Прыняцце кадравых рашэнняў
- 8
- 5:00
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 студзеня прыняў кадравыя рашэнні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Юрыя Селіверстава - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі;
Уладзіслава Татарыновіча - Міністрам фінансаў Рэспублікі Беларусь.
Юрый Селіверстаў, назначаны паслом у Расіі, таксама па сумяшчальніцтве будзе з'яўляцца прадстаўніком Беларусі ў інтэграцыйных структурах і надзяляецца паўнамоцтвамі Намесніка Прэм'ер-міністра.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой характарызаваў Юрыя Селіверстава як чалавека жорсткага, напорыстага, у добрым сэнсе слова непаседу, гатовага "насіцца па краіне, суседніх і іншых краінах".
"Я падумаў, а чаму ў Расіі не працаваць бы такому чалавеку, дзе трэба бываць у рэгіёнах, працаваць, супрацоўнічаць з расійскімі рэгіёнамі, трымаць на кантролі асноўныя напрамкі нашай дзейнасці ў Расійскай Федэрацыі. І перш за ўсё ў гандлі, - адзначыў Прэзідэнт. - Вы абсалютна паглыблены ў гэтыя праблемы. Ведаеце асноўныя праблемы, якія ў нас ёсць у беларуска-расійскіх адносінах. Прыйшоў да высновы, што з усіх кандыдатур, якія прапаноўвалі, напэўна, вы адпавядаеце таму, каб працаваць у Расіі".
"Мы часта гаворым, што пасольства ў Расіі - гэта не проста пасольства. Гэта другі Урад. Таму што гэта асноўны наш рынак, дзе мы прадаём сваю прадукцыю. І гэта асноўная краіна, якая інвесціруе ў нашу, дапамагае нам заўсёды. Гэта наша Расія. Таму абы-каго туды не адправіш. І ўзровень павінен быць адпаведны, і веды, і жаданне працаваць. Таму спыніліся на вашай кандыдатуры", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы, Юрый Міхайлавіч, прысутнічалі на сустрэчах, нават на самым высокім узроўні, і добра ведаеце праблемы, якія ў нас ёсць і могуць быць, якія трэба вырашаць. Улічваючы вашу рухавасць, гэта тое, што мне патрэбна", - даў наказ беларускі лідар.
Што датычыцца былой працы Юрыя Селіверстава на пасадзе Міністра фінансаў, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не мае да яе прэтэнзій. "Разумеючы, што вы такі спакойны чалавек, я заўсёды стараўся вас падштурхоўваць, каб вы, не дай бог, лішняе каму-небудзь з бюджэту не аддалі, - з доляй гумару заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Хоць такіх фактаў у нас не было".
Уладзіслаў Татарыновіч да назначэння Міністрам фінансаў працаваў на пасадзе намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
"Ён "грашовы чалавек". Ён добра ведае фінансавую работу. І я так адчуваю, што ўсё ж у парламенце крыху яму цеснавата. Гэта, можа, нават не яго месца і не яго справа. І падумаў аб тым, што паспрабуем яго на канкрэтнай, але вядомай яму рабоце. Ён жа выхадзец поўнасцю з гэтых грошай - у Міністэрстве фінансаў працаваў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Чалавек умее і ведае тэму. Чаму б не скарыстацца яго гэтымі ведамі? Вельмі спадзяюся, што Уладзіслаў Вікенцьевіч, пакуль ён будзе тут працаваць, падрыхтуе добрых вучняў, якія падрастуць побач з ім. І мы заўсёды зможам, калі гэта будзе неабходна, вылучаючы яго на новую пасаду, яго вучням прапанаваць гэту работу", - даў наказ беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кандыдатуру Уладзіслава Татарыновіча ў тым ліку рэкамендаваў і станоўча ацаніў былы Міністр Юрый Селіверстаў. "Калі станоўча, значыць, чалавек зможа працаваць Міністрам фінансаў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Наогул, грошы ён любіць, умее лічыць іх - дзяржаўныя грошы. І ўпэўнены, што свята будзе сцерагчы капейку і раскідвацца не будзе гэтымі грашыма".


