Сустрэча са студэнтамі ВНУ ў фармаце "Адкрыты мікрафон з Прэзідэнтам" у МДЛУ
- 35
- 2
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прадаўжае сустрэчы са студэнтамі ВНУ ў фармаце "Адкрыты мікрафон з Прэзідэнтам".
Мерапрыемства адбылося 22 лістапада ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Акрамя студэнтаў гэтай ВНУ, на сустрэчу таксама былі запрошаны прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, студэнты, магістранты іншых устаноў адукацыі. У іх ліку Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце, БДУ, БДЭУ, БДПУ, Міжнародны ўніверсітэт "МІТСО".
Пры наведванні ўніверсітэта Прэзідэнт падкрэсліў важнасць матывацыі студэнтаў як да навучання, так і вядзення здаровага ладу жыцця.
"Настаў час, каб чалавек думаў пра сваю адукацыю, здароўе і іншае, спорт сам. Хочаш - калі ласка, мы табе адчыняем дзверы. А проста сядзець тут, мучыцца, з цябе выкладчыкі нешта спрабуюць выцягнуць, а ты не хочаш... Напэўна, гэты час ужо мінуў", - падкрэсліў беларускі лідар.
У ВНУ Кіраўніку дзяржавы ў першую чаргу далажылі аб перспектывах развіцця ўніверсітэта.
Гаворачы аб тэрмінах навучання, Прэзідэнт адзначыў, што трэба неяк мяняць форму навучання замежным мовам. "Галоўнае, каб сам працаваў. Кожны дзень. Трэба прымушаць чытаць, перакладаць. У гэтым мова. Патрэбна практыка жывая. Я намякаю на тое, што трэба істотна мяняць формы навучання. Не тое што лекцыю прачыталі - вось вам тэкст, як у нас калісьці было, ідзі, дома перакладзеш, прыйдзеш, даложыш ці ў кабінеце з навушнікамі пасядзіш. Гэта добра. Але гэта для пачатку. А далей трэба паглыбляцца, каб мову ведаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Рэктар МДЛУ Наталля Лапцева расказала, што ў ВНУ ў тым ліку вядзецца падрыхтоўка па лічбавай лінгвістыцы, дзе да моўнай падрыхтоўкі дабаўляецца кваліфікацыя "спецыяліст па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій". Гэта важна таксама з улікам развіцця магчымасцей штучнага інтэлекту.
Не адмаўляючы важнасць гэтага напрамку, Прэзідэнт звярнуў увагу на такі аспект, што цяпер кожная ВНУ "хоча забраць пад сябе ўсё". Не толькі, напрыклад, навучанне замежнай мове. "Хочаш быць айцішнікам, напэўна, гэта не лінгвістычны ўніверсітэт. Але асновы карыстання камп'ютарам павінны быць ва ўсіх. Жыццё такое сёння - камп'ютар, тэлефон і іншае", - адзначыў ён.
У ВНУ Кіраўніка дзяржавы віталі студэнты розных нацыянальнасцей і падарылі яму яго цытату пра моладзь, перакладзеную на 15 замежных моў, якія вывучаюць у ВНУ.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з перспектывай развіцця і іншых ВНУ. Сярод іх Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Акадэмія кіравання і МІТСО.
Як адзначыў Міністр адукацыі Андрэй Іванец, у БДУ навучаецца 5 тыс. замежных студэнтаў. "Выконваецца ваша даручэнне па стварэнні Беларуска-кітайскага цэнтра фундаментальных даследаванняў з Пекінскім універсітэтам, стварэнне Вышэйшай школы біятэхналогій. І мы памятаем ваша даручэнне па стварэнні хаба сусветнага ўзроўню", - дадаў Андрэй Іванец.
Гаворачы пра БДПУ, Міністр адукацыі заўважыў, што ўніверсітэт штогод набірае каля 1 тыс. будучых педагогаў. "Самае галоўнае - гэта змест адукацыі. І ёсць яшчэ над чым працаваць, каб мы былі ўпэўнены, што будучыя настаўнікі будуць не проста стаяць каля парты або дошкі, але і выхоўваць, і навучаць патрыётаў нашай краіны", - падкрэсліў ён.
Паводле слоў Андрэя Іванца, Беларускаму дзяржаўнаму эканамічнаму ўніверсітэту ставіцца задача працаваць на дзяржорганы па распрацоўцы мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця, імпартазамяшчэння і іншых эканамічных задач. "На жаль, пакуль гэта толькі адукацыйны цэнтр", - канстатаваў Міністр адукацыі.
Андрэй Іванец таксама адзначыў, што з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце 100% выпускнікоў размяркоўваюцца ў дзяржаўныя ўстановы. Акрамя таго, у бягучым годзе 72% выпускнікоў размеркаваліся ў дзяржаўныя органы - міністэрствы і аблвыканкамы.
"Не забывай, што гэта таксама твая ўстанова. Лепш за цябе гэта не ведае ніхто", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра МІТСО, Міністр адукацыі падкрэсліў, што сярод заказчыкаў кадраў гэтай ВНУ ёсць Следчы камітэт і пракуратура. "Акрамя таго, гэта добрая падмога Федэрацыі прафсаюзаў для навучання свайго актыву. Амаль 14 тыс. прафсаюзных актывістаў штогод праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі ва ўніверсітэце", - сказаў на заканчэнне Андрэй Іванец.
Затым адбылася размова са студэнтамі ВНУ ў фармаце "адкрытага мікрафона".
