Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў

  • 12
  • 13:34

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 верасня прыняў даверчыя граматы паслоў 9 дзяржаў.

Даверчыя граматы Прэзідэнту ўручылі дыпламаты з Азербайджана, Арменіі, Індыі, Інданезіі, Лівана, Малайзіі, Манголіі, Туніса і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

"Дазвольце прывітаць вас у горадзе-героі Мінску, сталіцы сучаснай дэмакратычнай дзяржавы з развітой эканомікай, шматвяковай гісторыяй і самабытнай культурай. Тут спрадвеку, так было заўсёды, рады гасцям. Думаю, многія з вас ужо не па чутках знаёмы з нашай краінай", - заявіў Прэзідэнт, звяртаючыся да замежных дыпламатаў.

"Пачатак вашай дыпламатычнай місіі прыпадае на перыяд важных пераўтварэнняў у Беларусі. Але размова не ідзе аб глабальнай змене прыярытэтаў. Гэта перш за ўсё ўнутраная справа нашай краіны. Для забеспячэння дынамікі далейшага развіцця беларускага грамадства, карэкціроўкі ўнутранай і знешняй палітыкі ў краіне аб'ектыўна наспела патрэбнасць да перамен", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі праходзіць Год народнага адзінства, мэтамі якога з'яўляюцца далейшая кансалідацыя грамадства, умацаванне яго патрыятычных асноў, з'яднанне шматнацыянальнага беларускага народа на аснове ідэй суверэнітэту і незалежнасці.

Прэзідэнт падкрэсліў, што справядлівасць у міжнародным, міждзяржаўным узаемадзеянні і ў правядзенні ўнутранай палітыкі - гэта тое, што Беларусь выпакутавала ўсёй сваёй гісторыяй. "У тым ліку і ў навейшы перыяд, падзеі якога разгортваліся і разгортваюцца на вашых вачах", - заўважыў ён.

"Сёння Беларусь у прыярытэтным парадку мае намер выбудоўваць дружалюбныя адносіны з тымі дзяржавамі, якія сапраўды паважаюць нашы суверэнітэт і незалежнасць. Паважаюць наш народ. З тымі, хто гатовы развіваць узаемадзеянне з намі сумленна і адкрыта", - заявіў беларускі лідар.

Ён акцэнтаваў увагу, што, знаходзячыся на мяжы паміж Захадам і Усходам, Беларусь, як ніякая іншая краіна, разумее важнасць стваральнага, аб'яднальнага міжнароднага парадку дня і нязменна працуе над яго практычным выкананнем.

"Гэта датычыцца і тэмы міграцыі, якая атрымала апошнім часам шырокі рэзананс. Мы ўдзяляем першараднае значэнне пытанням бяспекі, ахове дзяржаўнай граніцы. Наша краіна заўсёды была адказным удзельнікам калектыўных намаганняў па процідзеянні кантрабандзе, гандлю людзьмі. Гатовы быць такімі і ў далейшым, але толькі пры ўмове паважлівага да нас стаўлення, а не пад націскам санкцый і ўльтыматумаў. Тым больш гібрыдных войнаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь таксама заўсёды была прыхільнікам узаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з усімі міжнароднымі партнёрамі і адкрытай да новых сумесных праектаў, уключаючы самыя перадавыя і высокатэхналагічныя. "Беларусь вельмі цэніць узровень узаемадзеяння з краінамі СНД. Нас звязваюць моцныя вузы братэрскай дружбы, якія, упэўнены, будуць і далей дапамагаць нам паглыбляць адносіны, развіваць гандаль і кааперацыю па розных напрамках на карысць нашых народаў", - сказаў ён.

Гаворачы аб сувязях з Азіяй, якая з'яўляецца эканамічна самым хуткарослым рэгіёнам свету, Прэзідэнт асабліва адзначыў, што Беларусь і многія азіяцкія партнёры камплементарныя ў сваім узаемадзеянні.

"Мы зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, дзе ў нас ужо ёсць прыклады паспяховай сумеснай работы, якія, перакананы, будуць прымножаны", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь можа быць цікавая як пляцоўка для развіцця гандлю з краінамі ЕАЭС, і перш за ўсё з Расіяй, з якой рэалізуецца амбіцыйны інтэграцыйны праект, што адкрывае новыя магчымасці для бізнесу, а таксама ў сферы навукі і іншых.

Як сур'ёзны прамысловы хаб Беларусь можа ажыццяўляць выгадныя пастаўкі сельгаспрадукцыі, горназдабыўной тэхнікі, кар'ерных самазвалаў, калійных угнаенняў, нафтахімічнай, фармацэўтычнай прадукцыі. "Нашы кампаніі гатовы прапанаваць свае навукова-тэхналагічныя і вытворчыя распрацоўкі. Падзяліцца паспяховым вопытам мадэрнізацыі энергетычнага, транспартнага і камунікацыйнага сектараў, стварэння сельскагаспадарчых вытворчасцей поўнага цыкла - пад ключ. Нашы ВНУ могуць прымаць абітурыентаў для навучання па розных запатрабаваных напрамках, уключаючы падрыхтоўку па спецыяльнасцях у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі і аховы здароўя", - пералічыў Аляксандр Лукашэнка магчымыя сферы для развіцця супрацоўніцтва.

