Наведванне СЗАТ "БЕЛДЖЫ"
- 29
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Барысаўскі раён 19 студзеня наведаў СЗАТ "БЕЛДЖЫ".
Верталёт Прэзідэнта прызямліўся на тэрыторыі прадпрыемства. Побач - вялікая паркоўка з гатовымі аўтамабілямі. Адсюль і першае лагічнае пытанне ад Аляксандра Лукашэнкі: кажуць, на куплю аўтамабіляў чарга, а тут забіты склад.
Як запэўнілі Кіраўніка дзяржавы, аўто, якія знаходзяцца на паркоўцы, - гэта толькі трохдзённы аб'ём вытворчасці. Прадукцыя пастаўляецца пакупнікам як у Беларусі, так і ў Расіі. У дылераў у Беларусі цяпер знаходзіцца каля 800 аўтамабіляў.
Як было даложана Аляксандру Лукашэнку, айчыннае аўтамабілебудаванне ў цэлым дэманструе добрыя вынікі работы. Напрыклад, у 2023 годзе ўдалося дасягнуць максімальнага за больш як 20 гадоў аб'ёму экспарту. Рэалізуецца маштабная інвестыцыйная праграма, у тым ліку з удзелам расійскага боку, які ў цяперашніх умовах вельмі зацікаўлены ў прадукцыі айчыннага аўтапрама і гатовы фінансаваць адпаведныя праекты. Паколькі ў Беларусі ёсць і вытворчыя магутнасці, і спецыялісты, якія маюць пэўныя кампетэнцыі.
"Трэба гэтым скарыстацца. Рынак ёсць, мы запатрабаваны, - сказаў Прэзідэнт. - Яны хочуць з намі мець справу. У нас ёсць кампетэнцыі, мы іх захавалі. Трэба гэтым скарыстацца, тым больш грошы даюць: "Калі ласка, рабіце".
Вялікім попытам на рынку карыстаецца і беларускі электратранспарт. У краіне рэалізуюцца два пілотныя праекты па пераводзе пасажырскага транспарту на электратранспарт у Жодзіне і Шклоўскім раёне з развіццём адпаведнай інфраструктуры. Завяршэнне рэалізацыі праектаў і пастаўка электратранспарту плануецца ў 1-м квартале 2024 года. Мэта заключаецца ў паэтапным нарошчванні выкарыстання электрычнай энергіі ў пасажырскіх перавозках, зніжэнні ўзроўню забруджвання паветра, адпрацоўцы на практыцы існуючых у краіне кампетэнцый у вытворчасці электратранспарту і зарадных станцый.
"Гэта правільна. Трэба на месцах людзям паказваць, што гэта перспектыва і ў гэтым напрамку трэба працаваць", - ацаніў праект Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў спецыялістаў, вытворцы электратранспарту закантрактаваны на бягучы год і цяпер заключаюць кантракты на 2025-ы, прадукцыя вельмі запатрабавана.
"Значыць, і я не памыліўся, калі было прынята рашэнне аб будаўніцтве завода па вытворчасці аўтобусаў. Трэба было б толькі хутчэй, пакуль попыт ёсць, пабудаваць", - заўважыў Прэзідэнт.
Гаворачы пра аўтамабілебудаванне ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка вобразна выказаўся, што ў гэтым плане "мы - птушка, якая ляціць не на адным крыле, а на паўтара крылах". Ён растлумачыў, што ў краіне вырабляюць грузавікі, самазвалы, аўтобусы, але менш развіта была вытворчасць легкавых аўто. "У гэтай лінейцы павінен быць легкавы аўтамабіль. Гэта для людзей. Нам трэба дайсці да кожнага чалавека. Чарга шалёная. Людзі хочуць купляць гэты аўтамабіль. Урада галоўная задача і міністра - кроў з носа задаволіць попыт. Пажадана, каб мы задавальнялі гэты попыт. У адваротным выпадку - прыйдуць канкурэнты. Таму трэба, наколькі гэта магчыма, павялічваць вытворчасць легкавога транспарту", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Цяпер вытворчасць легкавых аўто развіваецца ў Беларусі ў асноўным па двух напрамках. Па-першае, гэта СЗАТ "БЕЛДЖЫ". Другі напрамак, які нядаўна з'явіўся, - супрацоўніцтва з кітайскім вытворцам FAW па марцы "Хунцы".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць развіцця супрацоўніцтва з кітайскімі партнёрамі, якія маюць сучасныя кампетэнцыі ў аўтамабілебудаванні: “Гэта высокага ўзроўню вытворчасці. Таму з Кітаем трэба супрацоўнічаць, у іх вучыцца і пераймаць усё, што можна”.