Рэктар МДЛУ Наталля Лапцева адзначыла, што ў мінулым годзе ВНУ святкавала 75-годдзе. "Мы марым пра будучыню. Якой Вам бачыцца перспектыва лінгвістычнага ўніверсітэта праз 25 гадоў?" - спытала яна ў Кіраўніка дзяржавы.
"Думаю, ён стане інстытутам замежных моў", - нечакана заявіў Аляксандр Лукашэнка, што выклікала смех і апладысменты ў зале.
Як вядома, да 1993 года навучальная ўстанова называлася Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытутам замежных моў.
"Але я не прадказальнік. Будзем з гэтага зыходзіць у нашай размове", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Сустрэча Прэзідэнта са студэнтамі ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце - трэцяя па ліку. МДЛУ - другая ВНУ пасля Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, якую Аляксандр Лукашэнка наведвае ўпершыню.
"Але я паспеў сёе-тое тут убачыць, пагутарыць з рэктарам, Міністрам адукацыі. Як і меркаваў, у гэтым універсітэце і нашай зале ў тым ліку пануе асаблівая атмасфера - атмасфера міжкультурнага дыялогу. Так і павінна быць ва ўніверсітэце, дзе навучаецца вялікая колькасць іншаземцаў. Мы гэтым ганарымся", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што на сустрэчу да студэнтаў-гуманітарыяў ішоў з асаблівым настроем. "Таму што па сваёй першай адукацыі я таксама гуманітарый, - растлумачыў ён. - Я адчуваю і разумею, што я прыйшоў размаўляць са сваімі калегамі".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што светам правіць інфармацыя. "Шмат апошнім часам мы гаворым аб тым, каб, дай бог, не пачалася трэцяя сусветная вайна, што мы проста напярэдадні гэтай страшнай падзеі. Але, дзякуй богу, неяк чалавецтва тармозіць і не акунулася ў гэту трэцюю сусветную вайну. Але тое, што ідзе інфармацыйная вайна, і прытым даўно, і не проста процістаянне, а сапраўдная інфармацыйная вайна, гэта дакладна", - канстатаваў Прэзідэнт.
"І гэту сферу, сферу інфармацыі, фарміруеце вы, гуманітарыі. Тым больш будзеце фарміраваць пасля заканчэння сваіх ВНУ. Вы - будучыя філолагі, педагогі, журналісты, гісторыкі, іншыя спецыялісты - будзеце гэта рабіць вельмі актыўна, - заявіў беларускі лідар. - Заўтра вы будзеце несці свае ідэі, думкі ў школьныя класы або студэнцкія аўдыторыі. Нехта пачне пісаць кнігі, навуковыя або публіцыстычныя артыкулы. Магчыма, станеце публічнымі асобамі: экспертамі, палітыкамі. Ваша базавая адукцыя адкрывае дзверы ў самыя розныя сферы. І ў гэтым плане нам ёсць аб чым сёння пагаварыць".
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў яго таксама ёсць пытанні да студэнтаў. Усе яны так ці інакш датычацца тэмы інфармацыйнага суверэнітэту - важнейшай з пункту гледжання забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы, падкрэсліў ён.
"І не думайце, што ваш удзел тут непрыкметны. Менавіта на вас, і ў першую чаргу на вас, нацэлена інфармацыйная прапаганда. Прапаганда чужых каштоўнасцей, свят, традыцый, гістарычных канцэпцый. І яе мэта - адарваць вас ад каранёў, прымусіць забыць сваю гісторыю. Мне важна бачыць, як вы разумееце сутнасць такіх інфармацыйных дыверсій", - сказаў Прэзідэнт.
Другая тэма - геапалітыка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адкрыты для абмеркавання глабальнага парадку дня навін і хоча ведаць, наколькі паглыблены ў яго студэнты.
"Мне важна разумець, як вы бачыце будучыню Беларусі ў зменлівым свеце. Гэта ж ваша будучыня, якую вы і будзеце будаваць заўтра. І вашы дзеці, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - І трэцяе. Я прапанаваў бы вам не саромецца выказваць свае ідэі. Калі вы, абапіраючыся на веды, асабісты вопыт, бачыце, як можна ўдасканальваць перш за ўсё адукацыйны працэс, нейкія падыходы ў рабоце з вамі, моладдзю, - агучвайце прапановы. Абмяркуем. Ваша меркаванне вельмі важнае для мяне".
Прэзідэнт дадаў, што ніякіх абмежаванняў у тэмах няма і ён гатовы адказаць на ўсе пытанні. "І не забывайце, адна з тэм для нашай размовы (памочнікі мне яе не абазначалі, я вам яе абазначаю) - перамены. Розныя. Вось гэта наша з вамі тэма або тэмы, па якіх мы павінны сёння прайсціся і адкрыта пагаварыць. "Калі перамены, то якія?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы. "Таму давайце абмяркуем: калі перамены, то якіх вы хочаце перамен? Можа, нейкае і я пытанне задам. Таму што патрабаваць перамен проста, а вось іх абазначыць, а потым рэалізаваць - складаней. А рэалізоўваць - вам", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што цяпер у краіне такі перыяд, калі можна гаварыць усё і выказваць свой пункт гледжання. Адказ на галоўнае пытанне будзе дадзены 26 студзеня - на выбарах Прэзідэнта Беларусі. "Проста рабіце гэта як людзі з вышэйшай адукацыяй, культурна, без гвалту, без шуму. Рабіце так, каб не перашкаджаць іншым, таму што ў кожнага з вас розныя пункты гледжання і хацелася б, каб вы не наступалі адзін на аднаго, нават не штурхаліся, вызначаючы і выказваючы свае пазіцыі і пункт гледжання", - падкрэсліў беларускі лідар.
