча чалавек сябе паспрабаваць на новай пасадзе - няхай, ён нядрэнна працаваў. Але я чакаю ад Селіверстава большай аддачы".
Дзмітрый Матусевіч узначаліць Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Да гэтага часу ён працаваў Намеснікам Міністра эканомікі.
Дзмітрый Пантус назначаны Старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі. Да гэтага часу ён займаў пасаду Намесніка кіраўніка гэтага ведамства. "Не толькі Раман Галоўчанка (былы кіраўнік Дзяржкамваенпрама, а цяпер - Прэм'ер-міністр. - Заўвага) вас прапаноўваў на гэту пасаду, але і многія, хто з вамі працаваў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў надзею, што па абмеркаваных нядаўна напрамках у ваенна-прамысловым комплексе работы будуць паспяхова прадоўжаны, і гэта сфера атрымае далейшае развіццё.
Міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі назначаны Андрэй Хмель. Да гэтага часу ён працаваў на пасадзе намесніка Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многія прапаноўвалі ліквідаваць Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "Думаю, гэтага рабіць нельга, таму што самы вялікі паток пытанняў ад насельніцтва па ЖКГ. Але ЖКГ не можа быць у гэтым стане", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што рыхтуецца нарада па арганізацыі работы ў адпаведнай сферы. "У ЖКГ павінен прыйсці гаспадар. Старшыня райвыканкама, старшыня гарвыканкама, кіраўнік адміністрацыі ў горадзе - яны павінны быць гаспадарамі. Яны ў ЖКГ павінны несці адказнасць за рамонты, зварку і гэтак далей. І не трэба тут пакутаваць нейкімі незразумелымі рыначнымі механізмамі. Мы іх ужо наеліся", - сказаў Прэзідэнт.
"На наступным тыдні ў Полацку мы павінны расставіць усе кропкі над "і" па ЖКГ", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Сяргей Румас, калі ён захоча працаваць у дзяржаўных органах і структурах, будзе працаваць. Страціць мы яго таксама не можам. Нікуды не дзенецца, працаваць будзе на краіну", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Румас, Мікулёнак - у сувязі з пераходам на іншую працу. Анфімаў, Дворнік - у сувязі з выхадам у адстаўку. Церахаў, Карлюкевіч, Уцюпін, Ермаловіч і Гаеў - таксама ў сувязі з пераходам на іншую працу. Яны будуць працаваць. Проста, час настаў зрабіць гэту ратацыю і замену некаторых кадраў. Астатнія запрошаныя на нараду кіраўнікі дзяржаўных органаў захоўваюць свае пасады ў новым складзе Урада", - растлумачыў Прэзідэнт кадравыя змяненні, якія адбыліся.
"Мы сёння здаём экзамен. Не толькі я. І не столькі я - вы. Збяромся тут, здадзім гэты экзамен - захаваем краіну. І будзем ганарыцца тым, што час выбраў нас у гэты момант і ў гэты час. Экзамен - гэта выбары Прэзідэнта Беларусі", - рэзюмаваў беларускі лідар.
На заканчэнне ён папрасіў Кіраўніка Адміністрацыі арганізаваць работу разам з кіраўнікамі парламента і прадставіць у калектывах назначаных службовых асоб. "Вельмі вас прашу, збярыцеся і кожны зрабіце сваю работу", - даў наказ Прэзідэнт.
Гаворачы аб ходзе перадвыбарнай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка расказаў "малых і вялікіх каруселях" пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах.
