Інтэрв'ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву Казінфарм

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву Казінфарм напярэдадні саміту ШАС у Астане.

    Кіраўніка дзяржавы спыталі, якія магчымасці і перспектывы дасць Беларусі будучае паўнапраўнае членства ў ШАС.

    "Я гаварыў аб вялікім патэнцыяле Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з першых дзён яе заснавання. Мы адразу зацікавіліся яе ініцыятывамі і сталі ўдзельнічаць у праектах, калі яна яшчэ не мела такой вагі. У пачатку ў якасці дзяржавы-партнёра, а з 2015 года - як наглядальнікі. Таму мы крок за крокам рухаліся да паўнапраўнага членства. Многія беларускія прапановы, выказаныя на пляцоўцы Арганізацыі за гэтыя гады, ужо атрымалі падтрымку", - адзначыў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што дзяржавы - члены ШАС выступаюць лакаматывамі росту сусветнай эканомікі і цэнтрамі прыцяжэння інвестыцый і інавацыйных вытворчасцей.

    "ШАС для Беларусі не проста міжнародная арганізацыя. Гэта стратэгічная перспектыва. Перш за ўсё ў гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным узаемадзеянні, развіцці транспартна-лагістычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і іншай інфраструктуры", - падкрэсліў Прэзідэнт.

    Паводле яго слоў, у новай якасці краіна будзе імкнуцца максімальна ўвязваць свае ініцыятывы з ужо існуючымі напрацоўкамі. Некаторыя з такіх ініцыятыў будуць прадстаўлены на пасяджэнні ШАС, якое пройдзе ў казахстанскай сталіцы.

    Беларусь таксама вельмі зацікаўлена ў супрацоўніцтве з краінамі ўзрастаючай сям'і ШАС у галіне бяспекі, барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, наркатрафікам, гандлем людзьмі.

    "Поўнасцю падзяляем прыярытэты, зафіксаваныя ў галоўным дакуменце Арганізацыі - Хартыі ШАС, а таксама ў Самаркандскай і Нью-Дэлійскай дэкларацыях Савета кіраўнікоў дзяржаў", - заявіў Прэзідэнт.

    Ён адзначыў, што сёння ў прапрацоўцы знаходзіцца праект па стварэнні Фонду развіцця ШАС, дзе развіваецца ідэя стварэння свабоднай гандлёва-эканамічнай зоны Арганізацыі.

    Яшчэ больш важна, упэўнены Аляксандр Лукашэнка, каб Арганізацыя не асацыіравалася выключна з пытаннямі і праблематыкай бяспекі і эканомікі. Паколькі гэта яшчэ і ўнікальная магчымасць для ўзаемаўзбагачэння культур, збліжэння нашых народаў, непасрэднага ўзаемадзеяння маладзёжных арганізацый, актывізацыі ўзаемадзеяння ў сферах спорту, турызму, навукі, адукацыі. Менавіта зыходзячы з такога разумення Беларусь уключыла ў праграму штогадовага міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску", які пройдзе з 9 па 15 ліпеня, Дзень нацыянальных культур краін ШАС.

    "Добрую перспектыву для развіцця мы таксама бачым у пашырэнні ідэі "інтэграцыі інтэграцый". Для чаго маем намер задзейнічаць наш вопыт шматбаковай дыпламатыі і міратворчай дзейнасці, - адзначыў беларускі лідар. - Але самае галоўнае - мы разам наглядна дэманструем свету, што ёсць альтэрнатыўныя міжнародныя пляцоўкі, іншыя цэнтры сілы, дзе без перавагі і дамінавання чуюць голас і паважаюць інтарэсы ўсіх без выключэння дзяржаў".

    Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць за падтрымку, высокую ацэнку і прызнанне дзяржавамі-членамі ўкладу Беларусі ў дзейнасць Арганізацыі. "Мы разумеем усю адказнасць і настроены на актыўную і плённую працу ў новым статусе", - запэўніў ён.

    Наступнае пытанне датычылася важнасці для Беларусі пытанняў бяспекі.

