Уручэнне даверчых грамат

  • 14
  • 15:42

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 лютага прыняў даверчыя граматы паслоў васьмі замежных краін.

Даверчыя граматы Кіраўніку дзяржавы ўручылі паслы Азербайджана, Узбекістана, Кыргызстана, Турцыі, Японіі, Непала, Султаната Аман і Гвінейскай Рэспублікі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы зыходзім з таго, што павышэнне якасці жыцця людзей магчыма пры ўмове падтрымання бяспекі, справядлівага свету, справядлівага размеркавання рэсурсаў і вынікаў працы. Гэтага можна дабіцца, калі будзем працаваць разам, а не паасобку. Толькі праз мір і стабільнасць мы зможам гарантаваць дастойную будучыню нашым дзецям і ўнукам".

Таму, растлумачыў Прэзідэнт, у аснове беларускай знешняй палітыкі - прынцыпы павагі, раўнапраўя і справядлівасці. Беларусь гатова да дыялогу з усімі краінамі без выключэння і па любых пытаннях, але асаблівая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню з тымі дзяржавамі, якія гэтага хочуць, з якімі нашу краіну многае звязвае і з якімі сёння няма закрытых тэм.

Па традыцыі Прэзідэнт Беларусі коратка апісаў супрацоўніцтва з кожнай з краін, якія прадстаўляюць дыпламаты.

Пра Азербайджан

"Мы вельмі даражым стратэгічным партнёрствам з Азербайджанам", - падкрэсліў у час цырымоніі Аляксандр Лукашэнка. Асаблівую ўдзячнасць за канструктыўны падыход ён выказаў Ільхаму Аліеву, які атрымаў нядаўна каласальную ўсенародную падтрымку на прэзідэнцкіх выбарах. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваць дамоўленасці лідараў дзвюх краін для вырашэння пытанняў у сферах, якія цікавяць.

Пра Узбекістан

Для Беларусі вельмі важны ўсебаковыя сувязі з Узбекістанам, які тут разглядаюць як стратэгічнага партнёра ў Цэнтральнай Азіі, канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Прэзідэнту Узбекістана Шаўкату Мірзіёеву за нядаўні цёплы прыём і прадметны дыялог, вынікам якога ўжо зусім хутка стане рэалізацыя новых прарыўных праектаў і развіццё міжрэгіянальных сувязей.

"Упэўнены, што Вы, спадар пасол, як чалавек, які папрацаваў у Беларусі і добра ведае нашу краіну, будзеце максімальна ўключаны ў рэалізацыю дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым узроўні, прыменіце ўсе свае веды і вопыт для ўмацавання двухбаковых сувязей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пра Кыргызстан

Гаворачы пра супрацоўніцтва з Кыргызстанам, Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што гэта краіна для Беларусі - сябар і надзейны партнёр. Аб'ёмы ўзаемнага гандлю апошнія гады пастаянна растуць. "Але нам па сілах дасягнуць значна большага, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Мы здольны значна актывізаваць гандлёва-эканамічныя адносіны, надаўшы ім сістэмны і мэтанакіраваны характар".

Пра Турцыю

"Турцыя з'яўляецца даўнім стратэгічным партнёрам Беларусі, - заявіў Прэзідэнт. - Мінск і Анкару аб'ядноўваюць прыярытэт нацыянальных інтарэсаў, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, значнасць традыцыйнай сям'і, захаванне гістарычнай памяці і многае, многае іншае". Беларускі бок чакае ад турэцкага сустрэчных прапаноў і ініцыятыў, якія будуць рэалізаваны на карысць абедзвюх дзяржаў.

Пра Японію

Наконт адносін з Японіяй Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь разлічвае на аднаўленне паўнацэннага ўзаемадзеяння. "Мы гатовы рухацца па шляху супрацоўніцтва настолькі хутка і далёка, наколькі да гэтага гатовы нашы японскія партнёры", - сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што Мінск і Токіа маюць унікальны вопыт навуковага і гуманітарнага супрацоўніцтва, але ў той жа час прапанаваў гэтым не абмяжоўвацца, а ісці наперад і шукаць шляхі супрацоўніцтва. "Мы да гэтага гатовы. Мы вельмі высокага меркавання аб Японіі - высокатэхналагічнай, дзе жыве адказны працавіты народ, такі ж, як у Беларусі. Давайце будзем шукаць шляхі ў гэтай складанай абстаноўцы да нашага супрацоўніцтва", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Непал

Для развіцця сувязей з Непалам настаў час больш эфектыўна задзейнічаць неабходны рэсурс, заўважыў Прэзідэнт. Пачаць ён прапанаваў з праектаў па мадэрнізацыі аграрнага сектара, прамысловасці і энергетычнага комплексу.

