Наведванне 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады
- 29
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 ліпеня наведаў 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду.
Кіраўніку дзяржавы расказалі аб гісторыі фарміравання, прызначэнні і баявых магчымасцях міратворчай роты, прадэманстравалі розныя варыянты яе экіпіроўкі, узбраенне і ваенную тэхніку.
Нядаўна Прэзідэнт наведаў 38-ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду. Як растлумачыў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Вадзім Дзенісенка, у 103-й брыгадзе ў Віцебску ёсць міратворчае падраздзяленне. Тут служаць выключна кантрактнікі. Яны могуць выконваць задачы ў рамках місій ААН, АДКБ і праграмы НАТА "Партнёрства дзеля міру". У астатнім брыгады ідэнтычныя.
"Яшчэ адзін прыклад, якой павінна быць армія: кантрактная, тэрміновая служба і іншае. Там, дзе патрэбна, - яна ўся на кантракце. Там, дзе могуць служыць хлопцы тэрміновай службы, мы развіваем тэрміновую службу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пацікавіўся, ці ёсць у брыгадзе праблемы з наборам ваеннаслужачых на кантракт. Як запэўніў Вадзім Дзенісенка, жадаючых трапіць на кантракт у сілы спецыяльных аперацый шмат, таму тут вялікі конкурс.
Камандуючы ССА дадаў, што беларускія міратворцы вызначаюцца на ўсіх ваенных конкурсах, займаючы пераможныя і прызавыя месцы. Напрыклад, у мінулым годзе ваеннаслужачыя 103-й брыгады ўзялі серабро на прэстыжным спаборніцтве ва Уэльсе. Тады за перамогу змагаліся амаль 140 каманд з розных краін. У 2018 годзе віцебскія міратворцы сталі лепшымі на міжнародных спаборніцтвах пешых патрулёў Cambrian Patrol у Вялікабрытаніі. Беларускія дэсантнікі рэгулярна выйграюць медалі і на іншых міжнародных конкурсах.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся, што беларусы ніяк не могуць заваяваць золата ў танкавым біятлоне, і жартам прапанаваў пасадзіць дэсантнікаў на танк. "Я прасіў. Нам танкавы батальён не далі", - жартам адказаў Вадзім Дзенісенка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што армейскаму спорту ўдзяляе пільную ўвагу і сочыць за удзелам беларускіх ваенных на ўсіх конкурсах. "Там жа сядзяць аксакалы. Яны бачаць, што ў Беларусі ёсць армія і яна вось на такім узроўні. І з такой арміяй яны не хочуць ваяваць. Інакш кажучы, гэта дэманстрацыя і сцяга, і сілы", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер ідзе работа над новым законам аб дзяржаўнай службе. "Мы хочам дзяржаўных служачых давесці да ўзроўню ваенных. А чым дзяржслужба адрозніваецца? Часам яна нават важнейшая. Яны ж хочуць камандаваць арміяй, таму дзяржслужба павінна быць адпаведная", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Не менш сур'ёзныя патрабаванні, лічыць Кіраўнік дзяржавы, павінны прад'яўляцца і да пасады Прэзідэнта. Ён прапанаваў, каб у новай Канстытуцыі было прапісана яшчэ адно патрабаванне да тых, хто збіраецца заняць вышэйшую дзяржаўную пасаду: Прэзідэнтам можа быць толькі грамадзянін Беларусі, які адслужыў у арміі.
"Які ён Галоўнакамандуючы, калі не ведае, што такое армія. Будзе рот раскрыўшы хадзіць, ты яму скажаш СВД (снайперская вінтоўка Драгунова. - Заўвага), а ён падумае, што танк, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Не служыў у арміі, значыць, цябе там (на прэзідэнцкай пасадзе. - Заўвага) быць не павінна".
"Калі жанчына будзе прэтэндаваць, мы загадзя яе адправім у Віцебскую брыгаду, каб яна была падрыхтаванай і магла адрозніць БТР ад танка, БМП і гэтак далей", - жартам дадаў Кіраўнік дзяржавы.
У 103-й брыгадзе Прэзідэнту таксама прадэманстравалі розыгрыш баявога эпізоду "Дзеянне рухомага кантрольна-прапускнога пункта" і паказальнае ваджэнне ("вальс") БТР-70МБ-1.
Пасля Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з воінскім калектывам брыгады. У час сустрэчы з ваеннаслужачымі ён нагадаў аб той сітуацыі, якая складвалася ў свеце перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. "Мы вайны не хацелі, кіраўніцтва Савецкага Саюза спрабавала ўсяляк прадухіліць вайну, разумеючы, што цяжка будзе яе пазбегнуць. У сувязі з гэтым пачалося масавае пераўзбраенне, дааснашчэнне арміі. Зразумела, фашысцкая Германія, накіраваная на ўсход, разумела, што нельга дапусціць пераўзбраення і мадэрнізацыі ўзброеных сіл. Але давайце скажам адкрыта, мы тады пачатак гэтай вайны прашлёпалі (наша кіраўніцтва), і нам давялося заплаціць высокую цану за тую перамогу, якую атрымалі ў 1945 годзе", - сказаў Прэзідэнт.
