Героі спорту
У Рэспубліцы Беларусь культывуецца больш як 130 відаў спорту. У кожнага з іх ёсць паклоннікі, свае слаўныя старонкі гісторыі і яркія імёны.
Беларускія спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх гульнях з 1952 года. Спартыўныя подзвігі трохразовага пераможцы Алімпійскіх гульняў барца Аляксандра Мядзведзя, чатырохразовых уладальнікаў алімпійскага золата гімнасткі Вольгі Корбут і фехтавальшчыцы Алены Бяловай, пяціразовай алімпійскай чэмпіёнкі Нэлі Кім, шасціразовага алімпійскага чэмпіёна Віталя Шчэрбы і многіх іншых праслаўленых беларускіх спартсменаў залатымі літарамі ўпісаны ў алімпійскую гісторыю.
Самастойнай камандай беларускія спартсмены пачалі выступаць на Гульнях з 1994 года. З гэтага часу беларускія спартсмены заваявалі 109 алімпійскіх медалёў: 22 залатыя, 39 сярэбраных і 48 бронзавых.
Алiмпiйскае золата ў Беларусь прывезлi:
Кацярына Карстэн
Эліна Зверава
Яніна Карольчык
Ігар Макараў
Юлія Несцярэнка
Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук, Вадзім Махнёў і Раман Петрушэнка
Андрэй Арамнаў
Аляксандр і Андрэй Багдановічы
Аляксей Грышын
Вікторыя Азаранка і Максім Мірны
Сяргей Мартынаў
Дар'я Домрачава
Ала Цупер
Антон Кушнір
Уладзіслаў Ганчароў
Ганна Гуськова
Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава
Іван Літвіновіч
Асабліва памятна беларусам першае алімпійскае золата, якое заваявала для суверэннай краіны Кацярына Карстэн, золата Аляксея Грышына - першага ў гісторыі беларускага спорту чэмпіёна зімовых Алімпійскіх гульняў, сенсацыйная перамога ў бегу на 100 м спартсменкі з Брэста Юліі Несцярэнка, перамога Сяргея Мартынава, які ўстанавіў на Алімпіядзе новы сусветны рэкорд.
Зімовыя Алімпійскія гульні - 2014 у Сочы сталі самымі паспяховымі ў гісторыі беларускага спорту. Нашы спартсмены заваявалі 5 залатых медалёў (тры - Дар'я Домрачава, па адной узнагародзе ў Алы Цупер і Антона Кушніра) і адзін бронзавы (Надзея Скардзіна). Па выніках Алімпіяды Дар'і Домрачавай прысвоена званне Героя Беларусі. Дар'я - першая і адзіная ў краіне жанчына - уладальніца вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Рэспублікі Беларусь.
На летніх Алімпійскіх гульнях - 2016 у Рыа-дэ-Жанэйра беларускія спартсмены заваявалі 9 медалёў: адзін залаты (Уладзіслаў Ганчароў), 4 сярэбраныя (Дар'я Навумава, Вадзім Стральцоў, Марыя Мамашук, Іван Ціхан) і 4 бронзавыя (Аляксандра Герасіменя, Ібрагім Саідаў, Джавід Гамзатаў, жаночая нацыянальная каманда па веславанні на байдарках і каноэ: Маргарыта Махнёва, Надзея Ляпешка, Вольга Худзенка і Марына Літвінчук).
На XXIII зімовых Алімпійскіх гульнях, якія праводзіліся 9-25 лютага 2018 года ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане, зборная Беларусі была прадстаўлена ў шасці відах спорту. У актыве нашых спартсменаў два залатыя медалі і адзін сярэбраны. Узнагароды вышэйшай пробы заваявалі фрыстайлістка Ганна Гуськова ў лыжнай акрабатыцы і біятланісткі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і Дар'я Домрачава ў эстафеце, серабро - у Дар'і Домрачавай у мас-старце.
