Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой наведаў з рабочай паездкай Клімавіцкі раён
- 13
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой 27 ліпеня наведаў з рабочай паездкай Клімавіцкі раён, сярод асноўных пытанняў - развіццё сферы свінагадоўлі, ход уборачнай кампаніі ў гаспадарках раёна.
У філіяле "Клім-агра" ААТ "Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў" адбылося адкрыццё новага комплексу па адкорме свіней вытворчай магутнасцю 51 тыс. галоў у год. З'яўленне гэтага аб'екта замыкае цыкл вытворчасці: ад кармавой базы да пастаўкі на мясакамбінат. Наступны этап - мадэрнізацыя адкормачнай пляцоўкі.
Акрамя гэтага, Дзмітрый Крутой азнаёміўся са станам спраў і работай Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў. А пасля ў зале Клімавіцкага райвыканкама прайшла нарада, тэмай якой стала работа аграпрамысловага комплексу раёна ў перыяд уборачнай.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыў, што ў шэрагу раёнаў ён ужо азнаёміўся з гатоўнасцю тэхнікі, работай зернесушыльных комплексаў, ходам уборачнай. Збояў няма, з тым аб'ёмам збожжа, які паступае, усе спраўляюцца. А таму, хутчэй за ўсё, буйных перакідванняў тэхнікі з раёна ў раён можа не спатрэбіцца.
"Мабільныя групы, якія створаны ўрадам і Камітэтам дзяржкантролю, таксама цяпер актыўна ездзяць па нашым рэгіёне. Іх асноўная задача - не столькі кантроль, хоць і гэтага таксама ў іх хапае, колькі дапамога ў аператыўным дакладзе на ўзровень урада прапаноў, якія патрабуюць недзе, можа, нарматыўнага вырашэння, недзе - фінансавых нейкіх перакідванняў у рамках бюджэту абласнога або рэспубліканскага. Іх задача - аператыўнасць і хуткасць", - звярнуў увагу ён.
Дзмітрый Крутой дадаў, што ўзмоцнены кантроль з боку міліцыі па захаванасці гаруча-змазачных матэрыялаў, папярэджанні крадзяжу паліва. Наяўнасць абменнага фонду запасных частак, гарантыйны рамонт тэхнікі там, дзе патрабуецца, - усё гэта таксама ўплывае на хуткасць і якасць уборачнай кампаніі.
Тэма другога ўкосу застаецца актуальнай. "Рэгіён першы выканаў план па сенажы ў рэспубліцы, той, які быў даведзены Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Анатоль Міхайлавіч (Ісачанка. - Заўвага) паставіў больш высокую планку - пад 2 млн т. Для гэтага тэмпы, якія даведзены губернатарам, у сярэднім 15 тыс. т у дзень, таксама трэба старацца падтрымліваць. Зразумела, што гэта няпроста, таму што шмат работ ідзе паралельна, але шанцу нарыхтаваць такі аб'ём травяных кармоў у нас не было даўно. А гэта эфектыўная жывёлагадоўля ў зімова-стойлавы перыяд", - сказаў Дзмітрый Крутой.
Страты збожжа, рэгуліроўкі камбайна, засмечанасць палёў з-за дажджоў - гэта, адзначае Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, больш лакальныя тэмы, але яны таксама гучаць. Уборка саломы, падрыхтоўка да азімай сяўбы. Увесь комплекс работ цяпер у разгары.
Мінеральныя ўгнаенні, сяўба азімых, гатоўнасць пляцовак для захоўвання ўраджаю, будаўніцтва сучасных МТК, прафілакторыяў для цялят, плюшчэнне збожжа - тэмы нарады датычыліся ўсяго спектра работы прадпрыемстваў АПК рэгіёна.