Сустрэча са старшынёй Сената Зімбабвэ Мейбл Мемары Чынамонай
- 10
- 3:34
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 лютага сустрэўся са старшынёй Сената Зімбабвэ Мейбл Мемары Чынамонай.
"Абдумваючы перспектыву работы Беларусі ў Афрыцы, я вярнуўся да старога тэзіса, які мы абмяркоўвалі з вашым Прэзідэнтам. Нам вельмі патрэбна кропка апоры на ўзбярэжжы Афрыканскага кантынента - на паўднёвым усходзе. Гэта значыць, што мы разам павінны папрацаваць з Зімбабвэ над будаўніцтвам порта ў вашай суседняй дзяржаве - Мазамбіку. Калі б мы ажыццявілі разам з Мазамбікам і Зімбабвэ гэту ідэю, а ў дадзеным выпадку мы можам гэта зрабіць і аднавіць чыгуначныя зносіны цераз вашага суседа (там невялікая адлегласць) у Зімбабвэ, то ваша краіна стала б добрым хабам на поўдні Афрыкі для тавараў, патрэбнай прадукцыі не толькі з Беларусі, але і для тавараў іншых дзяржаў. Думаю, перш за ўсё Расіі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Над гэтай ідэяй нам трэба папрацаваць. Я прашу, Вы нагадайце Прэзідэнту Мнангагву аб нашай размове ў гэтым ключы. І мне вельмі важна пачуць ваша меркаванне і вашых калег наконт гэтага. Гэта вялікая перспектыва", - дадаў Прэзідэнт.
"Што датычыцца адносін Беларусі з Зімбабвэ, тут практычна няма ніякіх праблем. Трэба проста ісці нашай дарожнай картай, якая выпрацавана, і рэалізоўваць тыя мерапрыемствы, якія вызначаны гэтым планам. Мы ў гэтых адносінах будзем рабіць усё, што паабяцалі. Вельмі важна для нашага супрацоўніцтва, каб парламентарыі, сенатары ажыццяўлялі кантроль за рэалізацыяй дасягнутых пагадненняў. Як у вас у Зімбабвэ, так і ў нас. Таму ў нас вялікі аб'ём работы, каб выйсці праз пару гадоў на тавараабарот звыш 100 млн долараў, як мы і дамаўляліся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падкрэсліў, што ў адносінах Беларусі і Зімбабвэ важна падключыць элемент парламенцкага супрацоўніцтва.
Мейбл Мемары Чынамона ў сваю чаргу падзякавала за магчымасць сустрэцца з Кіраўніком беларускай дзяржавы і абмеркаваць розныя напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва.
"Вы нашы сябры. Як вы маглі б да мяне не прыйсці? - заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка. - Вы для нас вельмі шмат зрабілі ў Афрыцы. І ваш Прэзідэнт з'яўляецца самым лепшым прапагандыстам і агітатарам у Афрыцы нашага супрацоўніцтва і нашага вопыту. Гэта прывяло да таго, што многія дзяржавы Афрыкі просяць нас аб супрацоўніцтве і прапаноўваюць той шлях, які мы прайшлі з Зімбабвэ. Мы гатовы з вамі ў гэтых адносінах дзейнічаць, але нам вельмі патрэбна ваша парада".


