Сустрэча з Міністрам абароны Расійскай Федэрацыі Сяргеем Шайгу
- 6
- 8:08
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лютага сустрэўся з Міністрам абароны Расійскай Федэрацыі Сяргеем Шайгу.
Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў расійскага Міністра, адзначыўшы, што нядаўна сустракаўся з яго землякамі з Тывы. "Прыязджаў кіраўнік Вашага рэгіёна. Шмат што расказвалі, пра Вас шмат гаварылі. Справа ў тым, што мы там адкрываем некаторыя сумесныя вытворчасці, у тым ліку і па абаронцы. Я заўважыў, што землякі гатовы супрацоўнічаць з Беларуссю. Гэта добра. Я ўсё планую пабываць там. Уладзімір Уладзіміравіч (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. - Заўвага) мне шмат што расказваў. Увесь час мяне агітуе пабываць. Ён любіць Ваш край і расказвае вельмі часта пра свае паездкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму мне ўсё ж такі хочацца там пабываць і паглядзець гэта хараство і ўнікальнасць прыроды. І заадно махнуць па прапанове Прэзідэнта Расіі на Далёкі Усход. Таму што там вельмі шмат, гаворыць, цікавага. Для мяне Камчатка, Сахалін - гэта наогул казачныя мясціны. Я не ўяўляю, што гэта за зямля. Як космас. Таму ўжо, напэўна, гадоў пяць ён мне прапануе туды злятаць. Але я ўсё ж такі выберу час, і пабываць хачу там на гэтых добрых тэрыторыях, не чужых нам", - дадаў беларускі лідар.
Гаворачы аб супрацоўніцтве з Расіяй у ваеннай сферы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер бакі праводзяць сумесныя вучэнні "Саюзная рашучасць - 2022" на тэрыторыі Беларусі.
"Мы праводзім вучэнні. Мы з Вамі ў тым ліку дамаўляліся аб тым, што выберам час для правядзення гэтых вучэнняў, каб і народнай гаспадарцы, сельскай гаспадарцы не перашкаджаць. І правядзём буйныя вучэнні на поўдні Беларусі. З Прэзідэнтам (Расіі. - Заўвага) двойчы абмяркоўвалі гэту тэму. Увесь час удасканальвалі задумы. Дзякуй, што Вы арганізавалі гэтыя вучэнні. Нам зусім няшмат засталося часу па перадыслакацыі войскаў з Расійскай Федэрацыі. У нас тут праблем абсалютна няма. Усё, што спланавана з нашага боку, фактычна рэалізавана. Думаю, што недзе з 10-га чысла мы пачнём актыўную фазу гэтых мерапрыемстваў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Каб тут гвалтам не крычалі, зразумела, што пасля Вашага прыезду ў Беларусь яшчэ больш пачнецца выцця там (але гэта іх праблемы), я хачу сказаць, якую мы асноўную мэту маем на гэтых вучэннях. Усе заўважылі, што мы нямала тэхнікі перадыслацыруем з Расіі ў Беларусь, у тым ліку і сучаснай. Як мы і дамаўляліся і з Вамі, і з Прэзідэнтам Расіі, для нас вельмі важна, каб нашы ваенныя людзі не проста ўбачылі гэту тэхніку на карцінцы, але і, што называецца, памацалі. Каб разам з расіянамі, братамі сваімі, падвучыліся карыстацца гэтай тэхнікай. Для нас гэта вельмі важна, таму што практычна ўся тэхніка, якая будзе тут, мы плануем закупляць у вас у гэтым, наступным годзе і гэтак далей. Гэта для нас вельмі важна. І не толькі для нас. Гэта для нашай Саюзнай дзяржавы крытычна важна сёння ў сувязі з тым, як сябе паводзяць і НАТА, і Украіна, якая імкнецца туды. Таму мы хочам навучыцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што сумесна з Расіяй ствараюцца цэнтры, у якіх абучаюць абыходжанню з найноўшымі ўзорамі расійскіх узбраенняў. "Гэта мая была просьба да Вас, каб мы стварылі тут цэнтры па найноўшай зброі. Дзякуй, Вы адгукнуліся на гэта", - сказаў Прэзідэнт.
Як было адзначана на сустрэчы, дзе прысутнічаў таксама і Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, ужо створаны тры такія цэнтры - два на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і адзін у Беларусі.
"Мы гатовы ствараць яшчэ цэнтры для таго, каб асвоіць і сістэмы проціпаветранай абароны, і найноўшыя ўзоры ўзбраенняў, якія сёння ствараюцца на тэрыторыі Расіі. Нам зноў жа крытычна важна іх асвоіць і ўмець карыстацца", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама назваў яшчэ адну мэту правядзення сумесных вучэнняў: "Я яе не ўтойваю. Сёння ў нас, на жаль, адкрываецца паўднёвы напрамак. Ад гэтага нікуды не дзенешся. Мы вымушаны ўмацоўваць граніцу з Украінай".