Па традыцыі, Кіраўнік дзяржавы коратка ахарактарызаваў адносіны з кожнай з краін, якія прадстаўляюць паслы.

Пра Азербайджан

"Азербайджан быў і застаецца нашым стратэгічным партнёрам, брацкай дзяржавай, якая паслядоўна і бескарысліва падтрымлівае Беларусь", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт ад імя краіны ў цэлым і ад сябе асабіста выказаў удзячнасць усяму азербайджанскаму народу і свайму сябру Прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву за давер і надзейнасць.

Пра Арменію

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь і Арменію звязваюць традыцыйна дружалюбныя адносіны, сумесная гісторыя і цесныя міжасобасныя кантакты. "Нашы краіны актыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках інтэграцыйных структур, у большасці выпадкаў выступаючы з адзіных пазіцый", - сказаў Прэзідэнт. Аднак пакуль значны патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва не рэалізаваны ў поўнай меры, лічыць беларускі лідар. Ён запэўніў, што Беларусь адкрыта для прапаноў па далейшым развіцці трывалых адносін з Арменіяй ва ўсіх сферах.

Пра Індыю

Гаворачы аб краінах далёкай дугі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што супрацоўніцтва з імі набывае ўсё большае значэнне з улікам міжнароднай сітуацыі, якая складваецца.

"Мы высока цэнім заснаваныя на дружбе, даверы і ўзаемаразуменні адносіны з Індыяй. Мінск і Нью-Дэлі - важнейшыя партнёры, а патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння бязмежны", - заявіў беларускі лідар.

Пра Інданезію і Малайзію

Прымаючы даверчыя граматы ад паслоў Інданезіі і Малайзіі, Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў імкненне Беларусі выбудоўваць канструктыўныя адносіны з усімі краінамі - членамі Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі.

"Упэўнены: дадатковыя магчымасці для далейшага развіцця беларуска-інданезійскіх і беларуска-малайзійскіх сувязей прадаставіць умацаванне супрацоўніцтва па лініі ЕАЭС - АСЕАН", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Інданезію Прэзідэнт назваў ключавым партнёрам у гэтай асацыяцыі. "Нашы грамадзяне, прадстаўнікі бізнесу і навуковых колаў ведаюць Інданезію не толькі як турыстычную жамчужыну, але і як краіну з эканомікай, якая дынамічна развіваецца, высокім чалавечым і навуковым патэнцыялам", - заўважыў беларускі лідар.

Што датычыцца Малайзіі, то гэта краіна, на думку беларускага лідара, зрабіла за апошнія дзесяцігоддзі велізарны рывок у сваім развіцці. "Мы вельмі зацікаўлены ў вывучэнні вопыту трансфармацыі вашай дзяржавы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Манголію

Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем адзначыў далейшае развіццё практычнага ўзаемадзеяння з Манголіяй, у якой Беларусь бачыць надзейнага і перспектыўнага партнёра. "Мы зацікаўлены ў прадаўжэнні рэалізацыі сумесных праектаў. Апошнім часам нашы дзяржавы шмат чаго дасягнулі, але я ведаю, у нас яшчэ ёсць дадатковыя магчымасці для далейшага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў машынабудаўнічай галіне", - заявіў Прэзідэнт.

Пра Ліван

Аляксандр Лукашэнка адзначыў цікавасць Беларусі да ўзаемадзеяння з Ліванскай Рэспублікай, выказаўшы ўпэўненасць у наяўнасці істотнага патэнцыялу двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах.

Пра Туніс

Звяртаючыся да пасла Туніса, Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў аб зацікаўленасці ў актывізацыі ўсебаковых адносін з гэтай краінай. Беларусь, паводле яго слоў, разглядае Туніс у якасці перспектыўнага партнёра ў Паўночнай Афрыцы.

"Нам варта больш актыўна шукаць напрамкі, якія дадуць магчымасць умацаваць наша ўзаемадзеянне. У першую чаргу гэта датычыцца сфер турызму і аховы здароўя", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Пра Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку

"Беларусь гатова і далей пашыраць супрацоўніцтва з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, якая па праву мае рэпутацыю палітычнага і эканамічнага лідара сярод паўднёвых дзяржаў кантынента", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, наша краіна можа прапанаваць ПАР сучасныя комплексныя рашэнні ў сферы механізацыі сельскай гаспадаркі, актуальныя навуковыя распрацоўкі, трансфер тэхналогій і ведаў, адукацыйныя паслугі.

На заканчэнне цырымоніі Кіраўнік дзяржавы павіншаваў паслоў з афіцыйным пачаткам дыпламатычнай місіі ў Беларусі. "Упэўнены, у хуткім часе вы пераканаецеся ў тым, што мы гатовы да актыўнага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Чакаем ад вас аб'ектыўнага погляду на падзеі, нацэленасць на ўмацаванне двухбаковых адносін, ініцыятыўных дзеянняў у рэалізацыі новых праектаў".

Ён выказаў упэўненасць, што прафесіяналізм і мэтанакіраванасць паслоў нададуць імпульс узаемаадносінам Беларусі з замежнымі краінамі. "Шчыра жадаю вам поспехаў у адказнай дыпламатычнай дзейнасці на карысць нашых народаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.