Сустрэча з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, якія пражываюць у Беларусі
- 30
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 верасня сустрэўся з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, якія пражываюць у Беларусі.
"Мне даводзіцца часта сустракацца з рознымі людзьмі. Але з савецкіх часоў я не прывык дзяліць іх па нацыянальнасцях. Для мяне няважна, дзе хто нарадзіўся. Я цаню ў людзях перш за ўсё прыстойнасць, дабрыню, працавітасць. Ды і беларусы пазбаўлены пачуцця нацыянальнай перавагі, паколькі ведаюць, што значыць змагацца за сваю культуру і веру", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў беларускім грамадстве няма размоў аб тытульнай нацыі, для беларусаў недапушчальны вопыт дзялення па нацыянальнай прыкмеце на грамадзян і неграмадзян, як у некаторых суседзяў.
"Ідэя народнага адзінства пранізвае ўсю нашу гісторыю. Тут спрадвеку знаходзілі прытулак людзі, якія ўцякалі ад рэлігійных войнаў, міжусобіц, ганенняў. А ў дні ліхалецця яны аб'ядноўваліся з мясцовым насельніцтвам, давалі адпор ворагу, перамагалі і разам будавалі сваё беларускае шчасце. Такі ключ да разумення шыфру жыцця на нашай зямлі - нашай з вамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што невыпадкова гэта сустрэча праходзіць напярэдадні самага маладога, але вельмі знакавага дзяржаўнага свята - Дня народнага адзінства.
"Падтрыманне міжнацыянальнага міру - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, і мы гэтым ганарымся. Канстытуцыя нашай краіны гарантуе замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства тыя ж правы і свабоды, што і грамадзянам нашай краіны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, а зневажанне нацыянальнай годнасці караецца законам".
"На беларускай зямлі ў міры і згодзе ў духу добрасуседства працуюць, ствараюць сем'і, гадуюць дзяцей прадстаўнікі 156 нацыянальнасцей. Тут усе яны становяцца нашымі, і нават маімі, як я часта гавару, - маімі рускімі, маімі ўкраінцамі, маімі палякамі. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што больш як шэсцьсот гадоў таму на тэрыторыю сучаснай Беларусі прыйшлі яўрэі. Іх гналі і праследавалі ў розных кутках свету, тут яны атрымалі магчымасць свабодна і спакойна жыць.
"І аж да Вялікай Айчыннай вайны па колькасці ўступалі толькі карэннаму насельніцтву. Што гаварыць, беларуская зямля стала калыскай для трох прэзідэнтаў Дзяржавы Ізраіль: Залман Шазар, Хаім Вейцман, Шымон Перэс - памятаеце гэтыя прозвішчы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Адначасова з яўрэямі на беларускую зямлю прыйшлі татары. "Унікальны народ: храбры, справядлівы, ваяўнічы. Да нас ён прыйшоў з мірам - па запрашэнні мясцовых князёў, каб дапамагчы абараніць нашы землі. Перакаваўшы мячы на аралы, татары ўнеслі вялікі ўклад у развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі. І сёння горад Іўе, адзін з цэнтраў іх кампактнага пражывання, па праву славіцца сваімі поспехамі ў эканамічнай і духоўнай сферах", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, паспяхова ўладкоўваюць у Беларусі жыццё і прадстаўнікі азербайджанскага народа. Алімпійскімі і сусветнымі дасягненнямі краіну праслаўлялі барэц Камандар Маджыдаў, дзюдаіст Націк Багіраў і многія іншыя.
"Важнае месца займае армянская дыяспара. Дастаткова сказаць, што адным з першых кіраўнікоў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі быў армянін Аляксандр Мяснікоў (Мяснікян). Шматнацыянальны Дагестан у Беларусі прадстаўлены 17 нацыянальнасцямі. Мы далі магчымасць пачаць новае, мірнае жыццё грамадзянам Афганістана, Палесціны, дзе доўгія гады не спыняліся ўзброенае процістаянне і кровапраліцце. Прыкладаў, калі людзі з усіх куткоў свету набываюць у нашай краіне другую Радзіму, не пералічыць", - заявіў беларускі лідар.
"Часам складваецца ўражанне, што народы, якія прыязджаюць да нас, пакідаюць узаемныя раздоры, папрокі і крыўды на прыгранічных пунктах, як кажуць у Беларусі, ля парога хаты. Як яшчэ растлумачыць, што тут знаходзяць агульную мову, жывуць у міры і згодзе арабы і яўрэі, азербайджанцы і армяне, грузіны і абхазцы? - рытарычна спытаў Прэзідэнт. - Таму што ўсе вы сталі нашымі - вы сталі беларусамі".
Усе, хто жыве ў Беларусі, разам святкуюць Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, захоўваючы такім чынам памяць аб прадстаўніках усіх нацыянальнасцей, якія дапамагалі беларусам вызваляць, а потым аднаўляць разбураныя фашыстамі гарады і вёскі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Гэта памяць увекавечана ў назвах праспектаў і вуліц населеных пунктаў, імёны герояў прысвоены паркам, скверам і ўстановам адукацыі.
