Спартыўныя аб'екты

У Беларусі функцыянуюць 23,6 тыс. фізкультурна-спартыўных збудаванняў. У кожным абласным цэнтры ёсць Палац спорту, крытая лядовая пляцоўка.

За апошнія гады ў Мінску ўведзены ў строй культурна-забаўляльны спартыўны комплекс "Чыжоўка-Арэна", фізкультурна-аздараўленчы комплекс з аквазонай і сацыяльна-абслуговай інфраструктурай аквапарк "Лябяжы", шматфункцыянальны фізкультурна-аздараўленчы комплекс "Мандарын", вучэбна-трэніровачны цэнтр фрыстайла са спартыўна-аздараўленчым комплексам, тэхнічны цэнтр нацыянальных зборных каманд па футболе. Адкрыліся фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Беразіне, Брэсце, Барысаве, Валожыне, Касцюковічах, Стоўбцах, Століне, Чэрвені, Ушачах, Раўбічах, Краснаполлі. Пабудаваны спартыўны комплекс для гульнявых відаў спорту з лыжаролернай трасай у Оршы, стадыёны ў Баранавічах, Лідзе, Барысаве, Івацэвічах, лядовая арэна ў Шклове.

Для прафесійных спартсменаў і аматараў у Беларусі даступны таксама пляцоўкі спарткомплексаў сусветнага класа.

Нацыянальны Алімпійскі стадыён "Дынама"

Стадыён "Дынама" ў г. Мінску

Стадыён "Дынама" - галоўная спартыўная шматфункцыянальная арэна краіны, дзе праводзяцца не толькі спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню, але і канцэрты, фестывалі, карпаратыўныя мерапрыемствы. Стадыён умяшчае 22 тыс. гледачоў, агульная плошча арэны - 47 015 кв.м.

Спартыўна-стралковы комплекс імя С.Цімашэнкі

Спартыўна-стралковы комплекс ім. С.Тимошенко

Спартыўна-стралковы комплекс імя маршала С.К.Цімашэнкі быў пабудаваны ў Мінску ў 1971 годзе. З таго часу тут падрыхтавана вялікая колькасць спартсменаў. Нацыянальная зборная Беларусі па кулявой стральбе на кожным буйным міжнародным старце ўваходзіць у лік фаварытаў. Беларускія стралкі заваявалі больш як 30 залатых медалёў на чэмпіянатах сусветнага ўзроўню.

Да II Еўрапейскіх гульняў у Мінску комплекс быў рэканструяваны і цяпер адпавядае самым высокім стандартам для правядзення міжнародных турніраў.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы"

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы"

Цэнтр плошчай 60 га мае лыжаролерную трасу, кросавыя трасы працягласцю больш за 20 км, сучаснае стрэльбішча, комплекс трамплінаў, акрабатычны схіл, слаламную трасу, трэнажорныя залы і трэніровачную хакейную арэну.

У "Раўбічах" вядуць падрыхтоўку біятланісты і лыжнікі, фрыстайлісты, канькабежцы, скакуны з трампліна, дваяборцы і хакеісты. Алімпійскі спарткомплекс адзначаны залатым знакам UIPMB. У 1996 годзе Міжнародны саюз біятлона прысвоіў АСК "Раўбічы" вышэйшую катэгорыю А, выдаўшы ліцэнзію на правядзенне спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню без якіх-небудзь выключэнняў.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі "Стайкі"

"Стайкі" - буйнейшая спартыўная база краіны па падрыхтоўцы нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь да чэмпіянатаў Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў па больш як 20 відах спорту. Яе плошча 82,71 га. Спарткомплекс адпавядае міжнародным стандартам і даўно здабыў славу высакакласнага вучэбна-трэніровачнага цэнтра. Пачынаючы з Алімпіяды 1972 года ў Мюнхене традыцыйна ў "Стайках" спартсмены вядуць падрыхтоўку да летніх Алімпійскіх гульняў.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту

Цэнтр размяшчаецца на вяслярным канале ў Заслаўі. Гэта вядучая ў Беларусі ўстанова па падрыхтоўцы нацыянальных і зборных каманд па акадэмічным веславанні і веславанні на байдарках і каноэ. У 2011 годзе была завершана рэканструкцыя канала. Цяпер гэта сучасны аб'ект, дзе створаны ўсе ўмовы для правядзення міжнародных спаборніцтваў, вучэбна-трэніровачных збораў, адпачынку і аднаўлення спартсменаў.