На сустрэчы са студэнтамі Прэзідэнт заявіў, што адукацыя ў Беларусі не горшая за замежную: "Тое, што ў нас адукацыя не горшая, - гэта факт адназначны і доказаў не патрабуе".
Аляксандр Лукашэнка расказаў студэнтам аб уласным вопыце атрымання адукацыі. Спачатку па гістарычным, потым па эканамічным і, нарэшце, па палітычным профілі.
Аднак Кіраўнік дзяржавы ўсё ж арыентуе маладых людзей, каб яны стараліся ўсвядомлена падыходзіць да выбару прафесіі і не мяняць першапачаткова выбраную дарогу. І ў гэтым плане важна практыкаарыентаванае навучанне, каб ужо на першым-другім курсе, калі зразумеў, што гэта не тваё, можна было змяніць профіль. "З першага курса, у крайнім выпадку з другога - практыка, практыка, практыка! Каб вы разумелі, можаце вы ці не", - сказаў ён.
Гаворачы аб уласным вопыце, Прэзідэнт адзначыў, што, закончыўшы свае ВНУ, ён сфарміраваўся як спецыяліст, але не толькі дзякуючы выкладчыкам. "Я да гэтага імкнуўся. Чым бы я не займаўся, я імкнуўся быць лепшым, моцным. І ўсё ад вас залежыць. Калі вы трапілі не туды, пераарыентуйцеся хутчэй і пачынайце займацца сваёй справай, - даў параду кіраўнік дзяржавы. - Імкніцеся ў гэты час зрабіць максімум. Кожны можа шмат. А Гасподзь убачыць. Ён працягне руку таму, хто больш за ўсё жадае і можа. Вы можаце. Вы маладыя, таленавітыя. Дзейнічайце! У кожны міг, у кожны момант трэба зрабіць сваю справу. Трэба ў свой час усё рабіць. Таму што заўтра будзе не да гэтага".
"У нас людзі ад прыроды разумныя. Займайцеся, не спяшайцеся некуды. І будзьце гатовы, што ў вас адразу можа нічога не атрымацца. І, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Трэба цярпець. Гасподзь убачыць - дапаможа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Гэта выпакутавана народам. Паглядзіце на гэта. Агітую вас за гэта. У краіне сёння вялізныя магчымасці, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Не хочаш у краіне, працуй па спецыяльнасці, спалучаючы свае веды і адукацыю з дружалюбнымі краінамі".
"У нас добрую адукацыю даюць. Але адукацыю мы даём нашым дзецям для нашай краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што некаторыя грамадзяне Беларусі, так званыя прыхільнікі перамен, збеглі за мяжу. "А цяпер натоўпамі просяцца вярнуцца назад. Я гэта ведаю, я ў гэта ўнікаю, я быў вымушаны стварыць камісію - узначальвае генеральны пракурор. Усялякае ж было. Нехта ачумеў, адурэў. Некага сагітавалі... Нават калі ўчыняў злачынствы, ну адказвай па законе. Я не магу закрыць краіну для іх вяртання. Але калі ты бачыш, што ты тут ужо нарабіў столькі, што проста пойдзеш, куды трэба, - яны там сядзяць", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў некаторых краінах гэтыя выехаўшыя пастаянна адчуваюць сябе людзьмі другога гатунку: "Усё часцей і часцей, мяне інфармуюць аб гэтым, прыходзяць на работу, нават у Польшчы. Ты хто? - З Беларусі. - Другога гатунку, ты будзеш там посуд пакуль мыць. Яны аб гэтым гавораць: "Ты - другога гатунку чалавек".
У Беларусі ж у гэтым плане сітуацыя адваротная. "Не важна, якой ты нацыянальнасці, ты - родны. У нас так людзі выхаваны. Яны абагрэюць, накормяць і апошняе аддадуць для чужога чалавека", - заўважыў беларускі лідар.
"Таму трэба ўсё паспрабаваць сваімі рукамі, але не раю спрабаваць так, каб потым не вярнуцца да таго, што ты страціў. Не спяшайцеся. Гавораць, час ляціць, гэта праўда, але жыццё доўгае. Не спяшайцеся. Таму што паедзеце, карані адсечаце і там будзеце ўвесь час людзьмі другога гатунку. Некаторыя і нармальна ж зарабляюць, але іх прыгнятае тое, што яны другога гатунку людзі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Думайце, хлопцы і дзяўчаты. Я ж прыйшоў вас агітаваць і гэту прапаганду пашыраць. А вы думайце, вам вырашаць. Як бачыце, краіна не загінула без гэтых выехаўшых. Абсалютна не загінула. І не загіне ніколі", - канстатаваў беларускі лідар.
У гісторыі, дадаў ён, не раз так было, у тым ліку фарміраваліся так званыя ўрады ў выгнанні, але гэта не мела эфекту.
"Не спяшайцеся. Нехта хоча паспрабаваць - паспрабуйце. Я не магу зачыніць дзверы для вас. Вы ўсё роўна прасочыцеся праз граніцу і паспрабуеце там чужога хлеба. Але чужы хлеб заўсёды горкі. Гэта не я прыдумаў. Таму жывіце ў сябе, атрымлівайце тут адукацыю. Адукацыя нармальная, калі вы жадаеце вучыцца", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўніка дзяржавы спыталі пра ролю СМІ ў сучасным грамадстве, удакладніўшы, ці з'яўляюцца яны чацвёртай уладай, як іх назваў яшчэ Анарэ дэ Бальзак, або ўжо сталі першай.