"Мы абсалютна адкрытыя і будзем адкрытыя для ўсіх, хто прыходзіць да нас з чыстымі намерамі, з мірам. Таму беларусам складана зразумець, што рухае еўрапейскімі элітамі ў іх імкненні адгарадзіцца і зноў выбудаваць "жалезную заслону" (памятаеце, у чым яны нас пастаянна папракалі ў савецкі час), - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Разумеючы, што гэта шлях у нікуды, у адказ мы робім для кагосьці нечаканыя, але зразумелыя для нас крокі: мы - наадварот - адкрываем граніцы і звяртаемся непасрэдна да народаў Еўропы. На шчасце, яны нас чуюць".
"І самае цікавае, што, прыязджаючы да нас, гэтыя людзі становяцца яшчэ большымі патрыётамі Беларусі, чым мы самі часам", - дадаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў кожнага - свая гісторыя, свой лёс, у некага, на жаль, свая бяда. "Пройдзеныя вамі выпрабаванні, пераадоленыя цяжкасці, перамога над акалічнасцямі выклікаюць глыбокае пачуццё павагі і шчырай сімпатыі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я вельмі спадзяюся, што на нашай зямлі вы і вашы сем'і набылі мір і дабрабыт".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што, нягледзячы на адносна невялікія памеры Беларусі, месца тут дастаткова для таго, каб размясціць і пракарміць яшчэ столькі ж насельніцтва, колькі жыве цяпер. "Таму мы будзем зацікаўлены ў тым, каб вашы блізкія, знаёмыя, родныя па духу людзі прыязджалі да нас у Беларусь. Падкрэсліваю: вы нашы людзі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Што датычыцца мяне як Прэзідэнта, я гэтага не ўтойваю, ніколі не было выпадку, каб вы недзе мяне не падтрымалі, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы нават часам задаяце тон нашым, беларусам - і добрым людзям, і тым, хто ўцёк. Вы для нас - самая сапраўдная каштоўнасць. Такіх, як вы, мы заўсёды чакаем у Беларусі. Гатовы садзейнічаць вам у вашым жыцці і, калі здарылася бяда, паверце, мы зробім усё для таго, каб вы, калі не забылі яе, то кожную раніцу не прачыналіся з гэтай бядой".
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў прадстаўнікам розных нацыянальнасцей, якія пражываюць у нашай краіне, за той патрыятызм, які яны праяўляюць: "Я абсалютна перакананы, што вы таксама, як усе беларусы, карэннае насельніцтва, цэніце і любіце нашу зямлю - вашу зямлю".
Прэзідэнт пацікавіўся ва ўдзельнікаў мерапрыемства, як ім жывецца ў Беларусі, ці ёсць якія-небудзь сістэмныя праблемы, якія неабходна вырашыць.
Старшыня грамадскага аб'яднання "Мінскае гарадское армянскае культурна-асветніцкае таварыства "Айастан" Георгій Егіазаран, які таксама з'яўляецца старшынёй Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, запрасіў Кіраўніка дзяржавы наведаць фестываль нацыянальных культур у Гродне.
Наступны 15-ы юбілейны фестываль пройдзе ў Гродне ў 2026 годзе. "Мы дараслі да такога ўзроўню, што нам сёння не сорамна запрасіць вас наведаць наш фестываль", - сказаў Георгій Егіазаран.
"Я добра ведаю гэты фестываль, некалі яго ствараў, ініцыяваў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўдзельнікі фестывалю на берагах Нёмана, у цудоўным горадзе Гродна, робяць яго не заходнім або ўсходнім, а сапраўдным сусветным горадам. Кіраўнік дзяржавы пакуль з прычыны занятасці не наведваў фестываль, але разлічвае зрабіць гэта ў будучым. "Я падумаў, што мне трэба абавязкова пабываць на гэтым фестывалі. Вы як адгадалі мае думкі", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў разгледзець прапанову Георгія Егіазарана, каб у год 80-годдзя Перамогі назваць адну з вуліц у Мінску ў гонар савецкага палкаводца і дзяржаўнага дзеяча, маршала Савецкага Саюза Івана Баграмяна, які прымаў удзел у вызваленні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
"Што датычыцца вялікага Баграмяна, нам трэба разгледзець гэта пытанне ў бліжэйшы час. Гэта вялікі чалавек для нас. Для беларусаў - дакладна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў аперацыі "Баграціён" па вызваленні Беларусі ўдзельнічала 4 фронты, у тым ліку І Прыбалтыйскі на чале з Іванам Баграмянам.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі пра людзей мяркуюць не па нацыянальнай прыналежнасці, не па нейкіх рэлігійных перакананнях, а выключна на падставе іх прафесійных і, галоўнае, чалавечых якасцей.
Георгій Егіязаран таксама падзякаваў за ўвагу дзяржавы да пытанняў развіцця культур розных нацыянальных супольнасцей, захавання міру і згоды.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка выступіў за захаванне добрых адносін з Арменіяй. "Нядрэнна было б, калі б у нас, як і раней, пры ўсіх недахопах і нюансах будаваліся добрыя адносіны з Арменіяй. Паверце, нашай віны ў гэтым абсалютна няма, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вось сёння ўжо ўсім зразумела, хто сочыць за палітыкай, чаму цяперашняе армянскае кіраўніцтва праводзіла і праводзіць такую палітыку. Яны прынялі рашэнне аб правядзенні рэферэндуму ў Арменіі па ўступленні ў Еўрапейскі саюз".
