Даклад аб актуальных пытаннях інфармацыйнай палітыкі

  • 7
  • 9:49

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня заслухаў даклад аб актуальных пытаннях інфармацыйнай палітыкі.

У ліку ўдзельнікаў мерапрыемства - Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністр інфармацыі, прэс-сакратар Прэзідэнта і старшыня Белтэлерадыёкампаніі.

"Хацеў бы абмеркаваць з вамі шэраг актуальных пытанняў, якія датычацца сродкаў масавай інфармацыі. Мы хутка ўступаем у перадвыбарную кампанію. Зразумела, што сродкі масавай інфармацыі, на шчасце, дзякуй богу, будуць адыгрываць практычна адну з вядучых роляў у гэтай сітуацыі. Я гавару на шчасце, што не іншыя праблемы, войны і гэтак далей. Лепш на гэтым полі будзем ваяваць пакуль і змагацца, хоць не зусім проста гэта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я, вядома, удзячны ўсім вам, што вы бераце самыя актуальныя тэмы нашага жыцця. І мяне там часам нядрэнна паказваеце. Дзякуй, вядома. Але нам трэба будзе ў гэту перадвыбарную кампанію паказаць, чаго мы дасягнулі ў гэты час. І нам зноў не трэба кагосьці за вушы сюды цягнуць. Ёсць што паказаць людзям, - дадаў беларускі лідар. - Так, у нас ёсць нямала недахопаў. Ну што зрабіць... Ва ўсіх яны ёсць. Але зроблена нямала, і трэба гэта людзям паказаць. А людзі няхай ужо вызначаюць, што ім рабіць і каго выбіраць".

Таму, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, вельмі важна пытанне падрыхтоўкі сродкаў масавай інфармацыі да перадвыбарнай кампаніі. "Валіць на карысць дзеючага Прэзідэнта, калі ён будзе кандыдатам, нам таксама не трэба. Спакойна трэба паказаць тое, што ёсць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў у пачатку даклада Кіраўніку дзяржавы падзякаваў за прадастаўленую магчымасць сустрэчы: "Дзякуй вялікі, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, што знайшлі час і магчымасць у такім цесным графіку, у такой няпростай абстаноўцы па контуры нашай краіны сустрэцца з тымі, хто адказвае за рэалізацыю інфармацыйнай палітыкі ў нашай краіне".

Аднак Прэзідэнт удакладніў, што тыя, хто ўдзельнічае ў мерапрыемстве, адказваюць не толькі за інфармацыйную палітыку ў дзяржаве, а сфера іх адказнасці значна шырэйшая. "Чаму інфармацыйнай? Ідэалагічнай работы. Вы мастадонты, якіх у Беларусі больш няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што напярэдадні бачыў у вячэрнім тэлеэфіры ўсіх прысутных прыкладна ў тым жа складзе (28 жніўня ў Белтэлерадыёкампаніі адбылася прэзентацыя тэлеканала навін, яго гатоўнасць да работы абмеркавалі Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, прэс-сакратар Кіраўніка дзяржавы, Міністр інфармацыі і старшыня Белтэлерадыёкампаніі). "Я так паглядзеў на вас на экране ўчора і падумаў: ну вось, усе сабраліся, паказалі народу, хто адказвае за ідэалогію ў краіне. Таму тут нават больш бярыце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як растлумачыў Уладзімір Пярцоў, у ліку асноўных пытанняў даклада Прэзідэнту - рэалізацыя раней дадзеных даручэнняў Кіраўніка дзяржавы і значных грамадска-палітычных праектаў вядучымі сродкамі масавай інфармацыі Беларусі, а таксама стварэнне медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы. "Мы ўжо выйшлі на пэўныя рашэнні і, вядома, тут Ваша парада, Ваша рэкамендацыя будзе нам вельмі важна ў гэты перыяд", - падкрэсліў Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў хуткі запуск Першага інфармацыйнага тэлеканала, які напярэдадні быў прэзентаваны ў Белтэлерадыёкампаніі.