"Гатовы дзяліцца ведамі і вопытам у навукова-тэхнічнай сферы, навучаць вашых студэнтаў па запатрабаваных спецыяльнасцях", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пра Султанат Аман

Адносіны паміж Беларуссю і Султанатам Аман заўсёды вызначаліся высокім узроўнем узаемаразумення, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Ваша краіна - адзін з нашых найважнейшых партнёраў на Блізкім Усходзе, - сказаў ён. - Трэба нам аднавіць кантакты і супрацоўніцтва. У вас цудоўная краіна (я быў у вашай краіне), у вас цудоўныя людзі. Давайце супрацоўнічаць".

Прэзідэнт заявіў аб гатоўнасці прадаўжаць канструктыўны палітычны дыялог і ажыццяўляць сумесныя інвестыцыйныя, лагістычныя і прамысловыя праекты. "Разлічваю, што Вы будзеце частым госцем у беларускім Урадзе, арганізацыях і на прадпрыемствах", - сказаў, звяртаючыся да пасла, Кіраўнік дзяржавы.

Пра Гвінейскую Рэспубліку

Афрыка апошнім часам стала адным з галоўных арыенціраў беларускай знешняй палітыкі, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь цяпер вядзе актыўную работу па эканамічным асваенні гэтага кантынента, пашырае сваю дыпламатычную прысутнасць. "Маючы пэўны вопыт рэзультатыўнай работы ў гэтым рэгіёне нашай планеты, гатовы прымяніць яго і ў адносінах да Гвінейскай Рэспублікі, - сказаў Прэзідэнт. - Галоўны рухавік - праекты ў гандлёва-эканамічнай сферы. Гэта перш за ўсё кааперацыя ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі, сумесная здабыча карысных выкапняў, развіццё інфраструктуры, арганізацыя сістэмы аказання першаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву".

 

На ўрачыстай цырымоніі ўручэння даверчых грамат Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Год якасці - гэта не проста паляпшэнне спажывецкіх або эксплуатацыйных характарыстык выпускаемай прадукцыі. "Гэта курс на мадэрнізацыю, тэхнічнае перааснашчэнне вытворчасцей, стварэнне новых працоўных месцаў і скарачэнне затрат", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што "такія меры нададуць сур'ёзны імпульс нашаму вытворчаму сектару".

"Гатовы да вашых сустрэчных прапаноў, якія арганічна ўпішуцца ў дасягненне гэтых мэт у частцы сумесных праектаў, абмену вопытам і ўдасканалення найноўшымі распрацоўкамі", - падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да паслоў.

"Сёння бярэ адлік новы этап у вашым прафесійным жыцці, і я вельмі рады, што вы вырашылі яго звязаць менавіта з нашай краінай. Са свайго боку зробім усё, каб гэты перыяд пакінуў самыя лепшыя ўспаміны і прынёс нам карысць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі вам цікавы вопыт дзяржаўнага кіравання, мы гатовы ім падзяліцца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь знаходзіцца напярэдадні вельмі важных і адказных мерапрыемстваў - выбараў дэпутатаў усіх узроўняў і фарміравання Усебеларускага народнага сходу.

Прэзідэнт таксама адзначыў: "Сапраўды знакавай падзеяй для беларусаў у гэтым годзе стане святкаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашызму. Вы на свае вочы зможаце ўбачыць, як беларусы захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, яе героях і бязвінных ахвярах".

"Мы заўсёды шчыра сустракаем сяброў і партнёраў, зацікаўленых ва ўмацаванні адносін з нашай краінай. І гэта не проста дыпламатычны этыкет або даніна модзе, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гасціннасць - адзін з галоўных беларускіх брэндаў, якім мы вельмі ганарымся і перадаём з пакалення ў пакаленне. А найвялікшыя каштоўнасці для беларусаў - мір і згода, магчымасць спакойна працаваць і развівацца".

"Менавіта таму з'яўляемся адназначнымі прыхільнікамі адзінай і непадзельнай бяспекі, выступаем за новы, больш справядлівы светапарадак, за магчымасці для развіцця і дастойнай будучыні для ўсіх народаў, а не толькі для так званага залатога мільярда", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Веру ў тое, што вы палюбіце Беларусь так, як любім яе мы, яе жыхары і грамадзяне, нашы госці. Сардэчна віншую з афіцыйным пачаткам ганаровай і адказнай дыпламатычнай місіі ў Рэспубліцы Беларусь", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
 
"Жадаю моцнага здароўя і самае галоўнае - каб у вашым жыцці гэты перыяд стаў яшчэ адной прыступкай дыпламатычнай кар'еры. Поспехаў вам і з добрым прыбыццём у Беларусь", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.