Сустрэча з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым
- 15
- 10:17
Вынікі супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга ўражваюць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 красавіка на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі рады зноў вітаць членаў дэлегацыі з Санкт-Пецярбурга як добрых і блізкіх суседзяў: "Вы ведаеце маё асабістае стаўленне да горада-працаўніка, героя. Я часта параўноўваю Ленінград з Беларуссю. Таму што ў гісторыі наогул не было такіх, якія ад вайны пацярпелі б, як Беларусь і Ленінград. Мы з вялікай цеплынёй (Беларусь - асабліва) ставімся да ленінградцаў, якія пасля вайны прыехалі сюды і зрабілі вельмі шмат для адраджэння Беларусі, асабліва ў навуцы і адукацыі".
Карыстаючыся выпадкам, Прэзідэнт выказаў удзячнасць дэлегацыі з Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці за прыезд у Беларусь у сакавіку на адкрыццё музея, прымеркаванае да 80-й гадавіны трагічных падзей у Хатыні.
У сувязі з гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў важнасць агульных намаганняў па захаванні гістарычнай праўды: "Мы бачым, што сёння нацысты, фашысты і іншая дрэнь, дэструктыўныя сілы спрабуюць перапісаць гісторыю, адмаўляць наш агульны ўклад у Вялікую Перамогу і апраўдаць свае злачынныя дзеянні і таго часу, і сённяшнія. Праз канфлікт ва Украіне ўцягваюць нас усіх у трэцюю сусветную вайну. Я ўпэўнены: ні тады ў іх не атрымалася, ні цяпер тым больш".
"У нас наперадзе вялікая работа па ўмацаванні нашага саюза Беларусі і Расіі, які сёння з'яўляецца апорай свабоды і праўды на прасторы СНД і за яе межамі. Вядома ж, велізарны ўклад ва ўмацаванне нашых саюзніцкіх адносін уносяць рэгіёны Расійскай Федэрацыі. Часта гавару: не было б нашых сувязей з рэгіёнамі Расіі ў свой час, не было б і цяперашніх адносін", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, вынікі супрацоўніцтва бакоў у 2022 годзе ўражваюць. Тавараабарот павялічыўся амаль на паўмільярда долараў і дасягнуў рэкордных $2,2 млрд. "Не кожныя з дзяржаў у свеце могуць пахваліцца такім тавараабаротам, як у нас", - заўважыў Прэзідэнт. У гэтым годзе тэндэнцыя да росту захоўваецца. Ужо ў студзені-лютым зафіксаваны прырост у 1,4 раза, а ў экспарце беларускай прадукцыі - у 1,7 раза. "Гэтым перш за ўсё абумоўлена наша вельмі цеснае і зацікаўленае стаўленне да Санкт-Пецярбурга. Ведаю, што ў вас вялікая цікавасць да Беларусі. Будзьце ўпэўнены: мы гатовы аддаць апошняе, але рэалізаваць тое, аб чым дамовіліся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт станоўча ацаніў падыход кіраўніцтва Санкт-Пецярбурга да вырашэння пастаўленых задач: калі ўжо там бяруцца за нейкае пытанне, то вырашаюць яго маштабна, якасна і, самае галоўнае, у тэрмін. "Я вас хачу запэўніць, што такое ж стаўленне будзе і з боку Беларусі да Піцера", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падзякаваў кіраўніцтву Санкт-Пецярбурга за магчымасць удзелу беларускіх прадпрыемстваў у маштабнай транспартнай рэформе пасажырскага парку горада. "Паверце, мы будзем рабіць усё, каб нашы родныя людзі ў Піцеры атрымалі самы сучасны і якасны прадукт з Беларусі", - запэўніў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго даных, у 2022 годзе больш за тысячу аўтобусаў МАЗ выйшлі на гарадскія маршруты Паўночнай сталіцы, прадаўжаюцца пастаўкі тралейбусаў "Белкамунмаша". У Санкт-Пецярбурга ёсць планы па закупках аўтобусаў самай вялікай умяшчальнасці. "Гэта правільна, мы таксама гэтым шляхам ідзём. Думаю, што мы вам у гэтым плане будзем цікавыя", - выказаў меркаванне Прэзідэнт.
"Мы вітаем планы Санкт-Пецярбурга па выкарыстанні электробусаў. У Мінску напрацаваны сур'ёзны вопыт эксплуатацыі гэтай навінкі. Гатовы падзяліцца, калі ў вас будзе такая зацікаўленасць, нашым вопытам", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
Добра сябе зарэкамендавала за час эксплуатацыі мінулай зімой на вуліцах Піцера беларуская камунальная тэхніка. У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі згадаў выпадак, калі Прэзідэнт Расіі вырашыў паказаць лідарам замежных краін свой родны горад. "Ніхто гэтага не чакаў, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я наогул быў уражаны чысцінёй і парадкам у Піцеры, прынамсі, там, дзе я пабываў. Я думаў, што Мінск самы чысты горад. Я прыехаў сюды, і ў Мінску ў нас была прадметная размова з мэрам. Гавару: трэба ехаць у Піцер вучыцца, як прыбіраць. Хоць мае словы чамусьці былі раскрытыкаваны некаторымі сродкамі масавай інфармацыі ў вас. Мяне гэта здзівіла. Але я тое, што ўбачыў, аб тым і сказаў".
