Цырымонія ўскладання кветак і вянкоў у мемарыяльным комплексе "Курган Славы"
- 37
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Кіраўнік дзяржавы ўсклаў вянок у мемарыяльным комплексе "Курган Славы" і выступіў са зваротам да суайчыннікаў.
Выступленне Прэзідэнта Беларусі на цырымоніі ўскладання вянка ў мемарыяльным комплексе "Курган Славы"
Паважаныя суайчыннікі і госці нашай краіны!
Перш за ўсё хачу павіншаваць вас з Днём Незалежнасці - днём вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Гэта лёсавызначальная ў гісторыі беларускага народа дата назаўсёды ўпісана ў каляндар галоўных дзяржаўных свят.
Трэцяга ліпеня мы традыцыйна звяртаемся да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: успамінаем герояў, якія цаной свайго жыцця падарылі нам свабоду, расказваем пра подзвігі дзядоў і бацькоў дзецям і ўнукам, прыходзім з імі да месцаў баявой славы і сумнай памяці.
Гэты штогадовы рытуал - сама менш, што мы можам зрабіць у імя славы тых, дзякуючы каму жывём, ствараем сем'і, гадуем дзяцей.
Сёння мы з вамі сабраліся каля аднаго з самых вядомых манументаў, узведзеных у гонар воінаў Чырвонай Арміі. У гонар нашых герояў, якія 78 гадоў таму вызвалялі Беларусь ад фашызму.
Гэты велічны курган, як вартавы гістарычнай памяці, паказвае нам той легендарны рубеж, адкуль пачалося наступленне савецкіх войскаў, якія канчаткова знішчылі асноўныя сілы нямецкай групы армій "Цэнтр" і вызвалілі нашу сталіцу.
Тут жа замкнулася кола Мінскага катла, у які трапілі больш за 100 тысяч гітлераўцаў. Большая частка з іх засталася ляжаць у беларускай зямлі.
Так пераможна завяршыўся першы этап знакамітай аперацыі "Баграціён", выдатна праведзенай таленавітымі палкаводцамі, камандуючымі франтамі Канстанцінам Ракасоўскім, Іванам Баграмянам, Георгіем Захаравым, Іванам Чарняхоўскім. Беларусы павінны помніць гэтыя імёны.
Нашы дзяды і бацькі перамаглі, але праз усё жыццё пранеслі боль страт сваіх баявых таварышаў, якія бясстрашна ішлі на смерць за нашу свабоду і за нашу агульную перамогу.
Гонар і слава ўсім загінулым у баях за вызваленне нашай Радзімы!
У памяць пра герояў аб'яўляецца мінута маўчання.
/Мінута маўчання/
Дарагія сябры!
Сёння тут, на месцы лёсавызначальных баёў, мы ўспамінаем усе бітвы, з якіх склалася Вялікая Перамога.
Вымпеламі "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны", якія вы бачыце перад сабой, адзначаны 27 населеных пунктаў Беларусі.
І гэта далёка не ўсе вядомыя нам адрасы мужнасці. Мы прадоўжым гэту работу па ўвекавечванні памяці аб подзвігах і героях Вялікай Айчыннай вайны.
Настаў час моладзі прымаць эстафету ў старэйшых пакаленняў і падтрымліваць Вечны агонь гэтай памяці. Падтрымліваць дзеля міру на нашай зямлі.
Сёння тут шмат маладых людзей, у тым ліку юных беларусаў і расіян, якія прыбылі ў Мінск на Поездзе Памяці. Гэта вельмі важна, каб вы сустракаліся, сябравалі, бераглі гонар і славу пакалення пераможцаў разам.
Таму што лёгка не будзе. Нашы непрыяцелі даўно жывуць ідэяй сцерці і нам усім вельмі важна ў гэтай сітуацыі захаваць гэту памяць пра Вялікую Перамогу, не даць яе сцерці з нашай памяці.