"Я папярэджваў Ніколу Пашыняна аб тым, што яму рабіць гэта нельга. Гэта было ў закрытым рэжыме. Пачынаючы з Санкт-Пецярбурга (сустрэчы там. - Заўвага), калі ён толькі стаў Прэм'ер-міністрам. Я гавару: "Ты - малады чалавек, нявопытны (у нас адзін такі ёсць на поўдні, вы ведаеце). Не спяшайся, папрацуй, паглядзі вакол, агледзься". Ну вы ведаеце, з якімі ідэямі ён прыйшоў да ўлады", - расказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён адзначыў, што "першыя наскокі" з боку кіраўніцтва Арменіі былі на Беларусь. "Ну зразумела, што цэліўся ён у нас, а спрабаваў патрапіць у Расію. Мы з Пуціным гэта добра бачылі, разумелі. І я Пуціну гаварыў, і ён мне гаварыў, што нам не трэба абвастраць адносіны. Каб армянскі народ не падумаў, што мы супраць армян. І, як бачыце, мы ніяк не рэагавалі, - сказаў Прэзідэнт. - Але сёння ўжо зразумела: еўрапейцы, перш чым ён туды ўступіць, ад яго яшчэ і ад кіраўніцтва Арменіі запатрабуюць нешта зрабіць. За еўрапейцамі стаяць амерыканцы. Без Амерыкі нічога не робіцца сёння там на Захадзе. Таму вось узялі ў абарот Арменію".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на нядаўняе мінулае, бо прыкладна з гэтага ўсё пачыналася ва Украіне. "Арменія ведаеце, у якой сітуацыі знаходзіцца. Мы ўсяляк стараліся дапамагаць армянам, мы супрацоўнічалі як з самымі блізкімі людзьмі, дапамагалі ўсяляк. І тое, што здарылася ў Карабаху, - гэта віна толькі кіраўніцтва Арменіі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Я іх папярэджваў асабіста, калі ўсе кіраўнікі дзяржаў або маўчалі, або супраць: аддай ім (Азербайджану. - Заўвага) гэтыя тэрыторыі. Тым больш, яны (улада Арменіі. - Заўвага) прызнавалі ж, што гэта "не нашы тэрыторыі". На тых тэрыторыях нават птушкі не садзіліся і не ляталі, г.зн. там людзей не было, ніхто не жыў. У такой спрыяльнай атмасферы прыроднай, дзе ўрадлівая зямля, людзі не жылі. Больш за мільён бежанцаў, я іх бачыў у Азербайджане".
Прэзідэнт нагадаў, што заклікаў да міру ў гэтым рэгіёне, але ў Арменіі займалі іншую пазіцыю: "Так, гэта не нашы землі, гэта азербайджанскія. Але мы не аддадзім - будзем ваяваць". "І вось гэта была мая лінія. Я ў Ерэване ў закрытым рэжыме гэта сказаў. Потым папрасіў Пуціна. Мы ўжо ўдваіх пачалі прасіць Пашыняна: "Вырашы гэту праблему!" - Не, мы будзем ваяваць. Даваяваліся. І потым, чаго цяпер крыўдзіцца на Расію ці яшчэ на нас? Ты ж сам Карабах прызнаў, што гэта тэрыторыя Азербайджана".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што раней і з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым яны абмяркоўвалі, як у гэтым рэгіёне ўсё мірна ўрэгуляваць. "Як нам, кажа, зрабіць так, каб мірна ўсё было, каб армяне там жылі. Ну і няхай жывуць, кажа".
"А тут бах - заява Пашыняна, што "мы згодныя на тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджана і Карабах - гэта ваш". На каго крыўдзіцца? Хто цябе за язык цягнуў? Ну я гавару, накшталт нашага "сябра" на поўдні. Ты ж будзь вытрыманым чалавекам, ты кіруеш старажытнай цывілізацыяй, старажытнай краінай. Але вось, бачыце, захацелася на Захад, у ЕС", - расказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Які Захад? Мы не супраць супрацоўніцтва з Захадам, амерыканцамі, але вы ж бачыце іх палітыку… Заўтра новае кіраўніцтва прыйдзе ў Амерыцы да ўлады, нават старое-новае (Камала Харыс і гэтак далей), - вы пагледзіце, зусім іншая будзе палітыка. У іх прывычка такая: "А вы хто? Мы вас не ведаем. - Як не ведаеце, мы ж з вамі дружылі, вы нам зброю пастаўлялі... - Не, гэта былі не мы", - прывёў Аляксандр Лукашэнка прыклад логікі зносін амерыканскага істэблішменту. - Вось іх палітыка. І я пастаянна вашаму кіраўніцтву пра гэта казаў. Калі, гавару, вы не разумееце, дык я ўжо даўні чалавек у палітыцы. Я бачыў многае. Ім верыць нельга".
Прэзідэнт заклікаў у любым выпадку не губляць тое, што ўжо ёсць у супрацоўніцтве з традыцыйнымі партнёрамі. "Усякае бывае. Але не губляйце тое, што ў вас ёсць. У вас у руках гэта сініца. Ну не ганяйцеся пакуль за жураўлём. Няхай гэта сініца ў вас будзе ў руках, - даў параду кіраўнік дзяржавы. - Не губляйце гэту дружбу, гэта братэрства. Гэта адзіны рынак у эканоміцы, гэта ўзаемная дапамога. Не страчвайце гэта, таму што вы, гэта страціўшы, можаце там не набыць нічога".