Прадаўжаючы размову аб магчымых сферах супрацоўніцтва, Кіраўнік дзяржавы згадаў аб рэалізацыі ў Санкт-Пецярбургу праграмы абнаўлення ліфтавага абсталявання. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што айчынны "Магілёўліфтмаш" задаволіць запыты Піцера, нават нягледзячы на вялікую загрузку і колькасць заявак ад іншых пакупнікоў ліфтавага абсталявання.
"У двухбаковым дыялогу абавязкова прысутнічае тэма харчовай бяспекі. У структуры беларускага экспарту ў Піцеры пастаўкі прадуктаў харчавання стабільна займаюць першае месца, дасягаючы 40 і больш працэнтаў. Мы гэтым, Аляксандр Дзмітрыевіч, вельмі даражым, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я часта гавару Прэзідэнту Расіі: вось з Піцерам у нас атрымліваецца ўсё, з Масквой - на жаль, не вельмі (але гэта і мы самі вінаватыя.) Мы хацелі б працаваць у дзвюх сталіцах Расіі. Але з Піцерам у нас у гэтым плане вельмі цёплыя, добрыя адносіны, і яны відаць на практыцы".
Асаблівы акцэнт Кіраўнік дзяржавы зрабіў на якасці беларускіх прадуктаў харчавання, якая забяспечана ў тым ліку дзякуючы захаваным яшчэ з савецкіх часоў ДАСТам. "Сёння мы атрымліваем ад гэтага значны эфект. За мінулы год толькі прадуктамі харчавання мы нагандлявалі больш як $8 млрд. Ніводная галіна столькі не прынесла нам даходу, колькі гэта. І гэта звязана з якасцю. У Расіі нашы прадукты харчавання зарэкамендавалі сябе", - сказаў ён.
Размова ішла таксама аб магчымасцях павелічэння турыстычных абменаў. "Можа, трэба пачаць з арганізацыі максімальна зручных транспартных зносін. У далейшым створым сумесныя турыстычныя прадукты і аб'яднаем наведванне Паўночнай сталіцы і Беларусі", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Увогуле, па ўсіх напрамках - гуманітарным, у прамысловасці, сельскай гаспадарцы - ёсць над чым працаваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт будаўніцтва партоў для беларускіх грузаў у Бронцы і Мурманску: "Мы вельмі шмат цяпер работ праводзім, вы ведаеце, па фарміраванні лагістыкі цераз ваш горад. Мы будуем інфраструктуру лагістычную, заняліся будаўніцтвам партоў у вас і ў Мурманску. Але ў Бронцы ўжо працуе порт. Мы маем намер яго пашыраць, тут пытанняў у нас няма".
"Вельмі сур'ёзна будзем развіваць супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургам", - дадаў беларускі лідар.
У Санкт-Пецярбургу рэалізуецца праект па развіцці кантэйнерных перавозак цераз порт Бронка. Плануецца перанакіраваць цераз парты горада амаль 7 млн т беларускіх грузаў. Агульная ёмістасць Бронкі ў перспектыве больш за 20 млн т грузаў у год (цяпер амаль 10 млн т). Таксама рыхтуюцца праекты па мадэрнізацыі чыгунак, якія вядуць у порт.
Аляксандр Бяглоў на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі падзяліўся ўражаннямі ад знаходжання ў Мінску: "Самае важнае - я паглядзеў, па вуліцах крыху прайшоўся - гэта людзі. Вы ведаеце, ідуць людзі, усміхаюцца. Гэта горад усмешлівых людзей. Акуратныя, чыстыя і ўсмешлівыя. Вось гэта мяне так парадавала! Хоць вельмі шмат цяжкасцей, складанасцей, і рэспубліцы даводзіцца іх няпроста пераадольваць. Але людзі ўсміхаюцца. Вось гэта добра. Першая прыкмета - гэта ўсмешлівасць людзей. І адразу ўзнімаецца настрой. Ну і добра транспарт ходзіць - у адпаведнасці з раскладам. Людзі глядзяць электроннае табло. Гэта таксама радуе. Таму хацеў бы павіншаваць усіх мінчан за такую добрую арганізацыю работы і чысціню".
Губернатар Санкт-Пецярбурга таксама адзначыў традыцыйную якасць беларускіх прадуктаў харчавання і чысціню ў горадзе.
Што датычыцца супрацоўніцтва з Беларуссю, Аляксандр Бяглоў адзначыў, што ў Мінск з расійскай паўночнай сталіцы прыехала вялікая дэлегацыя, таму што ў Мінску праходзяць Дні Санкт-Пецярбурга. "Мы прыехалі не з пустымі рукамі. Прывезлі сюды наш лепшы балет. Думаю, парадуем мы жыхароў і гасцей Мінска", - сказаў губернатар.
Ён паведаміў, што тыя задачы і даручэнні, якія ставіліся сумесна прэзідэнтамі Беларусі і Расіі, цалкам выкананы. "Хачу пацвердзіць вашы словы, што ў нас практычна няма ніводнага пункта, дзе ў нас не знайшлося б нейкіх рашэнняў. Былі складанасці, цяжкасці, звязаныя з сусветнай турбуленцыяй. Тым не менш хацеў бы адзначыць, што нашы беларускія таварышы выканалі ўсе свае абавязацельствы", - падкрэсліў губернатар Санкт-Пецярбурга.