Але для вытворцаў у Беларусі застаецца адно пытанне - лакалізацыя. "Нам трэба самім вырабляць больш", - сказаў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Кіраўніку дзяржавы было даложана аб планах "БЕЛДЖЫ" па мадэрнізацыі завода для павелічэння яго магутнасцей. Цяпер попыт на яго прадукцыю даволі высокі. Так, за год прададзена амаль 68 тыс. аўтамабіляў, аб'ёмы продажаў на ўнутраным рынку выраслі ў тры разы, а на расійскім рынку - у два разы.
Улічваючы планы па нарошчванні аб'ёмаў вытворчасці і спецыфіку аўтамабілебудавання, заводу "БЕЛДЖЫ" патрэбны прафесійныя кадры. За апошні год колькасць супрацоўнікаў узрасла з 1,2 тыс. да 1,5 тыс. чалавек. Але нават такой колькасці працоўных рук не заўсёды хапае, таму кіраўніцтва прадпрыемства звярнулася да Прэзідэнта з просьбай адрэгуляваць некаторыя палажэнні Працоўнага кодэкса, якія цяпер накладваюць пэўныя абмежаванні нават пры наяўнасці згоды работніка і двайной аплаты. Кіраўнік дзяржавы даручыў тэрмінова ўнесці прапановы для выпраўлення сітуацыі.
На "БЕЛДЖЫ" Аляксандру Лукашэнку далажылі аб выніках работы Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрства прамысловасці ў частцы распрацоўкі і стварэння электрамабіля на базе платформы аўтамабіля "БЕЛДЖЫ", а таксама прадэманстравалі доследныя ўзоры.
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тэрмінах запуску вытворчасці айчыннага электрамабіля, падкрэсліўшы, што часу на разварушванне няма і трэба шавяліцца, пакуль у свеце трэнд на такія машыны і попыт расце.
"Мінімум за колькі часу мы можам гэта зрабіць?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы. Выслухаўшы тлумачэнні адказных асоб, Прэзідэнт устанавіў тэрмін да пачатку наступнага года. "Ваша задача - да 1 студзеня 2025 года вы павінны ў асноўным усё гэта зрабіць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
Задача, пастаўленая Кіраўніком дзяржавы, даволі напружаная, паколькі раней тэрміны для распрацоўкі і вытворчасці айчыннага электрамабіля былі вызначаны ў межах 2021-2025 гадоў.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з вытворчасцю аўтамабіляў, наведаў цэхі.
Увазе Прэзідэнта падчас наведвання СЗАТ "БЕЛДЖЫ" была прадстаўлена выстаўка з узорамі прадукцыі гэтага прадпрыемства, а таксама СП ЗАТ "Юнісан", электратранспартам вытворчасці прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці і НАН Беларусі. Гэта, напрыклад, прататып самазвала БЕЛАЗ, які працуе на вадародзе, турыстычны аўтобус МАЗ, доследны ўзор гібрыднага седлавога цягача MAZ-X, сучасны электробус, легкавыя аўтамабілі маркі "HONGQI" (Хунцы), доследны ўзор айчыннага электрамабіля.
Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з работнікамі СЗАТ "БЕЛДЖЫ".
"Прадпрыемства адбылося. Не будзем сябе перахвальваць: вялікі шлях нам яшчэ трэба прайсці (у пытанні лакалізацыі вытворчасці. - Заўвага), каб не цягаць камплектуючыя з усяго свету і перш за ўсё дружалюбнага нам Кітая. Дзякуй ім, што дапамаглі нам стварыць такое прадпрыемства. Цяпер мы ўжо гатовы, каб рабіць аўтамабіль максімальна беларускі. Мы глядзелі шэраг камплектуючых, за якія нашы прадпрыемствы ўзяліся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Перспектыва - каб мы пабудавалі тут (як мы яшчэ тады планавалі, калі адкрывалі завод) кузаўны цэх і штампавалі кузавы тут. Напэўна, няма ў свеце такой кампаніі, якая (усе. - Заўвага) камплектуючыя вырабляла б у адной краіне, самалёт гэта ці аўтамабіль... Вялікая кааперацыя, кааперацыя доўгая. Але ў сувязі з тым, што свет ашалеў, канкурэнцыя даходзіць да ваенных дзеянняў, нам трэба разлічваць перш за ўсё на дружалюбныя краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Адна з галоўных сусветных тэндэнцый цяпер - вытворчасць аўтамабіляў на чыстай электрычнай энергіі. Гэта не толькі непасрэдна электрамабілі, але і гібрыдныя.
