Зацверджана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2026 год
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 460, якім зацверджана Дзяржаўная інвестыцыйная праграма на 2026 год.
На фінансаванне аб'ектаў, уключаных у праграму, у 2026 годзе прадугледжана Br2 млрд 987,7 млн.
У рамках Дзяржінвестпраграмы будуць ажыццяўляцца праекціраванне і будаўніцтва 62 аб'ектаў, а таксама фінансаванне 11 мерапрыемстваў.
У праграму ўключаны аб'екты з высокай ступенню гатоўнасці, з якіх 21 плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2026 годзе.
Дзяржаўныя капітальныя ўкладанні і сродкі фонду нацыянальнага развіцця размеркаваны на сацыяльныя аб'екты, уключаючы аб'екты аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, арэнднае жыллё, у тым ліку для спецыялістаў найбольш запатрабаваных пасад і прафесій.
За кошт сродкаў праграмы (уключаючы сродкі мясцовых бюджэтаў) у 2026 годзе будуць будавацца і рэканструявацца: ветка чыгуначнага пуці для скорасных зносін з Нацыянальным аэрапортам Мінск; аўтамабільныя дарогі М-10 (Гомель - Кобрын), М-3 (Мінск - Віцебск), Р-122 (Магілёў - Касцюковічы); масты цераз раку Днепр (на аўтадарозе М-10 Гомель - Кобрын), раку Мухавец (на аўтамабільнай дарозе Р-2 Стоўбцы - Кобрын), раку Вілія (на аўтамабільнай дарозе Р-28 Мінск - Нарач); абласны анкалагічны дыспансер у Гродне, новыя карпусы абласной бальніцы ў Брэсце і РНПЦ дзіцячай анкалогіі ў Бараўлянах, рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшчыне; Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў Мінску і Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці.
У рамках праграмы ў 2026 годзе Br177 млн будуць накіраваны на меліярацыю, захаванне і пашырэнне сельскагаспадарчых зямель.

