Пашыраны магчымасці для атрымання моладдзю льготных крэдытаў на куплю спажывецкіх тавараў

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 сакавіка падпісаў Указ № 95, якім удасканальваецца прадастаўленне маладым спецыялістам і моладзі ва ўзросце да 31 года льготных крэдытаў на набыццё дамашняй маёмасці.

    У адпаведнасці з дакументам павялічаны максімальны памер крэдытавання з Br5,5 тыс. да Br12,2 тыс. Пашыраны пералік даступных для набыцця ў крэдыт тавараў (цяпер ён уключае ўсе тавары беларускай вытворчасці).

    Права атрымання крэдыту распаўсюджана на выпускнікоў, якія самастойна працаўладкаваліся ў сельскіх населеных пунктах, атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю, а таксама добраахвотна паступілі на ваенную службу па кантракце.

    Пашырана кола арганізацый, працаўладкаванне ў якія дае права на атрыманне льготнага крэдыту (у яго ўключаны ўсе дзяржарганізацыі і арганізацыі з доляй уласнасці дзяржавы 50% і больш працэнтаў).

    У той жа час узмоцнена адказнасць крэдытаатрымальніка ў выпадку неадпрацоўкі абавязковага тэрміну па размеркаванні - будзе ажыццяўляцца пераразлік памераў працэнтаў за карыстанне крэдытам.