"Хачу яшчэ раз паўтарыць, каб журналісты заўсёды памяталі: яны - чацвёртая ўлада, не першая і не другая, не трэцяя. Чацвёртая", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што цяпер ідзе інфармацыйная вайна і ёсць небяспека развязвання сапраўднай, гарачай вайны. У такой сітуацыі роля СМІ і журналістаў ніяк не стане менш значнай, а наадварот, толькі будзе ўзрастаць. І гэта добра відаць на прыкладзе падзей ва Украіне, дзе актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, дзе перамешваецца ўсё - і фэйкі, і праўда, і тэндэнцыйнасць. У прыватнасці, так было з падзеямі ў Бучы, у якіх абвінавацілі расіян, хоць на самай справе (і таму ёсць пацвярджэнні, атрыманыя разведслужбай) гэта зрабілі спецслужбы Вялікабрытаніі. "Гэта было не што іншае, як інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя. Прытым своечасова, па-майстэрску, калі можна так сказаць, спланаваная, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Такая моцная была інфармацыйна-псіхалагічная атака на Расійскую Федэрацыю".
Аляксандр Лукашэнка не стаў утойваць, што Беларусь таксама пры неабходнасці можа прымяняць метады ІПСА, ды інакш і немагчыма процістаяць у цяперашняй інфармацыйнай вайне. "Інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі - не наша выдумка. Мы вымушаны будзем рэагаваць. Але ў аснове павінна быць праўда. Праўда і толькі праўда", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Роля сродкаў масавай інфармацыі сёння вялікая. Вы (журналісты. - Заўвага) на пярэднім краі", - сказаў Прэзідэнт. І даў рэкамендацыю ўсім, хто імкнецца атрымліваць дакладныя звесткі аб працэсах, якія адбываюцца: "Калі хочаце ведаць праўду, чытайце і глядзіце дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі". Гэтым СМІ, паводле яго слоў, давярае больш за палавіну насельніцтва Беларусі. "Раней было не так. Людзі пераканаліся, дзе праўда. Таму перш за ўсё людзі давяраюць дзяржСМІ, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - І вам раю вельмі ўважліва да гэтага ставіцца".
"Я не гавару аб тым, што мы не павінны бачыць іншыя, альтэрнатыўныя пункты гледжання. Трэба іх бачыць, калі вы ўмееце аналізаваць і рабіць адпаведныя высновы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У гэту інфармацыйную вайну вы павінны быць вельмі ўважлівыя, асцярожныя, акуратныя, павінны разбірацца. І ў гэтым плане грамадству павінны дапамагчы журналісты".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз абазначыў сваё стаўленне да "прапаганды", якая часам падаецца як нібыта негатыўная з'ява. "Што ў гэтым дрэннага? Нічога дрэннага няма. Усе журналісты, усе палітыкі - гэта прапаганда, контрпрапаганда і агітацыя. Яны ўсе займаюцца (гэтым. - Заўвага). Некаторыя з-за мяжы сёння гавораць: "Ды ну, гэта прапагандыст!" А ты хто? Мы прапагандуем свой спосаб жыцця, сваю культуру і гэтак далей. Агітуем людзей за гэта. А вы за каго? За тых, хто грошы дае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Роля СМІ цяпер вялікая, вельмі значная. І, вядома, стаўленне да журналістаў цяпер вельмі сур'ёзнае, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму я ўдзяляў і ўдзяляю вялікую ўвагу рабоце з журналістамі, у тым ліку і разумеючы, што цяпер ад вас шмат што залежыць. Вы фарміруеце вобраз не толькі сучаснага, але і будучага нашага грамадства. Не перахвальваючы вас, але тым не менш".
У час размовы са студэнтамі Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў выніку перагавораў паміж Расіяй і Украінай не павінны быць ушчэмлены інтарэсы Беларусі.
"Я вайны не хачу на сваёй зямлі. Але, на жаль, эскалацыя прадаўжаецца. Як мне сябе ў гэтай сітуацыі паводзіць? Улазіць у гэта ні ў якім разе нельга. А калі пачнецца сутыкненне Расіі з НАТА, нам таксама будзе няпроста. Не хацелася б, каб вайна была на нашай тэрыторыі, каб чые-небудзь інтарэсы вырашаліся тут, за кошт нас", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што ніколі не напрошваўся на пасрэдніцтва ў перагаворах паміж Расіяй і Украінай і наогул не любіць гэту з'яву саму па сабе. Але так здарылася, што канфлікт здарыўся каля Беларусі, і ён, вядома, зацікаўлены ў яго мірным урэгуляванні. Паколькі ад гэтага залежыць і лёс Беларусі. Толькі таму, а не для таго, каб "засвяціцца", Кіраўніку дзяржавы давялося аказаць і да гэтага часу аказваць пэўнае садзейнічанне бакам.
"Мы - тры славянскія народы. Ніякія амерыкосы, ніякія еўрапейцы - ніхто нам нічога добрага не зробіць і не дапаможа. Мы павінны сесці і дамовіцца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Чаму ў Беларусі? Таму што гэта каля нашай агароджы, каля нашай граніцы. І нашы інтарэсы павінны быць захаваны. Мы хочам, каб, калі дамаўляліся па Украіне, не былі ўшчэмлены нашы інтарэсы".
