Даклад Генеральнага пракурора Андрэя Шведа

  • 6
  • 3:38

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 ліпеня прыняў з дакладам Генеральнага пракурора Андрэя Шведа.

У пачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы коратка пералічыў асноўныя пытанні, па якіх хацеў бы заслухаць інфармацыю ад Генеральнага пракурора. У іх ліку нагляд за выкананнем законнасці ў войсках і сілавых структурах, падыходы да арганізацыі эфектыўнай работы ў гэтых пытаннях. Яшчэ адна тэма - расследаванне фактаў генацыду беларускага народа. Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на ролі генеральнай пракуратуры па наглядзе і выяўленні негатыўных фактаў у сферах эканамічнай дзейнасці, такіх як сельская гаспадарка, прамысловасць.

"Тры такія блокі пытанняў, якія я хацеў бы абмеркаваць з Вамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не першы раз паўстае пытанне аб кантролі, пракурорскім наглядзе за сітуацыяй ва Узброеных Сілах. За выкананнем законаў і гэтак далей. На якім узроўні мы сёння знаходзімся? - пацікавіўся беларускі лідар. - Прапаноў шмат паступае, у тым ліку і па стварэнні нейкай сістэмы ваенных пракурораў. Я гавару "нейкай сістэмы", таму што размова не ідзе аб вяртанні да той савецкай практыкі. Але нейкія элементы павінны быць".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што пунктаў гледжання па гэтым пытанні шмат. Ён пацікавіўся, чым абгрунтавана пазіцыя Андрэя Шведа. "Я яе ведаю, але чым Вы матывуеце гэту пазіцыю? Тое, што нам трэба ўзмацняць, напэўна, кантроль за выкананнем заканадаўства сярод ваенных, - гэта факт. Я Вам пра гэта ўжо гаварыў, што пракуратура некалькі адышла ў бок ад сілавога блока ў свой час", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што размова не толькі пра армію, паколькі пагоны носяць і ў шмат якіх іншых сілавых структурах, уключаючы МНС, МУС, Камітэт дзяржбяспекі. "Усюды вока пракурора павінна быць", - упэўнены беларускі лідар.

"Другое пытанне - аб генацыдзе. Выкрышталізоўваецца шэраг прапаноў па больш сур'ёзным не проста разглядзе нашым грамадствам фактаў генацыду беларускага народа ў Вялікую Айчынную вайну. Але і прапагандзе гэтага пытання, асабліва сярод моладзі. Каб моладзь ведала, што было. Для чаго? Для таго, каб такога больш не адбылося", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як вядзецца адпаведная работа ў гэты момант і на перспектыву.

Трэцяя тэма даклада таксама істотная, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Пытанне даручэнняў Генеральнаму пракурору наконт важных пытанняў у эканоміцы. Дапусцім, сельская гаспадарка - гэта падзеж жывёлы. У тым ліку і выплата заработнай платы. Вы заўсёды гледзіце на гэта пытанне. Захаванасць і гэтак далей", - пералічыў Прэзідэнт.

У гэтым жа ключы перад органамі пракуратуры стаяць задачы па процідзеянні і прафілактыцы карупцыйных праяў. "Гэта характэрна перш за ўсё для сістэмы прамысловасці. Як з гэтым справы па Гомельшчыне? Шмат было прэтэнзій у свой час. Як новы губернатар спраўляецца з гэтымі пытаннямі?" - абазначыў пытанні беларускі лідар.