Сустрэча са Старшынёй Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі Аляксандрам Бастрыкіным
- 8
- 2:56
Ведамствы Беларусі і Расіі, у тым ліку следчыя органы, будуць дзейнічаць разам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 снежня на сустрэчы са Старшынёй Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі Аляксандрам Бастрыкіным.
"Падрыхтоўка спецыялістаў, як мы заўсёды робім. Абмен вопытам, падтрымка на міжнароднай арэне і нашых ініцыятыў, і сумесныя дзеянні. Вы можаце разлічваць на нас заўсёды. Мы будзем дзейнічаць разам, што б тут ні гаварылі, як бы нас ні спрабавалі расцягнуць у розныя бакі. Хоць гэта менш датычыцца кіраўнікоў Следчага камітэта аднаго і другога, і ўвогуле ведамстваў. Гэта больш датычыцца палітыкаў, але, тым не менш, па-за палітыкай сёння нічога няма. У тым ліку і нашы ведамствы таксама не могуць быць па-за палітыкай. У гушчы часам палітыкі. Вам дастаецца. Нам крыху менш. Цяпер нібыта спакайней. Але гэта адносны спакой. Таму вы можаце быць абсалютна ўпэўнены ў тым, што тут у вас надзейныя сябры", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы цёпла вітаў Аляксандра Бастрыкіна. "Грэх быў бы, калі б мы не сустрэліся, калі Вы ў Беларусі знаходзіцеся. Маё стаўленне да Вас вы ведаеце. Нашы погляды на жыццё, я сказаў бы, абсалютна ідэнтычныя. Разыходжанняў практычна няма. Шмат пра Вас чую, бачу, па тэлевізары, праўда, на жаль", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што часам і ў размовах з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным закранаюць персону Аляксандра Бастрыкіна, калі заходзіць размова аб адпаведных пытаннях.
"Увогуле, Вы з парадку дня ў нас не сыходзіце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Але з добрага парадку дня, спадзяюся", - адказаў на гэта Аляксандр Бастрыкін.
"З добрага. Нічога дрэннага не бачыў. Ды і не можа быць, напэўна", - пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.
"Дзякуй, Аляксандр Рыгоравіч", - падзякаваў субяседнік.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу выказаў удзячнасць Аляксандру Бастрыкіну за тое, што ён заўсёды адгукаецца на просьбы, у тым ліку тыя, якія, магчыма, і не датычацца Следчага камітэта: "Я Вам за гэта вельмі ўдзячны. Ведайце, што мы гатовы ў любы момант адказаць самым-самым добрым чынам. Вы ведаеце, беларусы такія людзі - яны нічым не адрозніваюцца ад тых, хто нарадзіўся не толькі ў Пскове, але і ў Ленінградзе (Аляксандр Бастрыкін нарадзіўся ў Пскове, але затым жыў і вучыўся ў Ленінградзе. - Заўвага). Мы лічым, гэта нашы людзі. Цяпер побач".
Аляксандр Бастрыкін расказаў, што прыбыў у Беларусь, каб падвесці вынікі работы двух ведамстваў на сумеснай калегіі. "Мы гэта робім кожны год. Сапраўды актыўнасць наша толькі нарастае ў добрым сэнсе гэтага слова, мы ўзаемадзейнічаем па самых розных напрамках", - адзначыў ён.
У час сустрэчы Аляксандр Бастрыкін уручыў Кіраўніку беларускай дзяржавы ад імя калектыву Следчага камітэта Расіі медаль "За вернасць службоваму абавязку".
"З нагоды Вашага юбілею і за тое, што Вы ўмацоўваеце наша супрацоўніцтва - следчых камітэтаў Беларусі і Расіі - і ўносіце ў гэта ў тым ліку свой неацэнны ўклад", - сказаў Старшыня СК.