"Гонар і слава вам, што вы ўсё ж такі вырашылі самі, сваімі сіламі рэалізаваць гэту задуму. Хоць, ставячы перад вамі некалі гэту задачу, я думаў, што вы будзеце прыцягваць і іншаземцаў для таго, каб гэта ўсё стварыць. Але калі вы сказалі самі, я думаю: добра, самі, можа, нешта недапрацуем, але потым данастройку, як у нас прынята гаварыць, правядзём. Але я, як і вы, вельмі перажываю за тое, як людзі ўспрымуць усё гэта", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо нямала часу гаварылі аб стварэнні ў Беларусі інфармацыйнага тэлеканала на ўзор таго, як гэта робяць вядучыя тэлевізійныя каналы свету.

Каменціруючы прэзентацыю гэтага новага медыярэсурсу, якая адбылася напярэдадні, Прэзідэнт заўважыў, што яго яна нават крыху насцярожвае. У тым плане, каб, стварыўшы гэтай рэкламай пэўны настрой у людзей, потым апраўдаць іх чаканні.

"Пра гэта (стварэнне канала. - Заўвага) шмат гаварылі, але я хацеў бы пачуць тое, пра што не гаварылі. Якія ёсць праблемы ў гэтым плане? Але абавязкова зрабіце, каб гэта быў сапраўдны беларускі канал. Без усялякай хлусні", - арыентаваў беларускі лідар.

"Я заклікаю вас грунтавацца на праўдзе. І прапагандаваць будзем толькі нашу беларускую праўду", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"У нас хапае тэм, выгадных для нас. Але яны вельмі выгадныя для нас - паказаць іх (трэба. - Заўвага), як яны ёсць", - заявіў беларускі лідар.

"Мы ў дзіўным становішчы апынуліся ў гэтым плане. Нам не трэба ні хлусіць, нічога прыдумляць. А іншыя краіны гэтага не могуць. Ім трэба сапраўды там… нешта падаць у выгадным ключы, мякка скажам. Нам гэта не трэба. Нам трэба паказваць, як яно ёсць", - арыентуе Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу міграцыйную палітыку. У гэтым пытанні і сам Кіраўнік дзяржавы, і беларускія СМІ нічога не ўтойваюць і паказваюць сітуацыю так, як яна ёсць. "Так, прапагандысты будуць прапагандаваць нашу міграцыйную палітыку ў тым плане, што мы былі для Еўропы адкрыты (па супрацоўніцтве. - Заўвага) у плане міграцыі і праз нашу граніцу мыш не магла прапаўзці незаўважна. Нас папракаюць у тым, што мы адышлі ад той палітыкі, ну дык мы даўно аб гэтым сказалі", - звярнуў увагу ён.

Прэзідэнт нагадаў, што раней з Еўрасаюзам па гэтай тэме было супрацоўніцтва, яны фінансавалі цэнтры на тэрыторыі Беларусі для часовага ўтрымання мігрантаў, было заключана пагадненне аб рэадмісіі. Але на Захадзе змянілі сваю палітыку і пачалі душыць краіну эканамічна, палітычна і інфармацыйна. "Вы гэта ведаеце лепш за мяне. Чаму мы павінны іх абараняць у плане міграцыйнай палітыкі. Гэта ж была іх абарона. Яны да сябе цягнулі гэтых людзей, а нам цішком гаварылі: "Давайце вы рабіце так, мы вам на гэта і грошы яшчэ дадзім". Адышлі ад гэтага. Мы сумленна і адкрыта сказалі: "Мы не будзем таксама праводзіць тую палітыку, якую праводзілі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Тое ж самае па ўкраінскім крызісе. Абсалютна зразумелая, сумленная палітыка, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Дрэнна становіцца ад таго, што я чытаю - гэтыя агляды сусветных сродкаў масавай інфармацыі: "Ды Лукашэнка тое, ды ён гэта...". Ды ён заўтра аддасць загад - пойдуць туды".