"Свет нам дэманструе, куды рухацца. І мы вызначыліся, што і мы гэтым шляхам павінны ісці, але мадэрнізуючы і ўдасканальваючы гэту вытворчасць, - адзначыў беларускі лідар. - Вядома, мы будзем садзейнічаць таму, каб развіваць і мадэрнізаваць гэта прадпрыемства. На чарзе ў нас цэх, які будзе адліваць пластмасавыя вырабы. Мы будзем яго тут рабіць. Што не зробім - будуць рабіць іншыя прадпрыемствы. І перавага нашай сістэмы ў тым, што ў нас практычна гэта ўсё дзяржаўныя прадпрыемствы. І калі нехта там не туды глядзіць, то мы накіроўваем туды, куды трэба, каб працаваць на канчатковы вынік".
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў плане лакалізацыі пры вытворчасці айчынных аўтамабіляў будзе рабіцца не толькі ўсё, што магчыма, але таксама ўлічаць, каб пры гэтым прадукцыя была канкурэнтаздольная на рынку.
"Далей - толькі наперад! Мы будзем вырабляць тыя аўтамабілі, якія карыстаюцца попытам і якія вы выпускаеце цяпер, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мэта майго прыезду - перспектыва. Пакуль я Прэзідэнт, мы гэты завод не кінем. Гэта маё дзіця часткова. Будзем яго ўдасканальваць, развіваць, абучаць і гэтак далей. Гэта наш здабытак. Мы гэта зрабілі, і будзем рухацца наперад".
Прэзідэнт падзякаваў кіраўніцтву прадпрыемства і работнікам за тое, што яны на гэтым этапе зрабілі шмат, каб людзі сталі ў чаргу за выпускаемымі аўтамабілямі.
"Мы будзем вас усяляк падтрымліваць. Толькі працуйце сумленна, дысцыплінавана", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама выказаў пажаданне, каб у далейшым была пераемнасць у калектыве завода: "Зрабіце так, каб вашы дзеці імкнуліся на гэту вытворчасць. Каб яны тут раслі, станавіліся інжынерамі, кіраўнікамі. Нам гэта вельмі патрэбна".
У час сустрэчы з працоўным калектывам Прэзідэнт адказаў на пытанні аб магчымасці далейшага прадаўжэння праграмы льготнага крэдытавання айчынных аўтамабіляў.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта праграма ў свой час была прынята, каб раскруціць вытворчасць. Дзейнічае яна і ў гэтым годзе.
Але, гаворачы аб некаторай перспектыве, Прэзідэнт выказаў пазіцыю, што такое льготнае крэдытаванне трэба будзе спыняць, паколькі гэтыя сродкі, якія траціць дзяржава, запатрабаваны і па іншых важных для грамадства напрамках. "Я прыхільнік таго, каб пакрыху яго згортваць. Таму што грошы вы ці тыя, хто купляе, бяруць нечыя. У выніку гэта зводзіцца да бюджэту. Ну а што, у нас бюджэтныя грошы няма куды траціць, у нас багатыя настаўнікі, урачы, пенсіянеры? - растлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. - Каб стварыць гэта прадпрыемства і раскруціць попыт, я пайшоў на тое, каб прадаставіць гэту праграму".
Аднак цяпер эканоміка вытрымлівае гэту дадатковую нагрузку. "Пакуль мы не адмяняем яе (праграму крэдытавання. – Заўвага). Будзем глядзець, як вы будзеце працаваць, будзем лічыць грошы. І калі сітуацыя будзе больш-менш цярпімая, мы будзем гэтай праграмы прытрымлівацца. Але ў такой сітуацыі, калі чарга стаіць за аўтамабілямі, гэта няправільна. Нідзе ў свеце гэтага няма. Мэта мая была даць грошы (ільготы фактычна) і раскруціць попыт. Мы гэтай мэты і дасягнулі - попыт шалёны. Трэба гэтыя механізмы адмяняць. Пакуль не будзем. Так, гэта выгадна для людзей, але гэта не вельмі вялікія грошы. Пакуль эканоміка наша церпіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанне аб бяспецы краіны з прычыны нядаўна прадстаўленых увазе Прэзідэнта праектаў абноўленых Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны. Ці дастаткова мер у гэтых дакументах для захавання міру і спакою ў краіне?