Ён у тым ліку расказаў, як праз граніцу СССР, перш за ўсё на тэрыторыю Беларусі, былі перакінуты спецыяльна падрыхтаваныя ўзброеныя фарміраванні. "У форме савецкіх узброеных сіл. Яны не толькі нейтралізавалі ўсю прыгранічную паласу. Але разумеючы, што без мастоў, перапраў немагчыма будзе ажыццявіць бліцкрыг у гэтай вайне, яны забілі практычна ўсіх, хто стаяў на абароне інфраструктуры Беларусі. І ў асноўным таму фашысцкая армія вельмі хутка прайшла ўсю Беларусь. Фактычна асноўнай ударнай сілай прашылі нашу рэспубліку", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, тады гэта быў тыповы пачатак вайны, але з той пары мінула шмат часу, і сітуацыя змянілася. "Нечакана немагчыма пачаць вайну, кінуць армаду самалётаў на тэрыторыю нават Беларусі. Не так проста будзе пераадолець нашу граніцу, як тады. Але асноўны ўрок, які я як галоўнакамандуючы, нашы кіраўнікі і вы, афіцэры, вынеслі з той жорсткай вайны, - порах трэба трымаць сухім. І той, хто не корміць свайго салдата, будзе карміць чужога. Гэта не я прыдумаў, але гэта мы засвоілі назаўсёды, гэта ў нас на генным узроўні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што лёс Беларусі павінен вызначацца выключна яе грамадзянамі. "Мы - маладая суверэнная незалежная дзяржава. Атрымалі мы гэту незалежнасць без крыві. Магчыма, і без поту, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Тады ішла жорсткая барацьба за ўладу паміж Ельцыным і Гарбачовым у Крамлі. І многія з нас, уся краіна фактычна, назіралі, што ж будзе далей. Гэта значыць, мы ў той краіне нібыта і былі адным з асноўных звёнаў гэтай дзяржавы, але ўплываць на сітуацыю, тым больш, на прыняцце рашэнняў, у той час не маглі".
"І калі я гавару цяпер (гэта вельмі важна ў перадвыбарны перыяд), я заўсёды прашу людзей мець гэта на ўвазе. Наш лёс у нашых руках. І свае рашэнні наконт нашага лёсу павінны прымаць мы. Тут - у Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што частка людзей бачыць пэўныя недахопы ў тым, што цяперашні Прэзідэнт чвэрць стагоддзя кіруе краінай і Узброенымі Сіламі. "Але гэта вам лепш відаць. Мы знаходзімся ў перадвыбарным перыядзе. Кожны мае голас, і ён гаспадар гэтага голасу. Напэўна, нешта мы рабілі так - не так. Але я заўсёды разумеў, колькі б ні было ў краіне міністраў абароны, кіраўнікоў відамі Узброеных Сіл, мы вельмі ўважліва вывучалі тыя войны, якія разгортваліся за чвэрць стагоддзя. І мы, назіраючы ўзровень вядзення сучаснай вайны, мадэрнізавалі нашы Узброеныя Сілы. За маю бытнасць мне даводзілася чатыры разы прымаць рашэнні па змяненні нашых дзеянняў ва ўмовах узброеных канфліктаў", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што пералічыў факты пра 1941 год для таго, каб падвесці да галоўнага пытання - якой будзе сучасная вайна, калі гэта здарыцца, як будзе разгортвацца, якія прычыны і мэты будзе ставіць агрэсар. Больш падрабязна асвятліць гэту тэму ён папрасіў дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Андрэя Раўкова, адзначыўшы, што ў Беларусі нядаўна ў сувязі з гэтым абнаўлялі Ваенную дактрыну. "Мы з вамі людзі ваенныя. Мы для таго і існуем, каб ваяваць. Не дай бог, вядома. Але калі... то мы павінны і будзем ваяваць, абараняючы не толькі нашу Радзіму (гэта галоўнае), нашу зямлю, але і нашы сем'і, нашых дзяцей", - падкрэсліў беларускі лідар.
Андрэй Раўкоў расказаў, што, сапраўды, свет не стаіць на месцы, і, на жаль, гэта датычыцца і спосабаў вядзення вайны ў розных яе праяўленнях. Таму, улічваючы сучасныя тэндэнцыі, у 2018 годзе былі ўнесены змяненні ў Ваенную дактрыну Беларусі ў частцы рызык, выклікаў і пагроз.
Дзяржсакратар Савета Бяспекі падкрэсліў, што сучасная вайна мае розныя формы, і часта сцэнарый не паўтараецца. Таму віды Узброеных Сіл краіны нацэлены на тое, каб быць гатовымі да любога развіцця сітуацыі.