Пераступіўшы праз усе маральныя прынцыпы і маральныя перашкоды, яны сёння не толькі адмаўляюць Хатынь, Бабін Яр і блакаду Ленінграда - яны гатовы аддаць забыццю трагедыю сваіх народаў, выкрасліць з гісторыі Бухенвальд, Асвенцім, Майданак.
Што мы можам гэтаму проціпаставіць? Толькі праўду, суровую і жорсткую праўду гісторыі. І змагацца за гэту праўду.
Нікому з нас - ні беларусам, ні расіянам, ні ўкраінцам - вайна не патрэбна.
Але і адрадзіць нацызм як зброю калектыўнага Захаду, накіраваную супраць славянскага свету, мы не можам дазволіць.
І няхай наш Курган Славы будзе сведкам і захавальнікам гэтага ўрачыстага абяцання.
Дарагія сябры!
Я толькі што сказаў і вельмі вітаю вось гэту ініцыятыву нашых парламентарыяў - "Поезда Памяці". Мы як ніколі сапраўды павінны быць разам. Нас сёння папракаюць у тым, што мы адзіная краіна ў свеце падтрымліваем Расію ў яе барацьбе супраць нацызму. За тое, што яна выставіла бар'ер супраць здзеку з расіян і рускага чалавека. Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць Расію. І гэтыя патрабаванні смешныя, маркотныя і сумныя.
Расія - гэта братэрская нам дзяржава. Гэта самая блізкая дзяржава ў свеце, дзе жывуць нашы браты, родныя браты. І наша трагедыя беларусаў толькі ў тым, што сёння сутыкнуліся два братэрскія народы - расіяне і ўкраінцы. Гэта наша трагедыя. Мы заўсёды гаворым, што праўда мацнейшая. І праўда сёння на баку братэрскай Расіі.
Мы адзіная краіна, якая падтрымлівае расіян у гэтай барацьбе. А колькі краін па той бок? Амаль паўсотні, якія фактычна ваююць супраць Расіі ва Украіне. Нешта не складваецца баланс. І наогул, тыя, хто нас папракаюць, вы што не ведалі, што ў нас вельмі цесны саюз з Расійскай Федэрацыяй? З дзяржавай, з якой мы будуем адзіную, магутную, незалежную дзяржаву - Саюзную дзяржаву. Дзе ў саюзе два незалежныя народы. Мы ідзём, як па тонкім лёдзе, і гэты вопыт упершыню ў свеце. Мы павінны паказаць іншым гэты прыклад. І што яны не ведалі, што ў нас створана ўжо даўно ў саюзе Беларусі і Расіі адзіная групоўка ўзброеных сіл. Фактычна адзіная армія. Вы ж гэта ўсе ведалі, дык чаму нас сёння папракаеце? Мы былі і будзем разам з братэрскай Расіяй.
Наш удзел у спецаперацыі мною вызначаны даўно. У першы дзень пачатку гэтай аперацыі, калі я сказаў, успомніце: мы нікому не дазволім страляць у спіну рускаму чалавеку. І мы занялі абарону ад Брэсцкай крэпасці па паўднёвыя граніцы для таго, каб не дапусціць гэтага ўдару ў спіну расіянам з боку натаўскіх войскаў. Яны нам гэтага дараваць не могуць. І для нас сёння гэта аказалася важнейшым напрамкам. Вы ведаеце аб прынятых рашэннях блока НАТА аб павелічэнні колькасці ўзброеных сіл ва Усходняй Еўропе ў дзесяць разоў. Навошта ў мірны час? Для таго, каб ваяваць. І нам трэба выстаяць. І мы будзем рабіць усё для таго, каб выстаяць і перамагчы, каб гэты сівавалосы курган заўсёды бачыў наша адзінства і разумеў, што памяці мы не здраджваем.
Са святам вас, дарагія сябры!
Жадаю ўсім здароўя, шчасця і дабрабыту!
