Прыём ад імя Прэзідэнта на стары Новы год
- 14
- 11:29
Беларусы заўсёды будуць выбудоўваць сваю палітыку і ўклад жыцця самастойна. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 студзеня на прыёме ад імя Прэзідэнта на стары Новы год.
"Дарагія сябры! Завяршаюцца зімовыя святы. Камусьці на жаль, мне асабіста на шчасце. Мы сустрэлі, трэба сказаць, гэтыя святы дастойна і прыгожа. У дамашняй утульнасці і цяпле, за святочным сталом, але галоўнае - пад мірным беларускім небам. Традыцыйна дзякую ўсім вам за працу, за вашу пазіцыю, якая ў гэты няпросты час з'яўляецца надзейнай апорай нашай дзяржаве, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І, вядома, дзякуй за вашы творчасць і талент (у гэтай зале сёння, як я разумею, выключна таленавітыя і творчыя людзі). Без гэтых дараваным вам Богам якасцей навагоднія і калядныя дні не былі б такімі яркімі і цікавымі . Калі краіна адпачывала, вы працавалі. На дзіцячых ранішніках, вулічных пляцоўках, у тэлеэфіры. Таму сённяшні вечар - гэта ваша свята! Вы гэта свята заслужылі".
На прэзідэнцкі прыём былі запрошаны журналісты, палітолагі, артысты, спартсмены, прадстаўнікі розных прафесій і сфер дзейнасці, вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў.
"Словам, людзі, паглыбленыя ў палітычнае жыццё краіны і свету. Людзі, якія, скажу прама, робяць гэту палітыку і ствараюць гэты свет. Скажу вельмі канкрэтна: які нам ні навязвалі б інфармацыйны або іншы парадак дня, сваю палітыку і ўклад жыцця мы, беларусы, заўсёды выбудоўвалі і будзем выбудоўваць выключна самастойна. Вось ад усіх нас, каля трох соцень прысутных тут, залежыць, якой будзе наша краіна і якое будзе жыццё на нашай зямлі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Ніякія знешнія абставіны і пагрозы не зменяць нашы мэты. Наш выбар - стварэнне".
"Мы мэтанакіравана ішлі ад Года народнага адзінства да Года гістарычнай памяці, ведаючы, што першае проста немагчыма без другога і наадварот. Гэтак жа немагчымы і вобраз будучыні - добрай, светлай - без такіх паняццяў, як мір і стварэнне. Менавіта такім мы хочам бачыць 2023 год - Годам міру і стварэння. І не толькі на сваёй зямлі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што сёння гэта разумеюць нават тыя, хто яшчэ ўчора проціпастаўляў сябе дзяржаве, выступаў супраць, як яны кажуць, "рэжыму". "А сёння яны бачаць у такім рэжыме сваё выратаванне. Працэнтаў 90 тых. Я ўжо гаварыў аб гэтым у храме: мы да гэтага гатовы. У якой форме гэта будзе, які шлях яны павінны прайсці назад да сябе дадому - вам вызначаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Дарагія сябры! У вас і мільёнах такіх, як вы, сапраўдных патрыётах, я абсалютна сёння ўпэўнены. Таму паўтару тое, што сказаў 7 студзеня: гэты год павінен быць абавязкова лепшым. Мы гэта паабяцалі людзям", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на прыёме ад імя Прэзідэнта на стары Новы год уручыў узнагароды журналістам і работнікам культуры.
"Вы ўсе вялікія малайцы! Але я ведаю, што ваш творчы патэнцыял яшчэ далёка не вычарпаны. Час патрабуе вялікай дынамікі ад кожнага з нас. І я спадзяюся, што мы, ужо адсвяткаваўшы па новым стылі Новы год, капітальна ўвязаліся ў вырашэнне тых задач, якія мы павінны вырашыць у гэтым годзе. Гэта значыць мы пачалі сур'ёзна працаваць. Вельмі на гэта разлічваю, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І я жадаю вам пастаянна адкрываць у сабе новыя грані, заваёўваць новыя вышыні прафесіі, старацца быць хаця б на адзін крок наперадзе таго самага бягучага моманту, аб якім мы гаворым".
Прэзідэнт заявіў, што ўручае заслужаныя ўзнагароды з пачуццём вялікай гордасці і шчырай удзячнасці. "Мы не забылі, што ёсць самыя-самыя. І вось частку самых-самых мы сёння з вамі адзначым", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
За плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай журналістыкі і тэлебачання, выдатныя дасягненні ў сферы тэатральнага і музычнага мастацтва медаля Францыска Скарыны ўдастоены начальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Беларусі Беларускага тэлеграфнага агенцтва Уладзімір Мацвееў, загадчык аддзела навін культуры галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Міхаіл Равуцкі, саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча Андрэй Коласаў, а таксама галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Ганна Маторная і саліст - вядучы майстар сцэны гэтага тэатра Дзмітрый Шабеця.
Васьмі работнікам СМІ аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта за значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, высокі прафесіяналізм, аб'ектыўнае і ўсебаковае асвятленне падзей грамадска-палітычнага і сацыяльна-культурнага жыцця краіны.
Падзякі Прэзідэнта ўдастоены трое супрацоўнікаў галоўнай дырэкцыі "Агенцтва тэлевізійных навін" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі: загадчыца аддзела рэпарцёраў Настасся Бенедзісюк, намеснік загадчыка аддзела палітычных аглядальнікаў Ілона Красуцкая і загадчыца аддзела выпуску Ірына Якаўлева.
Акрамя таго, Падзякай Прэзідэнта адзначаны заслугі намесніка дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Святланы Кнутавай і дырэктара дырэкцыі ранішняга вяшчання гэтага тэлеканала Таццяны Рудакоўскай, начальніка аддзела падтрымкі і развіцця інтэрнэт-рэсурсаў Беларускага тэлеграфнага агенцтва Наталлі Ярэміч, начальніка аддзела па радыёвяшчанні "Альфа Радыё" выдавецкага дома "Беларусь сегодня" Вадзіма Шэпета, загадчыка аддзела дызайну камп'ютарнай графікі дырэкцыі тэлевытворчасці ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Дзмітрыя Галоўчыца.