Аляксандр Лукашэнка прадставіў Андрэя Шведа на пасадзе Генеральнага пракурора
- 12
- 11:01
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня прадставіў Андрэя Шведа на пасадзе Генеральнага пракурора.
Характарызуючы Андрэя Шведа, Прэзідэнт падкрэсліў яго вялікі прафесійны вопыт, у прыватнасці, работу ў пракуратуры, дзе ён прайшоў шлях ад памочніка пракурора да намесніка Генеральнага пракурора. Акрамя таго, ён працаваў у дзяржаўных органах кіравання, у тым ліку ў Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі, дзе ўзначальваў юрыдычнае ўпраўленне. Удзельнічаў таксама ў стварэнні Следчага камітэта. "Пад яго кіраўніцтвам 7 гадоў таму створаны і паспяхова функцыянуе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта асаблівая старонка ў яго жыцці. Яму было даручана стварыць самае сучаснае, фактычна новае падраздзяленне, вельмі важнае для нашай краіны. Яго жыццёвы шлях, вопыт, які ён атрымаў у працэсе сваёй работы, - гэта прыклад падрыхтоўкі тых кадраў, якія павінны кіраваць краінай".
Былога Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка Кіраўнік дзяржавы назваў чалавекам адданым і шчырым. "Ён даказаў гэта ўсім сваім жыццём. Асаблівая яго старонка - Афганістан. Калі я назначаў яго пракурорам з пасады суддзі (вельмі, напэўна, арыгінальны ход), вялікую ролю адыграла ў гэтым яго афганская старонка. Той, хто прайшоў Афганістан, пабываў там у тыя часы, дрэнным чалавекам быць не можа. З гэтага я зыходзіў. І павінен сказаць, што ён ніколі не зрабіў крокаў, у выніку якіх я пашкадаваў бы аб гэтым назначэнні".
"На пасадзе Старшыні КДБ або Генеральнага пракурора, Міністра ўнутраных спраў праслужыць больш як 5 гадоў у нашай краіне - гэта няпроста. Калі даводзіцца вярцецца і ўлева, і ўправа, толькі б захаваць незалежнасць і суверэнітэт дзяржавы. Ён праслужыў 9 гадоў на гэтай пасадзе", - сказаў Прэзідэнт. Ён дадаў, што блізкі быў да такога доўгага тэрміну работы і Валерый Вакульчык, які прапрацаваў Старшынёй КДБ у перыяд з 2012 па 2020 год, і нядаўна назначаны Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі.
Аляксандр Лукашэнка, карыстаючыся выпадкам, выказаў сваё бачанне па тэме работы органаў пракуратуры. "Сёння, скажам так, у Мінску няпросты перыяд. Востры перыяд, які мы перажываем. Напэўна, упершыню ў гісторыі нашай дзяржавы. Прынамсі, апошнія 10 гадоў. Хоць многія са мной не згодныя, успамінаюць сярэдзіну 90-х. Кажуць: ці тое яшчэ было. Многія помняць, калі пераварочвалі аўтамабілі, спальвалі іх на дарогах, калі сапраўды дзясяткі тысяч выходзілі на вуліцы. Тады было неяк зразумела: есці было няма чаго і дзяцей карміць было няма чым", - адзначыў Прэзідэнт.
"Нягледзячы на ўскладненне сітуацыі з выкананнем заканадаўства ў краіне, давайце будзем сумленныя. Можа, я памыляюся, я асабіста не бачу той актыўнасці пракуратуры, якая адпавядала б цяперашняму перыяду. Актыўнасць павінна быць накіравана, я гэта заўсёды патрабаваў і буду патрабаваць, на захаванне краіны, незалежнасці і яе бяспекі. Краіна павінна вярнуцца ўжо ў гэтым годзе да таго бяспечнага перыяду, які быў зусім нядаўна і які характэрны для нашай краіны. Гэта проста імідж Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што работнікі органаў пракуратуры павінны стаяць на варце закону, гарантаваўшы бяспечнае развіццё дзяржавы. "І ўсякія там каардынацыйныя саветы, іншыя арганізацыі... І Канстытуцыйны Суд, і Генеральны пракурор у свой час (думаю, і ваш пункт гледжання такі) далі ацэнку гэтым каардынацыйным саветам. Вы павінны даваць не толькі прававую ацэнку дзеянням арганізатараў і агітатараў, але і прымаць больш моцныя, вострыя меры пракурорскага рэагавання на такія дзеянні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Хачу вам сказаць па-мужчынску, каб у нас не было нейкай недагаворанасці. Мяне часта папракаюць у тым, што "ўладу ён не аддасць". Правільна папракаюць. Мяне народ не для гэтага выбраў. Як і вы таксама - уладальнікі гэтай улады, яе носьбіты, - падкрэсліў беларускі лідар. - Улада не для таго даецца, каб яе ўзяў, кінуў і аддаў. У сярэдзіне 90-х яна валялася ў гразі, аб яе выціралі ногі. Таксама як і аб вас - тых, хто насіў пагоны. Многія з вас гэты перыяд памятаюць. І я не хачу, каб Беларусь вярнулася да таго часу. Таму ніхто кінуць у гразь уладу, як яны патрабуюць, не пасмее".
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: "Зраблю я гэта з вамі ці без вас - вам вырашаць. Але нахіліць мяне не атрымаецца. Хочаце стаць побач і выратаваць краіну - станавіцеся. Не хочаце - не здраджвайце. Вы - людзі ў пагонах. Не трэба посціцца і хайпаваць. Адыдзіце ўбок і не перашкаджайце".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гаварыў гэта яшчэ да выбараў, адчуваючы, што "нам могуць падкінуць гэту заварушку".
"І другое: калі вы думаеце, што я гэту ўладу пасінелымі рукамі трымаю дзеля сябе, вы мяне вельмі расчаруеце. Расіянам, якія не вельмі ў тэме ў нашай дзяржаве, я ўжо сказаў: рана ці позна гэту ўладу возьмуць іншыя, але возьмуць у адпаведнасці з законам, не пад націскам вуліцы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы адукаваныя людзі. І вы думайце. Я не заклікаю вас выратаваць дзяржаву ў мэтах парушэння закону".
"Хоць калі ажыццяўляецца практычна нахабная інтэрвенцыя, як я называю, звонку і яна падаграваецца знутры і кіруецца звонку, там часам не да законаў, трэба прыняць жорсткія меры, каб спыніць усякую дрэнь, якая на гэта прэтэндуе. У дадзеным выпадку сітуацыя не такая", - сказаў беларускі лідар.
"Яшчэ раз паўтараю: я не заклікаю вас парушаць законы, у нас дастаткова заканадаўства і законаў для таго, каб выратаваць краіну ад гэтай навалы, каб яна не паўтарыла варыянты Украіны, Лівіі, Сірыі і гэтак далей, і стабілізаваць абстаноўку ў гэтай краіне. Таму дзейнічайце згодна з законам і помніце, што вы такія ж грамадзяне, як і Прэзідэнт краіны. І не толькі ў мяне, але і ў вас ёсць дзеці. Гэта вам яшчэ жыць у гэтай краіне і ў новай Беларусі", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.