"Ніякіх загадаў, каб ісці за межы нашай краіны не было і не будзе. Мы толькі тады будзем ваяваць, калі прыйдуць да нас з дрэннымі намерамі. Вось і ўсё", - запэўніў Прэзідэнт.

У час даклада Кіраўнік дзяржавы таксама пракаменціраваў стварэнне саюзнага медыяхолдынга з Расіяй.

"Апошнім часам у нас устанавіліся вельмі цёплыя сяброўскія адносіны з расіянамі, асабліва наверсе. Я думаю, гэта будзе садзейнічаць стварэнню нармальнага самастойнага медыяхолдынга на роўных. Гэта галоўнае. Калі мы будуем наш саюз, галоўны прынцып - роўныя ўмовы. Ніхто пад казырок не бярэ, ніхто нікому не падпарадкоўваецца. На роўных. І мы з Уладзімірам Пуціным шмат абмяркоўвалі гэту тэму. Я ні разу не чуў ад яго, калі мы абмяркоўваем гэтыя пытанні, каб ён сказаў: слухай, вось мы тут вялікія, вы малыя, давайце так, давайце гэтак", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Апошні раз, калі я крыху жорстка паставіў гэта пытанне, кажу: "Ну што, колькі мы будзем гаварыць пра гэта, трэба неяк рухацца, і перш за ўсё расіянам, трэба ствараць самастойны холдынг". Ён кажа: "Я толькі за. Так, патрэбны холдынг, трэба, каб Telegram-канал (быў. - Заўвага), і ў інтэрнэце гэта было, блогеры…" Ён вельмі добра ў гэта паінфармаваны. Лепш за мяне. Ён мне калі гэта разгарнуў, я гавару: "Дык нам больш не трэба, менавіта так трэба дзейнічаць".

Разам з тым Прэзідэнт канстатаваў, што ў расійскіх перагаворшчыкаў па гэтым пытанні могуць быць нейкія іншыя інтарэсы. "Яны, вядома, ёсць. Але мы павінны дзейнічаць у рамках, вызначаных кіраўнікамі дзяржаў", - сказаў ён.

"Па стварэнні саюзнага медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы мы гаворым вельмі шмат. Вядома, з улікам той палітыкі, якая ажыццяўляецца ў Расіі ў дачыненні да СМІ. А вы таксама яе ведаеце, вялі перагаворы з імі. Вы разумееце, што там гэта можа нават больш, чым эканоміка. Расія велізарная, без сродкаў масавай інфармацыі, зразумела, не абысціся. І з прычыны пэўных нюансаў расіяне ўдзяляюць вельмі сур'ёзную ўвагу сродкам масавай інфармацыі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу больш актыўна супрацоўнічаць з буйнымі расійскімі СМІ.

"Абвастрылася гэта праблема ў добрым сэнсе слова з вядучымі расійскімі тэлеканаламі. Яны пайшлі нам насустрач, мы таксама ў гэтым вельмі зацікаўлены. Нам трэба гэта ўзаемадзеянне пашыраць, яго ўзмацняць трэба. Апошнім часам ваш, наш голас вельмі чуюць у свеце - беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, асабліва тэлевізійных каналаў, інтэрнэт-вяшчанне ваша - вельмі прыслухоўваюцца. Але, давайце шчыра, расіян лепш і больш чуюць. Таму калі мы будзем там прысутнічаць, таксама важна", - заявіў беларускі лідар.

"Ну і потым. Гэта наш асноўны партнёр. Асноўны рынак збыту нашых тавараў. Зразумела, мы павінны прысутнічаць і ў рэгіёнах. Я даведкі вашы паглядзеў, што мы прысутнічаем у рэгіёнах. Гэта таксама вельмі важна. Там нашы інтарэсы. І добра, што кіраўнікі вядучых расійскіх СМІ пайшлі нам насустрач і гатовы ўсяляк падтрымліваць адносіны і супрацоўнічаць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.