"Выратаваць краіну і выйсці з гэтага становішча (на фоне пандэміі і эканамічнага крызісу ў свеце. - Заўвага) мы можам толькі дзякуючы сваёй дысцыпліне, стрыманасці і накіраванню ўсяго народа на вырашэнне праблем. Менш вы глядзіце ў інстаграмах або нейкіх тэлеграм-каналах на гэтыя доўгія нібыта чэргі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што на фатаграфіях, зробленых з квадракоптараў, бачна зусім іншая карціна. "Гэта ўсё тыя ж людзі, і колькасць іх тая ж, што і была. Не з'явілася новага пратэснага руху. Так, з'явіліся нейкія незадаволеныя і іншыя. Яны будуць заўсёды. Але што такое новы пратэсны рух? Гэта гады. Яго няма. Але яны не хочуць сябе звязваць з радыкальнай апазіцыяй, якая заўсёды ваявала з намі на плошчах. А не атрымалася. На Камароўцы разгарнулі "бел-чырвона-белы" і еўрапейскі сцяг. І тыя, хто сёння фінансуецца за кошт расійскіх алігархаў, дакладна зразумелі, што на грошы расійскіх алігархаў яны да ўлады вядуць вось гэту адмарожаную, так званую радыкальную апазіцыю Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
"А гэтыя чэргі - гэта малая беларуская карусель, як я яе называю, і вялікая беларуская карусель. Сутнасць малой у тым, што тут яны распісаліся, потым зноў сталі ў гэту чаргу ў хвост, яшчэ распісаліся... Нават дайшлі да таго (мэр Мінска заўважыў), што на аўтамабілях падвозяць людзей. Распісаліся, пайшлі, селі, яны іх па квартале абвезлі, зноў паставілі іх у чаргу", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
А вялікая карусель, паводле яго слоў, у тым, што ў адну нядзелю на Камароўцы пакідаюць подпісы адны людзі. І яны ж, плюс яшчэ некалькі, зноў прыходзяць у іншы раз. "Яны ж разумеюць, што камісія (выбарчая. - Заўвага), калі будзе глядзець гэтыя подпісы, гэта заўважыць. І яны адразу заявілі: дык а мы і не збіраемся ў выбарах удзельнічаць, наша галоўная задача - расхістаць краіну і расчысціць дарогу для некага. Вы ведаеце для каго", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аднаму з патэнцыяльных кандыдатаў праходзячай у краіне электаральнай кампаніі, каб той расказаў аб прычынах свайго звальнення з папярэдняй пасады. "Адзін заяўляе, што ён лічбавы парадак дня выпрацаваў у Беларусі і стварыў IT-парк. Дык вось павінен сказаць: я папрасіў, каб ён расказаў, чаму яго звольнілі, такога знакамітага. Дагэтуль не гаворыць. Мы чакаем. Надыдзе час, трэба - скажам, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта ж да хлусні дайсці... Пытаюцца: на чые грошы вядзеш гэту кампанію? - Я дом прадаў і на гэтыя грошы вяду кампанію. Нават калі прадаў, то гэтых грошай хопіць на адзін тыдзень, каб тысячу чалавек штаб утрымліваць або нават 500 і весці гэту кампанію".
"Але вы паглядзіце, як прадаў? Ён жа жыве ў гэтым доме. Ён прадаў дом свой нейкай кампаніі, яна яму заплаціла грошы, але ён там жыве. Што гэта такое? Гэта фінансаванне перадвыбарнай кампаніі. І ён, нахабнік, выходзіць, і такі чысты, пушысты. Ён расказвае, што я яго бабулі спадабаўся, таму што ведаў, колькі свінаматка можа нарадзіць парасят. Паўстае пытанне, а табе ж я чым тады спадабаўся. Чаму ты ад Шушкевіча прыбег да мяне на каленях прасіць? Мы ж гэта не забылі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"І потым, ён проста не разумее, колькасць жа народжаных парасят ад свінаматкі і іх якасць не залежыць ад свінаматкі. Гэта яшчэ залежыць ад кныра. І калі будзе такі кныр, як гэты чалавек, то мёртванароджанымі будуць парасяты", - заўважыў беларускі лідар.
"Я не разумею. Яны змагаюцца за прэзідэнцкае крэсла або яны адной заявай выкраслілі 30% сельскага насельніцтва. А вазьміце, хто звязаны з вёскай... Гэта ж мы ўсе адтуль. І мы разумеем, што такое певень, які топча курэй, як ён там заявіў, і гэтак далей. І што такое свінаматка", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў задаць некалькі пытанняў аднаму з патэнцыяльных кандыдатаў на праходзячай у краіне электаральнай кампаніі. "Вы ў яго спытайце, задайце адно пытанне: што такое кампанія "ПрыватЛізінг"? Другое пытанне: дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі?" - абазначыў пытанні Кіраўнік дзяржавы.