Адно з пытанняў Кіраўніку дзяржавы датычылася міжкультурных зносін. Студэнтка МДЛУ, якая атрымлівае адукацыю па спецыяльнасці "міжкультурныя камунікацыі", адзначыла вялікі вопыт Аляксандра Лукашэнкі як кіраўніка дзяржавы ў стасунках з прадстаўнікамі розных культур і папрасіла падзяліцца формулай поспеху ў міжкультурным узаемадзеянні.
Прэзідэнт парыраваў, што наўрад ці ў яго нейкая асаблівая формула поспеху ў гэтай тэме. "Часам ты настолькі завязаны, зацыклены на нейкім пытанні, што нават і пра культуру не думаеш. Таму што часта насупраць цябе, калі вядзеш перагаворы, з некім сустракаешся ў аўдыторыях, не зусім "культурныя" людзі, не зусім разумеюць нашу культуру", - адзначыў ён.
"Таму ў міжкультурным узаемадзеянні я стараюся заўсёды сваю культуру пашырыць, папулярызаваць. У гэтым мая работа. І не толькі ў адносінах да культуры, але і ў спорце, адукацыі, ахове здароўя, эканоміцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, гандлі і гэтак далей. У гэтым мая сутнасць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Адным з важных дасягненняў Беларусі ў сферы міжкультурнага ўзаемадзеяння Прэзідэнт назваў Фестываль нацыянальных культур у Гродне, які ўжо стаў традыцыйнай падзеяй і заваяваў аўтарытэт. "Прыемна паглядзець. І гэты фестываль усё больш становіцца знакавым", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Вельмі важна, паводле яго слоў, каб з боку дзяржавы была ўсебаковая падтрымка ў правядзенні такіх мерапрыемстваў: "У міжкультурным дыялогу галоўнае - арганізацыя, спрыянне ўсяму гэтаму".
Яшчэ адзін свежы прыклад - "Марафон адзінства", які цяпер праходзіць у Беларусі. "Пачыналі з канцэрта, а далей ідзе ўдасканаленне. І там таксама ажыццяўляецца пэўны дыялог сярод удзельнікаў гэтага мерапрыемства", - сказаў Прэзідэнт, заўважыўшы, што не заўсёды там адбываецца ўсё гладка, але з гэтага напрацоўваецца вопыт і робяць адпаведныя высновы.
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы расказаў, у чым галоўны поспех Беларусі.
"Я распарадзіўся пабудаваць выставачны цэнтр. Мы хутка адкрываем. Гэта для вас, таму што я бачу па моладзі, што яна не ведае Беларусь. Некаторыя замежжа лепш ведаюць, чым Беларусь. Вось яны прыйдуць туды і ўбачаць, што мы робім сваімі рукамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Мінску таксама пачынаюць будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея. "Мы хочам паказаць, што мы не Іваны без роду і племені. А мы вось адтуль: далёка-далёка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гісторыя беларускай дзяржаўнасці пачыналася вельмі даўно - з Полацкага і Тураўскага княстваў. "Таму я спрабую нешта зрабіць, каб моладзь, нават не вы, а вашы дзеці прыйшлі і паглядзелі: так, мы такія старажытныя; так, мы такое можам рабіць", - заявіў беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта, поспех Беларусі ў адным - краіна не адкінула сваю спадчыну, захавала вопыт і дасягненні савецкай эпохі.
"Мы ўдасканальвалі, удасканальвалі, удасканальвалі і чагосьці дасягнулі. Калі б адкінулі, у нас не было б грошай для таго, каб стварыць нешта новае. На ўсё трэба шалёныя грошы, адкуль яны цяпер? Лішнія, рэзервовыя грошы. Газ, нафта, металы і гэтак далей - што ў нас з гэтага ёсць? Нічога, акрамя сваіх мазгоў. А мы ўтрымаліся. Мы развіліся дзякуючы таму, што мы не адкінулі тое, што продкі да нас зрабілі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Студэнт гістарычнага факультэта БДУ адзначыў, што гістфак нядаўна адзначыў 90-годдзе, а зусім хутка завершыцца рэканструкцыя будынка факультэта па вуліцы Чырвонаармейскай у Мінску. Адсюль, дарэчы і пачыналася гісторыя вышэйшай школы Беларусі. Навучэнец папрасіў Прэзідэнта наведаць гістарычны факультэт і прачытаць лекцыю аб сучаснай беларускай дзяржаўнасці. "Вы з'яўляецеся тым чалавекам, на вачах якога адбылося шмат гучных гістарычных падзей", - заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка адразу папярэдзіў, што лекцыя будзе доўгай, нават за дзве гадзіны ён не паспее расказаць аб галоўным. "Калі будзеце цярпець, то я падумаю, у які час пасля выбараў. Нават калі Прэзідэнтам не буду, я гатовы да гісторыкаў прыехаць, я люблю гісторыю. Але, напэўна, за дзве гадзіны я не змагу ўсё выкласці, калі падрабязна, каб вы разумелі, што мы з вамі стварылі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Цэлы курс давядзецца рабіць", - заўважыла адна са студэнтак - мадэратар сустрэчы.
"Так, можа", - пагадзіўся Прэзідэнт і пачуў смех у зале.
"Значыць, троляць мяне. Ну, зразумела", - усміхнуўся Прэзідэнт, і ў зале зноў пачуўся студэнцкі смех.