"Вы што, думаеце Арменію чакаюць недзе? Ні нас, ні Арменію, ні Украіну (пагледзіце, на нашых вачах будзе) ніхто нідзе не чакае. Кожны заняты сваімі пытаннямі. І яны хочуць вырашыць свае праблемы за кошт іншых: "Вось няхай украінцы з рускімі ваююць, забіваюць адзін аднаго, няхай яны падохнуць усе". Гэта іх", - адзначыў Прэзідэнт.
"Я не апраўдваюся перад вамі, але, каб вы разумелі, што нашай віны ў абвастрэнні адносін з кіраўніцтвам Арменіі абсалютна няма. Армяне вельмі разумныя людзі. Яны не выносяць ненармальнай палітыкі, якая не адпавядае менталітэту армянскага народа. У бліжэйшы час яны разбяруцца, дзе іх шчасце", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў выключна добрае стаўленне ў Беларусі да прадстаўнікоў армянскай дыяспары. "Вы для мяне ўжо не армяне - вы для мяне беларусы. Вы - нашы людзі, нашы грамадзяне", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў асаблівае стаўленне да людзей, якія прыехалі ў Беларусь не толькі з Арменіі, але і іншых месцаў. "Вы сарваліся, лёс у вас такі. І многія ж не ад шчасця прыехалі. Мы павінны вас прыняць у сям'ю і абагрэць, зрабіць усё для таго, каб вы маглі працаваць і зарабляць", - заўважыў Прэзідэнт.
Больш таго, усе, хто прыехаў, - гэта адукаваныя людзі, якія ўмеюць цаніць свае сем'і. А нехта заводзіць сям'ю ўжо ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў такіх змешаных сем'ях, як правіла, нараджаюцца прыгожыя і таленавітыя дзеці: "Дзяўчаты - гэта прыгажуні, а мужыкі - гэта разумныя людзі. Я шчыра гавару, гэта маё цвёрдае перакананне. Паглядзіце на такія вось сумесныя сем'і".
"Прыязджайце больш. Няхай сем'і прыязджаюць. Работы і зямлі для ўсіх хопіць", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня міжнароднага грамадскага аб'яднання "Гора" Хізры Асадулаеў прапанаваў Кіраўніку дзяржавы арганізаваць у Дагестане Дзень беларускіх дранікаў. "Сын вельмі любіць дранікі і часта просіць маці прыгатаваць іх. І яна гатуе іх па вашым рэцэпце - на аб'ядзенне. Калі пачулі па тэлевізары, як вы расказвалі пра рэцэпт, яна запомніла і так гатуе. Прызнаюся, я нават падумаў: можа, папрасіць у вас пару кілаграмаў з вашых сартоў бульбы, пасадзіць высока ў гарах у сябе ў вёсцы і праводзіць штогод Дзень беларускіх дранікаў", - сказаў Хізры Асадулаеў.
Ён ужо больш як 40 гадоў пражывае ў Мінску і вядомы ў Беларусі як мастак, скульптар і паэт. Тут у яго нарадзіліся дзеці і ўнукі. "Нас тады, яшчэ ў 1981 годзе, калі пераехалі, сустрэлі не як чужых, а як родных. З нараджэннем дзяцей і ўнукаў, зразумела, Беларусь для нас стала яшчэ больш роднай, блізкай і цёплай", - заявіў ураджэнец Дагестана.
На сустрэчы выступіў і старшыня грамадскага аб'яднання "Саюз палякаў на Беларусі" Аляксандр Сангін. "Размаўляючы з жыхарамі па абодва бакі граніцы, вельмі дакладна разумею, што простыя людзі чакаюць хутчэйшай нармалізацыі адносін паміж краінамі. Ці ідуць на кантакт польскія ўлады па прапановах беларускага боку ў частцы ўрэгулявання існуючых адносін?" - пацікавіўся ён.
"Не буду гаварыць аб нашых адносінах з кіраўніцтвам Польшчы. Я не хачу сказаць, што з усімі палякамі ў Польшчы ў нас бліскучыя адносіны, але 99% палякаў разумеюць нашу палітыку і, упэўнены, падтрымліваюць яе. Наша палітыка не агрэсіўная ў адносінах да Польшчы. Мы не стараемся навязаць сваю палітыку, не стараемся ваяваць з Польшчай. Мы добра разумеем, што ў гэтай вайне загінуць мільёны і ніхто не выйграе. І яна нам не патрэбна. Нам патрэбны мір і спакой", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Польшчу спрабуюць цяперашнія кіраўнікі, ды і мінулыя, зрабіць марыянеткай Злучаных Штатаў Амерыкі. Ну навошта 5% ВУП, мільярды долараў палякам сёння траціць на закупку зброі? Хто збіраецца нападаць на Польшчу? Ну а нам... што нам ад палякаў трэба? Нам нічога не трэба. Што трэба палякам ад нас? Ну, зразумела, трэба зноў Заходнюю Беларусь, Заходнюю Украіну туды (у склад Польшчы. - Заўвага). Хтосьці яшчэ вось гэтыя амбіцыі мае", - заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Паслухайце, гэта абсалютна немагчыма. Пакарыць Беларусь нікому не ўдасца. У нас дастаткова сяброў, ды і мы не лыкам шытыя. Тым больш у гэтай балоціста-лясістай мясцовасці. Немагчыма тут ваяваць. Гэта мільёны людзей загінуць", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мне перад нашымі палякамі, перад вамі абсалютна не сорамна. Мы гатовы хоць заўтра нармалізаваць з імі адносіны", - сказаў беларускі лідар.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Польшча цяпер праводзіць несамастойную палітыку, паколькі абвастрэнне адносін на ўсходнім напрамку - з Беларуссю і Расіяй - не трэба ні народу Польшчы, ні кіраўніцтву гэтай краіны.