На базе цэнтра праводзіліся чэмпіянат Еўропы па акадэмічным веславанні сярод юніёраў (2013), чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод студэнтаў (2014), чэмпіянат свету сярод юніёраў і моладзі (2016), II Еўрапейскія гульні (2019). У 2020 годзе плануецца чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы

Цэнтр адпавядае ўсім міжнародным стандартам, яго спартыўная база ўключае адкрыты пясчаны манеж, канкурнае поле з трыбунамі, чатыры крытыя манежы, дзве спартыўныя залы, шэсць адкрытых трэніровачных пляцовак, трасу для палявых выпрабаванняў па трохбор'і, тыпавыя стайні. Цэнтр у Ратамцы - адзіны на тэрыторыі СНД, дзе арганізавана цэнтралізаваная падрыхтоўка юнакоў і юніёраў.

Гарналыжны комплекс-курорт "Лагойск"

Гарналыжны комплекс-курорт "Лагойск"

Гарналыжны комплекс-курорт "Лагойск" з 2004 года працуе па еўрапейскіх стандартах абслугоўвання аматараў гарналыжнага спорту і снаўборда. Архітэктура комплексу выканана ў самабытным беларускім стылі з доляй альпійскай рамантыкі. Для катання адкрыта некалькі трас рознай ступені складанасці. Курорт гатовы сустракаць сваіх гасцей круглы год. У карыстанні аматараў актыўнага адпачынку прафесійныя крытыя тэнісныя корты, футбольнае поле, валейбольныя пляцоўкі, лазнева-спартыўны комплекс.

Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы"

Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы" - гонар айчыннай індустрыі турызму і адпачынку - адкрыты ў 2005 годзе. Ён створаны па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі згодна з дзяржаўнай праграмай аздараўлення нацыі.

Пры выбары месца для будаўніцтва была ўлічана галоўная перавага ўчастка пад Лагойскам - узгорысты ландшафт. Для прыроднага рэльефу быў характэрны перапад вышынь да 76 м. З падсыпкай 30 м атрымаліся даволі крутыя, з перападам да 100 м схілы, што дае магчымасць іх выкарыстоўваць для скораснага спуску.

"Сілічы" гарманічна ўпісаліся ў прыродны ландшафт. Пры будаўніцтве захаваны каштоўныя пароды дрэў, сярод якіх сустракаюцца векавыя дубы і елкі. Акрамя гары і трас гарналыжная база ўключае гасцінічны гарадок і спартыўную залу, якая ў зімовы перыяд выкарыстоўваецца як крыты каток.

Палац спорту "Уручча"

Палац спорту "Уручча"

Палац спорту "Уручча" адкрыўся ў пачатку 2016 года на месцы лёгкаатлетычнага спарткомплексу СКА ва Уруччы.

У абноўленым палацы ёсць магчымасць займацца гандболам, міні-футболам, валейболам, тэнісам, бадмінтонам, настольным тэнісам, боўлінгам і іншымі відамі спорту.

Усе залы абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі безбар'ернага асяроддзя. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць у поўнай меры карыстацца паслугамі комплексу, актыўна ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах.

Шматфункцыянальны спартыўна-відовішчны комплекс "Мінск-Арэна"

Шматфункцыянальны спартыўна-відовішчны комплекс "Мінск-Арэна"

"Мінск-Арэна" - буйнейшы ў Еўропе спартыўны аб'ект, створаны па самых сучасных тэхналогіях. Ён мае ўсё неабходнае для заняткаў па 30 відах спорту, уключае шматфункцыянальную галоўную арэну з залай умяшчальнасцю да 15 тыс. чалавек, канькабежны трэк з трыбунамі на 3 тыс. гледачоў, веладром на 2 тыс. чалавек.

"Мінск-Арэна" заслужыла самыя пахвальныя водзывы кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакея і зорак сусветнага хакея. На лядовых пляцоўках комплексу праходзілі матчы 78-га чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2014 года. 

Шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс "Чыжоўка-Арэна"

Шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс "Чыжоўка-Арэна"

Комплекс размешчаны ў ландшафтна-рэкрэацыйнай зоне Чыжоўскага вадасховішча і ўмяшчае каля 10 тыс. гледачоў.

"Чыжоўка-Арэна" - гэта ўвасабленне найноўшых тэхналагічных распрацовак, унікальны і ўніверсальны комплекс як па сваёй шматфункцыянальнасці, так і складанасці тэхнічнага выканання, абсталявання і аснашчэння. Ён ідэальна падыходзіць для правядзення топавых спартыўных падзей і буйных забаўляльных шоу, трэніровак, актыўнага адпачынку аматараў. Структуру комплексу ўтвараюць дзве арэны - Вялікая і Малая, са сваімі памяшканнямі і заламі.