"Ваша дапамога тут важная, вашых ваенных спецыялістаў, - дапамогуць нам вызначыць самыя слабыя месцы на гэтым напрамку для таго, каб без лішніх затрат стварыць гэту абарону на паўднёвых нашых рубяжах. Гэта таксама важна і для Расійскай Федэрацыі. Таму размовы аб вайне - не вайне і гэтак далей... Палезуць - атрымаюць. Вось і ўся вайна. Я аб гэтым нядаўна гаварыў. Нам чужога не трэба. Дай бог сваё асвоіць - ад Брэста да Уладзівастока", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў расійскаму боку за падтрымку Паветрана-касмічнымі сіламі. "Усё ж такі ахаладжальна дзейнічае на галовы некаторых нашых так званых суседзяў, якія спрабуюць бегчы сёння наперадзе паравоза. Гэта іх права, - адзначыў Прэзідэнт. - Сітуацыю напружваюць, штурхаюць нас да адказу (ужо некалькі было правакацый, на якія мы маглі адказаць узброена). Разумеюць, што калі мы адкажам, то Расія следам у гэта ўцягнецца. Мы пакуль трываем. Але правакуюць пастаянна. Таму вам вялікі дзякуй, што вы заўсёды падтрымліваеце, адгукаецеся на нашы запыты. Мы ў даўгу не застанёмся".
Прэзідэнт адзначыў і паспяховую рэалізацыю нядаўняй аперацыі па перакідцы ў Казахстан міратворчых сіл АДКБ. "Пройдзе час - у падручнікі запішуць. Гэта была бліскучая аперацыя", - сказаў ён.
У сваю чаргу Сяргей Шайгу адзначыў, што перакідка вялікай групоўкі войскаў з Расіі да заходніх граніц Саюзнай дзяржавы ў рамках вучэнняў "Саюзная рашучасць - 2022" прайшла бліскуча.
"Мы сёння правядзём вялікую інспекцыю таго, што на гэтым этапе падрыхтоўкі да вучэнняў зроблена, што трэба яшчэ зрабіць", - сказаў Міністр. Ён адзначыў, што цяпер набліжаецца да завяршэння этап, які заключаўся ў перакідцы амаль на 10 тыс. км вялікіх груповак войскаў з тэхнікай з Расіі.
Сяргей Шайгу пазітыўна ацаніў тое, як была разгорнута вялікая сетка для прыёму такой групоўкі, і асабліва адзначыў заслугі ў гэтым кіраўніцтва Беларусі і Міністэрства абароны краіны. "Усё арганізавана такім чынам, што сёння ёсць нават рэзервы. Гэта значыць, усё арганізавана не проста бліскуча, а ёсць яшчэ магчымасці па дадатковым прыёме тэхнікі", - сказаў ён.
Міністр абароны звярнуў увагу на тое, што вучэнні праходзяць па даручэнні вярхоўных галоўнакамандуючых Расіі і Беларусі, і, на яго думку, арганізаваны яны з улікам абставін. "Вы правільна адзначылі, што студзень вымусіў нас пачаць гэтыя вучэнні, праверкі і сумесную работу значна раней: гэта быў Казахстан, - сказаў Міністр абароны Расіі, звяртаючыся да Прэзідэнта Беларусі. - Вядома, дзякуючы аператыўнай рабоце прэзідэнтаў: і Вас, і Уладзіміра Уладзіміравіча (Пуціна, Прэзідэнта Расіі. - Заўвага), Вашых калег па АДКБ - гэту аперацыю ўдалося правесці ў самыя кароткія, сціслыя тэрміны і, як сёння паказвае ўжо жыццё, вельмі своечасова".
"У нас наперадзе па гэтым годзе больш за 20 мерапрыемстваў", - сказаў Міністр, растлумачыўшы, што ў іх ліку і вучэнні "Усход-2022".
Ён расказаў, што ў перыяд вучэнняў "Саюзная рашучасць - 2022" ажыццяўлялася перакідка групоўкі войскаў і тэхнікі з усходу Расіі да заходніх граніц Саюзнай дзяржавы, а ў час вучэнняў "Усход-2022", як відавочна з назвы, войскі будуць сканцэнтраваны на ўсходніх рубяжах. "Па Вашым рашэнні Міністэрства абароны, Узброеныя Сілы Беларусі будуць удзельнічаць у гэтых вучэннях, вялікая групоўка. Цяпер ім трэба будзе на 10 тыс. км перабрацца туды", - адзначыў Сяргей Шайгу на сустрэчы з беларускім лідарам.
Міністр абароны таксама выказаўся наконт стварэння вучэбных цэнтраў, зрабіўшы акцэнт на тым, што яны менавіта сумесныя і задумваліся для таго, каб прадстаўнікі УС Беларусі і Расіі разам ляталі, ахоўвалі рубяжы, паветраную прастору і каб тая сістэма проціпаветранай абароны, якая створана ў Саюзнай дзяржаве, магла "паказваць сваю эфектыўнасць, у тым ліку і тым, каму гэта трэба паказваць".