"Яны гэта разумеюць. Але дзядзька Сэм прымушае. Амерыканцам трэба, каб тут - у Еўропе - была вайна. Тады яны будуць у фаворы, - адзначыў беларускі лідар. - Для амерыканцаў Еўропа - гэта канкурэнт. Высокатэхналагічная Еўропа. Яны вырабляюць "Мерседэсы", груба кажучы, не горш, чым у іх там "Форды". У іх свая валюта - еўра. Яны гатовы былі адысці ад долара. Гэта не трэба амерыканцам. І вось яны штурхаюць, штурхаюць. Польшча стала марыянеткай".
"У нас нармальнае стаўленне да іх, нармальная палітыка. Мы ім прапануем нармальнае жыццё, давайце супрацоўнічаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ад дзеянняў уласнага Урада, які забараняе супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй, ашалелі польскія бізнесмены. "Яны ж ні ў Расіі, ні ў Беларусі не могуць працаваць ужо. Іх проста сюды не пускаюць (улады Польшчы, уводзячы розныя абмежаванні і закрываючы граніцу. - Заўвага). Яны пытаюцца ў кіраўніцтва Польшчы: "Навошта вы гэта робіце? Мы ж там грошы зараблялі. Зарабляючы грошы, прывозілі ў Польшчу. У нас былі нармальныя адносіны". Яны сабе ўжо не толькі ў нагу выстралілі - нават у галаву. Вось іх палітыка", - канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што не можа быць толькі адзін бок вінаваты, а другі зусім не. "Таму я і свой Урад (арыентую. - Заўвага) і публічна гавару: "Не трэба сварыцца з палякамі. Можа, мы недзе штосьці недапрацавалі. Давайце будзем з імі па-добраму, давайце будзем рабіць крокі насустрач".
Разам з тым Прэзідэнт пералічыў шэраг дзеянняў польскага боку, якія зусім не накіраваны на ўрэгуляванне адносін. "Навошта (у Польшчы. - Заўвага) закрылі пагранпераходы? Там жа па жывому граніца праходзіла. На магілу нельга прыехаць, - прывёў адзін з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі наш паляк займае нейкую канструктыўную пазіцыю, ён у Польшчы вораг. Чаму? Таму вам не павінна быць сорамна за тую палітыку, якую мы праводзім адносна Польшчы. Мы хочам, каб было ціха, спакойна тут і ў Польшчы. Калі, не дай бог, што-небудзь здарыцца ў Польшчы, як ва Украіне, нам лёгка не будзе. Але яны павінны разумець, што нас на калені паставіць немагчыма. Гэта марная справа. Гэта патраціць грошы, а, не дай бог, загубяць людзей".
"Яны там круцяць-верцяць: "Вось, кітайцы Лукашэнку прымусілі, каб ён змякчыў палітыку адносна Польшчы". З Кітаем мы не абмяркоўвалі нават гэтыя тэмы. Ніколі Сі Цзіньпін, ведаючы мяне, ніколі не скажа, што ты там з Польшчай нешта зрабі. Кітайцы разумныя кіраўнікі - і людзі, і спецслужбы. Яны ведаюць, у чым прычына. Але галоўнае, я вам клянуся, мы ніколі гэту тэму з Кітаем не абмяркоўвалі", - заявіў беларускі лідар.
Што датычыцца змяншэння апошнім часам патоку бежанцаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз беларускую граніцу, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў гэта дзеяннямі самога беларускага боку. "Тое, што туды менш ідуць сёння бежанцаў, як яны ўчора заявілі, у два разы менш, ну, слухайце, нучаго сабачыцца ўвесь час з імі. Я ўжо гавару: ну добра, давайце папярэджваць афганцаў. Гэта ж афганцы, іракцы і сірыйцы бягуць. Нават з Афрыкі людзі праз нас спрабуюць у Германію прайсці. Нават не ў Польшчу. Палякі на гэтым, кіраўніцтва, зараблялі грошы - карупцыя там працвітала, - сказаў Прэзідэнт. - Я гавару: добра, давайце папрацуем з сірыйцамі, з афганцамі. Вось нядаўна сустракаўся з Дзяржсакратаром (Савета Бяспекі Беларусі. - Заўвага), абмяркоўвалі пытанні".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён даручыў папярэджваць бежанцаў, каб яны не ехалі сюды ў спробах трапіць у Еўрасаюз. "Ну заб'юць проста. Інакш кажучы, мы пачалі за іх (за Польшчу і Еўрасаюз у цэлым. - Заўвага) працаваць у Афганістане, там, дзе людзям цяжка. Таму стала менш людзей на граніцу ісці", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца пабудаванай Польшчай на граніцы з Беларуссю агароджы, Прэзідэнт нагадаў, што папярэджваў польскі бок, каб яны не рабілі гэтага. "Гэта глупства ў сучасным свеце. Каб пераадолець агароджу, мы інфармацыю гэту маем, мігранту трэба 4 мінуты. Навошта пабудавалі? Мільёны долараў уклалі, параскрадалі палавіну. Вось што трэба палякам давесці. Час нас рассудзіць", - дадаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па тэме міграцыі не толькі з Польшчай, але і з Еўрасаюзам раней існавала нармальнае супрацоўніцтва. Беларусь з аднаго боку фактычна абараняла ЕС ад патоку мігрантаў, а той бок, у сваю чаргу, дапамагаў фінансава, укладаўся ў будаўніцтва цэнтраў часовага ўтрымання. Аднак затым супраць Беларусі былі ўведзены санкцыі. "І вы чулі, я адкрыта сказаў, што ніякага супрацоўніцтва і тут не будзе, мы вас абараняць не будзем. Чаму мы павінны абараняць вас з пятлёй на шыі? У чым я не меў рацыі? Цяпер яны прад'яўляюць нам нейкія прэтэнзіі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адна прэтэнзія датычыцца так званых палітзняволеных. "Не іх справа, як мінімум. Якіх палітзняволеных? Ну вы ж бачылі, што рабілася ў спакойнай, ціхай Беларусі ў 2020 годзе, - сказаў Прэзідэнт. - Якія палітзняволеныя? У нас артыкулаў такіх няма. І потым, ваша якая справа? Вы там у Польшчы разбярыцеся. У вас там божа мой колькі праблем".