    "Глыбока перакананы, што сапраўдную і непадзельную глабальную бяспеку ў ХХІ стагоддзі неабходна выбудоўваць шляхам шырокага дыялогу, без дыскрымінацыі і на прымальных для ўсіх умовах. Нельга патрабаваць бяспекі для сябе, ігнаруючы бяспеку іншых. ШАС па сваёй прыродзе Арганізацыя для стварэння, яна не накіравана супраць каго б там ні было. Гэта тое, што сёння запатрабавана ў свеце і поўнасцю адпавядае духу нашай палітыкі", - заявіў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Мінская пляцоўка не раз станавілася месцам для перагавораў па пытаннях мірнага ўрэгулявання. "Мы паслядоўна запрашаем да дыялогу ўсе краіны і міжнародныя арганізацыі", - адзначыў ён.

    У мінулым годзе Беларусь вылучыла ініцыятыву аб распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў ХХІ стагоддзі, якая прызначана сфармуляваць параметры і прынцыпы функцыянавання архітэктуры бяспекі на еўразійскай прасторы.

    У Беларусі бачаць неабходнасць больш актыўнага ўдзелу "сям'і ШАС" у вырашэнні глабальных пытанняў харчовай бяспекі, шмат у чым выкліканых аднабаковымі прымусовымі мерамі (санкцыямі). Прэзідэнт прывёў прыклад таго, як абмежаванні на транзіт беларускіх калійных угнаенняў - а яны складаюць каля 20% іх сусветнай вытворчасці - справакавалі сур'ёзны рост цэн на іх. "Як вынік, многія краіны былі вымушаны адмовіцца ад іх выкарыстання, драматычна пагоршыўшы якасць і скараціўшы аб'ёмы ўраджаю", - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Паводле даных ААН, у 2023 годзе кожны пяты жыхар планеты ў 59 краінах сутыкнуўся з вострай няхваткай прадуктаў харчавання, больш за 280 млн чалавек па ўсім свеце галадаюць, больш за 36 млн дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў у 32 краінах востра недаядаюць. Агульны паказчык галадаючага насельніцтва за 7 гадоў вырас з 10% да 20%.

    "Таму Беларусь разам з краінамі ШАС гатова паслядоўна рэалізоўваць антысанкцыйныя падыходы, закладзеныя ў Самаркандскай дэкларацыі і рашэннях маючага адбыцца саміту ШАС", - рэзюмаваў беларускі лідар.

    Адказваючы на пытанне, як Рэспубліка Беларусь бачыць свой удзел у інтэграцыі вопыту ЕАЭС у сферы транспартнага і транзітнага патэнцыялу ў рамках ШАС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Фарміраванне ўстойлівага транспартна-лагістычнага каркаса Еўразійскага кантынента з маршрутамі, якія забяспечваюць неабходную прапускную здольнасць, - адна з ключавых інтэграцыйных задач, прычым як у ЕАЭС, так і ў ШАС. Па вялікім рахунку, без канкурэнтаздольнай лагістыкі не можа ісці размова аб эфектыўнай сістэме гандлёвых адносін у рэгіёне".

    Беларускі лідар падкрэсліў, што маштаб гэтай задачы наглядна зразумелы на прыкладзе канкрэтных лічбаў: тэрыторыя краін - членаў ШАС - больш за 35 млн квадратных кіламетраў, агульная колькасць насельніцтва - каля 3,5 млрд чалавек (практычна палавіна насельніцтва планеты), сумарны ВУП - $25,5 трлн.

    Калі паглядзець на ЕАЭС, бесперашкодны рух тавараў неабходна забяспечваць у рамках тавараабмену на сотні мільярдаў долараў. Толькі ў 2023 годзе гэта лічба склала амаль $800 млрд.