Адна са студэнтак, якія вывучаюць кітайскую мову, спытала яго меркаванне наконт выдання для студэнтаў-перакладчыкаў практычнага навучальнага дапаможніка, які быў бы заснаваны на тэкстах выступленняў самога Аляксандра Лукашэнкі - своеасаблівы вучэбны цытатнік.
"Калі вы перакладзяце на кітайскую, я падтрымаю, вядома. Калі гэта патрэбна, мы гэта зробім. Гэта не праблема", - адказаў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён звярнуў увагу, што гэта не абавязкова павінны быць яго выступленні і цытаты. "Правадырства быць не павінна. Гэта тое, чаго я баюся ўсё сваё прэзідэнцкае жыццё. Ніякай дыктатуры ў краіне няма і быць не можа. Таму што для таго, каб быць дыктатарам, у цябе павінны быць рычагі дыктатуры. А якія ў мяне рычагі? Гэта амерыкосы прыдумалі: дыктатар, дыктатар! Як я магу Амерыкай дыктаваць? Сёння Трамп, Байдэн і іншыя не могуць дыктаваць, якія больш за 30% ВУП у свеце вырабляюць. А я чым магу дыктаваць? У нас што, самая моцная эканоміка? Не", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Ніякай дыктатуры няма, і мне гэта не патрэбна", - яшчэ раз падкрэсліў беларускі лідар.
У гэтым плане ён нагадаў аб сваім прынцыповым падыходзе ў адносінах з інтэлігенцыяй: "Я, калі стаў Прэзідэнтам, бачыў, як інтэлігенцыя паводзіла сябе наша ў асноўным: дзесьці "лізнуць", каб далі, дапамаглі. Я быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, я гэта ўсё бачыў. І калі стаў Прэзідэнтам, я сказаў: "Усё, скончылі ўсялякае "лізанне" і іншае, не прыніжайце інтэлігенцыю!" І з таго часу гэта мой падыход у рабоце з інтэлігенцыяй. Я ні да каго не падладжваюся. Калі я бачу, што няправільна, - я нешта скажу. Трэба - я з некім параюся. Але не трэба прыніжаць інтэлігенцыю, каб яны перад табой пакланяліся. Таму правадырства быць не павінна".
Аляксандр Лукашэнка ў час размовы са студэнтамі адказаў на пытанне, як стаць членам яго каманды.
"Ты павінен быць адукаваным чалавекам, прафесіянальным і любіць сваю краіну", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, таксама трэба "мець незвычайныя здольнасці", каб выйграць канкурэнцыю з іншымі топ-чыноўнікамі. Напрыклад, з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыем Крутым або Міністрам адукацыі Андрэем Іванцом. "А яны вельмі моцныя людзі", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў яго няма кланавага падыходу ў фарміраванні сваёй каманды. У якасці аднаго з прыкладаў ён прывёў Старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву, якую Кіраўнік дзяржавы раней не ведаў, - да таго, як яна была назначана на высокія пасады. "Чалавек, які любіць сваю краіну, здольны - ідзі працуй", - агучыў галоўны свой прынцып Прэзідэнт.
"Таксама як і Прэм'ер-міністр. Зыходзілі з таго: патрыёт, здольны - ідзі працуй, гэта значыць, усё сумленна і справядліва. Трэба жадаць, хацець, любіць і быць прафесіяналам. Абавязкова. Без гэтых якасцей нельга", - дадаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да Кіраўніка дзяржавы, адзін з удзельнікаў мерапрыемства заўважыў, што дзяржаўная служба, асабліва на пасадзе кіраўніка, часта звязана з прыняццем непапулярных рашэнняў, якія выклікаюць незадаволенасць сярод пэўных катэгорый грамадзян. Ці цяжка прымаць такія рашэнні, спыталі ў Прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што, сапраўды, яму часта даводзіцца прымаць такія рашэнні, і гэта цяжка. Але дапамагае, паводле яго слоў, упэўненасць у іх правільнасці, неабходнасці дзеля дабрабыту, развіцця краіны і яе грамадзян. "Калі ўсё будзе гладзенька, па шэрсці і добра, краіна пачне загніваць. Трэба рабіць так, каб усе варушыліся, усе нешта рабілі", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту было зададзена пытанне аб адключэнні інтэрнэту на перыяд выбараў, як гэта адбылося ў 2020 годзе. "Калі гэта паўторыцца, адключым наогул, - коратка, але ёміста адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Скажу адкрыта, што гэта практычна заўсёды, асабліва на пачатковых стадыях, было з майго дазволу. Калі ў цябе дзве праблемы, ты пачынаеш узважваць, што важней. Я, зразумела, бачыў далей".
Але на адной чашы шаляў быў лёс краіны, падкрэсліў Прэзідэнт, і калі б тады краіну не ўтрымалі, то гэта магло прывесці ў тым ліку да вайны.
"Ніхто там нікога не ламаў і не біў, нікога там біць і ламаць не трэба было. Беларусы - яны не такія людзі. І я разумеў, адкуль усё ідзе. Праз інтэрнэт гэта ўсё ішло, з Польшчы перш за ўсё: маршруты, куды будзем ісці, як будзем ісці... - нагадаў кіраўнік дзяржавы. - Я разумеў, да чаго мы можам прыйсці. У нас была б вайна яшчэ горшая, чым ва Украіне. У нас бы гэта было, было б больш жорстка".