"Няхай ён растлумачыць, што такое інвестыцыі ў дзеючыя дзяржпрадпрыемствы (дапусцім, на МТЗ я нядаўна быў), пры якіх застанецца не 18 тыс. працуючых, а 1,8 тыс. - Мы астатнім дадзім па 500-600 не тое рублёў, не тое долараў, няхай яны перавучваюцца на іншыя спецыяльнасці (аб прапановах патэнцыяльнага кандыдата. - Заўвага). У мяне паўстае пытанне: чалавек прэзідэнтам жа збіраецца выбірацца? Заявіць перад выбарамі аб тым, што ён выкіне на вуліцу... Таму што інвестар больш не пакіне. Але ёсць другое пытанне: а што застанецца на гэтым прадпрыемстве, што яно будзе вырабляць? Яно будзе вырабляць балты і гайкі, ніякіх кампетэнцый, канструктарскіх навацый і іншага не будзе", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
"Я іх (патэнцыяльных кандыдатаў. - Заўвага) пакуль не крытыкую. Я проста задаюся пытаннем, калі мне прэс-сакратар кладзе агляд усіх іх заяў. Думаю: Божа мой, гэта ж элементарна, ну памаўчы ты, пастарайся неяк нешта ўпакаваць, каб народ супраць цябе не галасаваў", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўсе рашэнні, якія ўплываюць на лёс Беларусі, павінны прымацца толькі ўнутры краіны і самім беларускім народам. "Як зрэнку вока мы павінны берагчы нашу незалежнасць і суверэнітэт. Іх эканамічны складнік - зона адказнасці нашага Урада. У гэтай сферы нельга дапусціць ніякай страты нацыянальных паўнамоцтваў. Усе рашэнні, якія ўплываюць на лёс Беларусі, павінны прымацца толькі ўнутры краіны і намі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў аб многіх істотных дасягненнях краіны за час незалежнасці, значных, прарыўных праектах, такіх, як арганізацыя пад Мінскам высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла, рэалізацыя касмічных праграм, з'яўленне ў краіне ІТ-галіны. У бліжэйшы час у Беларусі будзе запушчаны першы блок атамнай электрастанцыі. "Атрымаем электраэнергію, і не трэба перажываць, што яе няма куды дзяваць будзе - народу аддадзім, - прапанаваў Прэзідэнт. - Знойдзем мы, як знізіць кошт электрастанцыі і тарыфаў на электраэнергію".
"Мы стварылі новую ІТ-галіну. Мы замахнуліся не проста на лічбавізацыю - на штучны інтэлект. Нас ведаюць і паважаюць у свеце. Мы зрабілі гэта і шмат-шмат іншых праектаў. А гавораць, што мы сядзелі на месцы і не займаліся новымі і найноўшымі тэхналогіямі. Можна сказаць: я магу больш. Але калі можаш больш, то пакажы грошы. Дзе ты возьмеш грошы, каб зрабіць больш?" - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Відавочны таксама дасягненні ў асваенні касмічнай прасторы. "Хто мог падумаць (у тыя гады, калі Беларусь толькі набыла незалежнасць. - Заўвага), што гэта збяднелая краіна зможа пранікнуць у космас і стаць у шэраг з 20-30 касмічнымі дзяржавамі? І нас прынялі ў гэты шэраг", - канстатаваў беларускі лідар.
Ён таксама звярнуў увагу на айчынныя распрацоўкі ў галіне ўзбраенняў і ракетабудавання. "Не ўсё было гладка і прыемна, але мы зрабілі гэта. І сёння любы, хто зробіць замах на нашу зямлю, разумее, што ракета гэта залятае ў фортачку. Гэта высокадакладная зброя. Я ні ў якім выпадку нікому не пагражаю. Мы ні на каго не збіраемся нападаць, але маем усё для таго, каб абараніць сваю краіну, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта адказ тым, хто думае, што мы тут закасцянелі і нічым не займаемся".
Тым не менш ёсць катэгорыя людзей, якія не бачаць або не хочуць бачыць дасягненняў Беларусі. "Яны становяцца ў чаргу, недзе нехта крычыць, дэманструе нешта і гэтак далей. Праўда, на некаторых паглядзелі ў Гродне, дык яны добра ўладкаваліся. "Лукашэнка дрэнны", а самі жывуць у палацах. Нейкая 80-гадовая жанчына крычала. Прыслалі мне фатаграфію: асабняк сына і яе асабняк на адной пляцоўцы. Чаго табе не хапае?", - сказаў Прэзідэнт.