Яшчэ адна тэма для крытыкі беларускага боку - правы чалавека. І тут Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на дзеянні самой Польшчы: "Якія правы чалавека? Вы забіваеце людзей. Нахабна забіваюць гэтых мігрантаў, якія цераз агароджу пералезлі, падкоп там арганізавалі. Яны іх забілі і нам цераз граніцу выкінулі. Або паўмёртвых, або мёртвых. Мы іх лечым за свой кошт, ратуем гэтых людзей. Якія правы чалавека, якія прэтэнзіі вы да нас прад'яўляеце, калі вы пазбаўляеце галоўнага права людзей - жыць?"
Пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка і сітуацыю вакол асуджанага ў Беларусі Анджэя Пачобута: "Добра, забірайце. А ён (прадстаўнік Польшчы. - Заўвага) гаворыць: "Я туды (у Беларусь. - Заўвага) не паеду, мне не трэба". А яны і не хочуць яго забіраць. Проста гэта стала палітычнай разменнай манетай. І калі мы ім: "Забірайце!" - "Не, нам не трэба". А гэты кажа: "Я туды не паеду". Вы гэта добра ведаеце, гэта прагучала ўжо з вуснаў палякаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Вы бачыце, што выкарыстоўваюць любую падставу для таго, каб абвастрыць адносіны. І палякам гэта не трэба, і цяперашняму кіраўніцтву Польшчы гэта не трэба. Яны гэта разумеюць. Але "дзядзька Сэм" прымушае. Амерыканцам трэба, каб тут, у Еўропе, была вайна. Тады яны будуць у фаворы", - канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што Беларусь цяпер звяртае больш увагі на граніцу з Польшчай, чым з Украінай, нягледзячы на тое, што на поўдні ідзе вайна. "Мы ўмацавалі граніцу, стварылі апорныя пункты. Вы бачылі, я пад Брэстам быў на адным з гэтых пунктаў. На вышынях, зручных для ваенных, мы стварылі другую граніцу фактычна. Ну калі там узяць гэты апорны пункт, то ты пакладзеш там тысячы воінаў. Навошта, каму гэта трэба? Але мы вымушаны абараняцца. Тым больш, у нас ёсць усё для таго, каб абараніць сваю краіну, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - І вагацца для абароны сваёй Беларусі, вы мяне ведаеце, я ні на імгненне (не буду. - Заўвага). Ліній ніякіх маляваць не будзем. Не дай бог толькі ступяць на нашу зямлю. Паважаюць толькі моцных. Таму слабасці гэтай быць не павінна".
Гаворачы пра палякаў, якія жывуць у Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў: "Вы мае палякі, нашы палякі". Ён нагадаў, што на першых прэзідэнцкіх выбарах польская дыяспара падтрымала менавіта яго, хоць сярод іншых кандыдатаў былі нават палякі па нацыянальнасці. І перадвыбарную агітацыю Аляксандр Лукашэнка тады пачынаў з Гродна. Тады польская супольнасць ставіла перад ім некалькі пытанняў, адно з якіх увогуле здзівіла палітыка: "Вы тады ставілі перада мной пытанне: дапамажыце нам, каб нашы палякі маглі пайсці на тэрыторыю Польшчы на магілу да сваякоў. Гэта мяне здзівіла і я, сустракаючыся з Пазняком і Шушкевічам, гавару: "Ну што вы за палякі такія, вы ж прапольскія людзі, і вы да гэтага часу не можаце вырашыць гэта пытанне!" Я, як стары пагранічнік, адкрыў граніцу, пункты пропуску: "Ідзіце, гэта нармальна!"
Не сталі "душыць" у Беларусі і каталіцкую царкву, таксама як не ўшчамляюць і вернікаў іншых канфесій. "Не трэба душыць касцёл. Навошта? Мы што, лепш зробім для міру? Не. Няхай ідуць людзі, хто ў касцёл, хто ў царкву, хто ў мячэць, хто ў сінагогу. Гэта кожнага права. Гэта ж справа сумлення, унутраных перакананняў", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што тыя праблемы, якія тады палкі ставілі перад зусім яшчэ маладым кандыдатам у Прэзідэнты, ён, узначаліўшы краіну, усе вырашыў. "Патрэбны час, цярпенне, ні ў якім разе тут нельга наступаць і размахваць зброяй. Ні ў якім разе. Таму вы не прасіце выбачэння ў кіраўніцтва Польшчы за нашу палітыку. Мы праводзім разумную стрыманую палітыку. Мяч на іх баку. Мы гатовы настолькі глыбока з імі супрацоўнічаць, наколькі яны да гэтага гатовы", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
У час мерапрыемства старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання ўкраінцаў "Ватра" Уладзіслаў Кадзіра заўважыў, што беларусы і ўкраінцы сумесна прайшлі вялікі гістарычны шлях. Паводле яго слоў, гэта дае ўсе падставы сцвярджаць, што іх адзінства не можа быць разбурана.