"Мір дорага каштуе. За яго трэба плаціць. Але вы можаце не перажываць. Мы ніколі, наш народ і дзяржава, не былі так абаронены, як цяпер. Як яно будзе, калі, не дай бог, успыхне вайна, гэта ўжо ўсё будзе залежаць ад нас. Сістэма выбудавана, ёсць Узброеныя Сілы, мабілізацыйны рэзерв, тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэнне. Усё выбудавана. Узбраенне, боепрыпасы на месцах раздадзены, складзіраваны. На гэтым этапе ўсяго дастаткова", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца названых дакументаў, Прэзідэнт канстатаваў, што свет мяняецца, а таму трэба і нацыянальнае заканадаўства прыводзіць у парадак. "Дайце мне эканоміку, а мір я забяспечу", - нагадаў беларускі лідар аб сваім нязменным тэзісе і патрабаваннях як да Урада, так і работнікаў на прадпрыемствах.
Кіраўнік дзяржавы ў плане вырашэння пытанняў бяспекі асабліва адзначыў супрацоўніцтва з Расіяй. "Як толькі ў Беларусі з'явілася ядзерная зброя - усе крылы апусцілі. І суседзі, ашалелыя нашы, і іншыя. Хоць не дай бог не толькі мне, але і новаму пакаленню палітыкаў думаць аб прымяненні гэтай ядзернай зброі. Гэта страшная зброя", - сказаў ён.
Беларусь раней атрымала ад Расіі ракетныя комплексы "Іскандэр", развівае ўласны ваенна-прамысловы сектар, захаваўшы навуковыя і вытворчыя школы, якія засталіся яшчэ з часоў СССР. Усё гэта з'яўляецца дадатковым фактарам стрымлівання. "Беднавата жылі, людзям было няпроста. Але я ведаў, што трэба гэта зберагчы. Таму што гэта будучыя працоўныя месцы, перспектыўныя. Космас, атамная станцыя. Мы раней гэтым наогул не займаліся. Гэта значыць, узровень адукацыі нашых людзей вельмі высокі", - адзначыў Аляксандр. Лукашэнка.
Адзін з работнікаў “БЕЛДЖЫ”, у якога трое дзяцей, спытаў у Прэзідэнта, як уберагчы іх ад негатыўнага ўплыву інтэрнэту.
Як аказалася, тэма блізкая і Кіраўніку дзяржавы, малодшы сын якога таксама праводзіць дастатковую колькасць часу ў інтэрнэце. "Малодшы пастаянна там. Але карысці ад яго шмат. Ён мне прыносіць усю інфармацыю: "Тата, паглядзі, народ піша", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, перш за ўсё трэба забяспечыць занятасць дзяцей, загрузіць іх, каб менш часу заставалася "сядзець у інтэрнэце". "Трэба, каб дзіця было ў жыцці задзейнічана так, каб у яго не было часу для гэтага", - падкрэсліў Прэзідэнт.
І ў гэтым плане вельмі важны асабісты прыклад бацькоў, задача якіх - далучаць дзяцей да працы, а не гадаваць іх распешчанымі. "Ты сам павінен паказаць свайму дзіцяці, якім яно павінна быць, (паводле прынцыпу. - Заўвага) рабі як я, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Ні ў якім разе не песціце дзяцей, зрабіце так, каб яны былі занятыя, каб яны працавалі. Трэба далучаць да працы нашых дзяцей".
Акрамя таго, не трэба наўмысна агароджваць дзяцей ад цяжкасцей, упэўнены Прэзідэнт, таму што праз іх пераадоленне фарміруецца характар, прыходзіць разуменне, як уладкавана жыццё. "Ад цяжкасцей іх не трэба адводзіць і аберагаць. Няхай яны адчуюць цяжкасці", - параіў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца яўна процізаконнага кантэнту, то тут пазіцыя Прэзідэнта адназначная: такую інфармацыю трэба абмяжоўваць. І ў бліжэйшы час у гэтай сферы будуць дадатковыя меры абароны.