Віншаванне народнаму настаўніку Беларусі Альфрэду Ладыку

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага настаўніка Беларусі Альфрэда Ладыку з юбілеем.

    "Ваш жыццёвы шлях непарыўна звязаны з народнай адукацыяй. На працягу многіх гадоў Вы навучаеце і выхоўваеце моладзь, рыхтуеце пераможцаў і прызёраў прадметных алімпіяд. Многія з іх сталі сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы, паспяхова працуюць на карысць краіны", - гаворыцца ў віншаванні.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што стваральная праца Альфрэда Ладыкі і яго самаахвярнае служэнне Радзіме з'яўляюцца крыніцай ведаў і натхнення для вучняў, узорам мэтанакіраванасці і майстэрства для калег.

    "Упэўнены, Вашы багаты педагагічны вопыт, творчая энергія, жыццёвая мудрасць і ў далейшым будуць садзейнічаць павышэнню якасці і прэстыжу айчыннай адукацыі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт Беларусі пажадаў народнаму настаўніку і яго блізкім моцнага здароўя, шчасця, бадзёрасці духу і дабрабыту.