Адно з найважнейшых дасягненняў Беларусі - мір і стабільнасць, аднак некаторыя і пра гэта забываюць. "Адзіная постсавецкая краіна, якая не бачыла гора. Некаторым беларусам здаецца, што гэта недзе далёка Украіну разбурылі, ідзе вайна там, адсеклі частку тэрыторыі. Недзе далёка Малдова, якую падзялілі папалам, - Прыднястроўе і заходняя частка. Забылі, як у Літве ваявалі, з боем адстойваючы незалежнасць і суверэнітэт у савецкія часы пры Гарбачове. Забылі, што сёння яшчэ палае Каўказ, армяне з азербайджанцамі ваююць, не могуць дагаварыцца. Забылі, што Грузія страціла амаль трэць сваёй тэрыторыі - спачатку Абхазію, потым Паўднёвую Асецію. Нарэшце, ніхто не ведае, як мой сябар Рахмон з кулямётам наперавес хадзіў у сталіцу Таджыкістана Душанбэ, каб навесці парадак, колькі загінула там людзей, як з барадачамі змагаліся. Забылі, як былы Прэзідэнт Карымаў у Андыжане падавіў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асуджалі яго, а калі памёр - на каленях стаялі, рыдалі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець не хочам - некаторыя. Ну, дык мы нагадаем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ацэньваючы пройдзены этап, ён прызнаў, што некаторыя вынікі маглі быць і лепшыя. "Час і магчымасці для гэтага былі. Але былі і аб'ектыўныя прычыны, - сказаў ён. - Бяда навалілася з гэтай пандэміяй. Калі б яе не было, мы спакойна жылі б і працавалі". Аляксандр Лукашэнка адказаў на папрокі тых, хто лічыць дзеянні Беларусі па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй няправільнымі. "Нашы беларусы дзякуюць урачам, што мы змагаемся за кожнае жыццё, што ў нас на два парадкі менш смярцей, чым у такіх жа краін і нашых суседзяў. Не, трэба камень у агарод кінуць. А што не так? Што ў нас не так, як у іншых? Што мы не ізалявалі і на каранцін не адправілі беларусаў? Што мы не аб'явілі каменданцкую гадзіну? Дык сёння ўвесь свет пацвярджае, што Лукашэнка меў рацыю", - сказаў Прэзідэнт. Па яго даручэнні чыноўнікі на самым высокім узроўні пастаянна кантралююць развіццё эпідэміялагічнай сітуацыі, прымаюцца меры для захавання жыццяў людзей.
"Мы стварылі сваю краіну, дзе могуць жыць нашы дзеці. Сёння той момант, калі яе трэба адстаяць, абараніць. Вы бачыце, што нас на часткі разрываюць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Некаторыя думаюць: вось цяпер з неба ўсё зваліцца. Глядзіце, каб у Сірыю не паехалі ваяваць і ў Лівію. І не дай бог за свае кавалкі зямлі давядзецца ваяваць, адстойваючы іх. Хачу звярнуць увагу некаторых беларусаў на гэта. Любыя рашэнні мы павінны прымаць тут, у інтарэсах беларускага народа, і ў нас ёсць усе магчымасці для гэтага".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мае намер зрабіць усё неабходнае для захавання суверэнітэту і незалежнасці беларускай дзяржавы. "Нам дасталася краіна. Мы стварылі першую незалежную суверэнную дзяржаву. І мы гэту краіну нікому не аддадзім, каб з яе здзекаваліся, дэстабілізавалі кожны дзень, парвалі на кавалкі і камусьці аддалі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго складваецца ўражанне, што некаторыя патэнцыяльныя кандыдаты цяперашняй электаральнай кампаніі сапраўды прыйшлі і за нечыя грошы хочуць перавярнуць краіну, дэстабілізаваць абстаноўку. "А вы бачыце, за чые грошы", - заўважыў ён.
"Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць. Мы яе два з лішнім дзясяткі гадоў, збіраючы пакрысе, ствараючы гэту квітнеючую краіну, рабілі не для таго, каб яны прыватызавалі яе і пусцілі з торбамі гэтых няшчасных, якія заўсёды пад бізуном хадзілі. Мы не дазволім падзяліць Беларусь, як гэта было ў 39-м годзе. Пад Мінскам мяжа была заходняя", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.