Сустрэча з губернатарам Маскоўскай вобласці Расіі Андрэем Вараб'ёвым
- 14
- 11:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 снежня сустрэўся з губернатарам Маскоўскай вобласці Расіі Андрэем Вараб'ёвым.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта першы візіт Андрэя Вараб'ёва ў Беларусь у якасці губернатара і выказаў упэўненасць, што ён яшчэ наведае краіну і па іншых, не толькі дзелавых, прычынах. Прэзідэнт таксама адзначыў прафесіяналізм каманды кіраўніка рэгіёна, дзякуючы якому Маскоўская вобласць утрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў Расіі па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Для Беларусі сталічны рэгіён Расіі з'яўляецца стратэгічным партнёрам, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Маскоўская вобласць займае першае месца сярод суб'ектаў федэрацыі па аб'ёме гандлю. "Гэта каласальныя аб'ёмы нашага знешнеэканамічнага гандлю", - заўважыў Прэзідэнт. Так, за 10 месяцаў 2023 года тавараабарот павялічыўся амаль на чвэрць і перасягнуў $9 млрд. "Гэта значнае дасягненне з улікам высокай базы і істотнага росту ў мінулым годзе (амаль 25%. - Заўвага), - ацаніў беларускі лідар. - Паводле прагнозаў, у бягучым годзе ён будзе значна вышэйшы за $10 млрд. Лепшы паказчык за ўсю гісторыю супрацоўніцтва Беларусі з вашай вобласцю".
Гандаль ідзе практычна па ўсёй наменклатуры тавараў, асноўнымі з якіх з'яўляюцца бытавая тэхніка, прадукты харчавання (масла, сыр), металапрадукцыя, лекавыя прэпараты, тэхніка, запчасткі да яе і многае іншае.
"Такі ўзровень тавараабароту абумоўлены ў значнай ступені спецыфікай палажэння Маскоўскай вобласці, якая ўяўляе сабой своеасаблівы лагістычны хаб і базу для далейшых паставак у іншыя расійскія рэгіёны", - сказаў Прэзідэнт.
"Дылерства і гандаль - гэта добра. Але яны вельмі залежаць ад бягучай кан'юнктуры, - заўважыў наконт гэтага Кіраўнік дзяржавы. - Вы як чалавек вопытны добра ведаеце, што задача любога кіраўніка - стварэнне гарантый працаўладкавання і дабрабыту для людзей. У гэтых мэтах нам патрэбны сур'ёзны задзел у выглядзе вытворчасці ўласнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю на сумесных прадпрыемствах".
Аляксандр Лукашэнка назваў шэраг канкрэтных напрамкаў, дзе ёсць перспектывы для развіцця ўзаемадзеяння.
"Першае. Вы актыўна займаецеся тэмай дарожнага будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі (вельмі актыўна займаецеся). Мне дакладваюць, што ў бягучым і наступным годзе маеце намер укласці значныя сродкі ў абнаўленне парку і набыццё тэхнікі беларускай вытворчасці. Нашы спецыялісты ў бліжэйшы час разам з вамі вызначаць неабходную спецыфікацыю, і, я даю вам слова, мы зробім усё неабходнае, каб адгрузкі пачаліся строга ў адпаведнасці з графікам і мы выканалі ўсе абавязацельствы, якія будуць прадугледжаны дагаворам", - запэўніў Прэзідэнт.
Другая прапанова беларускага боку, абазначаная Кіраўніком дзяржавы, датычылася вытворчасці бетону: "Ведаю, на тэрыторыі вашай вобласці плануецца стварэнне вытворчасці сухіх будаўнічых сумесей на базе беларускага цэменту. Прапаную гэтым не абмяжоўвацца і дабавіць выраб бетону". Гэты тавар, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, мае больш высокую дабаўленую вартасць. Яго вытворчасць можна арганізаваць у раёнах узвядзення буйных аб'ектаў жыллёвага і дарожнага будаўніцтва. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі гатова разам з Маскоўскай вобласцю прапрацаваць лагістыку і магчымасці размяшчэння бетоназмяшальных магутнасцей.
Трэці напрамак - абслугоўванне, пастаўка запасных частак, гарантыя, фінансавыя інструменты. "Па гэтых тэмах у нас вялікі вопыт у Расіі. Але з дапамогай вашага рэгіёна мы хацелі б надзейна замацавацца, стварыўшы значны сэрвісна-лагістычны хаб для гэтай часткі Расійскай Федэрацыі", - растлумачыў беларускі лідар.
Медыцынскія паслугі і рэабілітацыя - наступная сфера ўзаемнага інтарэсу для двух бакоў, аб якой заявіў Прэзідэнт. "Вы праяўлялі да гэтай тэмы інтарэс. Можаце на нас разлічваць", - звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы беларускі лідар. Многія масквічы і жыхары сталічнага рэгіёна пабывалі ўжо ў беларускіх здраўніцах, скарысталіся паслугамі медыцынскіх устаноў. "Мы і далей будзем трымаць гэты ўзровень", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на даступнасць медыцынскіх вырабаў і лякарстваў з пункту гледжання цэнавага фактару. "Трэба зрабіць так, каб кошт камплектуючых, калі мы гаворым пра медыцынскае абсталяванне, і паслуг не біў па кішэні звычайных, простых людзей", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аднак цяпер у Расіі расходы па сертыфікацыі вырабаў медыцынскага прызначэння значна, у разы вышэйшыя, чым, напрыклад, у ЕАЭС. Паводле слоў Прэзідэнта, ён даручыў паслу Беларусі ў Расіі Дзмітрыю Крутому прапрацаваць гэта пытанне.
Развіццё кааперацыйных сувязей і стварэнне новых вытворчых ланцужкоў для замяшчэння імпартнай прадукцыі - пяты напрамак, пра які ішла размова. Для Маскоўскай вобласці імпартазамяшчэнне ўваходзіць у лік прыярытэтаў, у рэгіёне на розных стадыях знаходзіцца больш за 200 праектаў з агульным аб'ёмам інвестыцый амаль 200 млрд расійскіх рублёў.
Для эканомікі Беларусі гэтыя задачы таксама маюць першарадную важнасць, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "У гэтым плане мы назапасілі добры вопыт. Мы вельмі шмат, часта абмяркоўваем гэтыя пытанні з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі. І хачу з задавальненнем адзначыць, што, напэўна, лепш за ўсіх (у частцы развіцця імпартазамяшчэння. - Заўвага) мы працуем з Маскоўскай вобласцю", - сказаў ён.
Супрацоўніцтва ў аграрным сектары таксама ўваходзіць у лік перспектыўных напрамкаў сумеснай дзейнасці. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь і Маскоўская вобласць могуць паспяхова дапаўняць адна адну ў АПК: "Трэба толькі вызначыцца з найбольш перспектыўнымі тэмамі".
Не сакрэт, што Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце мяса-малочных прадуктаў. Краіна пастаянна мадэрнізуе свае прадпрыемствы, у вытворчасць укараняюцца сучасныя тэхналогіі і абсталяванне.
"У нас ёсць магчымасці для аказання садзейнічання ў развіцці ў вас мяса-малочнай і малочнатаварнай вытворчасці, паставак элітнага насення беларускай селекцыі, высокапрадукцыйных кармоў і прэміксаў, а таксама ўгнаенняў, - прапанаваў Прэзідэнт. - Ведаю, што ў вас ёсць кампаніі, якія вельмі паспяховыя ў гэтым плане, і вопыт для нас будзе вельмі важны".
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў значны патэнцыял ва ўдзеле будаўнікоў у рэалізацыі праектаў у жыллёвым, сацыяльна-інфраструктурным і дарожным будаўніцтве. "Нашы прадпрыемствы гатовы прапанаваць не толькі будаўнічыя паслугі, але і тэхніку", - адзначыў ён.
"Маскоўская вобласць мае адзін з буйнейшых у Расіі навукова-тэхнічных комплексаў, і Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва па розных пытаннях навукова-тэхнічнай дзейнасці, - абазначыў яшчэ адзін напрамак Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, мы маглі б сфарміраваць план навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, або, як модна гаварыць, дарожную карту па ўзаемадзеянні нашай Нацыянальнай акадэміі навук і Маскоўскай вобласці".
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы згадаў і аб развіцці культурных і гуманітарных сувязей, рабоце з моладдзю. "Упэўнены, што ў імя будучыні нашых народаў неабходна прадаставіць усе магчымасці для кантактаў і ўзаемных паездак беларускай і расійскай моладзі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Аб'яднаць маладое пакаленне сумеснымі мерапрыемствамі, доўгатэрміновымі праектамі. Думаю, вы са мной пагодзіцеся, што ва ўмовах цяперашніх рэалій гэта як ніколі актуальна".
На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы заявіў аб гатоўнасці беларускага боку да адкрытага прадметнага дыялогу па ўсіх абазначаных пытаннях: "Хачу запэўніць: калі мы дамовімся па нейкіх пытаннях, у нас не будзе ні тармажэння, ні адступлення ад гэтых дамоўленасцей".
Паводле слоў Прэзідэнта, Маскоўская вобласць архіважная для Беларусі. Паколькі гэта не толькі буйнейшая вобласць Расіі, але і значны вузел для рэалізацыі паставак ва ўсе іншыя расійскія рэгіёны.
Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў у сваю чаргу адзначыў, што ў Расіі ў цэлым і Маскоўскай вобласці ў прыватнасці разумеюць і цэняць значнасць супрацоўніцтва з Беларуссю.
"Дзякуй за запрашэнне, за прыём, за тую папярэднюю работу, якую мы маем магчымасць весці з Вашай камандай. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой вельмі актыўны. Суправаджае ўсе важныя напрамкі. Мы сёння тут для таго, каб выказаць павагу, удзячнасць за Вашу пазіцыю, Вашы адносіны, - сказаў губернатар. - Мы разумеем і цэнім значнасць нашага супрацоўніцтва, значнасць Беларусі ва ўсіх адносінах".
Андрэй Вараб'ёў адзначыў, што Беларусь і Кітай для рэгіёна, які ён узначальвае, з'яўляюцца двума самымі буйнымі партнёрамі па экспарце і імпарце.
"З калегамі да сустрэчы мы паспелі ўжо абмеркаваць і напрамкі будаўнічай дзейнасці. У тым ліку развіццё цэментнай прамысловасці, сухіх сумесей. Рэгіён вялікі. Мы з Масквой расцём амаль на 200 тыс. чалавек у год, і будаўніцтва ў нас вельмі прыкметнае. І сацыяльныя аб'екты, і дарожная інфраструктура - усё гэта мае патрэбу ў матэрыялах. Вядома, мы зацікаўлены. І калегі падабралі ўжо шэраг лакацый для арганізацыі такой вытворчасці", - сказаў кіраўнік Маскоўскай вобласці.
Ён таксама выказаў цікавасць у пытанні паставак з Беларусі машынабудаўнічай тэхнікі.