Міру, толькі міру і працвітання нашым народам.
Усё будзе нармальна.
Дзякуй вам.
Пасля цырымоні ўскладання кветак і вянкоў Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з удзельнікамі патрыятычнай маладзёжнай акцыі "Поезд Памяці".
Адна з удзельніц акцыі спытала, якія дасягненні за гады незалежнасці ён лічыць самымі яркімі, якімі ганарыцца. "Задала самае галоўнае пытанне ў жыцці любога Прэзідэнта. Гэта пытанне нумар адзін. І калі нехта з палітыкаў будзе гаварыць, што ён не думае аб гэтым, гэта няпраўда", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Самае галоўнае, што мы зрабілі разам, не толькі я, - мы ўпершыню ў гісторыі пабудавалі суверэнную і незалежную дзяржаву. Такога ніколі не было. Таму гістарычны момант. І я гэтым ганаруся. Гэта самае галоўнае. А ўсё астатняе, як я кажу, мы купім", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу адна з прадстаўніц Расійскай Федэрацыі, якая таксама ўдзельнічала ў акцыі, прапанавала наступны год у Беларусі і Расіі сумесна аб'явіць Годам гістарычнай памяці. "Наш праект і Год гістарычнай памяці ў Беларусі паказалі, што сярод моладзі вельмі шмат патрыётаў і ёсць жывая цікавасць да гісторыі. Мы не хочам страчваць такі вопыт і таму прапануем Вам разам з Вашым расійскім калегам Уладзімірам Пуціным абмеркаваць ідэю абвяшчэння будучага года Годам гістарычнай памяці", - сказала яна.
Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што гэта магчыма. "Калі вы не хочаце гэты вопыт страчваць, вы яго не страціце. Гэта ўжо шчасце. Ідэя вельмі добрая. Абяцаю, у бліжэйшы час мы абмяркуем гэту ідэю, - сказаў ён. - Калі толькі ў Расіі не прынята рашэнне па будучым годзе (у іх таксама такі вопыт - абвяшчаць чарговы год пад нейкую ідэю), то, думаю, што гэта будзе прынята. Таму што публічна агучанае вамі - гэта ўжо крок да таго, што гэта будзе прынята. Дзякуй за гэту прапанову".
Яшчэ адна ініцыятыва - ад удзельніка акцыі з Беларусі - дапоўніць ансамбль Кургана Славы алеяй памятных знакаў з капсуламі зямлі і апісаннем подзвігаў гарадоў, узнагароджаных вымпеламі за мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны. "Вельмі лагічна. Разумная прапанова. Думаю, што над ёю варта падумаць. Думаю, што такую прапанову можна будзе прыняць. Мы падумаем некалькі дзён і абавязкова ў гэтым годзе прымем адпаведнае рашэнне. Добрая прапанова", - адказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў удзельнікам акцыі з Беларусі і Расіі. "Малайцы, што адгукнуліся. Будзьце разам. Гэта важна, - сказаў ён. - Хлопцы і дзяўчаты, дзякуй вам вялікі. Вы сапраўды малайцы. І я рады, што праз шмат гадоў (больш за 30 гадоў) нарэшце расіяне і беларусы разам. Вось дык вось. Гэта невялікая колькасць, але гэта лепшыя, якія праехалі ў гэтым поездзе. І гэта сімвалічна. Гэта прыклад усім іншым".
У падарунак Кіраўніку дзяржавы ўручылі фотаальбом і сімвал "Поезда Памяці".
У святочны дзень каля мемарыяльнага комплексу разгарнулася вялікая святочная пляцоўка, дзе кожны ўдзельнік урачыстасці мог знайсці занятак даспадобы. Вялікая экспазіцыя ўзбраення і тэхнікі, у тым ліку ваенных гадоў, пачастункі, прадукцыя народных промыслаў, песні і танцы, спартыўныя мерапрыемствы і шмат іншага.