"Як жа можна апраўдаць каварныя намеры, нацягнуць калючы дрот паміж сэрцамі беларусаў і ўкраінцаў, якіх звязвае шматвяковая гісторыя, моўная роднасць, штодзённая жыццёвая практыка і асабліва памяць пра Вялікую Айчынную вайну? Мы сёння заклікаем усе ўрады свету спыніць канфлікты, не дапусціць росту ідэй чалавеканенавісніцтва, спыніць ганенні на людзей па моўнай прыкмеце, па расавай прыналежнасці, па нацыянальнай прыкмеце", - заявіў Уладзіслаў Кадзіра.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ніколі не ўтойваў свае ўкраінскія карані і, хто б ні быў Прэзідэнтам Украіны, беларускі бок заўсёды імкнуўся выбудоўваць з кіраўніцтвам гэтай краіны дружалюбныя адносіны. "Я, як сабачка, бегаў у цяжкія часы паміж Украінай і Расіяй, каб толькі ўсё было нармальна, - дадаў ён. - Тое, што адбываецца ва Украіне, сумна. Прычыну вы ведаеце. Трэба было неяк пастарацца вырашыць гэта пытанне спакойна, па-чалавечы, пагадзіцеся".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што адным з ініцыятараў распаду СССР быў Прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук. "Навошта было разбураць краіну? Вядома, у Крамлі гэта заваруха пачыналася. Але мы (у вас - Краўчук, у нас - Шушкевіч) проста рукі паціралі: толькі вось незалежнасць, адарвацца ад Расіі і іншае", - расказаў Прэзідэнт.
Аляксандру Лукашэнку ў свой час удалося пераканаць кіраўніцтва Расіі ўзяць адказнасць за тыя падзеі і прадоўжыць аказваць падтрымку Беларусі і Украіне, у тым ліку больш таннымі энергарэсурсамі, доступам на свой рынак.
Аднак у 2010-я гады, калі ва Украіне пачалі цясніць рускіх, Расійская Федэрацыя не змагла застацца ўбаку і вырашыла заступіцца за іх. Трагедыя ў Адэсе, калі дзясяткі прарасійскіх актывістаў былі спалены ў Доме прафсаюзаў, магчыма, стала адной з прычын узнікнення процістаяння.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што пытаўся ў прадстаўнікоў Злучаных Штатаў, як бы зрабілі яны на месцы Расіі, калі б іх грамадзян пачалі прыгнятаць у суседняй Мексіцы. Адказ, паводле яго слоў, быў адназначны: ЗША сцерлі б суседа з Зямлі.
"Дык чаго вы Расію асуджаеце?" - спытаў Прэзідэнт.
У лютым 2015 года ў час перагавораў у Мінску Украіне і Расіі ўдалося дамовіцца аб міры, аднак Кіеў не стаў выконваць дамоўленасці, ды яшчэ і ганарыўся гэтым. "Зяленскаму дасталася гэта ўлада з вялікімі праблемамі. Дык ты іх вырашай, ты ж абяцаў вырашаць. Ён да вайны давёў", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
У першы дзень узброенага сутыкнення паміж Расіяй і Украінай Прэзідэнт Беларусі звязаўся з украінскім калегам і заклікаў яго пачаць перагаворы. Некалькі сустрэч прайшло на беларускай тэрыторыі. Прычым расіяне з гатоўнасцю прыбывалі на перагаворы, а ўкраінскі бок цягнуў час, як быццам бы шантажыруючы праціўніка. Пасля перагаворы былі перанесены ў Стамбул, і нібыта бакі выйшлі на першапачатковыя дамоўленасці, аднак пад уплывам Захаду перагаворы былі сарваны.
"Вычленілі пытанні, якія трэба вырашыць. І Пуцін цяпер гаворыць: "Мы ж у Стамбуле дамовіліся, калі весці далей перагаворы, давайце возьмем гэты дакумент". Гэта правільна. Не падпішам, а адсюль пачнём з улікам рэалій. Змянілася ж многае", - сказаў Прэзідэнт.
