Дзяржаўных узнагарод удастоены 62 прадстаўнікі розных сфер дзейнасці
Дзяржаўных узнагарод удастоены 62 прадстаўнікі розных сфер дзейнасці. Адпаведны Указ № 213 падпісаў 23 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, мужнасць і самаадданасць, праяўленыя пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, заслугі ў воінскай службе і ахове дзяржаўнай граніцы, судова-экспертнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у эфектыўную рэалізацыю стратэгічных праектаў, умацаванне канстытуцыйнай законнасці, ахову жывёльнага і расліннага свету, развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, бюджэтна-фінансавай сістэмы, грамадзянскай авіяцыі, машынабудавання, прамысловасці, перапрацоўчай галіны, жыллёва-камунальнай і сельскай гаспадарак, выдатныя дасягненні ў сферах сацыяльнай абароны насельніцтва, адукацыі, аховы здароўя, навукі, культуры і спорту.
Ордэна Айчыны III ступені ўдастоены Намеснік Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец і Кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрый Назараў.
Медалёў удастоены ваеннаслужачыя 19-й пагранічнай групы: намеснік начальніка Анатоль Пяшко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Аляксей Смагін і начальнік службы проціпажарнай абароны і бяспекі ваеннай службы Дзмітрый Дзямешка ўзнагароджаны медалём "За адзнаку ў воінскай службе", старшы памочнік каменданта пагранічнай камендатуры Яўген Жукоўскі і старшы тэхнік пагранзаставы Вадзім Мішчанка - медалём "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы".
Медалём "За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый" адзначаны заслугі старшага інструктара-ратавальніка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 2 Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях Арцёма Зябкіна, першага намесніка начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргея Лявонава і майстра-ратавальніка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці нумар 1 Касцюковіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Антона Рухманкова.
У ліку тых, хто ўдастоены медаля "За працоўныя заслугі", - галоўная медыцынская сястра Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Святлана Андрушко, начальнік Галоўнага дзяржаўнага казначэйства Міністэрства фінансаў Сяргей Качан, вядучы фотакарэспандэнт аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва" Мікалай Пятроў і дырэктар Цэнтра святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юрый Трафімаў.
Сярод узнагароджаных медалём Францыска Скарыны - намеснік начальніка аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва" Яўген Ваньшын, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Валерый Ганчароў, вядучы майстар сцэны Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек Тамара Гарачава, настаўнік тэхнічнай працы сярэдняй школы № 16 Пінска Андрэй Тарэлкін.
Медаля "За бездакорную службу" III ступені ўдастоены намеснік начальніка ўпраўлення - начальнік аддзела міжнародных сувязей і параўнальнага аналізу заканадаўства экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Людміла Мурашка і начальнік Сакратарыята гэтага суда Васіль Селядзеўскі.
Указам таксама прысвоены ганаровыя званні Беларусі. Намеснік дырэктара па навуцы і інавацыйнай дзейнасці ЗАТ "Галаграфічная індустрыя" Пётр Майсеенка ўдастоены звання "Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь", намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка - звання "Заслужаны работнік сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь", генеральны дырэктар ААТ "Смалявічы Бройлер" Сяргей Рамчанка - звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь", суддзя Канстытуцыйнага Суда Леанід Рабцаў - звання "Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь". Загадчыца лабараторыі клінічнай патафізіялогіі нервовай сістэмы РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Наталля Нечыпурэнка і першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык сталі заслужанымі дзеячамі навук, а дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і дызайну Святлана Шышына і загадчык кафедры "Кіраванне грузавой і камерцыйнай работай" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Іван Ялавой - заслужанымі работнікамі адукацыі.
Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў распараджэнне аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі.
За значныя дасягненні ў развіцці перапрацоўчай прамысловасці яе ўдастоены калектыў работнікаў кандытарскай фабрыкі "Спартак". За шматгадовую плённую працу ў органах па надзвычайных сітуацыях, высокі прафесіяналізм, значныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена начальніку Докшыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валянціну Баравікову і першаму намесніку начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандру Мяркулаву.
У ліку ўзнагароджаных дырэктар Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў Людміла Кандрашова. Яна ўдастоена Падзякі Прэзідэнта за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у рэабілітацыю і сацыяльную адаптацыю дзяцей-інвалідаў.
За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад ва ўдасканаленне прававой сістэмы і ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена суддзі Канстытуцыйнага Суда Сяргею Чыгрынаву. Яе таксама ўдастоены намеснік дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Віталь Стахоўскі за добрасумленную плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё экспертнай дыпламатыі, абарону нацыянальных інтарэсаў на міжнародных пляцоўках.