    "На ШАС прыпадае каля 40% экспарту дзяржаў - членаў ЕАЭС. І відавочна, што дынаміка ўзаемнага пранікнення тавараў, якія вырабляюцца ў краінах ЕАЭС і ШАС, будзе няўхільна расці, - заявіў Прэзідэнт Беларусі. - Перспектыўныя напрамкі нашай сумеснай работы - сінхранізацыя развіцця міжнародных транспартных калідораў, такіх як "Поўнач - Поўдзень", "Усход - Захад", іх спалучэнне з ініцыятывай нашых кітайскіх сяброў "Адзін пояс, адзін шлях". У свой час мы выступілі з такой ініцыятывай, і ўжо нямала зроблена для яе рэалізацыі".

    У прыватнасці, на палях першага Транспартнага форуму краін ШАС у Ташкенце ў 2023 годзе падпісаны мемарандумы аб стварэнні двух новых міжнародных транспартных калідораў: "Беларусь - Расія - Казахстан - Узбекістан - Афганістан - Пакістан" і "Расія - Каспійскае мора - Туркменістан - Узбекістан - Кыргызстан".

    Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што змяненні ў міжнародным гандлі, пераарыентацыя эканомік дзяржаў ЕАЭС на ўсё большыя рынкі краін Азіі, Сярэдняга і Блізкага Усходу прывялі да кардынальных змяненняў у транспартнай сферы і поўнай трансфармацыі лагістычных ланцужкоў.

    "Калі ў 2020 годзе Літва і Польшча ў аднабаковым парадку незаконна перакрылі Беларусі доступ да партоў на Балтыцы, мы аператыўна перабудавалі нашу лагістыку на расійскія парты, пачалі развіваць транспартныя зносіны, уключаючы мадэрнізацыю інфраструктуры, з нашымі партнёрамі па ЕАЭС, Кітаем. Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Сёння мы нарошчваем аб'ёмы перавозак, а літоўскае і польскае кіраўніцтва штогод лічыць страты, што вылічваюцца сотнямі мільёнаў долараў", - заўважыў беларускі лідар.

    Паводле яго слоў, цяпер перад краінамі стаяць задачы па лічбавізацыі гандлёвых маршрутаў, стварэнні зразумелай усім сістэмы мытнага транзіту, які будзе надзейна застрахаваны ад палітычных рызык.

    Ацэньваючы патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі з Казахстанам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лічыць яго велізарным.

    "Ён велізарны! Вельмі шмат зроблена, але разам мы можам дасягнуць яшчэ большага", - падкрэсліў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што цесныя беларуска-казахстанскія адносіны склаліся яшчэ з часоў Савецкага Саюза, і гэтыя кантакты ніколі не спыняліся пасля набыцця краінамі незалежнасці. Беларусь і Казахстан - партнёры на пляцоўках ЕАЭС, СНД, АДКБ.

    "Нас заўсёды звязвалі цёплыя, дружалюбныя адносіны з кіраўніцтвам Казахстана. І гэта не раз дапамагала вырашаць самыя цяжкія пытанні", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што мільярдны тавараабарот, які захоўваецца ўжо трэці год запар, далёка не з'яўляецца мяжой магчымасцей Беларусі і Казахстана. "Мы сур'ёзна рушылі наперад у пытаннях вытворчай кааперацыі, прамысловай палітыкі, транспарту, сельскай гаспадаркі. Разлічваем, што ў бліжэйшы час нам удасца зняць перашкоды па транзіце грузаў і аднавіць у поўным аб'ёме паветраныя зносіны", - заявіў ён.

    Казахстан таксама з'яўляецца пастаянным удзельнікам міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", а ў мінулым годзе выканаўца з гэтай краіны стаў лаўрэатам конкурсу эстраднай песні. Ёсць у бакоў і шэраг сумесных праектаў па маладзёжных і культурных абменах.

    "Для нас вельмі знамянальна, што Беларусь становіцца паўнапраўным членам ШАС у год старшынства Казахстана. І мы ўдзячныя казахстанскай камандзе за супрацоўніцтва ў гэтым пытанні і падтрымку беларускай заяўкі. Мы з аптымізмам глядзім у будучыню нашых адносін і разам будуем вялікія планы на перспектыву", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.