Пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД
- 6
- 7:46
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 снежня прыняў ўдзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі.
Лідары Беларусі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана абмеркавалі ўзаемадзеянне ў рамках СНД (на гэты раз на саміце не прысутнічаў прадстаўнік Арменіі).
Як растлумачыў Старшыня Выканкама СНД Сяргей Лебедзеў, напярэдадні Выканкам СНД атрымаў ноту з МЗС Арменіі, у якой паведамлялася, што з-за непрадбачаных акалічнасцей Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян не зможа прыняць удзел у саміце. Сяргей Лебедзеў растлумачыў, што прадстаўнікі Арменіі прымалі ўдзел у дэталёвай прапрацоўцы дакументаў, якія прапануюцца для разгляду на саміце, таму пасля ўзгаднення кіраўнікамі дзяржаў дакументы будуць накіраваны ў Ерэван для падпісання армянскім бокам.
У пачатку свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Узбекістана Шаўкату Мірзіёеву за актыўную і плённую дзейнасць Узбекістана ў якасці краіны, якая старшынствуе ў СНД у гэтым годзе. "Аддаю належнае прафесіяналізму нашых узбекскіх сяброў, якія вымушаны выконваць сваю місію ў такой пажаранебяспечнай абстаноўцы. Аб адным з пажараў, які ўспыхнуў на постсавецкай прасторы ў зоне адказнасці СНД, толькі што гаварыў наш сябар Прэзідэнт Азербайджана. Не забывайце аб падзеях у Беларусі, Кыргызстане, ва Украіне сёння хапае праблем. Адным словам, пажар ды і толькі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Умацаванне інтэграцыйных механізмаў на постсавецкай прасторы - не пытанне выбару, а непазбежная неабходнасць. Лічу, што аб выгадах можна будзе гаварыць толькі тады, калі мы поўнасцю раскрыем патэнцыял нашай Садружнасці. Гэта стане адным з галоўных прыярытэтаў беларускага старшынства ў СНД у наступным годзе, калі мы прымем тут адпаведнае рашэнне, якое ўжо ўзгоднена", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што канцэпцыю свайго старшынства Беларусь традыцыйна абнародуе пазней, але асноўныя яе контуры ён абазначыць цяпер.
"Мы маем намер сканцэнтраваць увагу на ўзмацненні ролі Садружнасці для паляпшэння ўзроўню жыцця насельніцтва, на вырашэнні праблем, выкліканых глабалізацыяй і новымі выклікамі сучаснасці", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Асноўны акцэнт беларускі бок плануе зрабіць на развіцці агульнай эканамічнай прасторы, лібералізацыі гандлю, скарачэнні да мінімуму абмежаванняў і выключэнняў, устараненні тэхнічных бар'ераў, уніфікацыі правіл і працэдур дзяржзакупак, фарміраванні агульных рынкаў тавараў і паслуг.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена рабоце па спалучэнні шматузроўневых інтэграцыйных працэсаў у СНД і ЕАЭС. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што пры больш цесным супрацоўніцтве выканаўчых органаў гэтых двух аб'яднанняў краіны змогуць значна ўмацаваць свае сувязі. "Як мінімум мы не павінны дапусціць сітуацыю, калі больш глыбокая інтэграцыя ў Еўразійскім эканамічным саюзе павернецца нейкай раздзяляльнай лініяй у гандлёва-эканамічных адносінах "пяцёркі" і іншых краінах Садружнасці", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на постсавецкай прасторы ў свой час было створана шмат інтэграцыйных структур. Былі прапановы спыніць дзейнасць некаторых з іх або аб'яднаць, але на гэта краіны не пайшлі. "Гэта інтэграцыйнае будаўніцтва ахарактарызавалі як рознаўзроўневую інтэграцыю. Самы высокі ўзровень, вядома ж, у саюзе Беларусі і Расіі (Саюзнай дзяржаве), Еўразійскім эканамічным саюзе і СНД. І тады мы дамовіліся, што будзем знізу ўверх падцягваць узровень супрацоўніцтва. Вось у дадзеным выпадку размова ідзе аб СНД і Еўразійскім эканамічным саюзе - каб у рамках СНД стварыць такі ж узровень супрацоўніцтва, хаця б як у ЕАЭС", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, таксама трэба прадоўжыць сістэмнае і паслядоўнае ўдасканаленне скаардынаванай транспартнай палітыкі, пошук канкрэтных рашэнняў па пастаўках энергарэсурсаў. "Бачым неабходнасць павышэння эфектыўнасці работы міжгаліновых органаў СНД, накіраванай на актывізацыю інвестыцыйнай дзейнасці, пашырэнне вытворчай кааперацыі, пошук агульных кропак эканамічнага росту", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка згадаў выказаную на саміце прапанову Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, які запрасіў краіны СНД прыняць удзел у аднаўленні населеных пунктаў у Нагорным Карабаху. На нядаўнім саміце ЕАЭС кааперацыю ў авіябудаванні прапанаваў і расійскі бок, нагадаў беларускі лідар. "Гэта якраз тое, што нам сёння патрэбна, чаго не хапае і ў ЕАЭС, і ў СНД. Каб інтарэс быў, каб мы прывязваліся адзін да аднаго: тады будзе вельмі складана адарваць адну дзяржаву ад другой", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Важнай задачай Аляксандр Лукашэнка лічыць і правядзенне ўзгодненай палітыкі ў галіне тэхнічнага рэгулявання стандартызацыі, метралогіі, ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі, прымянення санітарных і ветэрынарных мер як важных сродкаў забеспячэння выпуску бяспечных, якасных і канкурэнтаздольных прадукцыі і паслуг.
