Сустрэча з губернатарам Чалябінскай вобласці Расіі Аляксеем Тэкслерам
- 16
- 7:16
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 лістапада сустрэўся з губернатарам Чалябінскай вобласці Расіі Аляксеем Тэкслерам.
"Сёння ў нас унікальная магчымасць падвесці вынікі пройдзенага - усяго, што мы зрабілі. І, зразумела, на наступны, перш за ўсё вельмі няпросты, год намеціць, як мы будзем будаваць нашы адносіны. Ведаючы Чалябінск, Чалябінскую вобласць, тым не менш здзівіўся той магутнасці, якой вы валодаеце. Мы прыкладна на паўмільярда долараў у тым годзе нагандлявалі з вобласцю. Думаю, у бягучым годзе павінна быць больш. Чаго граху таіць, нехта пайшоў, мы занялі пэўныя нішы ў Расійскай Федэрацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што Чалябінская вобласць мае вялікую ўдзельную вагу ў расійскай эканоміцы. Гэта, адпаведна, будзе накладаць сур'ёзны адбітак і на развіццё адносін з Беларуссю, падкрэсліў ён. "Таму для нас вельмі важна выбудаваць з вамі доўгатэрміновыя і эфектыўныя адносіны. Ваш рэгіён - сведчанне эфектыўнасці прынятай намі стратэгіі саюзнага будаўніцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што, нягледзячы на значны прырост у двухбаковым гандлі, Беларусі і Чалябінскай вобласці ёсць над чым працаваць. Тым больш чалябінскі экспарт прырастае хутчэй за беларускі. "Але гэта і наша праблема. Нам трэба больш актыўна працаваць. Мы не збіраемся мяняць напрамак гандлю з вамі па сталі. Нам гэта трэба, мы выбудавалі гэтыя адносіны. Будзем старацца іх падтрымліваць", - запэўніў Прэзідэнт.
"Як мяне інфармуюць, у вашай вобласці вельмі паспяхова праводзяцца рэформы, якія патрабуюць, зразумела, тэхнічнага перааснашчэння. Вы ведаеце, што наша Беларусь - гэта не толькі машынабудаўнічая краіна, шырока развіта і станкабудаванне. Тут мы можам разам з вамі папрацаваць. Нешта мы можам вам паставіць ужо з таго, што мы ўмеем рабіць. Прапануем увесь спектр прадукцыі, выпускаемай у Беларусі, - ад харчовых тавараў да самай сучаснай тэхнікі і абсталявання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў правядзенні рэформ Чалябінская вобласць ідзе фактычна па шляху Беларусі. І ад гэтага ёсць эфект. "Тут нам трэба скаардынавацца, збалансаваць так нашы адносіны, каб мы маглі падставіць плячо адзін аднаму ў любы момант", - лічыць Прэзідэнт.
Прамысловыя беларускія брэнды добра вядомы ў Чалябінскай вобласці, і ў нас. Задача цяжкая, але ад вынікаў яе вырашэння будзе шмат у чым залежыць будучыня нашых краін. Але мы ўжо сёння бачым, інтэнсіўна працуючы па імпартазамяшчэнні, што мы вырашым гэту праблему. Не можа такога быць, каб мы не маглі вырашыць. Мы абавязкова справімся з вырашэннем гэтай задачы, і перадумоў у нас дастаткова", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё часцей беларускія кампаніі поўнасцю пераходзяць на расійскую і айчынную сыравіну і камплектуючыя.
"Як мне дакладваюць, што толькі экспарт рухавікоў Мінскага маторнага завода ў Чалябінскую вобласць за 9 месяцаў у гэтым годзе вырас у 4,5 раза, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Мы заўсёды рады вашым спецыялістам, дэлегацыі. Вас сёння чакаюць і ў нашым Урадзе. Вы, знаходзячыся тут, можаце азнаёміцца з навацыямі нашага машынабудавання, абмеркаваць умовы паставак грузавой, дарожнай, іншай тэхнікі, абсталявання. Нашы магчымасці нічым не абмежаваныя".
Паводле яго слоў, Беларусь гатова падзяліцца з Чалябінскай вобласцю назапашаным вопытам у АПК, будаўніцтве, навуцы, медыцыне, гуманітарнай сферы. "Упэўнены, што ў выніку вашага візіту ў Беларусь мы знойдзем дадатковыя рэзервы развіцця двухбаковых адносін. Хачу запэўніць: усё, аб чым мы дамовімся, будзе жалезна выконвацца", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік расійскага рэгіёна Аляксей Тэкслер у першую чаргу падзякаваў беларускаму боку за сардэчны прыём, які дэлегацыя змагла ацаніць за некалькі дзён знаходжання ў краіне. У яе склад увайшлі больш за 60 чалавек, уключаючы прадстаўнікоў 23 прадпрыемстваў ад буйных да сярэдніх і малых.
"Нягледзячы на тое, што нашы сувязі вельмі былі цесныя і Беларусь - адзін з самых актыўных нашых партнёраў па розных напрамках, у першую чаргу, вядома, па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, тым не менш у нас вялікі зачын, - сказаў Аляксей Тэкслер. - Гэтыя дні паказваюць, што перспектыва нашага агульнага супрацоўніцтва, асабліва ўлічваючы выклікі цяперашняга часу, вельмі вялікая. Я ўпэўнены, што, як Вы, Аляксандр Рыгоравіч, сказалі, мы зможам нарасціць гандлёвыя, эканамічныя сувязі дзякуючы той рабоце, якую мы сёння вядзём".
Губернатар таксама адзначыў імкненне развіваць гуманітарныя, культурныя, адукацыйныя сувязі з Беларуссю.