Беларусь сталі абвінавачваць у падтрымцы Расіі, але як магло быць інакш, калі краіны - саюзнікі, што замацавана міждзяржаўнымі дагаворамі. "Украіне дапамагаюць 50 дзяржаў свету, а Расіі дапамагае адна Беларусь, таму што мы юрыдычна і фактычна павінны гэта рабіць. А Украіна што - яна ж раней за Захад увяла супраць нас санкцыі. Навошта вы па надуманых прычынах закрылі неба для нашай авіяцыі? Вы арыштавалі некалькі тысяч нашых вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі. Дагэтуль не вярнулі. Арыштавалі 75 нашых фур, трох чалавек забілі і на кавалкі парэзалі. Мы праводзілі аперацыю, каб целы дастаць", - прывёў некалькі красамоўных фактаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ўсё гэта было зроблена па камандзе амерыканцаў, якія хацелі распаліць у рэгіёне вялікі пажар. "У 2020 годзе яны нас не нахілілі, войскі НАТА сюды не ўвялі, а як далей? Яны бачаць, што мы не ўступім. А трэба падысці пад Смаленск. Усё гэта супраць Расіі было нацэлена. Мы гэта разумелі. Таму мы паводзілі сябе акуратна, асцярожна, але ўкраінцы пабеглі наперадзе паравоза, па камандзе амерыканцаў яны пачалі абвастраць з намі адносіны: яны разлічвалі, што я таксама пачну ўцягвацца ў вайну. Ім шчасце было б цяпер, калі б Беларусь уступіла ў гэту вайну. Але на сённяшні дзень, наколькі гэта магчыма, я раблю ўсё для таго, каб завяршыць гэта", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама выказаўся аб геапалітычнай сітуацыі: "Не дай бог зменіцца ўлада (для Украіны не дай бог) у Амерыцы, яны скажуць: "Мы вас не ведаем". Я і Валодзю Зяленскаму пра гэта гаварыў: "Валодзя, прыйдуць новыя людзі і ў Еўрасаюзе, і там - праблем будзе шмат, шмат што зменіцца. Яны пра цябе забудуць". Я з Пуціным доўга на гэту тэму гаварыў. Ён мне гаворыць: "Перадай яму, я гатовы".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што да пачатку цяперашняга ўзброенага процістаяння Расія была гатова дапамагчы Украіне ў аднаўленні рэгіёнаў. Аб гэтым яму заяўляў расійскі лідар. "Я пабег, як сабачка, да іх, паклікаў Парашэнку на Прыпяць, мы з ім сустрэліся. Зяленскаму аб гэтым гаварыў. "Не!" А чаму? Не дурні ж. Амерыканцы штурхалі: ім трэба за наш кошт вырашыць праблему з Расіяй, а потым з Кітаем разабрацца. Яны за кошт гэтага жывуць. Калі яны не вырашаць пытанне з намі, Расіяй і Кітаем (з Іранам цяпер ужо і іншае), яны багатымі не будуць. Яны друкаваць сваю валюту не змогуць: новая з'явіцца", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, сёння ўсе краіны ўбачылі, кім на самай справе з'яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі і якія мэты ставяць. "Свет цяпер прыйшоў у такое варушэнне, свет настолькі нестабільны, што ні я, ні вы не можаце прадказаць, што будзе заўтра. Таму трэба супакоіцца. Нашымі рукамі нас будуць забіваць (гэта і робяць), таму трэба спыніцца. Нам уцягвацца ў гэту бойню не трэба, таму што будзе нялёгка. Хоць некаму гэта вельмі-вельмі патрэбна. Нам трэба вытрымаць, трэба вытрываць. Галоўнае, каб нашы людзі разумелі, што гэта няпроста цяпер", - дадаў беларускі лідар.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці краіны і далей прымаць да сябе на пастаяннае месца жыхарства іншаземцаў.
"Гэта наш дом з вамі (Беларусь. - Заўвага). Вы ў нас апошні кавалак не забіраеце. Вы - працаўнікі, вы працуеце на сябе. А працаваць ёсць дзе. Нават не хапае часам рабочых рук. А сярод вас і ўрачы, і настаўнікі. І, самае галоўнае, патрыёты. Я сваім беларусам часта прыводжу вас у прыклад: вось, глядзіце, людзі прыехалі, а больш патрыятычныя, чым іншыя, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я рады, што з вамі сустрэўся. Прывозьце сюды сваіх дзяцей, унукаў, знаёмых, але толькі тых, хто хоча жыць і працаваць. Работу мы знойдзем. Якую - ну ўжо як атрымаецца. Але нам патрэбны сёння ўсе. Мы гатовы іх тут прыняць".
Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, адзначыў, што ва Украіне вельмі працавітыя людзі. Многія, ратуючыся ад вайны, прыехалі ў Беларусь. Яшчэ некалькі гадоў таму рашэннем Прэзідэнта ім былі прадастаўлены роўныя ўмовы з беларускімі грамадзянамі ў плане працаўладкавання, сацыяльных гарантый. "Я гавару (спецслужбам. - Заўвага): вось бяжыць сям'я - нават не правярайце. Калі ён ужо з дзецьмі сюды бяжыць, які ён агент... Ну, астатніх будзем кантраляваць да пары да часу. Мы ўкраінцаў з вялікім задавальненнем прымаем, нягледзячы на тое, што вайна і іншае. Яшчэ ні адна сям'я, ні адзін украінец нас не падвёў", - адзначыў Прэзідэнт.
На заканчэнне сустрэчы Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз паабяцаў прыехаць на наступны фестываль нацыянальных культур у Гродне. Ад удзельнікаў сустрэчы Кіраўніку дзяржавы падарылі ручнік, дзе слова "мір" вышыта на 26 мовах. Яшчэ адзін падарунак - шакаладнае пано з контурамі Беларусі і выявай голуба міру.
"Беларусь - гэта тэрыторыя міру. Мір - гэта самае дарагое, што мы цэнім, што мы павінны берагчы. Мір нашаму дому, нашым суседзям, нашым краінам", - растлумачыў значэнне падарунка старшыня Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Георгій Егіазаран.