Беларусь на XXXII летніх Алімпійскіх гульнях, якія прайшлі ў Токіа з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года, прадставілі 107 спартсменаў у 20 відах спорту. У актыве беларускай каманды - сем узнагарод (1 залатая, 3 сярэбраныя, 3 бронзавыя). На п'едэстал гонару ўзнімаўся батутыст Іван Літвіновіч (золата), серабро заваявалі барцы вольнага стылю Ірына Курачкіна і Магамедхабіб Кадымагамедаў, весляры на байдарках і каноэ Вольга Худзенка, Марына Літвінчук, Маргарыта Махнёва, Надзея Папок (веславанне на байдарках і каноэ, байдарка-чацвёрка, 500 м). Бронзы ўдастоіўся Максім Недасекаў (скачкі ў вышыню), Ванэса Каладзінская (вольная барацьба, да 53 кг), Аліна Гарнасько (мастацкая гімнастыка, індывідуальнае мнагабор'е).
Беларусь на XXIV зімовых Алімпійскіх гульнях, якія праходзілі з 4 па 20 лютага 2022 года ў Пекіне, прадстаўлялі 29 спартсменаў у 6 дысцыплінах. Нашы спартсмены заваявалі дзве сярэбраныя ўзнагароды. На п'едэстал узнімаліся біятланіст Антон Смольскі (індывідуальная гонка на 20 кіламетраў) і фрыстайлістка Ганна Гуськова (лыжная акрабатыка).
У XXXIII летніх Алімпійскіх гульнях, якія праводзіліся ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня, прымалі ўдзел 17 беларускіх спартсменаў. Залаты медаль заваяваў Іван Літвіновіч (скачкі на батуце). Гэта яго другая алімпійская ўзнагарода вышэйшай вартасці. Першую ён атрымаў у 2021 годзе на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Сярэбраныя медалі ў Віялеты Бардзілоўскай (скачкі на батуце) і Яўгена Залатога (веславанне акадэмічнае). Бронзавага медаля ўдастоіўся Яўген Ціханцоў (цяжкая атлетыка).
На Гульнях-2010 у Ванкуверы беларусы заваявалі 9 медалёў: 2 залатыя і 7 бронзавых. На летняй Паралімпіядзе-2012 у Лондане Беларусь заваявала 10 медалёў (5 залатых, 2 сярэбраныя, 3 бронзавыя) і размясцілася на 25-м месцы падагульняючага агульнага заліку. Беларускі плывец Ігар Бокій выйграў пяць залатых медалёў Паралімпіяды, прычым на дыстанцыі 200 м комплексам ён устанавіў новы сусветны рэкорд.
На Паралімпійскіх гульнях - 2014 у Сочы заваяваны 3 бронзавыя ўзнагароды: Васіль Шапцябой стаў двухразовым бронзавым прызёрам у біятлоне, Ядвіга Скорабагатая заваявала бронзу ў лыжных гонках.
На XV летніх Паралімпійскіх гульнях - 2016 у Рыа-дэ-Жанэйра беларуская зборная заваявала 10 медалёў: 8 залатых (Ігар Бокій - 6, па адным Андрэй Праневіч і Уладзімір Ізотаў), 2 бронзавыя (Аляксандр Трыпуць, Ігар Бокій).
Беларускія спартсмены на зімовых Паралімпійскіх гульнях - 2018 у Пхёнчхане заваявалі 12 медалёў: 4 залатыя (Святлана Саханенка - 3, Юрый Голуб - 1), 4 сярэбраныя (Дзмітрый Лобан - 2, Юрый Голуб - 2) і 4 бронзавыя (Лідзія Графеева - 2, Святлана Саханенка - 1, Юрый Голуб - 1).
Беларусь на XVI летніх Паралімпійскіх гульнях у Токіа прадставілі 20 спартсменаў, якія выступілі ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, плаванні, дзюдо, паравеславанні і фехтаванні. Нашы паралімпійцы заваявалі 7 медалёў: 5 залатых, 1 сярэбраны і 1 бронзавы. На рахунку плыўца Ігара Бокія - пяць залатых узнагарод, серабро ў плыўца Ягора Шчалканава і бронза ў кідальніцы кап'я Лізаветы Пятрэнка.
На XVII летніх Паралімпійскіх гульнях у Парыжы беларускія спартсмены заваявалі 7 медалёў - 6 залатых (Ігар Бокій - 5, Ягор Шчалканаў - 1) і 1 сярэбраны (Дзмітрый Салей).