Ён нагадаў, як у гісторыі многія войны прайшлі праз Беларусь і як яе дзялілі ў розныя часы.
"Мой галоўны абавязак - абараніць краіну. І я зразумеў - краіну разбураць. Таму я бегаў там са сваімі дзецьмі з аўтаматам па Мінску. Гэта былі мае паўнамоцтвы, нікуды не дзенешся - трэба было ўціхамірыць іх. А яны хлусілі: "Лукашэнка збег, Лукашэнка п'яны, Лукашэнка хворы..." Але я ведаў, што калі я тады з адпаведнымі людзьмі не ўстаю, тут будуць войскі НАТА. Яны ўжо былі зараджаны да гэтага", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у выпадку захопу ўлады апанентамі, гэтыя войскі НАТА ў той жа дзень запрасілі б у Беларусь. "Яны рушылі б да Смаленска. Адказ які? Як адрэагавала б Расія? Пачалася б вайна, зноў на нашай тэрыторыі. Я гэта ўсё разумеў. Гэта на адной чашы шаляў. Я бачыў, што актыўна выкарыстоўваецца інтэрнэт для гэтага - каб паказаць маршруты, што біць, ламаць... - расказаў Прэзідэнт. - Я думаю: перавернуць краіну! І праз інтэрнэт ідзе гэта бадзяга. І што вы думаеце, я буду глядзець і маліцца на тое, што вы камусьці паведамленне не адправілі, калі краіны заўтра не будзе?! У моманце вы гэтага не разумееце. А калі не ў моманце? Я ж павінен гэта разумець. Не вы, дык вашы бацькі мяне для гэтага выбралі. І я вось узважваю і думаю: каб краіну захаваць, мы на дзве гадзіны або на гадзіну інтэрнэт адключым, каб адтуль спецслужбы не кіравалі нашым грамадствам. Вось для чаго гэта рабілася. Я выбіраў лепшае з горшага".
Гаворачы аб маючых адбыцца выбарах, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыехаў у ВНУ не перадвыбарную сустрэчу праводзіць, а як Прэзідэнт, і размова ў гэтым фармаце была даўно запланавана.
Адказваючы на пытанні прысутных, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што штучны інтэлект у свеце развіваюць ужо даўно. Далёка рушылі ў гэтым напрамку кітайцы. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на адной з сустрэч у Кітаі яму расказалі пра будучыню гэтых тэхналогій і прадэманстравалі іх магчымасці.
"Я ў іх пытаюся: слухайце, вы расказалі, што будзе, як будзе, а ці не заменіць гэты штучны інтэлект чалавека, не атрымаецца, што мы проста не патрэбны будзем у гэтым жыцці? Яны гавораць: не ведаем, магчыма. І гэта мяне вельмі моцна насцярожыла", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, на перагаворах з замежнымі калегамі яму дапамагаюць прафесійныя перакладчыкі, тэхналогіямі штучнага інтэлекту для перакладу ён не карыстаецца. "Я вельмі паважаю таленавітых людзей, - дадаў ён. - Справа не ў штучным інтэлекце. Справа ў тым, што я цаню чалавека. Любы штучны інтэлект сёння - гэта спараджэнне чалавека. Гэта мы яго ствараем. І ўпэўнены, што, калі гэты штучны інтэлект, нейрасеткі авалодаюць нашым розумам на практыцы, усё роўна чалавек будзе ў цэнтры".
"Чалавек такая істота ад прыроды, што толькі ён сам сябе знішчыць. Ядзерная зброя і іншае - навошта гэта патрэбна? Навошта? Павінны жыць, спаборнічаць розумамі і гэтак далей, але жыць. Навошта гэта вайна? - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. - Таму нам патрэбны людзі - разумныя, здольныя, таленавітыя".
Кіраўніка дзяржавы спыталі, якой ён бачыць будучыню Беларусі праз некалькі дзесяцігоддзяў і якое будзе яе месца ва ўмовах фарміравання новага светапарадку. У першую чаргу Прэзідэнт звярнуў увагу, што аблічча будучыні Беларусі і тое, якім шляхам краіна будзе ісці, трэба будзе вызначаць цяперашняй моладзі. "Вы будзеце берагчы або не берагчы сваю краіну, абараняць або не абараняць. Гэта краіна - для нашых дзяцей, маіх унукаў, вашых дзяцей. Гэта будучыня", - сказаў ён.
"Што датычыцца светапарадку, можна неяк патэтычна, гучна сказаць, якой я бачу Беларусь у гэтым светапарадку. Але я чалавек практычны. Я хачу, каб вы былі ў Беларусі, маглі працаваць і зарабіць і каб вы кіравалі сваім лёсам і сваёй краінай. Гэта калі па-простаму гаварыць. А для гэтага вы павінны вызначаць яе выгляд, пачынаючы з выбараў Прэзідэнта і выказваючы сваю пазіцыю культурна, інтэлігентна. Вы павінны выказваць сваё меркаванне і накіроўваць краіну туды, куды трэба", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Для магчымасці вось так канструктыўна выказваць і абмяркоўваць розныя пункты гледжання ў краіне ёсць, напрыклад, Усебеларускі народны сход. "Гэта 1,2 тыс. чалавек непасрэдна вашых людзей (прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства. - Заўвага), якія будуць карэкціраваць курс не толькі Урада, але і Прэзідэнта, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ваяваць, не ваяваць - гэта ўжо Усебеларускі народны сход, 1,2 тыс. вашых дэлегатаў будуць вырашаць". Сярод дэлегатаў УНС ёсць у тым ліку і прадстаўнікі моладзі, студэнцтва. "Можа, студэнтаў так і няшмат, але гэта зразумела, у прапорцыі. Але яны ёсць. Яны будуць мець права ўзяць мікрафон, выйсці і сказаць. Ніхто рот не закрые. Не скажа там, скажа ў іншым месцы", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
"Такая павінна быць дэмакратычная Беларусь. Але прыстойная і дысцыплінаваная, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Ідзіце, галасуйце, выбірайце. Але выбралі - будзьце ласкавы даць магчымасць Прэзідэнту ажыццяўляць свае паўнамоцтвы. Калі яны вам не падабаюцца, выказвайце сваё меркаванне. У нас столькі было рэферэндумаў. Выйдзем на рэферэндум - людзі вызначацца". Напрыклад, што датычыцца пытанняў стратэгічнага партнёрства, узаемаадносін з бліжэйшымі суседзямі.
