Перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам
- 16
- 5:24
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня ў Цяньцзіні правёў перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.
Кіраўнік беларускай дзяржавы высока ацаніў вынікі развіцця Кітая. "Шмат хацелася сказаць, абдумваючы напярэдадні гэту сустрэчу. Але калі бываеш недзе, бачыш каласальныя змяненні літаральна за паўгода-год, - забываеш аб тым, што хацеў сказаць. Вы проста малайцы - гіганцкае развіццё Кітайскай Народнай Рэспублікі! Арганізацыя, дысцыпліна, усё па месцы, ніхто дарэмна нідзе не ходзіць. Людзі займаюцца канкрэтнай справай. Я ў гэтым бачу вялікі поспех вашай дзяржавы і вялікі поспех вашага кіраўніцтва, вашых калег у Кітаі. Усе астатнія пытанні проста гаснуць перад тым, што вы ствараеце ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што напярэдадні візіту расказаў кітайскім журналістам, як яшчэ ў часы Цзян Цзэміня (быў Старшынёй КНР з 1993 па 2003 год) прыязджаў у Кітай і на парадку дня стаяла адно пытанне: "Тэхналогіі, тэхналогіі, тэхналогіі". "Я памятаю, мы перадавалі пэўныя тэхналогіі КНР, а цяпер мы вучымся ў вас поўнасцю па ўсіх напрамках. Ад ваенна-прамысловага комплексу да тавараў народнага спажывання", - адзначыў Прэзідэнт.
"Таму вось такія добрыя ўражанні адводзяць на другі план усё, аб чым ты думаеш глабальным. А вы робіце глабальнае з простага. Я вас віншую", - дадаў беларускі лідар.
"Асабіста я прыйшоў ужо да таго, што і ў палітычным уладкаванні дзяржавы мы павінны ў вас нешта пераняць. Некалі Савецкі Саюз і Кітай вельмі дружна выбудоўвалі тую мадэль, якую вы цяпер не страцілі, якая ў вас дзейнічае пры арганізацыі і кіраўніцтве Кітайскай Народнай Рэспублікай. Мы, на жаль, многае страцілі. І сёння ўжо той, хто над гэтым думае сур'ёзна, разумее, што мы вельмі многае страцілі", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Я вас віншую, што вы па-кітайску мудра, акуратна, без рэвалюцый і ўзрушэнняў ведзяце сваю краіну да той мэты, якую вы вызначылі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня КНР Сі Цзіньпін у час перагавораў прапанаваў у супрацоўніцтве з Беларуссю сканцэнтравацца на развіцці прадукцыйных сіл новай якасці.
"Сёння, калі ў свеце адбываюцца вельмі глыбокія перамены, чалавецтва зноў знаходзіцца на раздарожжы. Мы гатовы з нашымі беларускімі партнёрамі разам выконваць місію часу, ператвараць у жыццё сапраўдную шматбаковасць дзеля міру, развіцця, супрацоўніцтва і ўсеагульнага выйгрышу ва ўсім свеце", - сказаў кітайскі лідар.
Ён адзначыў, што кітайска-беларускія адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства развіваюцца на высокім узроўні. "У чэрвені мы з вамі сустрэліся ў Пекіне, вырашылі і ў далейшым паглыбляць шматпланавае двухбаковае супрацоўніцтва. Прапануем на аснове плённых вынікаў, дасягнутых у рамках гадоў супрацоўніцтва ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый сканцэнтравацца на развіцці прадукцыйных сіл новай якасці ў інтарэсах развіцця нашых краін", - заявіў Старшыня КНР.
Кітайскі лідар адзначыў, што ў Кітаі гэтымі днямі пройдзе не толькі саміт ШАС, але і юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя 80-годдзю перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэнню Другой сусветнай вайны. Прэзідэнт Беларусі будзе прысутнічаць на парадзе, які пройдзе на плошчы Цяньаньмэнь.
"У гады вайны кітайскі і беларускі народы змагаліся плячо ў плячо, унеслі важкі гістарычны ўклад у разгром мілітарызму і фашызму, змацаваўшы паміж сабой непарушную дружбу", - падкрэсліў Сі Цзіньпін.


