Аб арэндным жыллі для ваеннаслужачых
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ "Аб арэндным жыллі для ваеннаслужачых", якім устаноўлены парадак і ўмовы перадачы ва ўласнасць ваеннаслужачым прадастаўленага ім арэнднага жылля.
Дакументам прадугледжана, што такое жыллё бязвыплатна перадаецца ва ўласнасць пры наяўнасці 25 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе. Пры наяўнасці 20 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе яно перадаецца на платнай аснове, з магчымасцю аплаты яго кошту ў растэрміноўку да 15 гадоў.
Для ваеннаслужачых і членаў іх сем'яў Указам прадугледжаны таксама дадатковыя сацыяльна-прававыя гарантыі. Так, для ваеннаслужачых, маючых выслугу 20 каляндарных гадоў і звольненых у запас, якія не жадаюць набываць займаемае арэнднае жыллё ва ўласнасць, захоўваецца права валодання і карыстання гэтым жыллём з магчымасцю прадаўжэння дагавора найму да паляпшэння імі жыллёвых умоў. Членам сям'і ваеннаслужачага, які загінуў у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, займаемае імі арэнднае жыллё будзе перадавацца ва ўласнасць бязвыплатна, незалежна ад выслугі гадоў. За членамі сям'і ваеннаслужачага, які памёр па іншых падставах у перыяд праходжання ваеннай службы, захоўваецца права валодання і карыстання арэндным жыллём на ранейшых умовах да паляпшэння імі сваіх жыллёвых умоў.
Дзеянне Указа распаўсюджваецца на ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб, якія праходзяць службу ў Мінабароны, МУС, МНС, КДБ, ДПК, Службе бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Аператыўна-аналітычным цэнтры пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, КДК, цэнтральных апаратах Следчага камітэта і ДКСЭ, а таксама ў арганізацыях, якія ўваходзяць у сістэму гэтых дзяржаўных органаў або падпарадкаваных ім.
Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.