Традыцыйна Беларусь будзе ўдзяляць вялікую ўвагу ўмацаванню гуманітарных сувязей, пашырэнню кантактаў у навуковых галінах, сферах адукацыі, аховы здароўя, інфармацыі, культуры, спорту і турызму, работы з моладдзю, павышэнню іміджу Садружнасці на міжнароднай арэне. У час старшынства ў СНД беларускі бок таксама паспрабуе ажыццявіць і ініцыятывы Узбекістана, якія краіна не паспела рэалізаваць у адыходзячым годзе.
"Наша стратэгічная мэта - стварэнне шырокай еўразійскай зоны супрацоўніцтва, а таксама ўмацаванне міру, дружбы, добрасуседства і ўзаемавыгадных адносін у рэгіёне", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, што б ні гаварылі скептыкі, адбылася і стала адным з эфектыўных інструментаў забеспячэння рэгіянальнай стабільнасці. Разам з тым ён лічыць, што гэты інструмент мае патрэбу ва ўдасканаленні, паколькі пастаянна з'яўляюцца новыя выклікі. Яркім прыкладам, адзначыў Прэзідэнт, стала абвастрэнне сітуацыі ў Нагорным Карабаху.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў сённяшніх няпростых умовах асаблівую важнасць набывае няўхільнае выкананне ўзятых на сябе краінамі СНД абавязацельстваў. "Не будзем выконваць тое, аб чым мы дамовіліся, ніякіх у нас не будзе ні саюзаў, ні ў далейшым дамоўленасцей. Рэалізацыя гэтых дамоўленасцей не павінна быць справай густу або асабістых пераваг - за намі мільёны людзей", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт заявіў, што Беларусь заўсёды прытрымлівалася і будзе прытрымлівацца такіх прынцыпаў. "Упэўнены, што, старшынствуючы ў Садружнасці, пры вашай падтрымцы мы зможам рэалізаваць намечаныя планы і значна рушыць наперад ва ўсебаковым умацаванні дзяржаў - удзельніц Садружнасці, - сказаў беларускі лідар. - Мы можам стаць мацней толькі дзякуючы салідарнай адказнасці і з'яднанасці".
Аляксандр Лукашэнка запэўніў калег па СНД, што беларускі бок выпрацуе канкрэтныя напрамкі і меры па паглыбленні інтэграцыі на прасторы Садружнасці і накіруе іх ва ўсе дзяржавы.
Савет кіраўнікоў дзяржаў СНД у час анлайн-пасяджэння зацвердзіў Канцэпцыю далейшага развіцця Садружнасці ў новай рэдакцыі і план асноўных мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.
Як растлумачыў Старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, дзеючая канцэпцыя была прынята ў 2007 годзе. Але нягледзячы на тое, што яе ключавыя палажэнні актуальныя і сёння, надышоў час яе абнавіць.
"Асобныя нормы дакумента запатрабавалі прывядзення ў адпаведнасць з сучасным узроўнем шматбаковага супрацоўніцтва і дакументамі, прынятымі ў СНД, - сказаў ён. - Новая рэдакцыя фіксуе, што асноўнай задачай СНД з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці яе дзейнасці, у тым ліку шляхам забеспячэння выканання дзяржавамі ўзятых абавязацельстваў, маніторынгу іх рэалізацыі".
Ключавым прыярытэтам у дакуменце вызначана эканамічнае супрацоўніцтва. Вядучая роля павінна адводзіцца далейшаму развіццю зоны свабоднага гандлю, лічбавай эканомікі, уключаючы пытанні інфармацыйнай бяспекі. Адной з цэнтральных функцый СНД названа палітычнае ўзаемадзеянне.
Удзельнікі пасяджэння прынялі рашэнне аб тым, што Беларусь будзе старшынстваваць у Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2021 годзе. У якасці сустаршынь у Садружнасці ў наступным годзе будуць Узбекістан, які старшынстваваў у бягучым годзе, і Казахстан, якому павінна перайсці старшынства ў 2022 годзе пасля Беларусі.
Чарговае пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД беларускі бок прапанаваў правесці 15 кастрычніка 2021 года ў Мінску.
"Мы вельмі спадзяёмся, што наша чарговая сустрэча - у юбілейны год - пройдзе ўжо ў вочным фармаце ў цудоўным горадзе Мінску", - падкрэсліў, закрываючы пасяджэнне, Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў.