Сустрэча па справе асуджанага ў Беларусі грамадзяніна Германіі
- 6
- 1:30
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня заслухаў інфармацыю па справе прыгаворанага ў Беларусі да вышэйшай меры пакарання грамадзяніна Германіі. Кіраўнік дзяржавы запрасіў на размову людзей, паглыбленых у працэс па гэтай справе.
"Вельмі непрыемнае пытанне ў лёсе і жыцці Прэзідэнта, якое атрымала сур'ёзнае гучанне. Рыка Крыегер - грамадзянін Германіі. Аказваецца, толькі ў 1993 годзе нарадзіўся. Судом прыгавораны ў Беларусі да выключнай меры пакарання. Паводле нашай Канстытуцыі і законаў апошняе слова заўсёды за Прэзідэнтам. Звяртаецца, не звяртаецца (за памілаваннем. - Заўвага)... Я ўжо неяк гаварыў, што самае цяжкае ў лёсе Прэзідэнта - гэта такія справы, звязаныя з выключнай мерай пакарання. Але рашэнне трэба прымаць. Я хачу проста з вамі ў гэтым плане, можа, і параіцца. Але пачуць ваша меркаванне. Вы - людзі, якія непасрэдна маюць дачыненне да разгляду гэтай справы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў сам Кіраўнік дзяржавы, на сустрэчу былі запрошаны ў тым ліку следчы па гэтай справе, адвакат, які абараняў у судзе Рыка Крыегера. "Ну і чалавек, які першы мне далажыў аб тым, што ў нас учынена адпаведнае дыверсійнае дзеянне (гаворка пра Старшыню КДБ Івана Тэртэля. - Заўвага), якое, на шчасце, не прывяло да гібелі людзей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наколькі я ведаю, суд абвінаваціў яго (Рыка Крыегера. - Заўвага) не толькі ў гэтым. Таму я вас папрашу, вы мяне праінфармуйце, перш чым я буду прымаць рашэнне па гэтым пытанні".
На сустрэчы таксама прысутнічала Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Вольга Чупрыс, якая курыруе юрыдычныя пытанні, і журналіст Людміла Гладкая, якая інфармацыйна суправаджала працэс над грамадзянінам Германіі.