"Я хачу, каб мы былі ў добрых адносінах і з палякамі, і з расіянамі, але жылі ў сваёй кватэры. Пакуль народ такую пазіцыю прымае, і, упэўнены, што і вы (моладзь. - Заўвага) згодны з гэтым. Мы з усімі хочам дружыць", - падкрэсліў беларускі лідар. Такую міралюбівую пазіцыю краіны вітаюць грамадзяне Беларусі і актыўна заяўляюць аб гэтым у час збору подпісаў, які цяпер ідзе ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. "Людзі хочуць, каб быў мір. Гэта ў крыві ў нас, гэта генетычна наша. Таму што нашы дзядулі, бабулі наеліся гэтых войнаў. І гэта да нас перайшло, мы хочам, каб было добра. Таму што ў вайну дрэнна. Вось наш светапарадак - гэта мір і спакой. А ўсё астатняе - што заробім, будзем жыць. Як будзем працаваць, так і будзем жыць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Разам з тым, як падкрэсліў Прэзідэнт, у Беларусі яшчэ ёсць куды імкнуцца ў плане павышэння эфектыўнасці і якасці працы.
"Я бачу сваю краіну мірнай, зручнай для твайго жыцця, Вераніка, тваіх дзетак і ўнукаў, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да аўтара пытання. - Каб яны ганарыліся сваёй краінай і не думалі: "Вось, паеду ў Польшчу, мяне чакаюць там, будзе добра". Калі нехта хоча, з'ездзіце. Толькі не страчвайце свае карані, не адсякайце. Рабіце заўсёды крок з аглядкай, каб можна было вярнуцца. Калі паедзеце і адсечаце гэтыя сувязі, бяда. Таму я і кажу: ідзіце хутка, але не спяшаючыся".
Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі падзяліўся сваім меркаваннем аб тым, якія навыкі важна развіваць у дзяцей.
"Першае - яно павінна займацца спортам, каб не хадзіць у аптэку. Запомніце гэта. Другое - яно павінна ведаць замежную мову. Няма чаго рабіць сёння ў свеце, калі ты не ведаеш англійскую мову", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін важны складнік - развіццё творчых здольнасцей. "Калі ў вашага дзіцяці ёсць схільнасць да нечага, вы павінны яе развіваць. Перш за ўсё да музыкі, - лічыць Прэзідэнт. - Чацвёртае - гэта вучоба".
"Трэба выпрацаваць у дзіцяці адказнасць. Калі яе няма, значыць, бацькі недзе недапрацавалі. Усё залежыць ад бацькоў і наколькі ты пранікся да дзіцяці", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У час сустрэчы са студэнтамі Прэзідэнт адказаў на пытанне, які від спорту яго любімы.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней захапляўся футболам. "Я цяпер больш праводжу на лёдзе свой час. Але гэта не значыць, што я люблю толькі хакей. Я ўсёедны ў гэтых адносінах, і ў многіх відах спорту разбіраюся", - сказаў ён.
Прэзідэнт прывёў прыклад, што цяпер у Катары праходзіць міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы "Нябесная грацыя", і ён у курсе рэзультатаў беларускіх грацый.
"Вельмі ўважліва назіраю, ведаю асабіста многіх выдатных добрых спартсменаў, якія выдаюць рэзультат і праслаўляюць краіну. Дапамагаю ім. Стараюся дапамагчы. Нядаўна з Ігарам Бокім - наш плывец. 21 раз быў паралімпійскім чэмпіёнам. Таксама ведаю асабіста, удакладняў, што трэба, дзе, як", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я паглыблены практычна ва ўсе віды спорту. Няма такога віду спорту, за якім я не назіраў бы. І калі нашы спартсмены добра выступаюць, я люблю гэты від спорту", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён упэўнены, што чалавек павінен займацца нейкім відам спорту і трымаць сябе ў форме. Тым больш калі ты з'яўляешся тварам краіны. "Дзве гадзіны ў дзень. Памры - дзве гадзіны ў дзень. Калі ты там займаешся спортам, сячэш дровы... І лазня - дзве гадзіны ў дзень. Гэта кожны павінен знайсці час. Калі дзесьці позна, хтосьці там дакладвае штосьці (я звычайна вызваляюся дзесьці ў 9-10 гадзін вечара), але я ўсё роўна іду займаюся нейкім відам спорту", - даў практычныя парады Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама расказаў, што любіць вялікі тэніс, і сам калісьці гуляў, але лічыць яго самым траўматычным відам спорту.